старажытнарускі нар. струнны шчыпковы муз. інструмент. Найб. пашырана ў 16—17 ст. Мела грыф, авальны корпус. Як сольны і ансамблевы інструмент выкарыстоўвалася скамарохамі, якія стварылі сям’ю Д. (домрышка, Д., Д. басістая). У 2-й пал. 18 ст. паступова знікла. У сучасным выглядзе рэканструявана В.Андрэевым (1896). Мае паўсферычны корпус. кароткую шыйку з грыфам, на якім прарэзаны метал. лады, галоўку з калкамі, 3 метал. струны. Гук здабываецца плектрам. На аснове гэтай Д. ў 1896—98 С.Налімаў стварыў сям’ю аркестравых Д., якая стала асновай Велікарускага аркестра імя Андрэева. У 1908 Р.Любімаў і С.Бураў стварылі струнную Д. Абедзве разнавіднасці выкарыстоўваюцца ў аркестрах рус.нар. інструментаў. На Беларусі прафес. і самадз. музіцыраванне на Д. (сольнае, ансамблевае, аркестравае) развіваецца пераважна ў гар. асяроддзі. Секстэт Д. працаваў на Бел. тэлебачанні і радыё. Класы Д. ёсць у муз.навуч. установах Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЯЛАНЧЭ́ЛЬ (італьян. violoncello памяншальнае ад violone кантрабас),
смычковы музычны інструмент скрыпічнай сям’і баса-тэнаровага рэгістра. Канструкцыя, як у скрыпкі, але віяланчэль большая па памерах. Даўж. корпуса 750—768 мм. Мае 4 струны. Настройка па квінтах: C, G, d, a. Дыяпазон C—a2 і вышэй (у віртуозных творах). Прыёмы ігры тыя ж, што і на скрыпцы, але тэхніка больш абмежаваная. Натуецца ў басовым, тэнаровым і скрыпічным ключах. З’явілася ў канцы 15 — пач. 16 ст. Класічныя ўзоры віяланчэлі створаны ў 17—18 ст.італьян. (А. і Н.Амаці, Дж.Гварнеры, А.Страдывары, К.Бергонцы), пазней франц. (Ж.Б.Вільём), рас. (І.Батаў, Я.Вітачак, Ц.Падгорны, Л.Гаршкоў) і інш. майстрамі. На Беларусі шырока выкарыстоўвалася ў 18 ст. ў прыдворных капэлах Нясвіжа, Слоніма, Гродна. У наш час віяланчэль — сольны, ансамблевы і арк. інструмент.
Літ.:
Гинзбург Л. История виолончельного искусства. Кн. 1—4. М.; Л., 1950—78;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРАБА́С (італьян. contrabasso),
1) струнны смыковы муз. інструмент найвялікшага памеру (даўж. каля 2 м) і самага нізкага гучання. 4 метал. струны настройваюцца па квартах (E1—A1—D—G). Дыяпазон 4 актавы (пашыраецца пры дапамозе флажалетаў). Гучанне глухаватае, але густое і мяккае.
Створаны ў сярэдзіне 17 ст.італьян. майстрам М.Тадзіні на аснове віёлы да гамба. Выкарыстоўваўся як ансамблевы, з 18 ст. таксама як аркестравы, з 20 ст. і сольны інструмент. У эстр. практыцы пашыраны электра-К. На Беларусі К. вядомы з 2-й пал. 18 ст. (прыдворныя капэлы Нясвіжа, Слоніма, Гродна; кантрабасісты Райскі, В.Блажэўскі, П.Станкевіч, Л.Шышкоўскі, Ф.Янкоўскі). Творы для К. пісалі бел. кампазітары А Багатыроў, Л.Шлег, П.Падкавыраў, Я.Дзягцярык і інш. У Бел. акадэміі музыкі і муз. вучылішчах Беларусі існуюць класы К.
