САНГУ́ШКІ,

княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Паходзілі ад Фёдара Альгердавіча (? — каля 1431), які меў сына Сангушку (памяншальны варыянт імя Аляксандр, Васіль або Сямён), родапачынальніка С. Валодалі маёнткамі ў асн. на Валыні. Ад сыноў Сангушкі Аляксандра і Міхаіла пайшлі лініі Сангушкі-Кашырскія і Сангушкі-Ковельскія. У 15—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж. пасады ў ВКЛ і Польшчы. Напачатку вызнавалі праваслаўе, з 16 ст. пераходзілі ў каталіцтва. З Беларуссю найб. звязаны:

Васіль (?—1557?), сын Міхаіла Сангушкавіча. У 1543 перадаў каралеве Боне Ковельскі маёнтак узамен за Горваль каля Рэчыцы, Смаляны і Абольцы ў Віцебскім ваяв., стварыўшы буйную латыфундыю С. на Беларусі; трымаў Свіслацкую дзяржаву. Андрэй Міхайлавіч (?—4.10.1560), сын Міхаіла Аляксандравіча, маршалак гаспадарскі ў 1522—53, спраўца Кіеўскага ваяв. ў 1540—42, староста луцкі ў 1542—59. Аляксандр (каля 1508—1565), сын Андрэя Міхайлавіча, дзяржаўца гомельскі ў 1535—36, маршалак гаспадарскі з 1547. Раман (каля 1537—12.5.1571), сын Фёдара, староста жытомірскі з 1557, ваявода брацлаўскі з 1566, адначасова гетман дворны (польны) ВКЛ з 1569, староста рэчыцкі з 1568. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—82. Падпісаў акт Люблінскай уніі 1569. Самуэль Сямён (Шыман Самуэль; ? — ліст. 1638), сын Андрэя, маршалак аршанскі ў 1620, кашталян мсціслаўскі ў 1620—21 і віцебскі ў 1621—26, ваявода віцебскі з 1626. У Смалянах пабудаваў замак Белы Ковель (гл. Смалянскі замак). Казімір Антоній (1677—30.5.1706), сын Гераніма, маршалак дворны ВКЛ у 1702—03 і маршалак вялікі ў 1703. Павел Кароль (1680—14/15.4.1750), сын Гераніма, стольнік ВКЛ у 1708—09, падскарбі дворны ў 1711—13, маршалак дворны ў 1713—34 і маршалак вялікі з 1734. У 1733 прэтэндэнт на трон Рэчы Паспалітай. Януш Аляксандр (5.5.1712—13.9.1775), сын Паўла Караля, мечнік ВКЛ у 1735—50, маршалак дворны ў 1750-60. Юзаф Паўлін Ян Адам (20.6.1740—12.5.1781), сын Паўла Караля, староста крамянецкі ў 1752—80, маршалак дворны ВКЛ у 1760—68 і вялікі з 1768. Геранім Януш (4.3.1743—4.9.1812), сын Паўла Караля, ген.-паручнік войска ВКЛ (1775), мечнік ВКЛ у 1775, ваявода валынскі з 1775. Выступаў супраць Канстытуцыі 3 мая 1791. Далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі і атрымаў чын ген.-паручніка рас. арміі (1793). Удзельнічаў у паўстанні 1794, у Гродне прыняў камандаванне над войскам ВКЛ і прывёў яго на абарону Варшавы.

т. 14, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЖЫ́НСКІ (Тадэвуш) (?—1773),

дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Сын С.А.Бужынскага. Вучыўся ў Варшаўскім езуіцкім калегіуме. Староста краснасельскі, ротмістр войска ВКЛ, у 1763—69 кашталян смаленскі, у 1764—66 чл. Камісіі скарбовай ВКЛ, у 1766 маршалак Трыбунала ВКЛ, з 1770 ваявода мінскі, у 1769—71 пасол у Галандыі і Англіі. Прыхільнік Чартарыйскіх. У 1765 выдаў падрыхтаваныя бацькам важнейшыя пастановы сеймаў Польшчы і Рэчы Паспалітай.

