díeser Mensch ist aus ánderem ~ гэ́та чалаве́к і́ншага заме́су
Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)
ШКАЛА́ЕВА-АПІЁК (Тамара Іванаўна) (н. 18.3.1943, в. Ляды Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). У 1966—74 працавала ў Гродзенскім абл.драм. т-ры. З 1975 у Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца драм. роляў. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца тонкім пранікненнем у псіхалогію характару, яркім тэмпераментам, жаночай пяшчотай і мужнасцю, спалучэннем глыбокіх пачуццяў з мяккім лірызмам. Сярод роляў: у Гродзенскім т-ры — Надзя («Трыбунал» А.Макаёнка), Ізабела Дрозд («Амністыя» М.Матукоўскага), Зубрыч («Трывога» А.Петрашкевіча), Наташа («104 старонкі пра каханне» Э.Радзінскага), Турандот («Прынцэса Турандот» К.Гоцы), Кацярына («Навальніца» А.Астроўскага), Алена Тальберг («Дні Турбіных» М.Булгакава), Раксана («Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана) і інш; у т-ры імя Я.Купалы — Наталля Мікалаеўна і Тамара Паўлаўна («Пагарэльцы» і «Верачка» Макаёнка), Вера («Радавыя» А.Дударава), Каця («Эшалон» М.Рошчына), Шындзіна («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.Гельмана), сакратарка («Святая святых» І.Друцэ), Яна («Віват, імператар!» Э.Іанеска), Ала Кастрова («Курыца» М.Каляды), маці Гаральда («Гаральд і Мод» К.Хігінса, Ж.К.Кар’ера), генеральша Крахоткіна («Вечны Фама» У.Бутрамеева паводле Ф.Дастаеўскага) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «СУЧА́СНІК».
Засн. ў 1956 як Студыя маладых акцёраў (пераважна з выпускнікоў Школы-студыі імя У.Неміровіча-Данчанкі), з 1957 тэатр-студыя «Сучаснік», з 1964 сучасная назва. Заснавальнік і гал. рэжысёр т-ра А.Яфрэмаў (да 1970), з 1972 гал. рэжысёр Г.Волчак. Першы спектакль — «Вечна жывыя» В.Розава (1956). Т-р узнік у спрэчцы з афіц. мастацтвам канца 1940 — пач. 1950-х г., выражаў настроі грамадства перыяду «адлігі». Мастацтва т-ра, заснаванае на сучаснай драматургіі, вызначалася дэмакратызмам, маральным пафасам. У далейшым т-р звярнуўся да класікі; сцэн. стыль стаў больш складаным і багатым. Сярод пастановак: «Голы кароль» Я.Шварца (1960), «Без крыжа» паводле У.Цендракова, «Назначэнне» А.Валодзіна (абедзве 1963), «Звычайная гісторыя» Розава паводле І.Ганчарова (1966), «Балалайкін і К°» С.Міхалкова паводле М.Салтыкова-Шчадрына (1973), «Эшалон» (1975) і «Валянцін і Валянціна» (1976) М.Рошчына, «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра (1975), «Рэвізор» М.Гогаля (1984), «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.Олбі (1985), «Кватэра Каламбіны» Л.Петрушэўскай (1986), «Круты маршрут» паводле Я.Гінзбург (1989), «Пігмаліён» Б.Шоу (1994), «Тры таварышы» А.Гетмана паводле Э.М.Рэмарка (1999) і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі і працуюць акцёры: Л.Ахеджакава, А.Вярцінская, В.Гафт, А.Даль, Н.Дарошына, Я.Еўсцігнееў, М.Казакоў, І.Кваша, Т.Лаўрова, А.Мягкоў, М.Няёлава, А.Табакоў, Л.Талмачова, П.Шчарбакоў і інш.; рэжысёры: Р.Вікцюк, Кваша, Г.Таўстаногаў, В.Фокін, А.Эфрас і інш.