2) Самы нізкі па гучанні інструмент адной сям’і (балалайка-кантрабас, кларнет-кантрабас і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ТНЯ (польск. lutnia ад араб. дрэва),
струнны шчыпковы муз. інструмент. Мае выпуклы міндалепадобны корпус з плоскай верхняй дэкай, у якой прарэзана рэзанатарная адтуліна з ажурнай разеткай. Кароткая шырокая шыйка заканчваецца адагнутай назад галоўкай з калкамі для нацягвання струн па баках. Унізе струны замацаваны на падстаўцы, прыклеенай да дэкі. Памеры інструмента і шыйкі, колькасць струн, іх размяшчэнне і настройка гістарычна мяняліся. Гук Л. нагадвае гітарны, здабываецца зашчыпваннем струн пальцамі або плектрам. Л. паходзіць ад уда — найб.стараж. інструмента араба-іранскай культуры. У Еўропе вядома з сярэдніх вякоў. Найб. пашырана ў 15—16 ст. як сольны, акампаніравальны і аркестравы інструмент. Выкарыстоўвалася ў прыдворнай канцэртнай практыцы, выклікала паяўленне шматлікіх віртуозаў-лютністаў і стварэнне багатай муз. л-ры. У 17—18 ст. выцеснена інш.муз. інструментамі. У 20 ст. выкарыстоўваецца ў прафес. практыцы пры выкананні старадаўняй музыкі. На Беларусі Л. вядома ў 16—18 ст., аб чым сведчаць помнікі л-ры, выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБО́Й (ням. Hoboe ад франц. hautbois літар. высокае дрэва),
1) духавы язычковы муз. інструмент. Уяўляе сабой драўляную канічную трубку (даўж. 59—61 см) з падвойнай трысцінкай і невял. раструбам. Мае больш за 20 пальцавых адтулін з сістэмай клапанаў. Дыяпазон b—a3 (b3, h3). Выкарыстоўваюць як сольны, ансамблевы і арк. інструмент. Адрозніваюць ням. (з больш шчыльным гугнявым гукам) і франц. (з больш шырокімі тэхн., тэмбравымі і дынамічнымі магчымасцямі) сістэмы канструкцыі. Асн. разнавіднасці: малы габой, габой д’амур, англійскі ражок (альтовы, або тэнаровы габой). Інструменты тыпу габоя здаўна бытавалі ў розных народаў. Узнік у 17 ст. ў выніку ўдасканалення стараж.нар. інструмента шалмея, пашыранага ў Зах. Еўропе з 13 ст. Сучасны габой з клапанным механізмам створаны ў пач. 20 ст. На Беларусі вядомы з 2-й пал. 18 ст.Муз. творы для габоя ёсць у бел. кампазітараў Л.Абеліёвіча, М.Аладава, Г.Гарэлавай, Л.Захлеўнага, П.Падкавырава і інш. Сярод бел. габаістаў М.Баркоўскі, Г.Забара, Б.Нічкоў, С.Сяргеенка, В.Фралоў і інш. 2) Арганны рэгістр язычковай групы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАШЫ́НА ЧА́СУ»,
расійская рок-група. Створана ў 1979 у Маскве (працавала з 1968). Арганізатар і кіраўнік А.Макарэвіч. Напачатку адчуваўся ўплыў вак. квартэта «Бітлз», пераважалі песні на англ. мове, пазней характар музыкі і прыёмы аранжыроўкі мяняліся ад хард-рока і белага блюза да джаз- і арт-рока, стылістыкі «новай хвалі»; з сярэдзіны 1970-х г. у рэпертуары пераважна рускамоўныя песні. У першым складзе «М.ч.» выступалі: Макарэвіч (гітара, вакал), І.Мазаеў і П.Рубен (бас-гітара), А.Дваноў (рытм-гітара), Ю.Барзоў (ударныя); пазней — А.Зайцаў, М.Капітаноўскі, А.Куцікаў, Я.Маргуліс, П.Падгарадзецкі, В.Яфрэмаў і інш. Сярод грампласцінак з запісамі «М.ч.»: «Паляўнічыя на ўдачу», «Рэкі і масты», «У добры час», «Праз 10 гадоў», «У крузе святла», «Песні пад гітару» (сольны альбом Макарэвіча), «Машыне часу» 20 гадоў»; аўдыёкасеты — «Сонечны востраў», «Чужыя сярод чужых», «Рыбка ў бляшанцы» і інш. Музыка ў выкананні «М.ч.» выкарыстана ў кінафільмах «Душа», «Пачні з пачатку», «Скорасць», «Прарыў», «Без мундзіра», «Рок і фартуна» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАРНЕ́Т [франц. clarinette ад лац. clarus ясны (гук)],
драўляны духавы язычковы муз. інструмент. Складаецца з дзюбападобнага муштука з прымацаваным да яго трысняговым ці бамбукавым язычком, кароткай пашыранай часткі, верхняга і ніжняга кален з пальцавымі адтулінамі (7) і клапанамі (каля 20) і раструба. Сярод рэгістравых разнавіднасцей найб. пашыраны К. малы (пікала), сапранавыя, альт (басетгорн), бас-кларнет.
