расійскі імператар [1855—81]. З дынастыі Раманавых. Сын Мікалая I. На трон сеў у час няўдалай для Расіі Крымскай вайны 1853—56. Крызіс феад.-прыгонніцкага ладу і ўздым сял. хваляванняў прымусілі яго ажыццявіць сялянскую рэформу 1861 і адмяніць прыгоннае права. У сувязі з паўстаннем 1863—64 на Беларусі і ў Літве зроблены ўступкі на карысць сялян: спынены іх часоваабавязаныя адносіны з памешчыкамі, паменшаны выкупныя плацяжы, часткова вернуты адрэзкі. У 1860—70-я г. праведзены земская, судовая, гарадская, ваенная, школьная і цэнзурная рэформы. Для барацьбы з нац.-вызв. рухам утвораны Заходні камітэт 1862—65. Падзеі 1863—64 прымусілі ўрад Аляксандра II умацоўваць сац. базу самадзяржаўя на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне. Не прызнаючы права на самастойнае існаванне бел. народа і яго мовы, на Беларусі ён ажыццяўляў палітыку актыўнай русіфікацыі, прымусовага пераводу бел. насельніцтва каталіцкага веравызнання ў праваслаўе. У час царавання Аляксандра II завершана далучэнне да Расіі Казахстана, паўн.-зах. Каўказа, Чэчні, Горнага Дагестана, далучана большая ч. Сярэдняй Азіі, Сахалін. Пераможная руска-турэцкая вайна 1877—78 садзейнічала вызваленню балканскіх народаў ад турэцкага прыгнёту, да Расіі далучаны Паўд. Бесарабія, гарады Карс і Батум. У знешняй палітыцы змагаўся за адмену дыскрымінацыйнага Парыжскага мірнага дагавора 1856. Забіты нарадавольцам І.Я.Грынявіцкім у Пецярбургу.
Літ.:
Захарова Л.Г. Александр II // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДРАНГ НАХ О́СТЭН»
(ням. Drang nach Osten — націск на Усход),
экспансіянісцкая палітыка Германіі ў дачыненні да краін Цэнтр., Усх. і Паўд.-Усх. Еўропы ў 9—20 ст., а таксама лозунг і гіст.-паліт. канцэпцыя, накіраваная на ідэалаг. абгрунтаванне і апраўданне гэтай палітыкі. Першапачаткова (9 ст.) Усх.-Франкскае (Герм.) каралеўства вяло наступ на тэр. Вялікамараўскай дзяржавы, Пасаўскай і Далмацінскай Харватыі. У 10—11 ст. «Свяшчэнная Рым. імперыя» прэтэндавала на землі палаба-прыбалт. славян, Чэхіі і Польшчы. У 2-й пал. 12 ст. — пач. 15 ст. брандэнбургскія і саксонскія князі пакарылі палаба-прыбалт. славян, Тэўтонскі ордэн — прусаў, ням. купцы, каталіцкая царква, Ордэн мечаносцаў і Лівонскі ордэн прасачыліся ва Усх. Прыбалтыку (далейшы рух на Успынены ў вышку Лядовага пабоішча 1242 і Грунвальдскай бітвы 1410), а Габсбургі захапілі славенскія землі. У 16—18 ст. утварылася шматнац. манархія Габсбургаў, якія падпарадкавалі Чэхію, Славакію, Венгрыю і Харватыю, у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) значна павялічылася тэр. Прусіі. У 1850-я г. пачалася распрацоўка канцэпцыі «Д.н.О.» (гл.Пангерманізм, Пангерманскі саюз). Герм. імперыя (1871—1918) выкарыстоўвала пераважна эканам. пранікненне. Спробы рэалізацыі «Д.н.О.» мелі месца ў 1-ю і асабліва 2-ю сусв. войны (гл. план «Ост»).
