электрычная сінхронная машына, якая працуе ў генератарным рэжыме. Мех. энергія, якая пераўтвараецца С.г. у энергію пераменнага току, падаецца на ротар ад першаснага рухавіка — турбіны, рухавіка ўнутр. згарання і інш. С.г. з прыводам ад паравой або газавай турбіны наз.турбагенератарам, з прыводам ад гідраўл. турбіны — гідрагенератарам. Генератары дызельных электрастанцый прыводзяцца ў дзеянне дызельным рухавіком. Адрозніваюць 1- і 3-фазныя С.г. агульнапрамысл. і спец. прызначэння. Магутнасць да 1 ГВт і вышэй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДРАБНЯ́ЛЬНІК КАРМО́Ў,
машына для здрабнення кармоў перад скормліваннем с.-г. жывёле. Ёсць здрабняльнікі грубых кармоў (саломы, сцёблаў кукурузы і да т.п.), караняплодаў, бульбы, зялёнай масы, сіласу і інш. Здрабненне робіцца рэжучымі дыскамі, барабанамі з нажамі, малатковымі ротарамі і інш. Для здрабнення кармоў выкарыстоўваюць таксама драбілкі (зерня, саломы, сена, кукурузы ў пачатках), саломасіласарэзкі, каранярэзкі, цёркі і інш. машыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТА́НДЭР (ад франц. détendre аслабляць),
машына для ахаладжэння газаў шляхам іх расшырэння з аддачай знешняй работы. Бываюць поршневыя (падобныя да кампрэсара або паравой машыны) і турбінныя (актыўныя ці рэактыўныя турбадэтандэры). Выкарыстоўваюцца ў прамысл. устаноўках для звадкавання газаў (азоту, кіслароду, гелію і інш. з нізкай т-рай кіпення), раздзялення газавых сумесей метадам глыбокага ахаладжэння, у крыягенных рэфрыжэратарах, у некаторых сістэмах кандыцыянавання паветра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАЛАКАПА́ЛЬНІК, канавакапальнік,
машына для пракладкі і рамонту асушальных і арашальных каналаў, канаў, траншэй, кюветаў і інш. Бываюць з актыўнымі (ротар, фрэза), пасіўнымі (плуг, адвал) і камбінаванымі рабочымі органамі. Пашыраны К. з капіруючай фрэзай, двухфрэзерныя, шнэкаротарныя, адвальна-ротарныя, плужныя.
Складаюцца з базавай машыны (трактар, самаходнае шасі) і рабочых органаў, якія навешваюцца ззаду або збоку К. з капіруючай фрэзай і двухфрэзерныя з гусенічнымі рухачамі высокай праходнасці выкарыстоўваюць на пераўвільготненых тарфяніках, двухротарныя і шнэкаротарныя — на мінер. грунтах з высокай нясучай здольнасцю. Адвальна-ротарныя і плужныя — універсальнага выкарыстання, імі ў асн. пракладваюць каналы невял. глыбіні. К. з актыўнымі (ратацыйнымі) рабочымі органамі ствараюць папярочны профіль канала з роўнымі адхонамі Фрэзерныя пракладваюць каналы глыб. 0,5—2 м у балотна-тарфяных грунтах, ротарныя — глыб. да 2 м у шчыльных грунтах, плужныя — глыб. 0,4—1,2 м. К. з камбінаванымі рабочымі органамі пракладваюць за адзін праход канал глыб. да 3 м, планіруюць дно і адхоны. На Беларусі некаторыя тыпы К. створаны ў СКБ «Меліярмаш», Цэнтр.НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, на Мазырскім з-дзе меліярац. машын.
І.І.Леановіч.
Схемы каналакапальнікаў: а — двухфрэзернага (1 — трактар, 2 — зачышчальнае прыстасаванне з планіруючым адвалам, 3 — фрэза); б — прычапнога плужнага (1 — трактар, 2 — цягавая рама, 3 — плуг з адваламі і бермаачышчальнікамі, 4 — апорнае кола, 5 — хадавое кола); е — шнэкаротарнага (1 — шнэк, 2 — ротар, 3 — канвеер).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАВА́Я ЎСТАНО́ЎКА,
комплекс абсталявання для бурэння свідравін. Асн. часткі: буравая вышка, сілавы прывод, вярчальнік (ротар), лябёдка, помпы, прыстасаванні для падрыхтоўкі і ачысткі прамывачных вадкасцей, пускарэгулявальная і кантрольна-вымяральная апаратура. У горнай справе буравыя ўстаноўкі наз.буравымі станкамі.
Бываюць: вярчальныя (найб. пашыраныя), ударныя, вібрацыйныя і інш.; электрычныя, дызельныя і гідраўлічныя; стацыянарныя (бурэнне нафтавых, газавых і глыбокіх геолагаразведачных свідравін), перасоўныя (у т. л. плывучыя для бурэння на вадзе, геолагаразведачныя і для буд. работ і інш.), самаходныя (гусенічныя або колавыя; бурэнне ўзрыўных свідравін) і пераносныя (пошукавае бурэнне ў цяжкадаступных раёнах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНХРО́ННАЯ МАШЫ́НА,
звычайна 3-фазная электрычная пераменнага току машына, у якой вуглавыя скорасці вярчэння магн. поля і ротара аднолькавыя і кратныя частаце эл. току. Выкарыстоўваюцца ў прамысл. вытв-сці, энергетыцы і інш.
