ваенна-служылая група сельскага насельніцтва ў Польшчы і ВКЛ у 16—18 ст. У Польшчы пяхота з выбранцаў створана ў 1578 па ініцыятыве караля Стафана Баторыя на ўзор венгерскай пяхоты, у ВКЛ — у 1595. Набіралі выбранцаў пераважна ў каралеўскіх маёнтках (1 чал. ад 20 двароў). За службу яны і іх сем’і вызваляліся ад усіх падаткаў і павіннасцей, прывілеі выбранцаў («выбранецкае права») пашыраліся і на іх нашчадкаў. У 1-й пал. 17 ст. магнаты ВКЛ стваралі атрады выбранцаў і ў прыватных войсках, набіраючы іх з дробнай шляхты, «вольных людзей» і сялян. У пач. 17 ст. ў войску ВКЛ было 12 рот выбранцаў (больш за 1 тыс.чал.). У 2-й пал. 17 ст. выбранцы засталіся толькі на Случчыне, яны неслі службу ў слуцкім гарнізоне і ў залежнасці ад вайск. звання мелі зямельныя надзелы ад 0,5 да 1,5 валокі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай 1793 і скасавання слуцкага гарнізона частка выбранцаў даказала свае правы на дваранства, астатнія — на вольнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАНЬІ́НІ, Гвагнін (Guagnini) Аляксандр (1534, г. Верона, Італія — 1614), польскі гісторык. З 1550-х г. у Польшчы. Служыў ротмістрам у войску ВКЛ. З 1561 удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, камендант Віцебска. Пасля ў Кракаве, дзе ў 1578 выдаў на лац. мове «Хроніку Еўрапейскай Сарматыі», якая на Беларусі была вядома ў выданні на польск. мове (Кракаў, 1611). Кніга багата ілюстравана, у ёй шмат звестак па гісторыі і геаграфіі Польшчы і ВКЛ, апісаны гарады і крэпасці Беларусі, матэрыяльная і духоўная культура, звычаі і абрады насельніцтва Беларусі, пераважна Верхняга Падняпроўя. Пры перавыданні Гваныні дадаў звесткі пра Лівонскую вайну з паходам Стафана Баторыя на Пскоў (1581) уключна. Нягледзячы на шматлікія запазычанні ў тэксце, асабліва ў М.Стрыйкоўскага, які служыў пад камандай Гваныні, ёсць у кнізе і новыя матэрыялы. Хроніка Гваныні была перакладзена на чэш., ням. і італьян. мовы.
Літ.:
Витебская старина /Сост. А.П.Сапунов. Т. 4. Витебск, 1885.
(«Книга Посольская Метрики Великого Княжества Литовского...»),
выданне кніг-копій Метрыкі Вялікага княства Літоўскага дыпламатычнага зместу. Выдадзена ў 1843 у Маскве ў 2 т. Паводле даручэння Маскоўскага т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх падрыхтавана М.А.Абаленскім, І.М.Даніловічам (т. 1), М.П.Пагодзіным, Дз.М.Дубенскім (т. 2). У т. 1 апублікавана кніга Метрыкі, якая змяшчае дыпламат. перапіску вял. князя ВКЛ і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста з Крымскім ханствам, Турцыяй, Расіяй, Прусіяй і інш. за 1545—72. У прадмове да тома выкладзена гісторыя Метрыкі ВКЛ і Кароннай Метрыкі, у дадатках змешчаны вопіс кніг Метрык, некаторых актаў Метрык, мірны дагавор Альгерда і Казіміра III 1366, факсіміле старонкі апублікаванай пасольскай кнігі, табліца філіграней. У т. 2 — дакументы дыпламат. характару вял. князя ВКЛ і караля польскага Стафана Баторыя за 1576—83. У асноўным дакументы датычаць адносін Рэчы Паспалітай з Расіяй. Змешчаны таксама некат. больш раннія акты, факсіміле старонкі пасольскай кнігі, табліца філіграней і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РБСКІ (Андрэй Міхайлавіч) (1528—83),
расійскі ваен. і паліт. дзеяч, пісьменнік-публіцыст. Князь. З смаленска-яраслаўскіх князёў, нашчадак Рурыкавічаў. У 1540—50-я г. прыбліжаны цара Івана IV Грознага, чл. Выбранай рады. Удзельнік Казанскіх паходаў 1545—52. У Лівонскую вайну 1558—83 з 1561 узначальваў рас. войскі ў Прыбалтыцы, у 1562 кіраваў паходам на Віцебск, потым ваявода ў г. Юр’еў (цяпер Тарту, Эстонія). Баючыся магчымых рэпрэсій (гл.Апрычніна), К. ў 1564 уцёк у ВКЛ. Атрымаў у часовае карыстанне вял. маёнткі, у т. л. Крэўскае староства, г. Ковель і інш.Чл. каралеўскай рады Рэчы Паспалітай. Удзельнічаў у паходах Стафана Баторыя супраць рас. войск у 1576 і 1581. Быў двойчы жанаты з прадстаўніцамі мясц. знаці Беларусі. Як праваслаўны выступаў супраць ідэй Рэфармацыі. Аўтар трох пасланняў да Івана IV (1564—79), у якіх асуджаў жорсткасць і дэспатызм цара, антысамаўладніцкага памфлета «Гісторыя пра вялікага князя Маскоўскага» (1573) і інш. твораў.
