«МИ́НСКАЯ РЕЧЬ»,

грамадска-паліт. і літ. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 3(16)1 да 2(15)11.1906 у Мінску штодзённа на рус. мове. Выдавец — Мінскі губ. к-т апекі нар. цвярозасці. Падтрымлівала палітыку ўрада ў справе паліт. стабілізацыі дзяржавы і абароне інтарэсаў Расіі. Друкавала пастановы ўрада і губернатара П.​Р.​Курлова, апраўдвала курлоўскі расстрэл 1905 у Мінску, крытыкавала «яўрэйска-польскі блок» і кадэтаў за паліт. і культ.-нац. патрабаванні. Адмаўляла права народаў Расіі на самавызначэнне, атаясамлівала нацыю з дзяржавай, даказвала несумяшчальнасць адчужэння прыватнай уласнасці і ваяўнічага бязбожжа з дэмакратыяй, правасвядомасцю і гуманізмам. Адмоўна ставілася да творчасці М.​Горкага і драматургіі Л.​Андрэева. Не атрымала шырокай падтрымкі ў рас. грамадстве. Пераемніцай яе стала газ. «Минское слово».

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАЧАРКА́СКІЯ ПАДЗЕ́І 1962, Новачаркаскі расстрэл,

узброенае задушэнне 2 чэрв. стыхійных мітынгаў і дэманстрацый (1—3 чэрв.) рабочых г. Новачаркаск Растоўскай вобл. (Расія). Рабочыя пратэставалі супраць павышэння цэн на прадукты харчавання (мяса, малако, масла і інш.) на 25—30%, абвешчанага 31.5.1962 пры амаль адначасовым зніжэнні расцэнак аплаты працы. У ходзе аперацыі па «навядзенні парадку» з удзелам войск Паўн.-Каўк. ваен. акругі забіты 23 чал., 39 паранены. Потым адбыліся масавыя арышты. Па Н.п. было ўзбуджана 57 крымін. спраў, па якіх асуджана 114 чал. Вярх. суд РСФСР 14 чал. прызнаў арганізатарамі хваляванняў; 7 чал. прыгавораны да расстрэлу, астатнія да пазбаўлення волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў. Выступленні супраць павышэння цэн адбыліся ў шэрагу інш. прамысл. цэнтраў СССР.

Літ.:

Мардарь И. Хроника необъявленного убийства. Новочеркасск, 1992.

т. 11, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1848,

паўстанне 12—17 чэрв. насельніцтва Прагі супраць абсалютысцкага рэжыму аўстр. Габсбургаў. кульмінацыйны пункт рэвалюцыі 1848—49 на чэш. землях. Непасрэднай падставай для паўстання стаў расстрэл 12 чэрв. аўстр. войскамі мірнай дэманстрацыі гараджан. Студэнты, рабочыя, рамеснікі і інш. пабудавалі барыкады і вялі баі з аўстр. гарнізонам. Паўстанне не мела агульнага плана і кіруючага цэнтра. Асобныя кіраўнікі (І.​Фрыч, Л.​Штур, М.А.Бакунін і інш.) спрабавалі надаць П.п. агульначэш. характар: у правінцыю былі пасланы рэв. агітатары. З 13 чэрв. чэш. лібералы Ф.Палацкі, П.І.Шафарык і інш. выступалі пасрэднікамі паміж пражцамі і аўстр. камандаваннем, аднак перагаворы паўстанцаў (патрабавалі стварэння Часовага ўрада, чэш. гал. ваен. камандавання і інш.) з пасланай з Вены ў Прагу ўрадавай камісіяй былі сарваны камандуючым аўстр. гарнізонам кн. А.​Ф.​Віндышгрэцам. 17 чэрв. пасля артыл. абстрэлу Прага капітулявала, многія ўдзельнікі П.п. рэпрэсіраваны.