Літ.:
Германская восточная политика в новое и новейшее время: Проблемы истории и историографии. М., 1974;
«Дранг нах Остен» и народы Центральной, Восточной и Юго-Восточной Европы, 1871—1918 гг.М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ ў 13 ст., шэраг заваёўніцкіх войнаў і паходаў манголаў супраць народаў Азіі і Еўропы. Пачаліся пасля аб’яднання да 1206 Чынгісханам мангольскіх плямён і стварэння дзяржавы. У ходзе М.з. склалася Мангольская імперыя. Баяздольнасць манг. войска, размеркаванага на тумены (дзесяткі тысяч), цьмы (тысячы), сотні, дзесяткі, была абумоўлена жорсткай дысцыплінай, вял. манеўранасцю і мабільнасцю, выкарыстаннем ваен. і тэхн. дасягненняў захопленых краін і народаў, перадавой ваен. тактыкай, хітрасцю і інш. Гэта дазваляла манголам перамагаць нават намнога большыя сілы праціўніка, браць добра ўмацаваныя крэпасці і гарады (з тэхнікай аблогі гарадоў манголы пазнаёміліся ў Кітаі). У 1207—11 манголы падпарадкавалі народы Паўд. Сібіры і Усх. Туркестана. З 1211 пачалося заваяванне Кітая, у 1215 захоплены Пекін (Яньцзін). У канцы 1218 манг. войскі (каля 200 тыс.чал.) на чале з Чынгісханам уварваліся ў Сярэднюю Азію, у 1219—21 разбілі войскі харэзмшаха Мухамеда і яго сына Джэлал-ад-дзіна, захапілі і разбурылі большасць буйных гарадоў, у т. л. Харэзм, Хаджэнт, Мерв, Ургенч. У 1220 войска на чале з Джэбе і Субэдэем уварвалася ў Паўн. Іран, адтуль — у Закаўказзе і ў 1222 разбіла груз. войска. Потым манголы перайшлі Каўказскія горы і ўварваліся ў палавецкія стэпы. 31.5.1223 яны перамаглі войска рус. і палавецкіх князёў у бітве на р. Калка і ў 1224 вярнуліся ў Манголію. У 1226—27 знішчана тангуцкая дзяржава Сі-Ся. У час праўлення сына Чынгісхана Угедэя канчаткова заваяваны Паўн. Кітай і знішчана дзяржава чжурчжэняў (1234). У 1236 пачаўся вял. паход на Захад на чале з унукам Чынгісхана Батыем (Бату). Разграміўшы Балгарыю Волжска-Камскую, манг. войска ўварвалася ў паўн.-ўсх. Русь. 21.2.1237 яно захапіла Разань, у снеж.—лютым 1238 — б.ч. Уладзімірска-Суздальскай зямлі. 4.3.1238 у бітве на р. Сіць разгромлена аб’яднанае войска ўладзімірска-суздальскіх князёў, загінуў вял. князь Юрый Усеваладавіч. У 1240 Батый пачаў новы паход на Пд Русі і Захад. 6.12.1240 захоплены і разбураны Кіеў. У пач. 1241 манг. войска спустошыла Галіцка-Валынскія землі, пацярпелі і некаторыя гарады Палесся. Пачалася мангола-татарская няволя на Русі (пра манг. паходы на ПнЗ Русі і адносіны манголаў з ВКЛгл. ў арт.Залатая Арда). У лют. 1241 манголы ўварваліся ў Польшчу, 3.3.1241 разбілі каля Кракава польск. войска на чале з Баляславам V, 9.4.1241 — апалчэнне ням. і польскіх князёў пры Лягніцы. аднак пасля гэтага яны пацярпелі паражэнне ад чэхаў 24.6.1241 у Оламаўцкай бітве 1241. Другое манг. войска ўварвалася ў Венгрыю, дзе 11.4.1241 у бітве пры Шаё разбіла войска караля Белы IV. У канцы 1241 пачаўся новы паход, спынены весткай пра смерць вял. хана Угедэя. М.з. аднавіліся ў час праўлення Мункэ. Яго брат Хулагу заваяваў у 1256 Іран, у 1258 захапіў Багдад і ліквідаваў халіфат Абасідаў, але быў спынены пасля паражэння 3.9.1260 пры Айн-Джалуце ад войск егіп. султана. У той жа час пачалося заваяванне Паўд. Кітая (скончана ў 1279). М.з. завяршыліся паходам 1300 у М’янму, аднак драпежніцкія паходы мангола-татар на Русь і інш. краіны працягваліся ў 14—15 ст. М.з. былі адной з вял. катастроф у гісторыі: загінула вял. колькасць людзей, былі знішчаны цэнтры стараж. цывілізацыі, што негатыўна паўплывала на далейшае развіццё народаў Азіі і Усх. Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́ЛЬСКАЕ МО́РА, Арал (цюрк. арал — востраў),
бяссцёкавае салёнае возера-мора ў Туранскай нізіне, на тэр. Казахстана і Узбекістана. Чацвёртае ў свеце возера па велічыні. Пл. 40 тыс.км² (у т. л.т.зв. Вялікага м. 37 тыс.км²). Пераважныя глыб. 20—25 м, найб. 61 м. Паўн. бераг у асн. стромкі, зах. — высокі (да 250 м), абрывісты, паўд. і ўсх. берагі нізінныя. Больш як 300 а-воў (найб. Кокарал, Барсакельмес, Адраджэння). Упадаюць рэкі Амудар’я і Сырдар’я. Т-ра вады на паверхні летам 26—30 °C, зімой ад -2 да +2 °C. Ледастаў 4—5 мес, у суровыя зімы мора цалкам замярзае. З 1960-х г. узровень Аральскага мора інтэнсіўна паніжаецца з-за ўзмоцненага расходу водаў Амудар’і і Сырдар’і на ірыгацыю. У 1980-я г. рачны сцёк складаў некалькі кубічных кіламетраў у год (пры 65 км³/год да 1960-х г.), воды Сырдар’і, у асобныя гады і Амудар’і, не даходзяць да мора. Узровень Аральскага мора да 1987 панізіўся амаль на 13 м, акваторыя скарацілася на 1/3. Адбылося аддзяленне меншай паўн.-ўсх. часткі Аральскага мора (Малое м.) пл. 3 тыс.км². Салёнасць павялічылася з 10 ‰ да 27—30 ‰, воды моцна забруджаны с.-г. хімікатамі. На сухіх абшарах б. марскога дна ўзнікла пустыня Аралкум пл. 2,6 млн.га. Уздоўж марскога ўзбярэжжа працягнуліся ўзгоркі соды і сульфату магнію, якія разносяцца вятрамі і забруджваюць вял. плошчы. Рыбны промысел і марскія трансп. перавозкі спынены. Адбываюцца разбурэнне сацыяльна-эканам. структуры гасп. комплексу Прыаралля, збядненне прыродных рэсурсаў, пагаршаюцца ўмовы жыцця і здароўя насельніцтва. Аральскае мора ператварылася ў зону экалагічнага бедства.
