ГОД,

прамежак часу, блізкі па працягласці да перыяду абарачэння Зямлі вакол Сонца. У астраноміі вылучаюць: сідэрычны (зорны) год, які адпавядае аднаму бачнаму абароту Сонца па нябеснай сферы адносна нерухомых зорак, складае 365,2564 сярэдніх сонечных сут; трапічны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі цэнтра Сонца праз пункт веснавога раўнадзенства (365,2422 сут); анамалістычны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі Сонца праз перыгей яго бачнай геацэнтрычнай арбіты (365,2596 сут); драканічны год — час, за які Сонца вяртаецца да таго ж (узыходнага і сыходнага) вузла арбіты Месяца на экліптыцы (346,620 сут); працягласць гэтых гадоў прыведзены для 1900; каляндарны год мае 365 сут для звычайных гадоў і 366 сут для высакосных гадоў; месячны год роўны 12 сінадычным месяцам (у сярэднім 354,367 сут).

т. 5, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕН-ЖОН ПЕРС [Saint-John Perse; сапр. Лежэ (Léger) Алексі; 31.5.1887, в-аў Гвадэлупа, Францыя — 20.9.1975],

французскі паэт, дыпламат. Атрымаў адукацыю ў Бардо і Парыжы. У 1916—40 на дыпламатычнай рабоце. Друкаваўся з 1909. У творчасці імкнуўся да эпічнасці, нац. традыцый. Форма верша С.-Ж.П. — версэ (верш, які запісваўся прозай і пабудаваны ў духу традыц. франц. метрыкі). Апяваў свет прыроды, нац. традыцыі Усходу (паэма «Анабасіс», 1924). Адзін з натхняльнікаў Руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну (цыклы вершаў «Выгнанне», 1942; «Вятры», 1946). У паэмах «Арыенціры» (1957), «Птушкі» (1963), «Песня раўнадзенства» (1971), «Засуха» (1974) і інш. абарона актыўнай грамадз. пазіцыі, пошукі шляху ў аднаўленні нац. велічы Францыі. Нобелеўская прэмія 1960.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1996.

Літ.:

Балашов Н.И. Сен-Жон Перс // История французской литературы. М., 1963. Т. 4.

Сен-Жон Перс.

т. 14, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́БАТАЎ Леанід Васілевіч (н. 23.3.1950, г, Рэчыца Гомельскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.маст. ін-т (1981). З 2000 заг. аддзела, з 2003 дырэктар Рэсп. маст. галерэі. Працуе ў галіне манум.-дэкар. і станковага жывапісу. Аўтар маст. вырашэння станцыі метро «Няміга» (1987), размалёвак «Купалле» для рэстарана «Папараць-кветка» ў г. Маладзечна (1983), Дома шлюбу Цэнтральнага р-на Мінска (1989). Гал. формаўтваральныя кампаненты пластычна багатых жывапісных кампазіцый — колер і рытм: «Фамільная чаша», «Вершнік», «Патаемныя сустрэчы», «Доўгі шлях» (усе 1989), «Расставанне» (1990), «Выкраданне Еўропы», «Прыкметы ночы» (абедзве 1991), «Купальшчыцы», «Ва ўвесь голас» (абедзве 1992), «У палоне ў дзеў», «Сустрэча», «Лёс», «Чаканне», «Знак» (усе 1993), «Паданне», «Скрозь вякі», «Прыма», «Пачатак» (усе 1994), «Раўнадзенства» (1997), «Фуга ў чырвоным», «Трыумф белага», «Плынь» (усе 1998), «Праекцыя 7 частак», «Абуджэнне», «Праламленне» (усе 1999), «Марына» (2000), «Агонь» (2002) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

Л.Хобатаў. Марына. 2000.