Тв.:
Переписка Ивана Грозного с Андреем Курбским. Л., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛКЕ́ЎСКІ, Жулкеўскі (Žółkiewski) Станіслаў (1547, Турынец каля г. Львоў, Украіна — 7.10.1620), ваенны і дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай. Гетман польны каронны (1588), кашталян львоўскі (1590), ваявода кіеўскі (1608), гетман вял. каронны (1613), канцлер вял. каронны (1617). Удзельнічаў у ваен. дзеяннях пад Гданьскам у 1577 і ў паходах Стафана Баторыя ў Лівонскую вайну 1558—83, у т. л. ва ўзяцці Полацка (1579), аблозе Пскова (1581). У час бескаралеўя (1587) падтрымаў кандыдатуру Жыгімонта III Вазы. Задушыў паўстанне С.Налівайкі (1596). Быў праціўнікам прагабсбургскай і антырас. палітыкі Жыгімонта III, але ў час ўзбр. выступлення шляхты на чале з М.Зэбжыдоўскім выступіў на баку караля і ліквідаваў мяцеж (1607). У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 разбіў у 1610 каля в. Клушына рус. войскі, заняў Маскву і дамогся абрання на рас. трон каралевіча Уладзіслава. У 1620 узначальваў ваен. сілы Рэчы Паспалітай у вайне з Турцыяй. Загінуў у баі.
Тв.:
Historia wojny moskiewskiej aż do opanowania Smoleńska... 9 wyd. Warszawa, 1966.
Літ.:
Prochaska A. Hetman Stanisław Żółkiewski. Warszawa, 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАГІЛЁЎСКАЯ ДАЎНІНА́»,
1) «Могилевская старина», зборнік матэрыялаў з «Могилевских губернских ведомостей» за 1898—1903. Выйшлі 3 выпускі (1900—03) пад рэд. Е.Р.Раманава. Уключае артыкулы і нататкі па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі Магілёўскай губ., гіст. дакументы. У 1-м выпуску змешчаны Баркулабаўскі летапіс, грамата караля Стафана Баторыя ад 1.3.1581, карта магілёўскага намесніцтва 1768, успаміны пра падзеі 1812 на Магілёўшчыне; у 2-м вып. — апісанне Крычаўскага графства А.Меерам у 1786, фрагменты запісак 1816 і 1822 англ. падарожніка Р.Пінкертона пра бел. губерні, бібліяграфічны паказчык асн. прац Раманава; у 3-м вып. — дакументы 16—20 ст. У 2-м і 3-м вып. змешчаны звесткі пра «апошняга летапісца» Беларусі ігумена Арэста. Публікацыі гіст. крыніц вызначае высокі навук. ўзровень, які не быў характэрны для тагачасных перыяд. выданняў.
2) Зборнік гіст. і краязнаўчых матэрыялаў, які з 1993 штогод выдаецца ў Магілёве як аднаўленне «М.д.» 1898—1903. Матэрыялы ахопліваюць гіст. перыяд развіцця Магілёўшчыны ад старажытнасці да сучаснасці. Мае рубрыкі: «Даследаванні. Меркаванні», «Асоба ў гісторыі», «Малавядомае», «Школьнае краязнаўства» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЕВІ́НА ((Possevino) Антоніо) (12.7.1533, г. Мантуя, Італія —26.2.1611),
дыпламат, тэолаг, педагог. З 1559 чл. ордэна езуітаў. У 1581 у якасці папскага легата накіраваны ў Маскву, каб паспрыяць спыненню працяглай Лівонскай вайны 1558—83. З яго актыўным удзелам заключаны Ям-Запольскі мірны дагавор 1582 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. Пасля вайны П. стаў дарадцам караля Стафана Баторыя, спрыяў умацаванню ў краіне пазіцый езуітаў (у т. л. на землях ВКЛ), пашырэнню контррэфармацыі. Абмяркоўваў з каралём праект стварэння Лігі еўрап. дзяржаў, накіраванай супраць Турцыі. Адзін з ініцыятараў падрыхтоўкі Брэсцкай уніі 1596, спрабаваў пераканаць у яе неабходнасці гал. апекуна праваслаўя ў ВКЛ К.В.Астрожскага. Па даручэнні караля ў 1586 ездзіў у Рым да папы Сікста V. Пасля абрання ў 1587 каралём Жыгімонта III вярнуўся ў Італію і прысвяціў сябе пед. і літ. дзейнасці. Аўтар кнігі «Масковія» (Вільня, 1586, на лац. мове), у якой выклаў гісторыю, звычаі і рэліг. сітуацыю ў Расіі, што робіць твор каштоўнай гіст. крыніцай.
