вышэйшы судовы орган ВКЛ да 16 ст. Склад суда не быў дакладна вызначаны. Справы разглядалі вял. князь і паны-рада. Колькасць радных паноў на судзе магла быць рознай, але не менш як 2—3. Па 1-й інстанцыі разглядаў іскі буйных феадалаў і асоб, якія мелі спец. прывілей на вызваленне ад падсуднасці інш. судоў, а таксама іскі, што закраналі інтарэсы казны, справы аб дзярж. здрадзе, злачынствах і злоўжываннях службовых асоб, самавольным захопе дзярж. маёнткаў, зямель і прыбыткаў, пазбаўленні шляхецкіх правоў, спрэчкі аб прыналежнасці да прывілеяваных саслоўяў, зацвярджаў рашэнні камісарскіх судоў. Першапачаткова ў велікакняжацкі суд мог звяртацца кожны шляхціц. Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 абмежаваў такую магчымасць і абавязаў напачатку звяртацца ў мясц. суды. Статуты 1566, 1588 і соймавыя пастановы 1542 і 1551 замацавалі і канкрэтызавалі такі парадак. У якасці апеляцыйнай інстанцыі велікакняжацкі суд разглядаў скаргі на пастановы земскіх, гродскіх, падкаморскіх і войтаўска-лаўніцкіх судоў. Пасля згасання дынастыі Ягелонаў (1572) функцыі велікакняжацкага суда адышлі да соймавага суда і Трыбунала Вялікага княства Літоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДАПАМО́ГІ ПАЦЯРПЕ́ЛЫМ АД ВАЙНЫ́,
дабрачынная арг-цыя для дапамогі бежанцам 1-й сусв. вайны. Існавала ў 1915 — сярэдзіне 1920-х г. у Вільні. Т-ва арганізоўвала пункты харчавання, сталовыя, інтэрнаты, аказвала мед. дапамогу бежанцам. Сродкі складаліся з членскіх узносаў, ахвяраванняў, прыбыткаў з дабрачынных мерапрыемстваў. Адкрыла аддзелы ў Мінску, Дзісне, Вілейцы, Друскеніках, Полацку. Гуртавала вакол сябе дзеячаў бел.нац. руху, набыло значэнне прадстаўніка нац. інтарэсаў бел. насельніцтва. Займалася культ.-асв. працай. Пры ім была створана школьная камісія, якая арганізоўвала бел. школьніцтва, настаўніцкія курсы. У канцы 1916 у мяст. Свіслач пачала працаваць бел. настаўніцкая семінарыя. На курсах і ў семінарыі выкладалі А. і І.Луцкевічы, В.Ластоўскі, А.Пашкевіч (Цётка) і інш. З канца 1918 дзейнасць т-ва ў сувязі са складанай ваен. і паліт. сітуацыяй на Віленшчыне, адсутнасцю грошай пачала згортвацца, на пач. 1920-х г. зводзілася да ўтрымання дзіцячага прытулку ў Вільні. Звесткі пра функцыянаванне т-ва пасля 1925 не выяўлены.
А.М.Бабкоў, С.С.Рудовіч.
СтатутыБеларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны 1915 і 1921.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУЛЬНАЗЕ́МСКІЯ ПРЫВІЛЕ́І,
заканадаўчыя акты ВКЛ, якія дзейнічалі на тэр. ўсёй дзяржавы і замацоўвалі правы розных сац. груп, найперш шляхты. Найб. вядомыя тры прывілеі 1387 вял. князя ВКЛ Ягайлы, два з іх (ад 20 і 22 лют.) вызначалі льготы феадалам за пераход у каталіцтва, вызвалялі каталіцкае духавенства ад дзярж. павіннасцяў і падаткаў. Гарадзельскі прывілей 1413 замацоўваў унію ВКЛ з Польшчай, пашыраў правы феадалаў-католікаў і абмяжоўваў правы правасл. феадалаў. Прывілеямі 1432 і 1434 правасл. феадалам даваліся такія ж правы, як і католікам. Апошні прывілей гарантаваў асабістую свабоду і недатыкальнасць шляхты. Прывілеем 1447вял.кн. Казімір забараняў надзяляць чужынцаў, у т. л. палякаў, пасадамі, маёнткамі, землямі і чынамі ў ВКЛ, абмяжоўваў права пераходу сялян ад аднаго феадала да другога. Прывілеем 1492вял.кн. Аляксандр пацвердзіў ранейшыя правы шляхты, вызначыў асновы адм., цывільнага і крымін. права. У 1506 Жыгімонт I Стары выдаў прывілей, які пацвердзіў усе папярэднія прывілеі, дадзеныя духоўным і свецкім феадалам, гарадам, мяшчанам і наогул асобам усякага стану. Ім завяршыўся першы этап развіцця пісанага права ў форме агульназемскіх прывілеяў, потым асн. законамі краіны сталі СтатутыВКЛ 1529, 1566, 1588 (пра кожны гл. асобны арт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКО́Е ПРА́ВА,
прававыя нормы, якія дзейнічалі ў гарадах сярэдневяковай Еўропы. Пачало складвацца ў 11 — 12 ст. з развіццём рамёстваў і гандлю, росквіту дасягнула ў 14 ст. Нормы гарадскога права ўключаліся ў статуты гарадоў ці цэхаў, гар. судоў, граматы. Рэгулявалі гандл. і грамадз. адносіны, крымін. судаводства. Гарадское права, пашыранае ў Венецыі, Генуі (Італія), Гамбургу, Магдэбургу (Германія), значна ўплывала на фарміраванне гарадскога права інш.еўрап. гарадоў (права на самакіраванне са сваёй суд. і адм. арганізацыяй, правы цэхавых арганізацый з іх статутамі, павіннасці і падатковая сістэма). Магдэбургскае права дзейнічала з пэўнымі зменамі ў Венгрыі, Чэхіі, Польшчы.
На Беларусі нормы гарадскога права замацоўваліся ў гандл. дагаворах Полацка, Віцебска з Ноўгарадам, Рыгай, Смаленскам (13—15 ст.). Многія гарады і мястэчкі карысталіся магдэбургскім правам. У гарадах Беларусі дзейнічалі таксама нормы ўласна беларускага гарадскога права (Аршанскае права, Віцебскае права, Полацкае права). У 17 ст. дзейнічаў шэраг прававых нормаў Статутаў ВКЛ. У бел. гарадах, якія ў канцы 18 ст. былі далучаны да Рас. імперыі, нормы гарадскога права, узятыя (з пэўнымі зменамі, дастасаванымі да Беларусі) з магдэбургскага права і Статутаў ВКЛ, перасталі дзейнічаць, бо набыло сілу гар. ўлажэнне, пазней уключанае ў Поўны збор законаў Рас. імперыі.
Літ.:
Владимирский-Буданов М.Ф. Немецкое право в Польше и Литве. СПб., 1868.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КОНТРРЭФО́РМЫ»,