т. 17, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РМАНАЎ Андрэй Дзімітраў (17.6.1932, в. Яварава Варненскай акругі, Балгарыя — 15.5.1981),

балгарскі паэт-перакладчык. Засл. дз. культ. Балгарыі (1977). Скончыў Сафійскі ун-т (1955). Друкаваўся з 1951. Любоў да чалавека працы, пранікненне ў яго псіхалогію, філас. асэнсаванне з’яў і супярэчнасцей жыцця, гарманічнае спалучэнне формы і зместу — асноўнае ў зб-ках паэзіі «Парасткі» (1959), «Рабочы цягнік» (1962), «Раўнадзенства» (1965), «Ператварэнні» (1968), «Астравы» (1972), «Каменная зямля» (1975), «Выбуховая зона» (1977), «Другія чатырохрадкоўі» (1980) і інш. Пераклаў на балг. мову шэраг твораў Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, П.​Броўкі, А.​Вярцінскага, Н.​Гілевіча (у зб-ках «Выбраныя вершы», 1962; «Беларускія паэты», 1971), Р.​Барадуліна, В.​Вярбы, А.​Грачанікава, А.​Куляшова, М.​Танка і інш. На бел. мову творы Германава перакладалі Танк, Барадулін, Г.​Бураўкін, Вярцінскі, Гілевіч, Грачанікаў, А.​Разанаў, У.​Паўлаў і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Касцёр на вяршыні: Выбр. лірыка. Мн., 1975.

т. 5, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБІ́ТА ў астраноміі,

траекторыя руху нябеснага цела ў касм. прасторы. У найпрасцейшым выпадку прыцягненне двух целаў, адно з іх рухаецца адносна другога паводле Кеплера законаў па кеплеравай (няўзбуранай) арбіце, што мае форму эліпса, у фокусе якога знаходзіцца цэнтр. цела S.

Арбіта цела ляжыць у нязменнай плоскасці, што праходзіць праз пачатак каардынат (цела S). Лінія SN перасячэння плоскасці арбіты з асн. каардынатнай плоскасцю (плоскасцю экліптыкі) наз. лініяй вузлоў. Няўзбураную арбіту вызначаюць элементы: i — нахіл арбіты да плоскасці экліптыкі і Ω — даўгата ўзыходнага вузла (становішча арбіты ў прасторы); a — вял. паўвось і e — эксцэнтрысітэт (памеры і форма арбіты); w — вуглавая адлегласць перыцэнтра П ад узыходнага вузла (становішча арбіты ў яе плоскасці); T — момант праходжання цела праз перыцэнтр. Адхіленні рэальнай арбіты ад кеплеравай наз. ўзбурэннямі (гл. Узбурэнні нябесных целаў). Для вызначэння элементаў узбурэнняў арбіце неабходны сістэматычныя назіранні (астраметрыя, радыёлакацыя, аптычная лакацыя).

Эліптычная арбіта планеты P у прасторы: S — Сонца; П — перыгелій; N — узыходны вузел. Вось SX накіравана ў пункт веснавога раўнадзенства.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСНА́,

пара года і пераходны кліматычны сезон паміж зімой і летам. У астраноміі — перыяд ад дня веснавога раўнадзенства да летняга сонцастаяння (з 21 сак. да 22 чэрв. ў Паўн. паўшар’і, з 23 вер. да 22 снеж. ў Паўднёвым). Паводле календара веснавыя месяцы ў Паўн. паўшар’і сакавік, красавік, май, у Паўд. — вер., кастр., лістапад. Паводле феналагічных з’яў падзяляюць на раннюю вясну, ажыўленне і разгар вясны. На Беларусі за пачатак вясны прымаецца дата пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C, за канец — праз 10 °C у бок павышэння. На ПдЗ вясна пачынаецца ў 1-й дэкадзе сак., на ПнУ у канцы сак., заканчваецца адпаведна ў канцы крас., пач. мая. Ва ўмераных шыротах, у т. л. на Беларусі, характарызуецца ўзмацненнем цыкланічнай дзейнасці, павышэннем у гадавым ходзе сярэднясутачных т-р паветра, поўным вызваленнем зямной паверхні ад снегавога покрыва, крыгаломам і разводдзем на рэках, пачаткам вегетацыі і цвіцення раслін, прылётам птушак з выраю, пачаткам пашавага перыяду ў жывёлагадоўлі і інтэнсіўных палявых работ у раслінаводстве і агародніцтве.