адзін з этапаў рэвалюцыі 1905—07. Пачалася 20 кастр. забастоўкай рабочых Маскоўска-Казанскай чыгункі. Па закліку Усерас.чыг. саюза на працягу 10 дзён быў спынены рух на чыгунках Расіі, што садзейнічала зліццю шматлікіх агульнагар. забастовак ва ўсерас. стачку. Удзельнічала каля 2 млн.чал. Праходзіла пад заклікамі звяржэння самадзяржаўя і ўстанаўлення дэмакр. рэспублікі. Арганізатары і кіраўнікі выступленняў — агульнагар. выбраныя стачачныя к-ты (у Пецярбургу, Маскве, інш.прамысл. цэнтрах яны наз. Саветамі рабочых дэпутатаў). Яны выступалі як органы ўлады і абапіраліся на баявыя дружыны. Стачка паралізавала дзейнасць урада. Цар Мікалай II вымушаны быў выдаць Маніфест (гл.Маніфест 17 кастрычніка 1905). На чыгунках Беларусі 23—25 кастр. спыніўся рух цягнікоў. Чыгуначнікаў падтрымалі рабочыя фабрык і заводаў, рамесных майстэрняў, работнікі гандлю і сферы абслугоўвання, служачыя, вучнёўская моладзь. Да 31 кастр. стачка ахапіла многія гарады, мястэчкі, чыг. станцыі, у т. л. Мінск, Віцебск, Магілёў, Гродна, Гомель, Брэст, Бабруйск, Оршу, Пінск, Полацк, Слуцк, Смаргонь, Горкі, Копысь, Баранавічы і інш. Суправаджалася дэманстрацыямі і мітынгамі з заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!». Месцамі адбыліся сутычкі з паліцыяй і войскамі. У Гомелі 27 кастр. пры разгоне дэманстрацыі ахвярамі сталі 7 чал., у Віцебску 31 кастр. забіта 7 чал. Пахаванне ахвяр вылілася ў 40-тысячны мітынг. У Мінску 31 кастр. расстраляны 20-тысячны мітынг (гл.Курлоўскі расстрэл 1905). Выступленнямі на буйных прадпрыемствах і чыг. вузлах кіравалі выбарныя стачачныя к-ты, агульнагар. забастоўкамі, мітынгамі, дэманстрацыямі — кааліцыйныя саветы і к-ты, якія складаліся з прадстаўнікоў найб. уплывовых мясц. арг-цый (РСДРП, Бунд, Чыгуначны саюз). У Брэсце і Гродне, дзе да канца 1905 не было арг-цый РСДРП, рухам кіравалі мясц. к-ты Бунда і Польск. сацыяліст. партыі ў Літве. На Беларусі стачка ахапіла 32 нас. пункты. Агульная колькасць стачачнікаў толькі ў прам-сці дасягала 66 тыс.чал.Паліт. рух працоўных у кастр. 1905 ахапіў 53 гарады і мястэчкі Беларусі (удзельнічала 223 тыс.чал.). На Беларусі стачка спынілася да 7 ліст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЯ АБАРО́НЧАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1941,
баявыя дзеянні сав. войск Паўд.-Зах. фронту (камандуючы ген.-палк. М.П.Кірпанос) пры садзеянні войск Бранскага, правага крыла Паўд. франтоў і Пінскай ваеннай флатыліі па стрымліванні гал. сіл. ням.-фаш. групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Г.Рундштэт) і часткі сіл групы армій «Цэнтр» у пач.Вял.Айч. вайны. Праведзена 7.7—26.9.1941 з мэтай не дапусціць захопу праціўнікам сталіцы Украіны і прарыву яго на левы бераг Дняпра. Пасля няўдалых прыгранічных баёў сав. войскі не здолелі спыніць праціўніка на лініі ўмацаваных раёнаў былой (да вер. 1939) сав.-польск. мяжы. Злучэнні 1-й ням.-фаш.танк. групы 9 ліп. захапілі г. Жытомір, але 11 ліп. былі спыненысав. войскамі на р. Ірпень (за 15—20 км ад Кіева). На працягу 2-й пал.ліп. — 1-й пал.жн. немцы беспаспяхова лабавымі ўдарамі намагаліся авалодаць Кіевам, які абаранялі воіны 37-й арміі і нар. апалчэння. Контрудары па ворагу нанеслі 5-я (на ПнЗ ад Кіева) і 26-я (на ПдУ ад Кіева) арміі, аднак праціўнік пацясніў іх і акружыў 6-ю і 12-ю арміі Паўд. фронту. У сярэдзіне жн. правы фланг Паўд.-Зах. фронту пачалі абыходзіць злучэнні 2-й танк. групы і 2-й палявой арміі, вылучаных са складу ням.-фаш. групы армій «Цэнтр». Яны разбілі войскі Цэнтр. фронту, 19 жн. захапілі абласны цэнтр БССР Гомель і ў канцы жн. — пач.вер. развілі наступленне на Пд у тыл кіеўскай групоўкі сав. войск. Па загаду Стаўкі Вярх. галоўнакамандавання 19 жн. на левы бераг Дняпра адведзены ўсе войскі Паўд.-Зах. фронту, акрамя 37-й арміі. 1 вер. 1-я ням.танк. група захапіла ў раёне г. Крамянчуг плацдармам на левым беразе Дняпра, 12 вер. адсюль пачала наступленне на Пн і 15 вер. каля г. Лохвіца злучылася з 2-й танк. групай. У акружэнне трапілі часці 21, 37, 5 і 26-й армій Паўд.-Зах. фронту, камандаванне якога страціла кіраванне войскамі і не здолела арганізаваць іх адыход на У. У адпаведнасці з запозненым загадам Стаўкі 19 вер.сав. войскі пакінулі Кіеў. Толькі частка сав. воінаў выйшла з акружэння, многія загінулі (у т. л. Кірпанос, разам з б.ч. свайго штаба) або трапілі ў палон. У ходзе К.а.а. супраціўленнем на працягу 2,5 месяца сав. войскі адцягнулі значную частку ням.-фаш. сіл з Маскоўскага напрамку. 21.6.1961 Прэзідыум Вярх. Савета СССР устанавіў медаль «За абарону Кіева».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯ́СЦІЦКІЯ БАІ́ 1812.
