ДЫСПЕПСІ́Я (ад дыс... + грэч. pepsis страваванне),

парушэнні стрававання. Тэрмін «Д.» захаваўся пераважна для вызначэння сіндромаў парушэння функцыі кішэчніка — гніласная Д. і брадзільная Д. У аснове брадзільнай Д. ляжыць павышаная маторыка тонкага кішэчніка. У выніку частка вугляводаў ежы не ператраўляецца і не засвойваецца. Праяўляецца ўздуццем і распіраннем жывата, бурчаннем і пераліваннем, колікападобнымі болямі, газамі, вадкім ці кашкападобным стулам. Гніласная Д. — вынік гніення ў тоўстым і часткова тонкім кішэчніку. Праяўляецца паносамі (вадкія, цёмнага колеру, непрыемнага паху). Д. дзіцячая — вострая хвароба стрававальна-кішачнага тракту з расстройствам стрававання ў дзяцей першага года жыцця (8—9 месяцаў). Найчасцей бывае пры штучным і мяшаным кармленні. Пры простай Д. стул вадкі, часты, зялёнага колеру з камячкамі (6—8 разоў за суткі), уздуцце жывата, колікападобныя болі. Таксічная Д. — цяжкая форма захворвання з глыбокім парушэннем усіх відаў абмену рэчываў і функцый многіх органаў і сістэм. Праяўляецца рвотай і вадзяністым (да 15 разоў за суткі) стулам. Ад вял. страты вады змяншаецца маса цела, развіваецца эксікоз (абязводжванне), назапашваюцца таксічныя прадукты абмену, што пашкоджвае цэнтр. нерв., вегетатыўную, сардэчна-сасудзістую сістэмы, парушае кровазварот, дыханне, функцыі печані і нырак. Бывае ў аслабленых, хворых на дыятэз і дыстрафію дзяцей. Лячэнне: водна-чайная дыета, дазіраванае харчаванне, ферменты, вітаміны, антыбіётыкі, сімптаматычныя сродкі.

Р.​У.​Дэрфліо.

т. 6, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІШЭ́ЧНІК,

частка стрававальнага тракту ад страўніка да задняга праходу ці клаакі (у чалавека, пазваночных, членістаногіх, кольчатых чарвей) ці страва вальная трубка (у кішачнаполасцевых круглых чарвей). У К. адбываюцца асн. працэсы ператраўлення ежы (поласцевае, прысценкавае, мембраннае і ўнутрыклетачнае страваванне) і ўсмоктвання значнай ч. пажыўных рэчываў і вады.

У чалавека і пазваночных жывёл К. падзяляецца на тонкую (дванаццаціперсная кішка, парожняя і падуздышная) і тоўстую (сляпая, абадочная, сігмападобная і прамая) кішкі. Даўж. К. ў некалькі разоў перавышае даўж цела [у чалавека ў 3—4 разы (4,5—6 м), у свінні ў 17 разоў і інш.]. К. у чалавека фарміруецца на трэцім тыдні эмбрыянальнага развіцця. Прымацаваны да задняй сценкі жывата пры дапамозе брыжэйкі. Звонку К. укрыты брушынай; сценка складаецца са слізістай абалонкі, укрытай аднаслаёвым эпітэліем, падслізістага слоя, мышачнай (забяспечвае перыстальтыку) і серознай абалонак. Слізістая абалонка тонкай кішкі мае да 150 млн. уласна залоз (крыптаў), шмат складак, да 4 млн. варсінак, мікравырасты эпітэліяльных клетак, таму паверхня слізістай абалонкі павялічваецца да 1300 м². У тоўстай кішцы ўсмоктваюцца вада, мінер. солі, фарміруюцца калавыя масы, расшчапляецца клятчатка расліннай ежы ад браджэння і гніення, выкліканага мікраарганізмамі. Кровазабеспячэнне К. адбываецца з галін брушной аорты — верхняй і ніжняй брыжэйкавых артэрый; адток венознай крыві, што ўтрымлівае прадукты ўсмоктвання, — па варотнай вене ў печань. Адток лімфы забяспечваюць капілярныя лімфатычныя сеткі варсінак (усмоктванне тлушчаў), што зліваюцца ў лімфатычныя сасуды. Дзейнасць К. рэгулюецца вегетатыўнай нервовай сістэмай.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕГЕТАТЫ́ЎНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА,

частка нерв. сістэмы, што рэгулюе дзейнасць унутр. органаў і жыццёва важныя функцыі арганізма (абмен рэчываў, страваванне, тэрмарэгуляцыю і інш.).