заканадаўчыя пераўтварэнні ў Расійскай імперыі ў 1880 — пач. 1890-х г., накіраваныя на абмежаванне і перагляд бурж. рэформ 1860—70-х г., на ўмацаванне ўлады самадзяржаўя і дваран. 27.8.1882 прыняты часовыя правілы аб друку, якія ўводзілі т. зв. «карную цэнзуру». У 1884 новы універсітэцкі статут скасаваў аўтаномію ВНУ. У 1885 заснаваны Дваранскі зямельны банк з мэтай падтрымкі дваранскага землеўладання. У 1886 уведзены абмежаванні сямейных падзелаў для сялян і закон аб найме с.-г. рабочых. У 1887 павышаны цэнз для выбрання прысяжных засядацеляў у судзе. Цыркуляр ад 18.7.1887 аднавіў у пачатковых і сярэдніх школах саслоўныя прынцыпы. 12.7.1889 прыняты закон аб земскіх начальніках, скасаванні ін-та міравых судоў і ўстанаўленні кантролю павятовых прадвадзіцеляў дваранства над павятовымі з’ездамі земскіх начальнікаў. У 1889 з вядзення суда прысяжных забраны шэраг судовых спраў (асабліва тых, якія датычылі супраціўлення ўладам) і абмежавана публічнасць судоў. 12.6.1890 ўведзены саслоўныя курыі для выбаршчыкаў, сяляне былі пазбаўлены права непасрэднага выбару земскіх гласных. Законам ад 11.6.1892 ніжэйшыя слаі выключаны з гарадскіх выбаршчыкаў. На Беларусі, дзе ў сувязі з паўстаннем 1863—64 дзейнічаў рэжым выключных законаў, «К.» ўводзіліся пазней і з істотнымі адступленнямі. Напр., суд прысяжных і судовыя статуты тут ўведзены ў 1883, ін-т земскіх начальнікаў — у 1900 і толькі ў Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губ. Земскае палажэнне 1890 наогул не было пашырана На Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗІМІ́Р IVЯгелончык
(30.11.1427, Кракаў — 7.6.1492),
вял. князь ВКЛ [1440—92], кароль польскі [1447—92]. Малодшы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай. Пасля абрання К. IV на польскі трон паміж ВКЛ і Польшчай устаноўлена персанальная унія, ВКЛ захавала незалежнасць. Вярнуў ВКЛ з Польшчы Дарагічынскую зямлю (1444), замацаваў у складзе дзяржавы Валынь, канчаткова далучыў да ВКЛ Жамойць. Дзеля пашырэння асабістых і маянтковых правоў баяр выдаў прывілей 1447. У час яго панавання ў ВКЛ узмацнілася роля паноў-рады. Вымушаны быў змагацца з апазіцыяй бел.-літ. арыстакратыі. У 1441 групоўка слуцкага кн. Алелькі Уладзіміравіча вымусіла К. IV перадаць Алельку Кіеўскае княства. Вёў барацьбу з прэтэндэнтам на велікакняжацкі пасад кн. Міхаілам Жыгімонтавічам. У 1471 ліквідаваў удзельнае Кіеўскае княства. Каб з’яднаць пануючае саслоўе, пачаў раздачу маёнткаў баярам. Выдаў Судзебнік 1468, з якога пачалася кадыфікацыя феад. права ў дзяржаве. Знешняя палітыка К. IV на ўсходзе была накіравана на ўтрыманне рус. княстваў у складзе ВКЛ (гл.Дагавор 1449), падтрымку Вял. Арды ў яе барацьбе супраць Масквы. Вёў барацьбу з Крымскім ханствам (былым саюзнікам). У Польшчы абапіраўся на сярэднюю шляхту і вёў барацьбу з магнацкай апазіцыяй. Выдаў Няшаўскія статуты 1454, якімі пашыраліся і ўзмацняліся правы шляхты і шляхецкіх земскіх сеймікаў, а магнаты пазбаўляліся выключнага права займаць дзярж. пасады. У 1454—66 вёў вайну з Тэўтонскім ордэнам (ВКЛ не ўдзельнічала), у выніку якой Польшча атрымала выхад да Балтыйскага мора, ордэн прызнаў сваю васальную залежнасць ад польскай дзяржавы. У дынастычнай палітыцы дамогся выбрання свайго старэйшага сына Уладзіслава каралём Чэхіі, а потым і Венгрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РМЧЫЯ КНІ́ГІ (ад стараслав. кръмьчии — стырнавы, рулявы),