Адбыліся 30 ліп. — 1 жн. каля в. Клясціцы і на шляху Полацк—Себеж (цяпер тэр. Расонскага і Полацкага р-наў) паміж рус. 1-м пях. корпусам П.Х.Вітгенштэйна (каля 23 тыс.чал., 108 гармат) і франц. 2-м корпусам Ш.Удзіно (37—40 тыс.чал., 114 гармат) у вайну 1812. Авангард Удзіно 20 ліп. пачаў пераправу цераз Зах. Дзвіну каля г. Дзісна. Вітгенштэйн, корпус якога размяшчаўся на правым беразе, абмежаваўся партыз. дзеяннямі атрада Я.П.Кульнева на левым беразе і 26 ліп. адвёў свае гал. сілы да Росіцы. Войскі Удзіно 26 ліп. занялі Полацк і працягвалі наступленне на Себеж; 30 ліп. іх перадавыя часці дасягнулі в. Клясціцы. Вітгенштэйн, разумеючы, што гэтым яму будзе адрэзана магчымасць адыходу на Пскоў і Пецярбург, вырашыў прарвацца да себежскага шляху. Ён сканцэнтраваў свае войскі на р. Свольна каля в. Кацярынава (цяпер Марачкова) і высунуў уперад па дарозе на Клясціцы авангард пад камандаваннем Кульнева. 30 ліп. пасты абодвух бакоў сустрэліся на лясной дарозе на З ад в. Якубова, і пачаліся авангардныя баі. Атакі дывізіі ген. К.Ж.Леграна былі адбіты. Увечары на дапамогу рус. авангарду прыбыў Вітгенштэйн з егерскай брыгадай Фралова і павёў атаку на левы фланг французаў. На дапамогу Леграну падышла 8-я пях. дывізія ген. Ж.А.Вердзье, якая нанесла беспаспяховы ўдар па цэнтры рус. войск. За ноч Вітгенштэйн сцягнуў да Якубова ўсе свае сілы, апрача кав. рэзерву, і дасягнуў прыкладнай колькаснай роўнасці з французамі. На світанні 31 ліп. французы адбілі ўдар па ключавым пункце сваёй пазіцыі, атакавалі цэнтр і левы фланг Вітгенштэйна, аднак былі спыненыартыл. агнём. Вітгенштэйн атакаваў французаў і прымусіў Удзіно адступаць у бок Клясціц. Контратака рэзерву Удзіно забяспечыла бесперашкодны адыход яго 2-га корпуса на левы бераг р. Нішча, войскі пачалі адступаць на рубеж р. Дрыса. Рус. войскі занялі Клясціцы, а авангард Кульнева пачаў праследаваць французаў. Пад вечар французы перайшлі Дрысу і сталі лагерам у раёне в. Белае (цяпер Азіна). Кульнеў таксама пераправіўся цераз Дрысу і размясціў свой атрад на Пд ад в. Сівошына. Група франц. войск пад камандаваннем Леграна ў ноч на 1 жн. скрытна падышла да размяшчэння рускіх і раптоўным кав. і штыкавым ударам адкінула іх. Рус. авангард быў амаль цалкам знішчаны, некалькі соцень чалавек узяты ў палон; Кульнеў смяротна паранены. З раніцы дывізія Вердзье працягвала праследаваць рэшткі атрада Кульнева. Вітгенштэйн заняў моцную пазіцыю каля в. Галоўчыцы паміж лесам і р. Нішча, абышоў флангі і ўдарыў па цэнтры французаў. Вердзье адступіў у бок Сівошына. 2 жн. Удзіно пачаў адвод сваіх часцей да Полацка. За тры дні баёў страты з абодвух бакоў склалі па 4—5 тыс.чал. К.б. былі першай у ходзе вайны перамогай рус. войск над большымі сіламі праціўніка. У выніку гэтых баёў французы перайшлі да абароны на ўсім паўн. стратэгічным флангу, пагроза для камунікацый Вітгенштэйна была ліквідавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ ФРОНТ,
форма аб’яднання шырокіх нар. мас для супольнай барацьбы супраць фашызму, таталітарызму, вайны, за мір, дэмакратыю, нац. незалежнасць, задавальненне жыццёвых патрэб. Сац. склад Н.ф., яго праграма, тактыка мяняюцца ў залежнасці ад гіст. умоў, расстаноўкі класавых і паліт. сіл унутры краіны і на сусв. арэне. Першыя Н.ф. створаны ў 1930-я г. па ініцыятыве камуніст. партый. Іх сац. аснову складаў рабочы клас, яго саюз з сялянствам, дробнабурж. коламі горада і левай інтэлігенцыяй, аснову тактыкі — распрацаваная на кангрэсах Камуністычнага Інтэрнацыянала тактыка «адзінага фронту» працоўных у барацьбе за мір і свае непасрэдныя жыццёвыя патрабаванні. Упершыню Н.ф. створаны ў Францыі ў 1935 (камуністы, сацыялісты, радыкалы і інш.). Перамога на парламенцкіх выбарах 1936 партый Н.ф. і дзейнасць сфарміраваных імі ўрадаў (1936—38, без удзелу камуністаў) далі магчымасць перашкодзіць устанаўленню фаш. дыктатуры і ажыццявіць захады для паляпшэння становішча працоўных. У 1936 Н.ф. створаны ў Іспаніі (камуністы, сацыялісты, рэспубліканцы і інш., гл.Іспанская рэвалюцыя 1931—39), дзе ён атрымаў перамогу на выбарах 1936 і да 1939 узначальваў барацьбу супраць ісп. фашыстаў і герм.-італьян. інтэрвентаў. У 1935—38 у Польшчы і Заходняй Беларусі ва ўмовах пагрозы вайны па ініцыятыве Камуністычнай партыі Польшчы (КПП) і Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) разгортваўся масавы Антыфашысцкі народны фронт, але гэты працэс стрымліваўся ўрадавымі рэпрэсіямі і быў фактычна спынены роспускам паводле рашэння Камінтэрна КПП і КПЗБ (1938). У Кітаі ў 1937 на аснове саюзу кампартыі з гаміньданам створаны антыяп. Н.ф., які адыграў значную ролю ў вайне супраць яп. захопнікаў. Урад Н.ф. дзейнічаў у Чылі ў 1938—41. У пач. 2-й сусв. вайны 1939—45 у краінах, акупіраваных фашыстамі, а пазней і ў краінах фаш. блока на аснове тактыкі Н.ф. разгарнуўся рух Супраціўлення. У ваен. і пасляваен. перыяд Н.ф. (у некаторых краінах наз. Айчыннымі франтамі) адыгралі значную ролю ў прыходзе да ўлады левых сіл на чале з камуніст. партыямі ў шэрагу краін Еўропы і Азіі (Албанія, Балгарыя, Венгрыя, Румынія, Польшча, Чэхаславакія, Кітай, В’етнам, Югаславія), у заваяванні незалежнасці народамі многіх краін Афрыкі і Азіі. У краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі Н.ф. звычайна выступаў у выглядзе нац. або патрыят. антыімперыял. фронту, яго кіруючай сілай былі рэв. прадстаўнікі інтэлігенцыі, сялянства, нац. буржуазіі. У шэрагу краін функцыі Н.ф. выконвалі ўрадавыя нац.-дэмакр. партыі. На аснове тактыкі Н.ф. прыходзілі да ўлады і дзейнічалі ўрады Нар. адзінства ў Чылі (1970—73) і Сандынісцкага фронту нац. вызвалення ў Нікарагуа (1979—90).