Асн. часткі: статар з абмоткай пераменнага току і ротар з абмоткай узбуджэння (сілкуецца пастаянным токам ад спец. ўзбуджальніка або праз выпрамнікі). Работа С.м. засн. на ўзаемадзеянні магн: поля, якое ствараецца абмоткай узбуджэння, з пераменным токам у абмотцы статара. Падзяляюцца на сінхронныя генератары, сінхронныя электрарухавікі і сінхронныя кампенсатары (працуюць у рэжыме рухавіка без нагрузкі на вал, выкарыстоўваюцца для павышэння магутнасці каэфіцыента і рэгулявання напружання ў канцы ці ў прамежкавых пунктах ЛЭП; гл. таксама Кампенсатар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬБАКАПА́ЛКА,
машына для выкопвання бульбы, аддзялення яе ад зямлі і бацвіння. Бываюць: элеватарнага, грохатнага і шпурляльнага тыпаў; двух- і аднарадковыя; з пасіўнымі падкопвальнымі лемяшамі, актыўным падкопвальным ротарам і камбінаваныя. Пасля бульбакапалкі клубні падбіраюцца ўручную.
Бульбакапалка элеватарнага тыпу маюць прутковыя элеватары, якія разрыхляюць і прасейваюць глебу, а клубні і бацвінне скідваюць на зямлю. У шпурляльных бульбакапалках лямеш падкопвае радок, а ротар падхоплівае выкапаную масу і ўкладвае яе на поле. Прадпрыемствы Беларусі («Лідсельмаш») выпускаюць бульбакапалкі элеватарнага і шпурляльнага тыпаў, навясныя і паўнавясныя, двухрадковыя. Розныя іх мадыфікацыі (КТН-2В, Л-262, КТН-1Б і інш.) прыстасаваны да работы на розных тыпах глебаў, у т. л. камяністых і пераўвільготненых. Агрэгатуюцца з трактарамі «Беларусь». Прадукцыйнасць 0,4—0,9 га/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬСІ́Н (англ. selsyn ад англ. self сам + грэч. synchronos адначасовы),
электрычная пераменнага току машына, прызначаная для сінхроннага вярчэння вала якога-н. механізма ў адпаведнасці з вуглавым перамяшчэннем інш. вала, механічна не звязанага з першым.
Паводле прынцыпу дзеяння з’яўляецца паваротным трансфарматарам, у якога пры вярчэнні ротара адбываецца плаўная змена ўзаемнай індуктыўнасці паміж яго абмоткамі — аднафазнай першаснай (абмоткай узбуджэння) і трохфазнай другаснай (абмоткай сінхранізацыі). Звычайна выкарыстоўваецца сельсінная перадача з С.-датчыка і С.-прыёмніка, якія электрычна звязаны так, што пры павароце ротара С.-датчыка, механічна звязанага з паварочвальным валам, сінфазна і сінхронна з ім паварочваецца ротар С.-прыёмніка. Выкарыстоўваецца ў сістэмах сачэння і дыстанцыйнага вымярэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ВАНДРО́ЎНЫ ТЭА́ТР БССР.
Існаваў у 1929—35 з асн. базай у Мінску. Створаны з удзельнікаў тэатр. гуртка польскай моладзі пры клубе імя Р.Люксембург. З 11.7.1932 называўся Дзярж. польскі тэатр БССР імя 11 ліпеня; меў стацыянарную базу ў будынку Чырвонага касцёла. Маст. кіраўнік Э.Багінскі, з 1933 Я.Танальскі. У першыя гады пры т-ры працавалі кароткатэрміновыя драм. курсы. Напачатку ў рэпертуары пераважалі аднаактовыя п’есы, скетчы, канцэртныя праграмы. Сярод пастановак: «Недаростак» Дз.Фанвізіна (1931), «Армія міру» Ю.Нікуліна (1932), «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай (1933), «Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава, «Гібель эскадры» А.Карнейчука (абедзве 1934), «Карчмарка» К.Гальдоні, «Сям’я Варанцоў» В.Кавальскага (абедзве 1935). Сярод акцёраў І.Багінская, Ю.Галавач, В.Окалаў, А.Ротар, З.Стома, К.Стэцкі, К.Мацкевіч, В.Татаржыцкая, В.Тышкевіч, І.Худніцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЯ ТЭО́РЫЯў матэматыцы,
раздзел алгебры, што вывучае матэм. палі (гл.Пале ў матэматыцы).
У матэматычнай фізіцы П.т. вывучае адлюстраванні мностваў каардынат прасторы і часу на адпаведныя мноствы функцый. Пры гэтым кожнаму пункту прасторы ў зададзены момант часу ставяцца ў адпаведнасць адна ці некалькі функцый — адна- ці многакампанентныя функцыі поля. Змены ў прасторы і часе функцый поля апісваюцца дыферэнцыяльнымі ўраўненнямі — ураўненнямі поля, рашэнні якіх вызначаюць выразы функцый поля. П.т. павінна задавальняць патрабаванні інварыянтнасці адносна пераўтварэнняў універсальнай сіметрыі прасторы і часу, што забяспечваецца за кошт выкарыстання функцый з пэўнымі трансфармацыйнымі ўласцівасцямі пры пераходзе ад адной інерцыяльнай сістэмы адліку да другой. У адпаведнасці з гэтым вызначаюцца скалярныя (1-кампанентныя), вектарныя (3- і 4-кампанентныя), тэнзарныя і інш. палі. З дапамогай аперацыі дыферэнцавання ўводзяцца матэм. характарыстыкі палёў — градыент (для скалярнага поля), дывергенцыя і ротар (для вектарнага поля).