зборнікі царк. і свецкіх законаў, якія выкарыстоўваліся пры кіраванні царквой і ў духоўных судах паўд. і ўсх.-слав. краін. Аб’ядноўвалі царк. правілы, пастановы ўсяленскіх і памесных сабораў, імператарскія пастановы адносна царквы, вытрымкі з заканад. зборнікаў. Т. зв.Кормчая 14 тытулаў без тлумачэнняў (Старажытнаславянская кормчая) — пераклад з грэч. мовы, зроблены ў Балгарыі ў пач. 10 ст. На Русь трапіла ў 11 ст.Найб. ранні яе спіс наўгародская Яфрэмаўская кормчая пач. 12 ст. Гістарыяграфічныя матэрыялы К.к. выкарыстоўваліся пры напісанні рус. летапісаў, некат. іх палажэнні ўключаны ў мясц. помнікі царк. права. У канцы 12 ст. ў Грэцыі складзена асобая рэдакцыя К.к., перакладзеная ў Сербіі ў 1-й пал. 13 ст. на стараж.-слав. мову і атрымала назву Сербскай рэдакцыі. Яна змяшчала і новыя заканад. палажэнні. У 15—16 ст.найб. пашырэнне мела на землях ВКЛ і разглядалася як кодэкс права. Мела некалькі спісаў, у т. л. Румянцаўскі (апошняя трэць 15 ст.), Пінскі спіс 1634. З ВКЛ Сербская рэдакцыя трапіла ў Маскоўскую Русь. Апошняе яе выданне ў 1816. У 1260—70-я г. на Русі ўзнікла Руская рэдакцыя К.к. на аснове больш ранніх рэдакцый з дапаўненнем мясц. тэкстаў. («Закон судны людзям», інш.юрыд. помнікі, манаскія статуты і правілы, гіст. і біягр. творы і інш.). К.к. Рус. рэдакцыі былі пашыраны на ўсёй Русі. Спісаў Сербскай рэдакцыі К.к. на землях Украіны і Беларусі (захавалася больш як 10) было больш, чым спісаў Рус. рэдакцыі (3 экз.), што тлумачыцца яе больш раннім распаўсюджваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1447, Казіміраў прывілей,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял.кн.Казімірам IV Ягелончыкам у Вільні 2.5.1447. Адзін з асн.дзярж. актаў, які замацаваў шырокія правы баяр ВКЛ у паліт., сац. і эканам. жыцці дзяржавы. Складаецца з 14 артыкулаў. Пацвярджаў асабістую свабоду і недатыкальнасць баяр, гарантаваў, што за правіннасць павінен адказваць толькі сам вінаваты, а не яго жонка, бацька, слуга або інш. баярын. Баярам дазволены выезд за межы дзяржавы «для лепшага набыцця шчасця або ўчынкаў рыцарскіх», але не ў «непрыяцельскую краіну». Пацверджаны прывілеі баярам на маёнткі, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі, права на продаж і абмен маёнткаў. П. гарантаваў баярам, што іх маёнткі не будуць канфіскаваны, а пасля смерці баярына яго сыны і дочкі «ад сваёй вотчыны не маюць аддалены быць». У П. зафіксаваны дагавор вял. князя з феадаламі, што ён, як і яны, не будзе прымаць у свае маёнткі збеглых сялян, а вяртаць уцекачоў назад да свайго пана. Адным з гал. палажэнняў П. была перадача вял. князем свайго права судзіць сялян і інш. падданых самім баярам (права судовага імунітэту). З гэтага часу феадал станавіўся адзіным суддзёю сваіх падданых, што вяло да яшчэ большай іх залежнасці і ўрэшце дало магчымасць іх запрыгоніць. П. гарантаваў баярам, што землі і дзярж. пасады ў ВКЛ будуць атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ. Такім чынам, П. забараняў пранікненне польскай шляхты ў ВКЛ. Вял. князь таксама ўрачыста абяцаў бараніць незалежнасць дзяржавы і яе тэр. цэласнасць. Напісаны на лац. мове. Меў вял. значэнне ў далейшым юрыд. афармленні правоў феадалаў, некаторыя яго нормы ўвайшлі ў СтатутыВКЛ 1529, 1566 і 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЙСКО́ВАЯ КАМІ́СІЯ (БВК),
орган па фарміраванні бел. часцей у польскім войску ў 1919—21. Утворана 2.8.1919 у Вільні Цэнтр.бел. радай Віленшчыны і Гродзеншчыны паводле дамоўленасці з начальнікам Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскім. Яго дэкрэтам ад 22.10.1919 дазвалялася фарміраванне бел. часцей і зацвярджалася БВК у складзе: П.Аляксюк (старшыня), А.Аўсянік, палкоўнікі Г.Канапацкі (камандуючы бел. войскам) і Д.Якубоўскі, штабс-капітаны Ф.Кушаль і А.Якубецкі, Ю.Мурашка, А.Прушынскі (А.Гарун), С.