У канцы 1980 — пач. 1990-х г. узніклі арг-цыі тыпу Н.ф., якія стаялі на антысацыяліст. пазіцыях і з поспехам павялі барацьбу за звяржэнне ўлады камуністаў у Чэхаславакіі (Грамадз. форум), Балгарыі (Саюз дэмакр. сіл), Венгрыі (Дэмакр. форум), Румыніі (Фронт нац. выратавання), Расіі (Дэмакр. Расія) і інш. краінах. Яны выступалі пад лозунгамі дэмакратызацыі грамадскага жыцця і пераадолення эканам. крызісу шляхам пераходу да рыначнай эканомікі. Арг-цыі падобнага тыпу ў нац. рэспубліках СССР (укр. «Рух», літ. «Саюдзіс», Нар. фронт Латвіі, Нар. фронт Эстоніі, Народна-хрысц.дэмакр. фронт Малдовы, Беларускі народны фронт «Адраджэньне», Нар. фронт Азербайджана, Арм. агульнанац. рух, Нар. фронт Грузіі) разам з ідэалогіяй антыкамунізму і антысаветызму шырока выкарыстоўвалі лозунгі нац. незалежнасці, адыгралі значную ролю ў распадзе СССР і стварэнні на яго месцы самаст. дзяржаў на чале з мясц.нац. элітамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗЫЛЬЯ́НЕ,
каталіцкія манахі ўсх. абраду, якія жывуць паводле т.зв. статута св. Васіля (Базыля) Вялікага (распрацаваны ў 4 ст.). Існуюць у Еўропе і на Б.Усходзе з ранняга сярэднявечча. У 16 ст. зарганізаваны ў адзіны ордэн. Вылучаецца некалькі асн. базыльянскіх абрадаў: Гротаферата (італа-албанскі), св. Збаўцы і св. Яна Хрысціцеля, Мелкіцкі (у Ліване, Палесціне і Егіпце), св. Іасафата (на Украіне, у Румыніі). На Беларусі базыльяне з’явіліся ў 17 ст. ў выніку царк. рэформаў уніяцкага мітрапаліта І.В.Руцкага. Першая місія манахаў-кармелітаў, выкліканая Руцкім у 1605, заклала базыльянскі ордэн у Свята-Троіцкім кляштары ў Вільні. На далейшае фарміраванне ордэна ў ВКЛ і ў Рэчы Паспалітай зрабілі ўплыў езуіты. У 1617 Навагрудская кангрэгацыя зацвердзіла стварэнне базыльянскага ордэна ў Рэчы Паспалітай і прыняла рэгулы (статут) новага ордэна, распрацаваныя Руцкім, які быў абраны 1-м протаархімандрытам (генералам) базыльянаў. Паводле рэгулаў протаархімандрыт ордэна падпарадкоўваўся папу рымскаму праз уніяцкага мітрапаліта. Протаархімандрытамі базыльянаў былі Руцкі (1617—21), Леў Крэўза Ржавускі (1621—26), Рафаіл Корсак (1626—36), Пахомій Война Аранскі (з 1636), Антоній Сялява (з 1652), Якуб Суша (з 1661), Гаўрыіл Календа (з 1666), Пахомій Агілевіч (1675—79), Стафан Мартышкевіч Бусінскі (1679—86), Язэп Пяткевіч (1686—90), Сымон Агурцэвіч (з 1690), Якім Кушэвіч (з 1694), Леў Кішка (1703—13), Васіль Працэвіч (1713—17), Максімілян Вятржынскі (1717—19), Антон Завадскі (з 1719), Карнелій Сталпавіцкі-Лябецкі (да 1727), Антанін Таміловіч (1729—36), Патрыцый Жураўскі (1739—43), Палікарп Мігуневіч (1743—47), Іпацій Білінскі (1747—51; 1759—72), Ераклій Лісянскі (1751—59), Парфірый Скарбек Важынскі (1772—80 і з 1788), Язэп Маргулец (1780—85), Ерафей Карчынскі (1786—88), Максімілян Вільчынскі (да 1793), Афанасій Фалькоўскі (да 1802), Юстын Гусакоўскі (да 1804, калі пасада