т. 3, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧЫ (Абрагамовічы),

шляхецкі род герба «Ястрамбец» у ВКЛ. Валодалі мяст. Варняны ў Віленскім пав. Найбольш вядомыя:

Ян (? — 19.4.1602), войскі і намеснік віленскі (1579), староста вендзенскі (1589), прэзідэнт дэрпцкі, ваявода менскі (1593) і смаленскі (1596). Адстойваючы інтарэсы ВКЛ, праваслаўнай царквы, быў у апазіцыі да Каралеўства Польскага. Адзін з гал. дзеячаў-кальвіністаў. Пабудаваў у Варнянах кальвінісцкую царкву, шпіталь і школу. Быў звязаны з К.​Астрожскім і Радзівіламі. Схіліў паэта Я.​Радвана да напісання паэмы пра Радзівілаў (1592), апякаў кальвінісцкага палеміста А.​Волана. Аўтар працы «Погляды літвіна аб набыцці таннага збожжа і продажу яго даражэй» (1595). Выдаў за свой кошт шэраг кніг. Мікалай (? — люты 1651), сын Яна. Ваяваў супраць шведаў у Курляндыі (1621—25), Прусіі і Памераніі (1626—27). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 ваяваў пад Смаленскам. Ген. артылерыі, кашталян (1640), ваявода мсціслаўскі (1643) і трокскі (1647). Падтрымліваў кальвіністаў. Самуэль (1617—?), сын Мікалая. Староста старадубскі. Пасля смерці бацькі перайшоў у каталіцтва. Адам (24.8.1710 — каля 1770), выкладчык філасофіі і тэалогіі, рэгент і 1-ы рэктар віленскага шляхецкага калегіума (Калегіум Нобіліум), рэктар калегіумаў у Нясвіжы, Мінску, Полацку. Аўтар кн. «Нядзельныя казанні» (1753). Андрэй (? — вер. 1763), сын Самуэля. Стольнік віленскі (1742), кашталян берасцейскі (1757). Юры (Ежы; ?—?), падваявода віленскі (1750), падчашы віленскі, староста старадубскі (1763). Мікалай (1788—5.10.1835), сын Яўхіма. Маршалак Віленскага пав., камергер царскага двара. У 1812 на баку французаў, увайшоў у склад Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага. Удзельнік кампаній 1813, 1814. Пасля заканчэння вайны жыў у Варнянах і Вільні. Падаў праект віленскай шляхты аб паляпшэнні становішча сялян. Ігнацы (1793—1867), змагаўся ў напалеонаўскіх войсках у 1809—14. Пазней у складзе рас. войскаў ваяваў на Каўказе, ад’ютант Паскевіча (1829). Ген. корпуса жандараў.

т. 1, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЗГА́ЙЛЫ, Кежгайлы,

магнацкі род герба «Задора». Паходзяць са стараж. літ. баярства, ахрышчанага ў каталіцтва пасля 1385, ад баярына Бушкі (каля 1320 — пасля 1385) і яго сына Валімонта (каля 1350 — пасля 1398). Прозвішча роду К. паходзіць ад імя трэцяга з сыноў Валімонта — Кезгайлы (Міхала, каля 1380 — каля 1450), намесніка вількамірскага (1409—12, старосты жамойцкага ў 1412—32, 1440—41 і з 1442), кашталяна віленскага (з 1445). Найб. вядомыя К.:

Міхаіл (каля 1410—76), сын Кезгайлы, канцлер ВКЛ (1444), адначасова ваявода віленскі (з 1459). Ад вял. кн. Казіміра атрымаў у 1451 частку Лукомскай вол., Дварэц і Ельну ў Новагародскім пав., воласць Бакшты (пазнейшыя Дукора і Смілавічы) у Менскім пав., у 1465 — Любчу на Нёмане і Ракаў. Я н (каля 1415—85), сын Кезгайлы, атрымаў у 1451 ад вял. кн. Казіміра Мсцібогаў у Ваўкавыскім пав., у спадчыну пасля бацькі — частку Дзевялтова, Крожаў і інш. маёнткаў у Літве і Жамойці. Староста жамойцкі (з 1465) і адначасова кашталян віленскі (з 1478). Станіслаў (мянушка Рэкуць, каля 1450—1527), сын Яна, атрымаў частку Дзевялтова, Крожаў, Мсцібогаў, Ракаў, частку Бакштаў, Налібак і Дзераўную ў Менскім пав. і інш. Староста жамойцкі (1485), часова гетман найвышэйшы (1501—02), кашталян віленскі (з 1522). Трэці сын Станіслаў (каля 1500—1532), староста жамойцкі (з 1527), адначасова кашталян трокскі (з 1528). Мікалай (1461? — 1512), малодшы сын Яна, атрымаў частку Крожаў, Налібак, Дзевялтова, Ельну. Яго ўнук Станіслаў Мікалаевіч (каля 1520—54) паступіў у світу вял. кн. Жыгімонта Аўгуста. У 1545 кухмістр, потым стольнік ВКЛ. У 1549 атрымаў тытул графа «Свяшчэннай Рымскай імперыі». З 1551 падчашы ВКЛ. Пасля яго смерці род К. згас, уладанні падзялілі родзічы па жаночай лініі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 8, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЖЫ́НСКІ (Станіслаў Антоні) (27.4.1701—15.5.1775),

дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Скарбнік смаленскі, з 1732 інстыгатар (пракурор) ВКЛ, пісар Трыбунала ВКЛ, пасол на сеймы. З 1750 кашталян брэсцкі, у 1752—63 кашталян смаленскі, староста краснасельскі. Падтрымліваў Чартарыйскіх. Пасля смерці жонкі адмовіўся ад грамадскай дзейнасці, уступіў у ордэн езуітаў. Сабраў для апублікавання важнейшыя пастановы сеймаў Польшчы і Рэчы Паспалітай да сярэдзіны 18 ст. (выдадзены ў 1765 яго сынам Т.Бужынскім).

т. 3, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЫГІ́РДАВІЧЫ (Мантыгердавічы),

дзяржаўныя дзеячы і буйныя землеўладальнікі ВКЛ у 14—15 ст. Родапачынальнік — баярын Мантыгірд (Мантыгерд), намеснік полацкі ў 1396. Меў некалькі сыноў і пляменнікаў, з іх ад Наруша пайшоў шляхецкі род Нарушэвічаў. З прамых нашчадкаў Мантыгірда найб. вядомыя:

Пётр (Петраш; каля 1390—1459), сын Мантыгірда. У час заключэння Гарадзельскай уніі 1413 разам з братамі і родзічамі прыняў герб «Вадвіч». Староста падольскі ў 1418, маршалак надворны ў 1422—31, намеснік новагародскі ў 1431, маршалак земскі з 1434. Член рады вял. кн. Жыгімонта Кейстутавіча і Казіміра IV. Атрымаў мястэчкі Іўе ад вял. кн. Казіміра (1444) і Лоск пасля жаніцьбы з дачкой кн. Фёдара Карыбутавіча Ганнай. Пётр Янавіч (мянушка Белы; каля 1440—19?), унук Пятра, намеснік браслаўскі, маршалак надворны ў 1480—82, староста луцкі, маршалак валынскі ў 1487, ваявода трокскі і маршалак земскі з 1491. Неаднаразовы ўдзельнік пасольстваў вял. кн. Аляксандра ў Маскву. Уладальнік Іўя і Лоска, Дубровы і Нядрэзска ў Заслаўскім княстве, Шацка і Цітвы ў Менскім пав., Лахвы на Палессі, Алыкі на Валыні; у 1492 атрымаў Нясвіж. Яго адзіны сын Ян загінуў у бітве на Вядрошы 1500, пасля чаго ўсе маёнткі адышлі да дачкі Соф’і, жонкі Станіслава Кішкі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 10, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛУ́БІНСКІЯ (Палубенскія),

княжацкі род уласнага герба ў ВКЛ. Паходжанне не высветлена, уласны радавод выводзіў іх ад вял. кн. Альгерда. Прозвішча ад с. Палубнікі каля г. Ліда або ад с. Палюбічы (Палубіца) у Брэсцкім пав. Упамінаюцца з 15 ст. Найб. вядомыя:

