помнікі гасп. і жыллёвай архітэктуры. Лямус у двары Гродзенскага кляштара брыгітак пабудаваны ў 1630-я г. ў стылі ранняга барока; помнік драўлянага дойлідства. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з масіўных драўляных брусоў на бутавым падмурку накрыты высокім вальмавым гонтавым дахам. Гал. фасад аздоблены 2-яруснай галерэяй з балюстрадай на 2-м паверсе. Матыў аркады ствараюць слупы з падкосамі. Першы паверх прызначаўся для гасп. мэт, 2-і — для жылля. Лямус (вул. Дзяржынскага) пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты высокім вальмавым дахам. На гал. і бакавым фасадах — мансарды. Гал. фасад сіметрычны, з невял. рызалітамі ў цэнтры. У 1939 перабудаваны пад жылы дом, інтэр’ер зменены.
Да арт.Гродзенскія лямусы. Лямус у двары кляштара брыгітак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЖЫЛЫ́ ДОМ СПЕЦЫЯЛІ́СТАЎ.
Існаваў у 1934—41 у Мінску (арх. Н.Макляцова). Сіметрычны са складанай канфігурацыяй плана секцыйны будынак заснаваны на спалучэнні розных па вышыні аб’ёмаў: цэнтр. 6-павярховага, адсунутага ў глыбіню за чырвоную лінію забудовы, і 4-павярховых бакавых крылаў, якія ўтваралі курданёр. Па восі будынка на выш. 1—2-га паверхаў знаходзіўся скразны парадны праём у двор. Выразнасць фасадаў дасягалася верт. зашкленнем лесвічных клетак на вышыню будынка, рытмічнай групоўкай квадратных аконных праёмаў, балконаў. Дом складаўся з вуглавых і радавых секцый, створаных паводле індывід. праекта: на лесвічную пляцоўку выходзілі 2 кватэры, у якіх пакоі звязаны паміж сабой шырокім калідорам і мелі ўбудаванае абсталяванне. На 1-м паверсе размяшчаліся магазін, дзіцячы садок.
А.А.Воінаў.
Мінскі жылы дом спецыялістаў. Галоўны фасад. Чарцёж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬНАЕ РАЗМЕРКАВА́ННЕў тэорыі імавернасцей,
адно з найважнейшых размеркаванняў выпадковых велічынь. Тэарэт. абгрунтаванне выключнай ролі Н.р. даюць лімітныя тэарэмы тэорыі імавернасцей (гл.Лапласа тэарэма, Ляпунова тэарэма).
Мае шчыльнасць імавернасці
, дзе a — матэматычнае чаканне выпадковай велічыні, σ2 — яе дысперсія. Графік Н.р. y = p(x; a, σ) сіметрычны адносна ардынаты, што праходзіць праз пункт x = a і мае ў гэтым пункце адзіны максімум. Плошча пад крывой Н.р. заўсёды роўная 1. Паняцце Н.р. дастасавальнае таксама для супольнага размеркавання імавернасцей некалькіх выпадковых велічынь (мнагамернае Н.р.).
Крывыя шчыльнасці імавернасці y = p(x,σ) нармальнага размеркавання для розных значэнняў параметра σ: 1 — σ = 2,5; II — σ = 1; III — σ = 0,4.
помнік грамадзянскай архітэктуры пач. 17 ст. ў в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.). Пабудаваны ў 1613 уладальнікам вёскі, «каралеўскім будаўнічым», выхадцам з Нідэрландаў П.Нонхартам разам з інж. ван Дадэнам. Сіметрычны прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак накрыты вальмавым дахам, фланкіраваны па вуглах 4 круглымі вежамі, завершанымі шатрамі.