протаархімандрыта была скасавана). У 1743 ордэн падзелены на 2 правінцыі: Літоўскую (уваходзілі землі княства, у т. л. Беларусі) і Рускую (або Польскую, каронную). Ордэнам кіравалі протаархімандрыт, правінцыялы (кіраўнікі правінцый), 4 кансультары і сакратар. Вышэйшай заканад. уладай былі кангрэгацыі (з удзелам мітрапаліта), іерархіі базыльянаў. Кангрэгацыі склікаліся раз на 4 гады ў любым буйным цэнтры базыльянаў, найчасцей у Навагрудку (1617, 1671, 1686, 1703, 1717, 1719, 1730), Жыровічах (1629, 1631, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694), Вільні (1636, 1642, 1646, 1650, 1667, 1713). У 1635 базыльяне атрымалі прывілей караля Уладзіслава IV, паводле якога біскупамі уніяцкай царквы маглі выбірацца толькі манахі-азыльяне, што ўзмацніла пазіцыі ордэна. Расла колькасць кляштараў. У 1772 у кожнай правінцыі было па 72 кляштары, больш за 600 манахаў. Базыльяне актыўна займаліся адукац. дзейнасцю. Прывілеем 1613 кароль Жыгімонт III Ваза дазволіў базыльянам адкрываць школы са статутам пач. і сярэдніх навуч. устаноў з выкладаннем на бел. мове. Базыльяне распрацавалі сістэму свецкай адукацыі пераважна лінгвістычнага багаслоўскага і агульнагуманітарнага кірунку. У 18 ст. буйнейшыя базыльянскія школы мелі па 300—500 вучняў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 існавалі 4 правінцыі; акрамя 2 існуючых утварыліся Беларуская (на далучаных да Расіі землях) і Галіцкая (на тэр. Аўстрыі). У 1785 ордэну базыльянаў, які стаў сур’ёзнай перашкодай на шляху афіц. палітыкі праваславізацыі і русіфікацыі Беларусі, было забаронена выбіраць правінцыяла і протаархімандрыта, улада над ім была перададзена архібіскупу А.Лісоўскаму І.Лісоўскаму, прыхільніку ўсх. абраднасці. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай кантакты базыльянаў з Рымам спынены, ордэн ператварыўся ў групу адасобленых кляштараў без ордэнскай цэнтралізацыі. У 1822 паводле загаду цара Аляксандра I закрыты кляштары базыльянаў, пры якіх існавалі навіцыяты, школы або філасофскія і багаслоўскія класы, а на іх базе створаны правасл. духоўныя вучылішчы. Паводле ўказу Мікалая I ад 9.10.1827 ліквідавана базыльянскае манаства, а ў 1828 ліквідаваны і кляштары базыльянаў. Толькі Свята-Троіцкі віленскі кляштар з семінарыяй праіснаваў да 1839, калі на Полацкім дзярж. саборы была скасавана уніяцкая царква. У 1870 забаронены апошнія кляштары базыльянаў на тэр. Польшчы. Базыльяне захаваліся ў Аўстра-Венгрыі (14 кляштараў у Галіцыі і 7 у Венгрыі). На Украіне базыльяне афіцыйна дзейнічалі да 1946, калі на Львоўскім саборы была ліквідавана Украінская грэка-каталіцкая царква. З таго часу базыльяне разам з усёй царквой перайшлі на нелегальнае становішча. У канцы 1980-х г. яны аднавілі сваю дзейнасць. На Беларусі базыльянства не адрадзілася, аднак невял. частка манахаў праходзяць навіцыят ва ўкраінскіх базыльянскіх кляштарах.