т. 4, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМА́,

пара года, кліматычны сезон паміж восенню і вясной. У астраноміі — перыяд ад дня зімовага сонцастаяння да веснавога раўнадзенства (з 22 снеж. да 21 сак. ў Паўн. паўшар’і, з 22 чэрв. да 23 вер. ў Паўднёвым). Паводле календара зімовыя месяцы ў Паўн. паўшар’і снежань, студзень, люты, у Паўд. — чэрв., ліп., жнівень. На тэр. Беларусі пачаткам З. як клімат. сезона лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C у бок паніжэння, за канец — праз 0 °C у бок павышэння. На ПнУ З. пачынаецца ў 2-й дэкадзе ліст., на ПдЗ у канцы ліст., заканчваецца адпаведна ў канцы сак., у 2-й дэкадзе сакавіка. Устойлівае снегавое покрыва ўстанаўліваецца на працягу снеж. і трымаецца ад 75 на ПдЗ да 125 дзён на ПнУ. На тэр. Беларусі З. вызначаецца адмоўным радыяцыйным балансам, узмоцненай атмасфернай цыркуляцыяй, пахмурным надвор’ем, туманамі, мяцеліцамі, частай зменай марозных і адлігавых перыядаў, спыненнем вегетацыі раслін, спячкай або анабіёзам у многіх відаў жывёл.

т. 7, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТА пара года, кліматычны сезон паміж вясной і восенню. У астраноміі — перыяд ад дня летняга сонцастаяння да асенняга раўнадзенства (з 22 чэрв. да 23 вер. ў Паўн. паўшар’і, з 22 снеж. да 21 сак. ў Паўднёвым). Паводле календара летнія месяцы ў Паўн. паўшар’і чэрвень, ліпень, жнівень, у Паўд. — снеж., студз., люты. Працягласць Л. як кліматычнага і феналагічнага сезона скарачаецца ад нізкіх шырот да высокіх. У экватарыяльным поясе Л. ў кліматычным разуменні цягнецца ўвесь год, у субтропіках — каля 5 месяцаў, ва ўмераным поясе — каля 3 месяцаў, у палярных шыротах не больш як 1—2 месяцы. На тэр. Беларусі Л. пачынаецца з пераходу сярэдняй сутачнай т-ры паветра вышэй за 14 °C у 2—3-й дэкадах мая. Паводле феналагічных з’яў вылучаюць пачатак Л., поўнае Л., спад Л. На летні сезон прыпадае больш за палавіну гадавой працягласці сонечнага ззяння і сонечнай радыяцыі. Л. характарызуецца паслабленнем цыкланічнай дзейнасці, дастаткова высокімі т-рамі паветра, вады, паверхні глебы, бесперапыннай вегетацыяй раслін.

т. 9, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМАНО́ВІЧ Давід Рыгоравіч (н. 26.6.1932, г. Нароўля Гомельскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1955). Працаваў настаўнікам, у газ. «Віцебскі рабочы», у 1961—94 на Віцебскім абл. тэлебачанні. Друкуецца з 1948. Піша на рус. мове. Першая кніга паэзіі — «Вясновая казка» (1959). У паэт. зб-ках «Чэрвень-рака» (1962), «Раўнадзенства» (1966), «Мінуты» (1969), «Станцыя трывогі і любові» (1972), «Пісьмо табе» (1975), «Сустрэчныя цягнікі» (1978), «Сілуэты дзён» (1981), «Верасні» (1990) памяць мінулай вайны, роздум пра сённяшні дзень, філас. асэнсаванне мінулага і сучаснага. Кнігі нарысаў і эсэ «Падарожная Аляксандра Пушкіна» (1977), «Праз даль часоў» (1984) пра вядомых людзей, чые жыццёвыя і творчыя шляхі праходзілі праз Беларусь. Піша для дзяцей (зб-кі вершаў «Чароўны луг», 1959; «Зялёны конік», 1968). Аўтар тэлеп’ес «Якаў Свярдлоў» (паст. 1963), «Восеньскі букет. І.​Рэпін у Здраўнёве» (паст. 1964), сцэнарыяў тэлефільмаў. Перакладае на рус. мову творы бел. паэтаў. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку.

Тв.:

Избранное. Мн., 1995;

Солнечный хмель. Мн., 1982;

Имею честь принадлежать. Витебск, 1999;

Душа за облако цеплялась...: Лирика любви. Витебск, 2001;

Мой Шагал, или Полет любви: Стихи, переводы Витебск, 2001.

т. 14, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

zrównanie

н. ураўнаванне, зраўнаванне, раўнаванне;

zrównanie w prawach — раўнаванне ў правах;

zrównanie dnia z nocą — раўнадзенства

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)