Створаны ў 1984 у Мінску з выпускнікоў Бел.тэатр.-маст. ін-та (розных гадоў), тэатр.навуч. устаноў Масквы, акцёраў Бел.рэсп.т-ра юнага гледача і інш. У 1988 папоўніўся выпускнікамі Бел.тэатр.-маст. ін-та. Адкрыўся 30.4.1986 спектаклем «Гэтыя незразумелыя старыя людзі...» паводле аповесці С.Алексіевіч «У вайны не жаночы твар». Т-р імкнуўся прыцягнуць да сябе ўвагу вастрынёй узнятых сац.-грамадскіх праблем, асэнсаваннем жыццёвых працэсаў сучаснасці, тэатр. сінтэзам розных сродкаў маст. выразнасці, абнаўленнем тэатр. формаў. У яго рэпертуары сучасныя п’есы: «Вепручок» В.Розава, «Рамонт» М.Рошчына, «Зоркі на ранішнім небе» А.Галіна, п’еса-дыялог «Чырвоны куток» М.Разоўскага; адкрыты спектакль-гульня для дзяцей «Неверагодны ілюзіён Эрні» А.Эйкбарна; вырашаны мовай пластыкі «Лёс сабора» паводле рамана В.Гюго «Сабор Парыжскай Божай маці»; інсцэніроўка рамана У.Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», нар. драма Ф.Шылера «Вільгельм Тэль»; монаспектакль паводле кнігі «Патаемнае жыццё Сальвадора Далі, напісанае ім самім»; драма Ж.П.Сартра «Пры зачыненых дзвярах»; трагікамедыя «Запрашэнне на танга» паводле п’есы С.Мрожака «Танга»; фантаст. камедыя «Кентэрвільскі прывід» Л.Еранькова паводле твораў О.Уайльда. У 1984—86 у складзе т-ра працавала група пантамімы «Рух».
У складзе трупы (1997): С.Журавель, У.Емяльянаў, С.Жлан. Г.Лавухіна, В.Ліхадзей, В.Моўчан, А.Унукава, І.Фільчанкоў, А.Хрысціч, А.Шароў і інш.Гал. рэжысёры: Р.Баравік (1985—88), Б.Луцэнка (1988—90), В.Катавіцкі (з 1990), гал. мастак З.Марголін (з 1988).
Р.І.Баравік.
Да арт.Дзяржаўны маладзёжны тэатр Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Вільгельм Тэль» Ф.Шылера.
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ПО́ЛЬСКІ ТЭА́ТР БССР.
Створаны ў ліст. 1939 у Беластоку, у 1940—41 працаваў у Гродне. Адкрыўся 13.3.1940 спектаклем «Каварства і каханне» Ф.Шылера. Заснавальнік і маст. кіраўнік А.Венгерка. Сярод пастановак: «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай, «Пажыццёвая рэнта» і «Помста» А.Фрэдры, «Пігмаліён» Б.Шоу, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага, «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ.У складзе трупы акцёры: І.Бароўская, С.Брылінскі, С.Бутрым, Ян Вашчаровіч, М.Гадлеўскі, С.Зніч, Г.Касабуцкая, Т.Манкевіч, Б.Міхальская, Г.Слівінскі. В.Сташэўскі, А.Шаляўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ МАСТА́ЦКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР (МХАТ). Засн. ў 1898 К.Станіслаўскім і У.Неміровічам-Данчанкам як Маскоўскі Мастацкі тэатр
(МХТ) з аматараў Т-ва мастацтва і л-ры і выхаванцаў Муз.-драм. вучылішча Маск. філарманічнага т-ва. З 1919 акадэмічны, з 1932 імя М.Горкага. Ажыццявіў праграму абнаўлення т-ра, у т. л. рэпертуару, акцёрскага мастацтва, рэжысуры. Першы спектакль — «Цар Фёдар Іаанавіч» А.Талстога (1898). Творчую накіраванасць т-ра вызначылі пастаноўкі наватарскіх п’ес А.Чэхава («Чайка», 1898; «Дзядзька Ваня», 1899; «Тры сястры», 1901; «Вішнёвы сад», 1904) і М.Горкага («Мяшчане», «На дне», абодва 1902). Першую трупу склалі акцёры В.Кліпер-Чэхава, І.Масквін, М.Ліліна, М.Андрэева, А.Арцём, У.Меерхольд і інш.; пазней у трупу ўвайшлі В.Качалаў, Л.Леанідаў. Сярод лепшых спектакляў МХТ «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1906),