Літ.:
Коялович М.О. История воссоединения западнорусских униатов старых времен. Спб., 1873;
Бобровский П.О. Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра I. Спб., 1890.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЫЛЕ́РЫЯ (франц. artillerie),
1) род войскаў, прызначаны для абслугоўвання і баявога выкарыстання артыл.ўзбраення. Ва ўсіх арміях свету выконвае баявыя задачы ў інтарэсах інш. родаў войскаў.
У сучасных сухапутных войсках падзяляецца на артылерыю вайсковую (палявую) — армейскую, карпусную, палкавую і да т.п. і рэзерву Гал. камандавання, на наземную (бывае пушачная, гаўбічная, рэактыўная, процітанкавая, горная і мінамёты) і зенітную. Залежна ад спосабу арганізацыі ўзаемадзеяння з інш. родамі войскаў адрозніваюць артылерыю прыдадзеную (на час выканання баявой задачы перадаецца ў распараджэнне камандзіра злучэння, часці) і артылерыю падтрымкі (застаецца ў падначаленні ст.артыл. камандзіра, але выконвае агнявыя задачы, пастаўленыя агульнавайск. камандзірам). Артылерыя ў ВПС — авіяц. пушкі на самалётах і верталётах. У ВМФ падзяляецца на карабельную (у т. л. зенітную) і берагавую.
Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь артылерыя складаецца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў уласнаствольных артыл. сістэм, процітанкавых кіроўных ракет, а таксама падраздзяленняў артыл. разведкі і спец. падраздзяленняў, што ўваходзяць у склад артыл. злучэнняў і часцей. Артыл. злучэнні і часці, што не належаць да вайсковай артылерыі, з’яўляюцца рэзервам Гал. камандавання і прызначаны для ўзмацнення дзеянняў агульнавайск. падраздзяленняў, а таксама для стварэння артыл. рэзерваў.
2) Від зброі або сукупнасць прадметаў артыл. ўзбраення, уключаючы сродкі наземнай і паветр. разведкі, сувязі, назірання, кіравання агнём, цягі, транспарту і інш. 3) Навука, якая вывучае асновы будовы матэрыяльнай часткі агнястрэльнай зброі, яе ўласцівасці і спосабы выкарыстання ў баі. Асн. раздзелы: унутраная і знешняя балістыка, асновы будовы матэрыяльнай часткі боепрыпасаў, выбуховыя сродкі і порахі, тэхналогія артыл. вытв-сці, тактыка, тэорыя стральбы, гісторыя артылерыі.
Самы ранні этап развіцця артылерыі — сценабітная і кідальная зброя краін Стараж. Усходу (Егіпет, Індыя, Кітай і інш.), Грэцыі і Рыму. З вынаходствам пораху ўзнікла агнястрэльная зброя: у Кітаі ў 11 ст., у Еўропе першыя ўзоры яе з’явіліся ў Італіі, Францыі. Германіі, Англіі, на Беларусі — у 14 ст. Войскі ВКЛ упершыню сутыкнуліся з новай зброяй у 1341, калі ў час аблогі крыжацкага замка Баербург «вогненнай стралой» быў забіты вял. князь Гедзімін. У 1382 войскі ВКЛ ужо мелі ўласныя бамбарды, пры дапамозе якіх штурмавалі ордэнскі замак Георгенбург. Першыя гарматы рабілі з дрэва (Кітай, Галандыя), потым з жалеза ў выглядзе каванай метал. трубы, якая мацавалася да масіўнай драўлянай калодкі. Ядры напачатку былі драўляныя і каменныя, пазней алавяныя і бронзавыя. У 14 ст. з’явіліся гарматы з бронзы (на Беларусі іх выраблялі майстэрні ў Полацку, Віцебску, Навагрудку і інш.). У 1384 кідальныя балісты, зробленыя на Беларусі, выкарыстоўваліся супраць войскаў Лівонскага ордэна. Каля 1540 у Вільні заснаваны гарматны ліцейны двор — людвісарня, у 1597 — майстэрня па вытв-сці куль і ядраў Бараньская кульня. У 16—17 ст. гарматы ставілі на колы, у іх з’явіўся перадок з зараднай скрыняй. Ядры былі жалезныя, чыгунныя і нават шкляныя. Напачатку артылерыю на Беларусі абслугоўвалі наёмныя пушкары з Германіі, Чэхіі, Галандыі (у іх вучыліся бел. майстры), з сярэдзіны 16 ст. абыходзіліся без іх. Вядомы імёны майстроў Сцяпана і Пятра з Нясвіжа (канец 16 — пач. 17 ст.), К.