АПЛАДНЕ́ННЕ, сінгамія,

працэс зліцця мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет); аснова палавога размнажэння ў раслін, жывёл і чалавека. У выніку апладнення ўтвараецца зігота, якая дае пачатак новаму арганізму. Пры гэтым аднаўляецца дыплоідны набор храмасом, характэрны для саматычных клетак арганізма, і забяспечваецца перадача спадчынных прыкмет ад бацькоў да нашчадкаў.

Адрозніваюць апладненне вонкавае, калі палавыя клеткі зліваюцца па-за арганізмам, і ўнутранае, якое адбываецца ўнутры палавых органаў індывіда (перакрыжаванае апладненне і самаапладненне). У жывёл і чалавека апладненню папярэднічае асемяненне. У жывёл з унутраным апладненнем (пераважна наземныя жывёлы) ёсць спец. прыдаткавыя палавыя органы для пераносу спермы з цела самцоў у цела самак. У большасці жывёл, што жывуць у вадзе (ігласкурыя, малюскі, некаторыя рыбы і земнаводныя), назіраецца вонкавае апладненне: у навакольным асяроддзі адкладаюцца яйцаклеткі і сперма, дзе і зліваюцца. У шэрагу раслін (бактэрыі, сіне-зялёныя водарасці) тыповы палавы працэс, у т. л. апладненне, адсутнічае. У ніжэйшых раслін назіраюцца розныя віды палавога працэсу: ізагамія, анізагамія, аагамія, кан’югацыя і інш. Вышэйшым раслінам уласціва аагамія. У голанасенных і пакрытанасенных раслін апладненню папярэднічае апыленне. У пакрытанасенных ажыццяўляецца т.зв. двайное апладненне.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛА́ МЕДАНО́СНАЯ (Apis mellifera),

насякомае надсям. пчаліных атр. перапончатакрылых. «Грамадскія» насякомыя, жывуць пчалінымі сем’ямі. Пашыраны паўсюдна. Даюць мёд, пчаліны воск, пропаліс, пчаліны яд, пяргу, матачнае малачко.

Цела (даўж. да 15 мм. у маткі да 25 мм) мае хіцінавае покрыва, складаецца з галавы, грудзей і брушка. Мае 2 складаныя і 3 простыя вокі, якія добра адрозніваюць жоўты, сіні, сіне-зялёны, фіялетавы, пурпуровы колеры, ультрафіялетавае выпрамяненне, таксама формы прадметаў. Ніжнія сківіцы і губа пераўтвораны ў хабаток. У галаве і часткова ў грудзях размешчаны залозы — слінныя і тыя, што выпрацоўваюць лічынкавы корм (матачнае малачко). Задняя пара ног мае кошычкі, у якіх пчала можа несці да 40 мг пылку. На 3—6-м сегментах брушка знаходзяцца васковыя залозы. У канцы брушка ў маткі і рабочай пчалы ёсць орган абароны — джала, злучанае з дзвюма залозамі. якія выдзяляюць пчаліны яд. Органы стрававання: глотка, стрававод, мядовы валлячок (умяшчае да 65 мг нектару). сярэдняя кішка і задні аддзел. Корм дарослых пчол — мёд, пярга; матку ў час адкладвання яец кормяць матачным малачком. Да палавога размнажэння здольныя матка і трутні. У час вылету матка спароўваецца з некалькімі (5—9) трутнямі. Сперма захоўваецца ў арганізме маткі ўсё жыццё, але апладняюцца не ўсе яйцы. З аплодненых яец развіваюцца маткі і рабочыя пчолы, з неаплодненых — трутні. Ператварэнне поўнае.

Пчала меданосная: 1 — простыя вочкі; 2 — вусікі; 3 — складанае вока; 4 — язычок; 5 — першая пара ног; 6 — другая пара ног; 7 — кошычак; 8 — трэцяя пара ног; 9 — шчотачка; 10 — джала; 11 — брушка; 12 — заднія крылы; 13 — пярэднія крылы; 14 — грудзі; 15 — галава.