Цэнтр гал. фасада вылучаны 3-яруснай прамавугольнай вежай-брамай з мураваным ганкам на слупах (дабудаваны ў канцы 19 ст.). Фасады амаль не маюць арх. дэкору. Тоўстыя (каля 1,5 м) сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, вежаў — вокнамі-байніцамі. У інтэр’еры сцены мелі жывапісную размалёўку, ляпныя ўпрыгожанні і інш. аздобу. У 1970-я г. да ганка зроблена мураваная лесвіца, да дваровага фасада прыбудаваны 1-павярховы цагляны корпус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ І ПРЫЁМ РАДЫЁХВА́ЛЬ,
працэс пераўтварэння энергіі крыніцы ваганняў электрычнага току (або зараду) у энергію бягучых электрамагнітных хваль і далейшага пераўтварэння энергіі гэтых хваль у энергію пераменнага электрычнага току. Ажыццяўляецца з дапамогай перадавальных і прыёмных антэн.
Для эфектыўнага выпрамянення (або прыёму) радыёхваль неабходны незамкнуты (адкрыты) эл. ланцуг, у якога адлегласць паміж участкамі з проціфазнымі ваганнямі току (зараду) параўнальная з палавінай даўжыні эл.-магн. хвалі (для патрэб тэле- і радыёвяшчання выкарыстоўваюцца эл.-магн. хвалі з даўжынёй да 2 км і частатой больш за 150 кГц) або такіх участкаў няма. У самым простым выпадку ланцуг складаецца з 2 аднолькавых адрэзкаў прамалінейнага проваду (сіметрычнывібратар; гл. таксама Герца вібратар), злучаных двухправоднай лініяй сувязі з крыніцай ваганняў. У кожны момант часу зарады адрэзкаў роўныя па модулі і процілеглыя па знаку (эл.дыполь), што вызначае канфігурацыю створанага эл. поля. Токі ў адрэзках супадаюць па напрамку, і таму сілавыя лініі створанага магн. поля — акружнасці. Прыём радыёхваль — працэс, адваротны працэсу выпрамянення. Гл. таксама Дыпольнае выпрамяненне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́СКАЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР МІСІЯНЕ́РАЎ помнік архітэктуры позняга барока ў в. Лыскава Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Першы драўляны касцёл засн. ў 1527 па фундацыі Мацея Клочкі, у 1751 Ян Быхавец перадаў яго місіянерам. У 1763—85 узведзены мураваны касцёл, у 1818 перабудавана вежа. У 1866 пераабсталяваны пад правасл. царкву. У 1881 ён абгарэў, у 1883—84 пад наглядам арх. П.Залатарова праводзіліся работы па яго аднаўленні. Касцёл — мураваны 1-нефавы, 1-вежавы крыжападобны ў плане будынак з 2 сакрысціямі абапал апсіды. Яго дамінанта — шмат’ярусная вежа. Развіты гарыз. пояс падзяляе аб’ёмы (акрамя апсіды) на 2 часткі, больш нізкая трактавана як цокаль. Аконныя праёмы лучковыя. Інтэр’ер касцёла аформлены пілястрамі і калонамі іанічнага і кампазітнага ордэраў, размаляваны пад мармур. У 2-й пал. 18 ст. перад касцёлам (па адзінай восі) узведзены 2-павярховы сіметрычны ў плане П-падобны мураваны будынак кляштара. Гал. фасад яго вылучаны рызалітам. Сцены рытмічна расчлянёны пілястрамі.
Т.В.Габрусь.
Лыскаўскі Троіцкі касцёл і кляштар місіянераў. Вежа касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК,
помнік архітэктуры класіцызму ў Мінску. Засн. ў 1630 М.Вяжэвіч на Траецкай гары (сучасная вул. М.Багдановіча) пры драўлянай царкве (вядома з 15 ст., знішчана ў 1656, адноўлена ў 2-й пал. 17 ст.). Фасады і інтэр’еры драўлянай царквы св. Тройцы ў 17—18 ст. былі аздоблены аптычным (ілюзорным) жывапісам. У 1799—1800 на месцы старога драўлянага будынка манастыра ўзведзены новы — мураваны ў стылі класіцызму (арх. Ф.Крамер): 2-павярховы П-падобны ў плане, накрыты 2-схільным дахам. Сіметрычныгал. фасад падзелены карнізным поясам на 2 ярусы (ніжні апрацаваны рустам) і раскрапаваны 3 рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. Рытм фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы (у бакавых рызалітах завяршаліся сандрыкамі). Інтэр’еры ўпрыгожаны насценнай размалёўкай (не захавалася). Тэрыторыя манастыра была абнесена мураванай агароджай з брамай-званіцай. Пасля пажару 1809 манастырскі будынак адноўлены (арх. М.Чахоўскі), з У да яго прыбудавана галерэя. У 1834 манастыр закрыты, будынак прыстасаваны пад шпіталь гар. бальніцы, у 1840-я г. рэканструяваны (арх. К.Хршчановіч). Рэканструяваўся ў 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. (надбудаваны 3-і паверх). Цяпер у ім корпус 2-й гар. клінічнай бальніцы.