«Сіняя птушка» М.Метэрлінка (1908), «Месяц у вёсцы» І.Тургенева (1909), «Гамлет» У.Шэкспіра (1911), «Прытворна хворы» Мальера (1913) і інш. У студыях МХТ (1-я з 1913, з 1924 — Маскоўскі Мастацкі тэатр другі; 2-я студыя з 1916; 3-я — з 1920; 4-я — з 1921) падрыхтоўка акцёраў ажыццяўлялася паводле Станіслаўскага сістэмы. У 1920-я г. са студый і інш. тэатраў у трупу прыйшлі акцёры В.Андроўская, М.Балдуман, М.Баталаў, А.Георгіеўская, Б.Дабранраваў, Н.Зуева, М.Кедраў, А.Ктораў, Б.Ліванаў, П.Масальскі, М.Прудкін, В.Сганіцын, А.Сцяпанава, А.Тарасава, В.Тапаркоў, М.Тарханаў, М.Хмялёў, К.Яланская, М.Яншын і інш.; рэжысёры Б.Вяршылаў, М.Гарчакоў, І.Судакоў. У 1920—40-я г. ставіліся п’есы М.Булгакава, У.Іванава, К.Транёва, А.Карнейчука, В.Катаева, Л.Лявонава і інш. Новае вытлумачэнне набыла класічная рус. і замежная драматургія. У Вял.Айч. вайну ставіліся п’есы Карнейчука, К.Сіманава, А.Крона. Сярод спектакляў 1950—60-х г. — «Плады асветы» Л.Талстога, «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера, «Залатая карэта» Лявонава, «Мілы лгун» Дж.Кілці і інш. У 1960-я г.т-р знаходзіўся ў крызісе. З 1970 гал.рэж. А.Яфрэмаў. Пастаўлены п’есы «Апошнія» М.Горкага (1971), «Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка (з А.Васільевым, 1973), «Іванаў» (1976), «Чайка» (1980) і «Дзядзька Ваня» (1985) Чэхава, а таксама п’есы А.Гельмана, М.Рошчына, М.Шатрова, А.Мішарына. У т-ры працавалі І.Смактуноўскі, А.Калягін, Т.Дароніна, А.Папоў, А.Мягкоў, Т.Лаўрова, Я.Еўсцігнееў, К.Васільева, А.Табакоў і інш. У 1980-я г.найб. значныя спектаклі пастаўлены рэжысёрамі А.Эфрасам, Л.Додзіным, М.Разоўскім, К.Гінкасам і інш. У 1987 т-р падзяліўся на 2 трупы: пад маст. кіраўніцтвам Яфрэмава (з 1989 МХАТ імя Чэхава) і Даронінай (МХАТ імя М.Горкага). На Беларусі працавалі рэжысёры МХАТ: І.Раеўскі (пастаноўкі ў бел. т-рах імя Я.Коласа і Я.Купалы), Судакоў (гал.рэж.Бел.т-ра імя Я.Купалы ў 1952—55). З 1923 існуе музей МХАТ. З 1943 працуе Школа-студыя імя Неміровіча-Данчанкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІГАЗНА́ЎСТВА,
навука пра кнігу як з’яву культуры і яе бытаванне ў грамадстве. У вызначэнні К. існуе некалькі падыходаў: як комплексная грамадская навука пра кнігу і кніжную справу, якая вывучае працэсы стварэння, распаўсюджвання і выкарыстання твораў пісьменства і друку; як комплекс адносна самаст. дысцыплін (тэорыі і арганізацыі кнігавыдання, кнігагандлю, бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства і інш.); як асобная вузкаспецыяльная навука пра гісторыю кнігі і тэорыю яе грамадскіх дачыненняў. Сінонімамі К. ў розныя часы былі тэрміны «бібліялогія», «бібліягнозія», «бібліясофія». У кнігазнаўчых даследаваннях гіст. кірунку вылучаюць гісторыю пісьма, рукапіснай кнігі (кадыкалогія), друкаванай кнігі, гісторыю мастацтва кнігі і бібліяфільства. Сярод дапаможных гісторыка-кніжных дысцыплін — палеаграфія, археаграфія, крыніцазнаўства, філіграналогія (гл.Вадзяныя знакі), бібліяпегія (вывучэнне пераплётаў) і інш.
Пачынальнікам К. лічаць аўстр. бібліёграфа М.Дэніса, які адзін з першых ужыў тэрмін «К.». Яго погляды развілі аўстр. і франц. спецыялісты кніжнай справы 18 ст. У Расіі першымі тэарэтыкамі К. былі В.С.Сопікаў, В.Р.Анастасевіч, М.М.Лісоўскі, А.М.Лавягін, М.А.Рубакін, М.М.Куфаеў. У 1894—96 у Маскве выдаваўся штомесячны час. «Книговедение». Уздым К. пачаўся ў канцы 1950-х г. Праблемамі К. займаецца ЮНЕСКА (з 1982 выдае серыю «Даследаванні пра кнігу і чытанне»).