Тэрмін «вегетатыўная» прапанаваў франц. анатам М.​Біша (1800). Адрозніваюць сімпатычную і парасімпатычную часткі вегетатыўнай нервовай сістэмы; кожная з іх прадстаўлена цэнтр. і перыферычным аддзелам. Вегетатыўныя цэнтры сімпатычнай нерв. сістэмы складаюцца з нерв. клетак, размешчаных у бакавых рагах спіннога мозга (сегментарныя цэнтры) і звязаных перадгангліянарнымі нерв. валокнамі з пагранічным сімпатычным ствалом і вузламі перадпазваночных спляценняў. Валокны перыферычнай часткі, што пачынаюцца з пагранічнага сімпатычнага ствала і вузлоў перадпазваночных спляценняў (постгангліянарныя), ідуць да ўнутр. органаў. Валокны ад бакавых рагоў спіннога мозга перарываюцца на клетках вузлоў нерв. спляценняў брушной поласці (чарэўнае, падчарэўнае і інш.) і на клетках вузлоў каля ўнутр. органаў (сардэчнае, лёгачнае, ныркавае і інш.), а потым ідуць ва ўнутр. органы. Вегетатыўныя цэнтры парасімпатычнай нерв. сістэмы размешчаны ў ствале галаўнога мозга (сярэдні і прадаўгаваты мозг) і крыжавым аддзеле спіннога мозга. Адросткі клетак гэтых цэнтраў перарываюцца на нерв. клетках вузлоў галавы і з чарапнымі нервамі ідуць да зрэнак, слінных залоз, унутр. органаў. Нерв. валокны, што ідуць ад клетак крыжавога цэнтра парасімпатычнай нерв. сістэмы, пасля перарыву ў нерв. гангліях тазавага спляцення інервуюць мачавы пузыр, прамую кішку і палавыя органы. Кожны ўнутр. орган інервуецца абодвума аддзеламі вегетатыўнай нервовай сістэмы. Маючы розныя функцыі, сімпатычны і парасімпатычны аддзелы вегетатыўнай нервовай сістэмы дзейнічаюць на органы адначасова і рэгулююць іх дзейнасць.

Літ.:

Кнорре А.Г., Лев Н.Д. Вегетативная нервная система. 2 изд. Л., 1977;

Вегетативная нервная система: Атлас. Мн., 1988.

П.​І.​Лабко.

Схема будовы і сувязей вегетатыўнай нервовай сістэмы: (сіні колер — парасімпатычная, чырвоны — сімпатычная); 1 — шыйны аддзел спіннога мозга; 2 — грудны; 3 — паяснічны; 4 — крыжавы; 5 — памежны сімпатычны ствол.

т. 4, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯМЕХА́НІКА (ад бія... + механіка),

1) раздзел біяфізікі, які вывучае мех. працэсы ў тканках, органах і арганізме, а таксама механізмы біял. рухомасці, у т. л. скарачэнне шкілетных мышцаў.

Першыя працы па біямеханіцы вядомы з 16 ст. (Леанарда да Вінчы). У 17 ст. з’явіліся спробы растлумачыць законамі механікі ўсе формы рухаў жывёл, у т. л. мышачныя скарачэнні і страваванне (італьян. вучоны Дж.​Барэлі). У Расіі заснавальнікі біямеханікі — І.М.Сечанаў і П.​Ф.​Лесгафт (працы па класіфікацыі рухаў чалавека, структуры апорна-рухальнага апарату). Метады рэгістрацыі і аналізу прапанаваны М.​А.​Бернштэйнам (1941).

На Беларусі даследаванні вядуцца з 1950-х г. (А.​Дз.​Геўліч, Г.​Ф.​Палянскі, С.​М.​Уласенка). Распрацаваны асобныя пытанні біямеханікі рухальнага апарату, напр. залежнасць будовы і функцыі суставаў ад сілы вонкавых і ўнутр. уздзеянняў, біямеханіка дыхальнага апарату і інш. Гал. галіны прыкладнога выкарыстання дасягненняў біямеханікі: рацыяналізацыя працоўнай дзейнасці, спорт, ваенная і клінічная медыцына (асабліва траўматалогія і артапедыя), стварэнне аўтаматаў-маніпулятараў і робатаў, канструяванне заменнікаў органаў руху — біякіравальных пратэзаў і інш.

2) У тэатры — сістэма трэнажу акцёра. Уведзена У.Меерхольдам як эксперыментальны пед. метад для дасягнення акцёрам дасканалага, віртуознага валодання сваім целам, рухамі.