Ганусава з Быхава (2-я пал. 16 ст.) і інш. У 1-й пал. 17 ст. выпушчаны падручнікі па артыл. справе на лац. і польскай мовах: італьянца Андрэя дэль’-Аква, іспанца Дыега Уфана, ураджэнца Беларусі К.Семяновіча. У 18 ст.артыл. гарматы выраблялі ў Слуцку, Быхаве, Нясвіжы, Гродне, Жлобіне, Вішневе. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі выраб гармат спынены, эпізадычна для асобных магнатаў рабіліся невял. гарматы-салютоўкі. З сярэдзіны 19 ст. ў большасці краін пачаўся пераход да наразной артылерыі. У пач. 20 ст. артылерысты ўпершыню вялі стральбу з закрытых агнявых пазіцый, быў створаны і выкарыстаны мінамёт (1904—05). У перыяд 1-й сусв. вайны з’явілася артылерыя суправаджэння, зенітная, процітанкавая, былі ўдасканалены мінамёты. 2-я сусв. вайна выклікала ўсебаковае развіццё зенітнай, процітанкавай, рэактыўнай і самаходнай артылерыі, выкарыстоўвалася артылерыя вялікай і асаблівай магутнасці. Узніклі новыя формы баявых дзеянняў артылерыі, павялічылася яе шчыльнасць на ўчастках прарыву (да 200—300 гармат на 1 км фронту). Вопыт баявога выкарыстання артылерыі даў багаты матэрыял для развіцця артыл. навукі. Удасканаленне артылерыі працягваецца.
Літ.:
Передельский Г.Е., Токмаков А.И., Хорошилов Г.Т. Артиллерия в бою и операции. М., 1980;
Отечественная артиллерия, 600 лет. М., 1986;
Nowak T. Polska technika wojenna XVI — XVIII w. Warszawa, 1970.
М.Р.Плахотны, В.А.Юшкевіч.
Да арт.Артылерыя. Ручная кідальная зброя даагнястрэльнай эпохі: 1, 2 — нервабалістычныя баявыя гарматы; 3, 4 — барабалістычныя гарматы (а — гіганцкіх памераў, б — з процівагай); 5 — акрабаліста (таксабаліста).Да арт.Артылерыя. Гарматы 11 — пач. 20 ст.: 1 — старажытная кітайская драўляная гармата 11 ст.; 2 — марціра 14 ст.; 3 — доўгая французская серпанціна 15 ст.; 4 — гафуніца 1542; 5 — трохфунтовая палявая пушка 1700; 6 — бронзавая марціра Чохава 1606; 7 — «сакрэтная гаўбіца» Шувалава 1754; 8 — руская шасцідзюймовая аблогавая гармата 1877; 9 — 122-мм палявая скарастрэльная гаўбіца ўзору 1910; 10 — 76-мм зенітная пушка ўзору 1915.Да арт.Артылерыя. I. Гарматы 16 — 17 ст. з Нясвіжскага замка: 1, 2, 3 — з фігурнымі аздабленнямі, 4 — з серыі Германа Мольтфельда. II. Гарматы корпуса артылерыі ВКЛ канца 18 ст.: 1 — адна—трохфунтовая палявая гармата, зробленая на аўстрыйскі ўзор, 2 — двух—васьміфунтовая гаўбіца, зробленая на ўзор французскай гаўбіцы сістэмы Грыбаваля (лафет паказаны ў разрэзе). III. Адна з гармат польска-беларуска-літоўскіх паўстанцаў 1863 — 64 (паводле Баляслава Галэцкага).Да арт.Артылерыя. Гарматы перыяду 1-й і 2-й сусветных войнаў: 1 — 155-мм палявая пушка (Францыя); 2 — 76-мм палявая скарастрэльная пушка ўзору 1902 (Расія); 3 — 210-мм аблогавая гаўбіца Крупа (Германія); 4 — 305-мм марціра (Аўстрыя); 5 — 105-мм гаўбіца (ЗША); 6 — шасціствольны мінамёт (Германія); 7 — 105-мм лёгкая гаўбіца (Германія); 8 — баявая машына рэактыўнай артылерыі БМ-13 (СССР); 9 — 76-мм самаходная артылерыйская ўстаноўка СУ-76 (СССР).Да арт.Артылерыя. Сучасная артылерыя: 1 — 139,7-мм пушка МК-3 (Вялікабрытанія); 2 — баявая машына рэактыўнай артылерыі БМ-24 (Расія); 3 — 90-мм самарушная процітанкавая пушка (ФРГ); 4 — устаноўка рэактыўных кіроўных процітанкавых снарадаў 55-II (Францыя); 5 — 122-мм самаходная гаўбіца (Расія); 6 — 203-мм самаходная гаўбіца M 1101 E2 (ЗША); 7 — 105-мм горная гаўбіца ўзору 1956 (Італія); 8 — 122-мм гаўбіца Д-30 (Беларусь).