У.М.Дзянісаў.
Мінскі Троіцкі манастыр базыльянак. Галоўны фасад. Чарцёж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАГА ТЭА́ТРА БУДЫНАК.
Існаваў у Мінску на Высокім рынку (цяпер пл. Свабоды) у 18 ст. — 1980-я г. Пабудаваны ў канцы 18 ст. ў стылі класіцызму як жылы дом. Спачатку 2-павярховы мураваны будынак, меў сім. кампазіцыю з рызалітам і франтонам у цэнтры гал. фасада, з высокім вальмавым дахам. Дом належаў Я.Байкову (набыў у 1815—18), некат. час у доме была карчма, у 1825 перабудаваны пад т-р. У 1835 у час пажару значна пашкоджаны, потым адноўлены. Гэта быў 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным дахам. Сіметрычны па кампазіцыі гал. фасад з цэнтр. рызалітам падзелены карнізным поясам на 2 ярусы (ніжні апрацаваны рустам).
Рызаліт з шырокай праязной аркай аформлены 6-калонным порцікам, завершаным франтонам з лучковым акном у тымпане. На 1-м паверсе знаходзіліся карчма і крамы, на 2-м — 3-ярусная 2-светлавая тэатр. зала, на 3-м — службовыя тэатр. памяшканні і жылыя пакоі. У будынку адбываліся тэатр. паказы (рэгулярныя з 1825). У 1852 на сцэне т-ра адбылася прэм’ера 1-й нац. оперы «Ідылія» («Сялянка») С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага на лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча. Пасля пажару 1884 будынак перабудаваны. У 1895 у ім размяшчаўся Паўн. банк. У 1920—30-я г. дабудаваны 4-ы паверх. Пасля Вял.Айч. вайны ў будынку размяшчаліся банк, муз. вучылішча. У 1984 разбураны. Захаваліся падмуркі і падвальныя памяшканні.
У.М.Дзянісаў.
Мінскага тэатра будынак. Галоўны фасад (чарцёж). Рэканструкцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ СЯДЗІ́БЫ ВАНЬКО́ВІЧАЎ,
помнікі сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў Мінску. Звязаны з жыццём і творчасцю бел. мастака В.Ваньковіча. Гарадская сядзіба пабудавана на мяжы 18—19 ст. у гіст. цэнтры Мінска (сучасная вул. Інтэрнацыянальная). Яе комплекс уключаў жылы дом у стылі класіцызму, 2 флігелі, гасп. пабудовы, фруктовы сад. Жылы дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак (з атынкаванымі сценамі, у пач. 19 ст. частка паўн.-зах. сцяны была мураваная) на каменным падмурку, накрыты высокім вальмавым дахам. Сіметрычны па кампазіцыі гал.паўд.-ўсх. фасад вылучаў 8-калонны порцік з цэнтр. уваходам, завершаны трохвугольным франтонам з паўцыркульным акном. Аналагічны порцік на паўн.-зах. фасадзе. Рытм фасадаў ствараўся прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў абрамленні простых ліштваў і лапатак. У інтэр’еры захаваліся кафляныя печы. Дом і флігелі ўтваралі двор-курданёр. Паўд.-зах. флігель мураваны, 2-павярховы, прамавугольны ў плане, паўн.-ўсх. (не захаваўся) — 2-павярховы (1-ы паверх мураваны, 2-і драўляны), прамавугольны ў плане, накрыты вальмавым дахам. У цэнтры яго паўн.-ўсх. фасада быў 5-гранны эркер з вежападобным завяршэннем. Захавалася шырокая праезная брама. Комплекс адноўлены. З 2000 музей «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва 1-й пал. 19 ст.» — філіял Нац.маст. музея Беларусі. Сельская сядзіба пабудавана ў прыгарадзе Мінска Вял. Сляпянка (цяпер у межах Мінска, вул. Парніковая). Комплекс уключаў мураваны сядзібны дом, бакавыя флігелі (не захаваліся) і парк, перапланаваны ў 1896 садаводам В.Кроненбергам (захавалася частка геам. сеткі алей). 2-павярховы Т-падобны ў плане дом з высокім цокалем. Тарцовыя сцены аформлены трохвугольнымі франтонамі. Гал. фасад вылучаны ў цэнтры шырокім рызалітам. У дэкар. аздабленні дома выкарыстаны пілястры, прафіляваныя карнізы і інш.