т. 13, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сі́ла ‘моц, энергія’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Стан.), ‘верх, улада’ (Нас.), ‘моц, змога, дужасць’ (Некр. і Байк.), дыял. таксама ‘моц’, ‘мноства’ (Байк. і Некр.), ‘здароўе’, ‘праца’, ‘вялікая колькасць’ (Сл. ПЗБ), ‘шмат, багата’ (ТС, Барад., Мат. Гом.); укр., рус. си́ла, польск. siła, в.-луж., н.-луж. syła, чэш. síla, славац. sila, серб.-харв. си̏ла, славен. síla, балг. си́ла, макед. сила, ст.-слав. сила. Прасл. *sila роднаснае літ. síela ‘душа, дух’, ‘пачуцце’, ст.-прус. seilin В. скл. ‘пільнасць’, ст.-ісл. seilask ‘працягвацца, гнуцца, старацца’ (Траўтман, 282; Міклашыч, 296; Фасмер, 3, 621). Мур’янаў (Этимология–1980, 50–56) робіць спробу звязаць з слав. *sidlo ‘сіло’, ст.-в.-ням. silo ‘рамень’, з другой ступенню аблаўта герм. *saila > ням. Seil ‘шнур’, якія рэканструююцца з гоц. insailjan ‘спускаць цяжар (на вяроўках)’. Борысь (548) узводзіць далей да і.-е. *se(i)‑ ‘напружваць(ца)’, паводле Жураўлёва (Язык и миф, 577), ‘сеяць’, на падставе чаго рэканструюецца і.-е. *sḗilaсперма’. Гл. яшчэ БЕР, 6, 645; Сной і, 566; Глухак, 547.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плоць1 ’цела жывых істот’, ’матэрыяльнае ўвасабленне’ (ТСБМ, Нас.), ’пол’ (Гарэц.), ’палавыя органы’ (Ласт.), плоцьны ’палавы’ (Ласт.), плоцьнае (жыццё) ’палавое’ (Стан.); плоць ’перхаць, луска са скуры’ (беш., Нар. сл.), плотьсперма’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Укр. (старое) плоть, рус. плоть ’плоць’, ’цела’ — апошняе значэнне — царкоўнаславянізм (Мяркулава, Этимология–1970, 175), дыял. таксама ’цвёрды грунт пад глебай’, ’перхаць, луска’, ’скура на галаве’, ’ікра’, ’малако (у рыб)’, ’мужчынскія палавыя клеткі’, стараж.-рус. плъть ’скура, колер скуры’, польск. płeć ’жывое чалавечае цела’, ’скура, гладкая паверхня цела’, ’колер скуры’; ’чалавек наогул’, ’мужчынская ці жаночая будова цела’, ’пол’, н.-луж. płeś ’юр’, ’колер скуры’, чэш., славац. pleť ’скура твару’, славен. pȏlt ’скура на жывым целе’, ’колер скуры, колер твару’, ’плоць’, серб.-харв. пу̏т, дыял. pelt ’цела, плоць’, ’скура’, макед. плот, балг. плът, ст.-слав. плъть ’цела’, ’юр’. Прасл. *plъtь, найбольш блізкім да якога лічыцца лат. pluta ’цела, плоць; скура’, plutus ’далікатная скура (з галавы)’, літ. plutà ’скарынка’, ’расліннае покрыва на паверхні вады’, ’кара зямлі’ (Фасмер, 3, 286; Махэк₂, 459; Бязлай, 3, 83); Банькоўскі (2, 623) следам за Бугам (Rinkt., 2, 518), Младэнавым (431) выводзіць польск. płeć з і.-е. *plutis ’скураны мех, на якім плавалі’, якое з і.-е. *pleu̯‑/*plou̯–/*plu‑ ’плаваць, прыплываць’. Непераканаўча.

Плоць2, плоцье ’плоткі, платва’ (Нас.; Мат. Маг.; гродз., лудз., Сл. ПЗБ, ТС), ’плотка’ (свісл., Сцяшк. Сл.; чэрв., Нар. лекс.); рус. смал. плоть ’тс’. Да платва, пло́тва (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)