Рак-Міхайлоўскі. Камандаванне бел. войска падпарадкоўвалася непасрэдна польскай ваен. адміністрацыі. Сфарміраваныя часці меркавалася накіраваць на польска-савецкі фронт. У ліст. 1919 БВК пераехала ў Мінск. Падтрымлівала сувязь з Найвышэйшай радай БНР. Падзялялася на падкамісіі: вярбовачна-агітацыйную (узначальваў Аляксюк), кваліфікацыйную (Якубецкі), статутную (Прушынскі), культ.-асветную (Рак-Міхайлоўскі) і інш. У паветах БВК стварала бел. вярбовачныя бюро, сярод насельніцтва распаўсюджвала адозвы з заклікам уступаць у нац. войска. Перакладала на бел. мову польскія вайск.статуты, выдала зб. «Падарунак беларускаму жаўнеру» (1920). Вяла рэгістрацыю добраахвотнікаў (афіцэраў, салдатаў, ваен. чыноўнікаў, урачоў). У сак. 1920 распараджэннем ваен.мін-ва вярбоўка і адбор добраахвотнікаў выключаны з кампетэнцыі БВК і перададзены мясц. органам акупац. адміністрацыі, якія байкатавалі гэту справу. Удалося скамплектаваць толькі 1 бел. пяхотную роту. У ліп. 1920 у сувязі з наступленнем Чырв. Арміі БВК фактычна распалася. Адноўлена 3.10.1920 у г. Лодзь (Польшча) у складзе: Якубецкі (Старшыня), Кушаль, Ф.Умястоўскі, Э.Якабіні, Якубоўскі. Накіравала групу афіцэраў на дапамогу ўдзельнікам Слуцкага паўстання 1920. Займалася культ.-асв. працай сярод інтэрніраваных у Польшчы вайскоўцаў-беларусаў. Прапановы аб рээвакуацыі камісіі ў адзін з гарадоў Зах. Беларусі былі адхілены польск. ўладамі. 15.5.1921 скасавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ (ад лац. constitutio устанаўленне, пабудова),
асноўны закон дзяржавы, які вызначае грамадскі і дзярж. лад, парадак і прынцыпы ўтварэння прадстаўнічых органаў улады, выбарчую сістэму, правы і абавязкі грамадзян; аснова заканадаўства дзяржавы. У матэрыяльным сэнсе К. — пісаны акт, сукупнасць актаў або канстытуцыйных звычаяў, якія перш за ўсё абвяшчаюць і гарантуюць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, а таксама вызначаюць асновы грамадскага ладу, форму праўлення і тэр. пабудовы, асновы арганізацыі цэнтр. і мясц. органаў улады, правасуддзя, іх кампетэнцыю і ўзаемаадносіны, дзярж. сімволіку, сталіцу; у фармальным сэнсе — закон, які валодае найвыш.юрыд. сілай адносна ўсіх астатніх законаў. Яна афіцыйна замацоўвае каштоўнасці, ін-ты і нормы канстытуцыйнага ладу, асновы дзярж.-прававога рэгулявання грамадскіх сувязей і адносін дзярж. улады. Паводле формы К. падзяляюцца на кадыфікаваныя (калі яна ўяўляе сабой адзіны пісаны акт, што рэгулюе ўсе асн. пытанні канстытуцыйнага характару), некадыфікаваныя (калі тыя ж пытанні рэгулююцца некалькімі пісанымі актамі) і змешаныя (калі апрача парламенцкіх законаў, суд.прэцэдэнтаў, уключае звычаі і дактрынальныя тлумачэнні — меркаванні вучоных). Паводле спосабу ўнясення ў іх змяненняў К. бываюць гібкія (змены ўносяць шляхам звычайнага закона) і цвёрдыя (папраўкі ўносяць толькі праз спец. ўскладненую працэдуру, якая патрабуе кваліфікаванай большасці галасоў членаў парламента, а часам правядзення рэферэндуму). Паводле тэрмінаў дзеяння К. падзяляюцца на пастаянныя і часовыя. Кантроль за выкананнем К. ў розных краінах ускладаецца на вярх. або канстытуцыйныя суды.
Тэрмін «К.» існуе з часоў Стараж. Рыма, дзе К. наз. кадыфікацыя публічна-нарматыўных актаў (т.зв. імператарскія К.). Першымі К. ў сучасным сэнсе лічацца паліт. акты перасяленцаў у Амерыку, а таксама канстытуцыйныя акты Вялікабрытаніі (13—16 ст.). На Беларусі ў 16 ст. своеасаблівымі феад. К. былі СтатутыВКЛ 1529, 1566, 1588.