Прафес. К. створаны ў Германіі каля 1700 на аснове франц.нар. інструмента шалюмо (тыпу бел.жалейкі). Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент.
На Беларусі паявіўся спачатку ў прафес. практыцы (Нясвіж, Гродна, Шклоў і інш.), з 2-й пал. 19 ст. таксама і ў народнай. У нар.інстр. ансамблях К. актыўна замяняе жалейку ў спалучэнні са скрыпкай і цымбаламі або з гармонікам, скрыпкай і барабанам. Найб. характэрны для Палесся і цэнтр. раёнаў Беларусі. Творы розных жанраў для К. і камерных ансамбляў з К. у складзе стварылі бел. кампазітары Л.Абеліёвіч, М.Аладаў, Г.Вагнер, В.Войцік, Г.Гарэлава, Я.Глебаў, Я.Дзягцярык, Дз.Камінскі, П.Падкавыраў, Р.Сурус, Л.Шлег і інш. Класы ігры на К. існуюць у муз.навуч. установах рознага ўзроўню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭ́Т (франц. motet памяншальнае ад mot слова),
род вакальнай ці вак.інстр. музыкі. Вядомы з канца 12 ст. ў Францыі. Першапачаткова — 2-галосы муз. твор, у якім да голасу, заснаванага на напевах каталіцкай службы, далучаўся новы голас — матэт (адсюль назва). З 13 ст. ў М. пранікаюць свецкія мелодыі (песенныя і танц.) і тэксты. У 15 ст. выпрацавалася яго муз. і тэкставае адзінства (Г.Дзюфаі, Дж.Данстэйбл), усталяваўся 4-галосы склад (І.Окегем, Я.Обрэхт), паявілася вызначэнне М. як своеасаблівага муз. роду паміж месай і песняй. У 16 ст. развіваўся ў рэчышчах венецыянскай (А.Віларт, А. і Дж. Габрыэлі) і рымскай (Дж.Палестрына) школ. У 17 ст. М. страціў тыпалагічную ўстойлівасць, часам яго вызначалі як асаблівы «стыль», блізкі да «старадаўняга», ці як асаблівую тэхніку пісьма. Узніклі шматлікія разнавіднасці: мнагахорны М.-канцэрт, «манадычны», «сольны», або М.-канцэрт для невял. складу з basso continuo; М.-арыя, М.-сцэна, М.-дыялог, блізкія да араторыі, кантаты і муз.-сцэн. жанраў. Да жанру М. звярталіся Г.Шутц, К.Мантэвердзі, Ж.Ф.Рамо, Г.Пёрсел, Г.Ф.Гендэль, І.С.Бах, В.А.Моцарт, А.Брукнер, К.Сен-Санс і інш. У 20 ст. М. стаў прататыпам тэхнікі кампазіцыі ў творах А.Веберна, І.Стравінскага, Дз.Лігеці і інш.
Літ.:
Симакова Н. Вокальные жанры эпохи Возрождения. М., 1985.