Меерхольд лічыў, што творчасць акцёра — творчасць пластычных формаў у прасторы, і таму ён павінен умець арганізаваць і дакладна выкарыстоўваць выразныя сродкі свайго цела. Дапаможныя прадметы да асн. курса біямеханікі — фізкультура, акрабатыка, танец, рытміка, бокс, фехтаванне. Як спец. прадмет выкладалася ў Бел. драм. студыі ў Маскве (1921—26). Элементы сістэмы біямеханікі ў працы з акцёрамі пры пастаноўцы спектакляў у т-рах Беларусі выкарыстоўвалі рэжысёры М.​Кавязін, В.​Фёдараў, Н.​Лойтар, В.​Пацехін і інш.

Літ.:

Александер Р. Биомеханика: Пер. с англ. М., 1970;

Бернштейн Н.А. Физиология движений и активность. М., 1990;

Обысов А.С. Надежность биологических тканей. М., 1971.

Г.​К.​Ільіч, А.​В.​Сабалеўскі.

т. 3, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Траві́ць1 ’засвойваць у працэсе стрававання, ператраўліваць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Гарэц., Др.-Падб.), ’карміць’ (Сцяшк. Сл.), ’харчавацца, есці’ (Хрэст, дыял.), ’спажываць’ (ТС), тра́віць ’ператраўляць (пра страўнік)’ (Нас.). Укр. трави́ти, дыял. трови́ти ’тс’, польск. trawić, чэш. tráviti ’ператраўляць ежу’, ’праводзіць час’, славац. tráviť ’тс’, серб. тра́вити ’карміць травой’, ’засяваць травой’, ст.-слав. травити ’жэрці’, натроути ’накарміць’. Прасл. *traviti < *truti, trovešь (параўн. мар. truju < trutʼ ’ператраўляць (пра страўнік)’, славац. trova ’выдаткі’) выступае ў славянскіх мовах у ступенях: *tru‑, *trov‑, *trav‑ (апошняя — з *‑ō‑), а таксама *trū‑, параўн. серб.-ц.-слав. трыти, трыѩ, балг. три́я ’тру, выціраю’, ц.-слав. растръва ’страта, згуба’, ’пагібель’, троути ’вынішчаць’ з багатым наборам значэнняў — да ’атручваць’ (Фасмер, 4, 92; Махэк₂, 650). Роднасныя: ст.-грэч. τρώω ’раню’, τρΰω ’знішчаю, свідрую’, ’выводжу’, ст.-в.-ням. drawa ’пагроза’, англ.-сакс. đréa ’тс’, ’кара’. Сной₂ (778) дапускае дзве і.-е. асновы для разглядаемай лексемы: 1) і.-е. *treu̯H‑ ’раздрабляць, раскрышваць, малоць, спажываць, расходаваць’: ст.-грэч. τρῶμα, τραῦμα ’рана’, вал. taraw ’таўчы, біць’, с.-брэтонск. tarauat ’працерці’, літ. trunýti ’гніць, тлець’; 2) і.-е. аснова *trōu̯ah2, *treu̯ah2, якая з і.-е. *(s)ter‑, — з апошняй выводзіцца ст.-інд. tṛ́ḥa ’трава’, прасл. *tьrnъ > бел. цёрн. Сюды ж траўленнестрававанне’, траве́нье ’кармленне’ (ТС); траві͡енё ’ператраўліванне, засвойванне’ (беласт., Сл. ПЗБ), якое з польск. trawienie (Сл. ПЗБ, 5, 111).

Траві́ць2 ’таптаць лугі, з’ядаць пасевы; рабіць патраву’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сержп. Прык.): козамі сена травіць (Пятк. 2), тра́віць ’тс’, ’нацкоўваць сабак на коз і свіней, каб не пустошылі агароды’ (Нас.). Укр. трави́ти ’рабіць патраву’, дыял. трови́ти ’выпасаць, травіць траву на корані’, рус. трави́ть ’псаваць, пашкоджваць, нішчыць, спустошваць, разбураць’, польск. trawić ’тс’, ’марнатравіць’, ’выдаткаваць’, ’паліць, спальваць’. Прасл. (паўночнае) *traviti ’нішчыць, выдаткоўваць’ (Борысь, 640). Да травіць1 (гл.). Сюды ж траві́ць ’апрацоўваць паверхню чаго-небудзь кіслатой або іншымі рэчывамі’ (ТСБМ), ’атручваць каларадскіх жукоў’ (Ян.), ’труціць, атручваць’ (ТС; віл., Сл. ПЗБ), траві́тісе ’труціцца’ (беласт., Сл. ПЗБ).

Траві́ць3 ’паволі, патроху адпускаць ліну, снасць, аслабляючы нацяжэнне’ (ТСБМ). Відавочна, з рус. трави́ть (снасть, канат) ’тс’.

Траві́ць4 пытраві́ць палоску ’апрацоўваць зямлю плугам трэці раз, пасля баранавання’ (бабр., ЛА, 2). Да траі́ць, трайні́ць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)