Васіль Андрэевіч (?—4.3.1551), намеснік уладзіміра-валынскі ў 1505—07, дзяржаўца любашанскі і цяцерынскі ў 1515—16, жалудоцкі ў 1516—35, каняўскі і дубіцкі ў 1527—29, староста мсціслаўскі і радамльскі з 1535, маршалак гаспадарскі з 1521 або 1522. Іван Андрэевіч (?—1556), маршалак гаспадарскі з 1540, спраўца (адміністратар) Навагрудскага ваяв. ў 1549—51. Аляксандр Іванавіч (?—1607 або 1608), кашталян навагрудскі з 1586, удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Канстанцін Аляксандравіч (?—1640), кашталян мсціслаўскі ў 1627—33, ваявода парнаўскі з 1633. Удзельнічаў у войнах са Швецыяй 1600—29 і з Расіяй 1609—18. У 1618 фундаваў Дзярэчынскі дамініканскі кляштар. Аляксандр Гіляры (6.8.1627—3.11.1679), падстолі ВКЛ у 1654, пісар польны ВКЛ у 1654—68, староста генеральны жамойцкі ў 1669—70, маршалак вялікі ВКЛ з 1669. Удзельнічаў у вайне з Расіяй 1654—67. У 1662 фундаваў Глускі бернардзінскі кляштар. Дзмітрый Самуэль (?—8.8.1687), ваявода навагрудскі з 1670.

т. 12, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЯВЕ́ЦКІЯ, Карыбут-Вішнявецкія,

княжацкі род герба «Карыбут» у ВКЛ і Польскім каралеўстве. Сваё паходжанне выводзілі ад Карыбута, сына вял. князя ВКЛ Альгерда. Больш верагодна, што паходзілі ад князёў Нясвіцкіх з Валыні. Родапачынальнік кн. Міхайла Васілевіч Збаражскі (? — пасля 1516) валодаў замкам Вішнявец (адсюль прозвішча) у Крамянецкім пав. на Валыні. Вішнявецкім належалі вял. зямельныя ўладанні на Украіне і Беларусі, у т. л. Брагінская воласць (з 1509). У 16 ст. Вішнявецкія падзяліліся на 2 галіны: старэйшую [пайшла ад старосты прапойскага, чачэрскага і варнянскага кн. Івана Міхайлавіча (? — 1542)] і малодшую [пайшла ад старосты рэчыцкага князя Аляксандра Міхайлавіча (? — 1555)]. Першая галіна ў мужчынскім родзе згасла ў 1744, другая — у 1673. Найб. Вядомыя:

Дзмітрый Іванавіч (? — 1563), гл. Вішнявецкі Дз.І. Адам Аляксандравіч (? — 1622), уладальнік Брагіна, дзе ў 1601—03 знаходзіўся Лжэдзмітрый I, які абвясціў сябе царэвічам Дзмітрыем. Удзельнічаў у паходах Ілжэдзмітрыя I і Лжэдзмітрыя II на Маскву. Канстанцін Канстанцінавіч (1564—1641), ваявода белзскі (1636), рускі (1638), староста чаркаскі (1623) і крамянецкі. Пазнаёміў Ілжэдзмітрыя I са сваім сваяком Юрыем Мнішкам. Удзельнічаў у паходах Ілжэдзмітрыя (1604—05) і каралевіча Уладзіслава (1617—18) на Маскву. Іерамія Міхал Міхайлавіч (1612—20.8.1651), ваявода рускі (1646), староста гадзяцкі, канеўскі, пшэмыскі. Адзін з буйнейшых магнатаў на Украіне. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Выступаў супраць цэнтралізацыі ўлады ў Рэчы Паспалітай. Патрабаваў ад караля рашучых дзеянняў па задушэнні вызв. вайны 1648—51 на Украіне, у выніку якой страціў большасць сваіх маёнткаў. На пачатку вызв. вайны на Украіне фактычна ўзначаліў процідзеянне паўстанцам-казакам і сялянам. Міхал (31.7.1640—10.11.1673), кароль польскі і вял. князь ВКЛ [1669—73]. Гл. Міхал Вішнявецкі. Януш Антоній (1678—18.1.1741), староста пінскі, падчашы ВКЛ (1697), маршалак надворны ВКЛ (1699), кашталян (1702) і ваявода (1704) віленскі, ваявода (1706) і кашталян (1726) кракаўскі. Міхал Сервацы (13.5.1680—16.9.1744), брат Януша Антонія, гетман польны ВКЛ (1702—03, 1707—35), гетман вялікі ВКЛ (1703—07, з 1735), кашталян (1703—06) і ваявода (1706—07, з 1735) віленскі, канцлер ВКЛ (з 1720), рэгіментар войска ВКЛ (1730). Пісьменнік і паэт. Апошні мужчына ў родзе Вішнявецкіх.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 4, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЫНА́ЦКІ СУД,