На Беларусі зараджэнне К. цесна звязана з развіццём пісьменства. Гуманістычную ролю кнігі абгрунтоўвалі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Аўрамій Смаленскі. Мэтам дэмакратызацыі і ўзвышэння кнігі, яе эстэтычнай прыгажосці, зразумеласці і даступнасці служыў Ф.Скарына. У прадмовах, пасляслоўях, каментарыях да сваіх выданняў Скарына і яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі, браты Мамонічы, друкары брацкіх друкарняў высока ўзнялі кніжную справу Беларусі, сцвердзілі значнасць бел. кніжнасці ў агульным рэчышчы еўрап. Адраджэння. Кнігазнаўчая праца праводзілася ў Віленскай акадэміі, калегіумах, буйных манастырскіх і прыватных бібліятэках. Многія з прадстаўнікоў магнацкіх родаў Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Алелькавічаў, Зяновічаў, Храптовічаў і інш. выдатна разумелі значэнне кнігі ў адукацыі і культуры. Добрае веданне юрыд. л-ры свайго часу Л.Сапега выкарыстоўваў пры ўкладанні і рэдагаванні Статута ВКЛ 1588. Кнігазнаўчы кірунак мелі вопісы бібліятэк. Вопіс б-кі Слуцкага Троіцкага манастыра 1494 — першы з вядомых на Беларусі. У аналагічным вопісе б-кі Супрасльскага манастыра 1557 улічана і часткова апісана афармленне 211 кніг, у т. л. каваных золатам, серабром і інш. У 19 ст. развіццё К. на Беларусі звязана з Віленскім ун-там і дзейнасцю ў ім І.Лялевеля, які ў працах «Дзве бібліяграфічныя кнігі» (т. 1—2, 1823—26) і «Гісторыя бібліятэк» (1827) асвятляў тэарэт. пытанні К. як комплекснай навукі пра кнігу. У 1829 А.М.Багаткевіч чытаў у Віленскім ун-це фактычна першы ў Рас. імперыі курс К. У 19 ст. вялася работа па апісанні бел. старадрукаў, стварэнні каталогаў прыватных і грамадскіх бібліятэк, кнігарняў (П.А.Гільтэбрант, Ф.М.Дабранскі, А.І.Мілавідаў, С.Л.Пташыцкі, Р.А.Зямкевіч і інш.). Асобныя аспекты K. і гісторыі стараж.бел. кніжнасці разглядаліся ў працах П.У.Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына. Яго пераклады, друкаваныя выданні, і мова» (1888) і Я.Ф.Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У 1920-я г. на ніве бел. К. працавалі Ю.І.Бібіла, Дз.І.Даўгяла, М.В.Мялешка, У.І.Пічэта, М.М.Шчакаціхін, Б.І.Эпімах-Шыпіла. Многія працы выходзілі за межамі БССР, у т. л. «Матэрыялы да крыўскай гісторапісі: Доля кнігасховаў і архіваў зямель крыўскіх і беларускіх Вялікага княства Літоўскага» А.Шлюбскага (Коўна, 1925), «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» В.Ю.Ластоўскага (Коўна, 1926) — першая вял. анталогія па гісторыі бел. кніжна-літаратурнага і дакументальнага пісьменства 10 — пач. 19 ст. У БССР у 1926 выйшла калектыўнае даследаванне «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925». У 1926—29 у Мінску працавала Беларускае таварыства бібліяфілаў, якое выдала першую ў БССР працу аб кніжных знаках (кніга Шлюбскага «Exlibris’ы А.Тычыны», 1928). У цяперашні час пытанні К. распрацоўваюць б-кі: Нацыянальная Беларусі, Цэнтр.-навук.АН Беларусі, Прэзідэнцкая, БДУ, Нац. кніжная палата Беларусі, Бел.ун-т культуры, кафедры гуманітарнага профілю ВНУ. Шмат зрабілі ў галіне К. вучоныя С.Х.Александровіч, М.Б.Батвіннік, Г.Я.Галенчанка, А.П. і В.П.Грыцкевічы, Л.І.Збралевіч, А.К.Каўка, Г.В.Кісялёў, У.М.Конан, Ю.А.Лабынцаў, А.В.Мальдзіс, Я.Л.Неміроўскі, М.В.Нікалаеў, С.А.Падокшын, Т.І.Рошчына, І.В.Саверчанка, В.У.Скалабан, В.А.Чамярыцкі, В.Ф.Шматаў, Я.Я.