ТЭ́РМЫ (лац. thermae ад грэч. thermos цёплы, гарачы),

у Старажытным Рыме грамадскія лазні. Служылі таксама грамадскімі, забаўляльнымі і спарт. збудаваннямі. Як тып будынкаў склаліся да 2 ст. да н.э. Часцей Т. ўтваралі складаны комплекс пабудоў са шматлікімі памяшканнямі. Асн. будынак звычайна меў сіметрычны план з размяшчэннем па гал. восі гарачай (кальдарыя), цёплай (тэпідарыя) і халоднай (фрыгідарыя) лазняў. У комплекс уваходзілі таксама вестыбюль, раздзявальня, залы для заняткаў спортам, сходаў, дыспутаў, б-кі і інш. Вял. ўнутр. памяшканні перакрываліся магутнымі цыліндрычнымі і крыжовымі скляпеннямі і купаламі, багата аздабляліся мазаікамі, размалёўкамі, скульптурай і інш. Ацяпляліся гарачым паветрам па каналах, пракладзеных пад падлогай і ў сценах, часта выкарыстоўваліся тэрмальныя воды. Найб. вядомыя тэрмы Каракалы (206—217), Дыяклетыяна (298—306) у Чывітавек’я і інш.

Руіны тэрмаў у г. Чывітавек’я.

т. 16, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)