У.М.Дзянісаў, А.М.Кулагін.
Да арт.Мінскія сядзібы Ваньковічаў. Гарадская сядзіба. Рэканструкцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў г. Паставы Віцебскай вобл. Створаны ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. на паўд. ускраіне горада на левым беразе р. Мядзелка. Комплекс, які ўключае палац і парк, пабудаваны на месцы сядзібы 1-й пал. 17 ст.
Першапачатковая сядзіба складалася з жылых і гасп. пабудоў (5 драўляных жылых дамоў, кухня, 5 свірнаў, 3 стайні, вазоўня, склеп і інш.), якія ўтваралі прамавугольны ў плане двор, абнесены астрогам з 2 брамамі. Гал. жылы дом — 1-павярховы будынак складанай канфігурацыі з 2 алькежамі і 2 ганкамі, завершаны гонтавым дахам. Астатнія дамы — традыц. 2- і 3-камернае жыллё. Асобнае падвор’е ўтваралі 3-камерны жылы дом для прыслугі, сыраварня, склеп і абора, на гумнішчы — стадола, асець, адрына, абарогі. Пры сядзібе быў бровар.
Буд-ва П.п.-п.к. распачата на месцы сядзібы ў 1760-я г. (верагодна, паводле праекта арх. Дж.Сака). У 1770-я г. спынена (пабудаваны 2 бакавыя флігелі і падмурак палаца). У 1-й пал. 19 ст. на паўд. беразе возера пабудаваны П-падобны ў плане 1-павярховы мураваны палац. Цэнтр. часткі паўд. і ўсх. крылаў вылучаны больш высокімі аб’ёмамі з мезанінамі. Усе часткі палаца накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Сіметрычныўсх. фасад мае па баках глыбокія рызаліты і аздоблены пілястрамі, плоскі рызаліт у цэнтры з вял. тэрасай перад ім. У 1830-я г. да паўн. фасада прыбудаваны 6-калонны дарычны порцік з манум. лесвіцай; у паўн. крыле — капліца, аздобленая лепкай і размалёўкай у тэхніцы грызайль. Парк — рэгулярна-пейзажнага тыпу, размешчаны на раўнінным рэльефе. Ствараўся ў 2 этапы. Пл. каля 10 га. Меў форму выцягнутага з Пн на Пд прамавугольніка, абмежаванага па баках каналамі, з Пн — возерам. Каля палаца знаходзілася пейзажная частка парку з экзотамі ў дэкар. групах. Ад рэгулярнага парку ўцалелі і рэшткі старых ліпавых прысад, ад пейзажнага — асобныя групы дрэў па берагах вадаёма і ўсх. канала, а таксама на ўзгорку паміж каналам і гал. вуліцай горада.
В.Р.Анціпаў, А.М.Кулагін, Ю.А.Якімовіч.
Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Фрагмент парку.Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Галоўны фасад палаца.