Янушкевіч і інш. Артыкулы па К. друкуюцца ў штогодніку «Пытанні бібліяграфазнаўства і бібліятэказнаўства» (выдаецца з 1980). Значны абагульняльны і канкрэтна-гіст. матэрыял па К. сістэматызаваны ў фундаментальных выданнях, тэматычных зборніках і манаграфіях, прысвечаных 500-годдзю Скарыны: «Біблія Скарыны» (факс. выд., т. 1—3, 1990—91), «Францыск Скарына і яго час: Энцыкл.давед.» (1988), «Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказ. л-ры» Неміроўскага і Л.А.Осіпчыка (1990), «Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» Галенчанкі (1993) і інш. Выдатны ўзор вынікаў працы бел. кнігазнаўцаў — выданне да 400-годдзя зацвярджэння Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 (1989). У наш час даследаванне важных праблем К. суправаджаецца выхадам адпаведных серый кнігазнаўчых выданняў. Вызначэнню зместу паняццяў «нацыянальны дакумент», «кніжная спадчына Беларусі» і інш.тэарэт. пытанням прысвечана серыя «Здабыткі: Дакументальныя помнікі Беларусі», рэстытуцыі кніжных каштоўнасцей — серыя «Вяртанне», міжнар. славяназнаўчай праграме «Гісторыя кніжнай культуры Падляшша» — аднайм. серыя, комплексным праблемам культуры і гісторыі — серыя «Беларусіка=Albaruthenica». Выходзяць серыі: «З гісторыяй на «Вы», «Скарыніч: Літ.-навук. гадавік», «Шляхам гадоў: Гіст.-літ.зб.». Пошукам кнігалюбаў і лёсу асобных рарытэтаў прысвечана выданне «Свіцязь: Альманах бібліяфілаў Беларусі» (1989). Пытанні гісторыі кніжнай справы на Беларусі асвятляюцца ў выданнях суседніх краін: «Друкары старажытнай Польшчы з XV да XVIII ст. Сш. 5. Вялікае княства Літоўскае» (1959), «400 гадоў рускага кнігадрукавання» (1964), «Украінская кніга» (1965), «Слоўнік дзеячаў польскай кнігі» (1972), «Кнігазнаўства: Энцыкл. слоўнік», «Гісторыя кнігі Літвы: Паказ. л-ры, 1659—1982» (абодва 1982). У бел. замежжы кнігазнаўчыя даследаванні вялі Бел.бібліягр. служба (Германія), Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, даследчыкі М.Панькоў, М.Вакар, Л.Акіншэвіч, В.Тумаш (С.Брага), А.Надсон, В. і З.Кіпелі, Я.Запруднік, А.Ружанец-Ружанцоў і інш.Найб. значныя працы — «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства» (т. 1, Мюнхен; Лондан, 1974—75; т. 2, Кліўленд, 1978) А.Калубовіча, «Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI—XX» (Нью-Йорк, 1989) Тумаша.
Створаны ў 1920 у Мінску як Бел.дзярж.т-р (БДТ). З 1926 наз. Першы бел.дзярж.т-р (БДТ-1). 21.12.1944 прысвоена імя Я.Купалы, у 1955 — званне акадэмічнага, са снеж. 1993 сучасная назва. Адкрыўся 14.9.1920 спектаклямі: «Рысь» паводле апавядання «У зімовы вечар» Э.Ажэшкі (бел. трупа), «Людзі» («Мэншн») Шолама-Алейхема (яўр.), «Вяселле» А.Чэхава (рус.). З 1922 т-р замацаваны за бел. трупай, што склалася пераважна з удзельнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, традыцыі якога прадаўжаў арганізатар т-ра Ф.Ждановіч. Важная роля ў станаўленні калектыву належыць Е.Міровічу, які спалучаў дзейнасць рэжысёра-пастаноўшчыка з вучэбна-выхаваўчай і пед. работай. Выхаванае ім першае пакаленне майстроў сцэны — В.Галіна, Г.Глебаў, Г.Грыгоніс, І.Ждановіч, У.Крыловіч, К.Міронава, В.Пола, Б.Платонаў, Л.Ржэцкая, У.Уладамірскі — садзейнічала фарміраванню нац. акцёрскай школы. Да 1928 у складзе т-ра існавалі балетная і оперная трупы. У 1920-я г. аснову рэпертуару т-ра складала бел. драматургія. Былі пастаўлены п’есы «Паўлінка» (першы паказ 17.9.1920) і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Апошняе спатканне», «Залёты дзяка», «Ганка» і «Бязвінная кроў» У.