прыватнаўласніцкі суд у ардынацыях Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. Склад суда вызначаў уладальнік ардынацыі (ардынат), звычайна ў яго ўваходзілі староста (намеснік) ардынацыі, падстароста, пісар. Ардынацкі суд мог наз. замкавым або гродскім судом. Аб’ядноўваў функцыі дзярж. гродскага суда і земскага суда, разглядаў маёмасныя, крымінальныя і грамадзянскія справы. Падсуднымі ардынацкага суда былі залежныя ад уладальніка ардынацыі шляхта, мяшчане, ваеннаслужачыя, татарскае і яўрэйскае насельніцтва і інш. Суд вёўся паводле нормаў агульнадзярж. права, мог выносіць і смяротныя прысуды. На Беларусі ардынацкія суды дзейнічалі ў Нясвіжы (сесіі таксама ў Міры), Клецку, Давыд-Гарадку.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЦЫ (у 15—16 ст. Пацавічы),

магнацкі род герба «Газдава» ў ВКЛ. Паходзіць ад Паца Даўкшавіча, ад імя якога ўтварылася родавае прозвішча. У 15 ст. валодалі маёнткамі ў Лідскім, з 16 ст. — у Берасцейскім і Гарадзенскім пав., мяст. Магільна і Астравец, у пач. 17 ст. набылі Чартарыйск, Відзы, Галоўчын, Княжыцы і інш. Найб. вядомыя:

Юрый Пацавіч (?—1505), маршалак гаспадарскі і намеснік ковенскі з 1480, ваявода кіеўскі (каля 1483—92), намеснік новагародскі з 1492, полацкі ў 1496—1501. Мікалай Юр’евіч (?—1545 або 1546), лоўчы ВКЛ у 1509—42, падкаморы ВКЛ у 1527—42, ваявода падляшскі з 1543. Дамінік (?—1579), кашталян смаленскі з 1571. Станіслаў (1525—88), падстолі ВКЛ з 1552, ваявода віцебскі з 1566. Павел (1530—95), кашталян віцебскі з 1566, ваявода мсціслаўскі з 1578, кашталян віленскі з 1593. Ян (1550—1610), чашнік ВКЛ з 1581, ваявода менскі з 1600. Стафан (1587—17.11.1640), пісар вялікі ВКЛ у 1615—30, рэферэндар свецкі ВКЛ у 1626—30, падскарбі надворны ў 1630, падскарбі вялікі з 1630, падканцлер з 1635, староста берасцейскі. Крыштоф Зыгмунт (1621—10.1. 1684), харунжы вялікі ВКЛ з 1646, падканцлер з 1656, канцлер з 1658, староста ковенскі, пінскі. Узначальваў антырадзівілаўскую групоўку П., якая да сярэдзіны 1680-х г. фактычна кіравала ВКЛ. Міхал Казімір (1624—4.4.1682), чашнік ВКЛ у 1659, абозны вялікі з 1659, генеральны рэгіментар (камандуючы) войскамі ВКЛ у 1659 і 1663, ваявода смаленскі і гетман вялікі з 1667, ваявода віленскі з 1669. Актыўны ўдзельнік вайны з Расіяй 1654—67, ваен. кампаній супраць Турцыі. Казімір Міхал (7—1719), пісар вялікі ВКЛ у 1683—1710, маршалак надворны ў 1708—09. Крыштоф Канстанцін (?—1725), пісар вялікі ВКЛ з 1710, кашталян полацкі з 1724, староста ковенскі, пінскі і дудскі. Міхал Ян (1730—кастр. 1787), ген.-лейт. (1766 або 1767), удзельнік Радамскай канфедэрацыі 1767, маршалак літоўскі Барскай канфедэрацыі (1769). Юзаф (1736—13.3.1797), ген.-м. (1757), удзельнік паўстання 1794, чл. Найвышэйшай літоўскай рады. Людвік Міхал (19.5.1780—31.8.1835), ген. брыгады ў польск. корпусе напалеонаўскай арміі (1812), ген. дывізіі (1814), граф французскай імперыі, сенатар-кашталян Каралеўства Польскага з 1825, у час паўстання 1830—31 камандаваў корпусам, часовы галоўнакамандуючы (1830), сенатар-ваявода (1831), чл. Адм. рады ў Варшаве. Памёр у эміграцыі. Апошні з роду П.

Літ.:

Wolff J. Pacowie: Materyjały historyczno-genealogiczne. Pb., 1885.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 12, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)