Tв.: Рус.пер. — Исторические сочинения о России XVI в. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1918 у Віцебску як губернскі на базе музеяў старажытнасцей пры Віцебскім губ. стат. к-це (засн. ў 1868), Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, матэрыялаў Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віленскага ваен. збору, прыватнага музея В.П.Федаровіча, калекцый А.Брадоўскага і інш. З 1924 — Віцебскае аддз.Бел.дзярж. музея, з 1929 Віцебскі культ.-гіст. музей, з 1951 сучасная назва. У Вял.Айч. вайну частка экспанатаў разрабавана ням.-фаш. захопнікамі. Адноўлены ў 1945. Займае будынак б. ратушы (18 ст.), мае 16 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 921 м²), каля 157 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: н.-д. фондаў, навук асветны, рэстаўрацыйна-мастацкі. Сярод экспанатаў археал. знаходкі, берасцяная грамата 13 ст., кніга прывілеяў Віцебска, рыцарскі пояс караля Стафана Баторыя, кларнет караля Яна III Сабескага, старадрукі 17—18 ст., посуд Налібоцкай і Ўрэцкай мануфактур 18 ст., калекцыі манет 9—20 ст., у т. л. рэдкая — яфімкаў, стараж. зброі, атрыбутыкі масонаў, габеленаў 18—19 ст. Зберагаюцца асабістыя фонды гісторыка А.П.Сапунова, грамадскага дзеяча Ф.Нікановіча, матэрыялы па гісторыі Вял.Айч. вайны, пасляваен. развіцця Віцебшчыны. Мае філіялы: мастацкі, літаратурны, музей прыватных калекцый, Рэпіна Ільі музей-сядзіба (у в. Здраўнева).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАН (Волян) Андрэй
(пасля 1530, Польшча — 6.1.1610),
палітычны дзеяч, філосаф і правазнавец, ідэолаг рэфармацыйнага руху на Беларусі і ў Літве. Вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры і Кёнігсберга. Служыў сакратаром у каралёў Рэчы Паспалітай Жыгімонта II Аўгуста, Стафана Баторыя, Жыгімонта III Вазы. Выбіраўся паслом у сейм Рэчы Паспалітай ад шляхты Ашмянскага пав. Аўтар палеміка-тэалагічных твораў, палітыка-прававых і філас. трактатаў, прамоў (пераважна на лац. мове), у якіх абгрунтоўваў тэорыю натуральнага права, выступаў за роўнасць усіх саслоўяў перад законам; з пазіцый кальвінізму крытыкаваў арганізац. будову і догмы каталіцкай царквы і папскай улады, адстойваў прынцыпы верацярпімасці. У працах «Пра палітычную або грамадзянскую свабоду», «Прамовы да сената...» (абедзве 1572), «Пра гасудара і ўласцівыя яму дабрачыннасці» (1608) выступаў за рэформы ў сац. і паліт. адносінах, праве, дзярж. кіраванні. Распрацаваў канцэпцыю свабоды чалавека (абарона маёмасці, асабістай бяспекі, усеагульнай згоды і міру ў грамадстве).
Літ.:
Сокол С.Ф. Социологическая и политическая мысль в Белоруссии во II половине XVI в. Мн., 1974;
Падокшын С.А., Шатон В.К. Андрэй Волан і яго трактат «Пра шчаслівае жыццё, або Найвышэйшае чалавечае дабро» // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1981. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1920 па ініцыятыве археолага і краязнаўца Ю.Ядкоўскага, адкрыты ў 1922. Зберагаў калекцыі дакументаў 15—17 ст., творы выяўл. мастацтва 17—19 ст., вырабы гродзенскіх каралеўскіх мануфактур 18 ст. У Вял.Айч. вайну частка калекцыі загінула. З 1945 размяшчаецца ў Гродзенскім Старым замку і палацы Стафана Баторыя. Пл. экспазіцыі 2380 м², больш за 129 тыс. экспанатаў асн. фонду (1994), у т. л. фонд старадрукаў і рэдкай кнігі (20 тыс.экз.). Аддзелы: гісторыі Гродзеншчыны, прыроды краю, мастацкі. Сярод матэрыялаў археал. знаходкі з раскопак Замкавай Гары ў Гродне, Краснасельскага археалагічнага комплексу, гарадзішчаў 11—13 ст., узоры бел. скорапісу на пергаменце, вырабы гродзенскіх рамеснікаў 17—18 ст., гродзенскія падвойныя дываны. Экспануюцца прадметы, звязаныя з падзеямі паўстання 1863—64 на чале з К.Каліноўскім, рэв. і нац.-вызв. рухам у Зах. Беларусі, паказаны партыз. рух, дзейнасць падп.патрыят. арг-цый у Вял.Айч. вайну. У аддзеле прыроды экспанаты з расліннага і жывёльнага свету, карысныя выкапні краю. Мастацкі аддзел праводзіць выстаўкі выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Музей выдае зб. «Краязнаўчыя запіскі» (з 1990). Філіялы: Дом-музей М.Багдановіча, Дом рамёстваў.