Галубка, «Чорт і баба», «Манька» і «Адам і Ева» Ф.Аляхновіча. Ставіліся таксама творы В.Дуніна-Марцінкевіча, К.Каганца, К.Буйло, Л.Родзевіча, Ц.Гартнага, В.Гарбацэвіча, М.Грамыкі, М.Ільінскага. Найб. значнымі ў творчасці т-ра 1-й пал. 1920-х г. былі створаныя на фалькл. матэрыяле спектаклі «На Купалле» М.Чарота, «Машэка», «Каваль-ваявода» і гіст. драма «Кастусь Каліноўскі» Міровіча, якія вызначаліся рамант. афарбоўкай, яркім паказам нар. побыту. Акрамя бел. былі папулярнымі творы ўкр. (М.Крапіўніцкі, М.Старыцкі, І.Катлярэўскі), рус. (М.Горкі, Чэхаў, У.Караленка), польск. (Ажэшка) і франц. (пераважна Мальер) аўтараў. У 2-й пал. 1920 — пач. 1930-х г. рэпертуарная палітыка т-ра апынулася пад ідэалаг. уціскам з боку афіц. улад. У 1926 забаронены спектакль «Тутэйшыя» Я.Купалы. Вял. шкоду т-ру нанеслі ганенні і рэпрэсіі, якім падвяргаліся рэжысёры Міровіч і Ф.Ждановіч, арт. А.Крыніца, драматургі Грамыка, Р.Кобец і інш. Калектыў вымушаны быў адмовіцца ад ранейшай разнастайнай тэматыкі і ставіць пераважна тагачасныя творы на рэв. тэму з завастрэннем іх класавай сутнасці: «Мяцеж» Дз.Фурманава і С.Паліванава, «Браняпоезд 14—69» У.Іванава, «Перамога», «Запяюць верацёны» і «Лён» Міровіча, «Мост» Я.Рамановіча, «Міжбур’е» Дз.Курдзіна, «Гута» Кобеца. З прыходам у т-ррэж. Л.Літвінава спектаклі сталі больш тэатральнымі. Этапнай стала яго пастаноўка «Бацькаўшчына» К.Чорнага, дзе манум. эпічнасць спалучалася з ёмістасцю сцэн. характараў. У 1930-я г. калектыў т-ра дасягнуў творчай сталасці. Высокай пастановачнай культурай, выдатным акцёрскім ансамблем адметныя сцэн. творы «Апошнія» М.Горкага, «Скупы» Мальера Плённа супрацоўнічаў т-р з бел. драматургамі: З.Бядуляй, М.Клімковічам, Э.Самуйлёнкам. Асобнае месца належала драме «Партызаны» і сатыр. камедыі «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, дзе была зроблена спроба сродкамі сатыры паказаць дэфармацыю грамадства. У гады Вял.Айч. вайны т-р працаваў у Томску (Расія). Пастаноўкі «Фронт» А.Карнейчука, «Рускія людзі» К.Сіманава вызначаліся актуальнай праблематыкай, публіцыстычнасцю, грамадз. пафасам. Ставіліся таксама «Паўлінка» Я.Купалы, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Позняе каханне» А.Астроўскага і інш. Пасля вяртання ў Мінск (4.10.1944) гал. ўвагу т-р накіраваў на асэнсаванне падзей Вял.Айч. вайны. На сцэне ішлі творы К.Крапівы, К.Губарэвіча, А.Кучара. Найб. значны спектакль пра Вял.Айч. вайну — «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона (Дзярж. прэмія СССР 1948). Асн. месца ў рэпертуары т-ра першых пасляваен. дзесяцігоддзяў займалі тагачасныя сав. п’есы. На творчасць т-ра паўплывала т.зв. тэорыя бесканфліктнасці з характэрнай для яе нівеліроўкай складанасцей і супярэчнасцей характараў і канфліктаў. Сярод найб. значных спектакляў гэтага перыяду «Мілы чалавек» і «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (Дзярж. прэмія СССР 1952), «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка, «Крылле» Карнейчука, «У добры час» В.Розава, «На крутым павароце» Губарэвіча, «Дабракі» Л.Зорына, «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Нора» Г.Ібсена, «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета.
У 1960-я г. ў т-ры адбываўся складаны працэс змены пакаленняў, назіраўся пошук у галіне сцэн. выразнасці. Ставіліся пераважна п’есы маральна-этычнай праблематыкі (Макаёнка, А.Дзялендзіка, П.Васілеўскага, С.Алёшына). Прыкметнай з’явай у жыцці т-ра сталі спектаклі «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе, «У мяцеліцу» Л.Лявонава, «Дзівак» Назыма Хікмета і «Што той салдат, што гэты» — першая паспяховая спроба асвоіць эстэтыку драматургіі Б.Брэхта. Глыбокае вытлумачэнне атрымалі творы рус. класікі: «Жывы труп» Л.Талстога, «На ўсякага мудраца хапае прастаты» і «Апошняя ахвяра» Астроўскага, «На дне» М.Горкага. Адметнай падзеяй стала інсцэнізацыя рамана І.Мележа «Людзі на балоце», якая вызначалася драматызмам, высокай паэтыкай нар. драмы. У 1970—80-я г.т-р на чале з рэж. В.Раеўскім працягваў пошукі новых выяўл. сродкаў выразнасці. Лепшым сцэн. творам уласціва сучасная эстэтыка з паглыбленнем у вобразна-асацыятыўную стыхію твора, акрэсленая канцэптуальнасць, яркая тэатральнасць. Гал. месца ў рэпертуары займалі творы бел. драматургаў. Разнастайныя праблемы сучаснасці і мінулага ўзнімаліся ў пастаноўках «Начное дзяжурства» Дзялендзіка, «Амністыя» і «Мудрамер» (Дзярж. прэмія Беларусі 1988) М.Матукоўскага, «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» і «Пагарэльцы» Макаёнка, «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Парог» і «Вечар» А.Дударава і інш.Т-р імкнуўся па-новаму паказаць падзеі Вял.Айч. вайны. У спектаклях «Апошні шанц» В.Быкава, «Эшалон» М.Рошчына, «Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава, «Трыбунал» Макаёнка, «Радавыя» Дударава (Дзярж. прэмія СССР 1985) раскрывалася жахлівая амаральнасць вайны, гучаў філас. роздум над праблемамі чалавечага быцця. Для пастановак гэтага перыяду характэрна метафарычнасць, сімволіка з паглыбленай псіхалагічнасцю акцёрскага выканання (спектаклі «У ноч зацьмення месяца» М.Карыма, «Характары» паводле В.Шукшына, «Гульня з кошкай» І.Эркеня, «Святая святых» І.Друцэ, «Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера). Сучаснае гучанне набылі пастаноўкі класічных твораў: «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Рэвізор» М.Гогаля, «Бура» Шэкспіра. У 1990-я г. ўзрастае цікавасць т-ра да бел. класікі і нац. гісторыі. Класічныя спектаклі «Тутэйшыя» Я.Купалы (Дзярж. прэмія Беларусі 1992) і «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча на асацыятыўным узроўні насычаюцца набалелымі праблемамі сучаснасці. Пастаноўкі «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева, «Звон — не малітва» Чыгрынава, «Князь Вітаўт» Дударава па-мастацку асэнсоўваюць рэальныя гіст. падзеі ў шчыльнай узаемасувязі з духоўнай, побытавай, прыроднай, этнагр.нар. традыцыяй. У гэты перыяд калектыў паспяхова засвойвае эстэтыку т.зв.т-ра абсурду: «Эмігранты» і «Чароўная ноч» С.Мрожака, «Віват, імператар!» («Крэслы») Э.Іанеска, «Крывавая Мэры» Дз.Бойкі. Сярод інш. пастановак 1990-х г.найб. значныя «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата, «Смех лангусты» Дж.Марэла, «Лес» Астроўскага, «Смерць Кандзіда Тарэлкіна» А.Сухаво-Кабыліна, «Вечны Фама» Бутрамеева паводле Ф.Дастаеўскага, «Касцюмер» Р.Харвуда, «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» Міровіча, «Дагарэла свечачка...» А.Петрашкевіча, «Трыстан ды Ізольда» С.Кавалёва, «Восеньская саната» І.Бергмана. Лепшыя спектаклі т-ра адметныя нац. самабытнасцю, філас. асэнсаваннем бел.нар. характару, псіхал. праўдай, рэаліст. накіраванасцю, сцэн. культурай. Пры т-ры працавалі студыі: у 1945—48 (маст. кіраўнік Міровіч, з 1946 — Літвінаў), у 1956—58 і 1967—69 (маст. кіраўнік Л.Рахленка). З 1984 пры т-ры працуе Малая сцэна.
У фарміраванні творчага аблічча т-ра адметную ролю адыгралі нар. артысты СССР Глебаў, У Дзядзюшка, Г.Макарава, П.Малчанаў, Платонаў, Рахленка, Ржэцкая, З.Стома, У.Уладамірскі, М.Яроменка, нар. артысты Беларусі С.Бірыла, М.Бялінская, Г.Грыгоніс, П.Дубашынскі, І.Ждановіч, П.Кармунін, Р.Кашэльнікава, Пола, В.Філатаў, І.Шаціла, засл. артысты Беларусі Т.Аляксеева, Крыловіч, Міронава. Значны ўклад у творчасць т-ра зрабілі засл. артысты Беларусі А.Бараноўскі, А.Дзянісаў, П.Іваноў, В.Краўцоў, Б.Кудраўцаў, П.Пекур, Б.Уладамірскі, М.Федароўскі, Р.Філіпаў (нар.арт. Расіі), С.Хацкевіч, Э.Шапко, Л.Шынко, Б.Янпольскі, арт. Ю.Авяр’янаў, Б.Дакальская, Т. і У.Кін-Камінскія, А.Уладамірскі і інш., рэжысёры В.Галаўчынер, Л.Мазалеўская, М.Пінігін. У т-ры ставілі спектаклі Р.Агамірзян, А.Андросік, М.Зораў, Б.Луцэнка, М.Міцкевіч, І.Папоў, І.Раеўскі і інш. У розныя гады т-р узначальвалі: маст. кіраўнік Ф.Ждановіч (1920—21), Міровіч (1921—25, 1926—31), М.Папоў (1925—26), Літвінаў (1932—37), Рахленка (1937—43), Глебаў (1943—48), Платонаў (1961—63), В.Раеўскі (з 1973); гал. рэжысёры К.Саннікаў (1948—52), І.Судакоў (1952—55), Рахленка (1955—57), Я.Простаў (1958—60), В.Броўкін (1960—62), Г.Шчарбакоў (1962—64), Б.Эрын (1964—68), Ц.Кандрашоў (1969—72); мастакі А.Марыкс (1922—29, 1934—39), І.Ушакоў (1939—52), гал. мастакі В.Галубовіч (1958—62), А.Грыгар’янц (1962—76), Б.Герлаван (з 1976).
У складзе трупы (2000): нар. артысты СССР Г.Аўсяннікаў, С.Станюта, В.Тарасаў, нар. артысты Беларусі Арлова, В.Белахвосцік, З.Браварская, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, М.Захарэвіч, А.Мілаванаў, А.Памазан, Г.Талкачова, засл. артысты Беларусі Г.Бальчэўская, З.Белахвосцік (засл. арт.Аўт. Рэспублікі Крым), Ф.Варанецкі, Г.Давыдзька, М.Зінкевіч, З.Зубкова, Я.Кавалёва, Н.Качаткова, М.Кірычэнка, У.Кудрэвіч, Г.Маляўскі, В.Манаеў, Т.Нікалаева, А.Падабед, У.Рагаўцоў, А.Рынковіч, артысты А.Гарцуеў, М.Громава, І.Дзянісаў, А.Долгая, А.Ельяшэвіч (засл. арт.Аўт. Рэспублікі Крым), А.Іваннікава, С.Краўчанка, Я.Кульбачная, А.Лабуш, А.Луцэвіч, С.Некіпелава, В.Няфёдава, В.Паўлюць, Н.Піскарова, Т.Пузіноўская, В.Рэдзька (засл. арт.Аўт. рэспублікі Крым), А.Сідарава, І.Усовіч, Г.Фёдарава і інш.; маст. кіраўнік — нар.арт. Беларусі В.Раеўскі, гал. мастак — нар. мастак Беларусі Герлаван, рэж. У.Савіцкі.
Будынак т-ра ўзведзены ў 1890 (гл.Мінскі гарадскі тэатр).
Літ.:
Некрашэвіч А. Беларускі першы дзяржаўны тэатр, 1920—1930. Мн., 1930;
Рамановіч Я. Першы тэатр: Кароткі нарыс. Мн., 1946;
Бутаков А.И. Искусство жизненной правды: Театр имени Янки Купалы в 20—30-х гг.Мн., 1957;
Няфёд У. Беларускі акадэмічны тэатр імя Я.Купалы. Мн., 1970;
Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;
Бушко Т. Святло незабыўных імгненняў. Мн., 1985;
Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт.Мн., 1985;
Театр и жизнь: Некоторые пробл. театр. процесса в Белоруссии 70—80-х гг.Мн., 1989;
Тэатральная Беларусь: Спецвып., прысвеч. 75-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. 1995. №5.
Т.Я.Гаробчанка.
Будынак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Кулалы.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Трыбунал» А.Макаёнка.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэны са спектакляў: 1 — «Вечны Фама» У.Бутрамеева; 2 — «Касцюмер» Р.Харвуда; 3 — «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата; 4 — «Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча; 5 — «Князь Вітаўт» А.Дударава; 6 — «Тутэйшыя» Я.Купалы.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Паўлінка» Я.Купалы.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Радавыя» А.Дударава.