т. 12, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў Ілія (9.6.1903, г. Разград, Балгарыя — 1975),

балгарскі жывапісец і графік. Нар. маст. Балгарыі (1963). Герой Сац. Працы (1967). Акад. Балгарскай АН. Вучыўся ў АМ у Сафіі (1921—26; з 1941 яе праф.) і Мюнхене (з 1926). Творы вызначаюцца суровай экспрэсіяй вобразаў, лаканізмам кампазіцыі, стрыманасцю і напружанасцю каларыту: партрэты жанчыны (1941) і дзіцяці (1942), карціны «Партызаны ў дзеянні» (1947), «Гітарыст» (1951), «Мастак» (1952), «Расстрэл» (1954), «Салдацкі бунт каля Добрага-Поля ў 1818 г.» (1956—58), «Партызанская песня» (1959), серыя малюнкаў «Выпрабаванні» (1938), цыкл гравюр, прысвечаных Вераснёўскаму паўстанню 1923 у Балгарыі і грамадз. вайне ў Іспаніі (1936—39) і інш. Аўтар манум. размалёўкі «Дзевятае верасня» ў кінатэатры «Дзімітр Благоеў» у Сафіі (1947). Працаваў таксама як скульптар. Дзмітраўская прэмія 1953, 1961, 1971.

Літ.:

Божков А. Илия Петров. София, 1972.

І.Я.Пятроў.
І.Пятроў. Беспрацоўныя. З серыі «Выпрабаванні». 1938.

т. 13, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЗЕР Абрам Маркавіч (1892, Кішынёў — 1942),

бел. скульптар, жывапісец і графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1940). Скончыў Кішынёўскае маст. вучылішча (1910), вучыўся ў Парыжскай АМ (1912—14). Удзельнік выставак «Асенні салон» у Парыжы (1913), «Свет мастацтваў» у Петраградзе (1916). Выкладаў у Віцебскім маст.-практычным ін-це (1918—23), у Мінску. Яго скульптурныя работы вызначаюцца глыбінёй вобразных характарыстык, экспрэсіўнасцю: помнік-бюст І.​Г.​Песталоці ў Віцебску (1919—20, не захаваўся), партрэты К.​Маркса (1920), Ф.​Скарыны (1925), С.​М.​Міхоэлса (1926), М.​М.​Галадзеда (1931), М.​Б.​Голуба (1940), барэльефы да помніка Ф.​Э.​Дзяржынскаму (г. Дзяржынск Мінскай вобл., 1933). Сярод жывапісных твораў аўтапартрэт (1918), нацюрморты, партрэты Ю.​Пэна (1921), У.​І.​Галубка (1931), карціны «Расстрэл у Дукоры ў 1920 г.» (1928) і інш. У 1930-я г. выканаў шэраг графічных работ, у т. л. партрэты пісьменнікаў М.​Лынькова, З.​Бандарынай, К.​Чорнага, П.​Броўкі, Я.​Купалы, Я.​Коласа і інш. Загінуў у фаш. канцлагеры.

Літ.:

Очерки по истории изобразительного искусства Белоруссии. М.; Л., 1940;

Орлова М. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960.

П.​М.​Герасімовіч.

А.Бразер. С.​М.​Міхоэлс. 1926.

т. 3, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІФЕ́СТ 17 КАСТРЫ́ЧНІКА 1905 «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку», маніфест рас. імператара Мікалая II ад 30 (17 па старым стылі) кастр. 1905. Выдадзены (тэкст падрыхтаваны С.Ю.Вітэ) у час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі пад націскам Кастрычніцкай Усерасійскай палітычнай стачкі 1905. Абяцаў насельніцтву «непахісныя асновы грамадзянскай свабоды», у т. л. недатыкальнасць асобы, свабоду сумлення, слова, сходаў і саюзаў, амністыю паліт. вязням, пашырэнне выбарчага права ў Дзярж. думу. Абвяшчэнне М. суправаджалася масавымі дэманстрацыямі і мітынгамі ў многіх гарадах Рас. імперыі, у т. л. ў Віцебску, Полацку, Мінску (расстраляны войскамі, гл. Курлоўскі расстрэл 1905). Выданне маніфеста і акты новага рас. ўрада (паліт. амністыя, адмена папярэдняй цэнзуры друку і інш.) упершыню ў гісторыі Расіі стварылі перадумовы для легальнай паліт. дзейнасці. Ліберальная апазіцыя (прадпрымальнікі, памешчыкі, чыноўнікі, б.ч. інтэлігенцыі) палічыла мэты рэвалюцыі ў асн. дасягнутымі і пачала арыентавацца на заканадаўчую дзейнасць у Думе. Завяршылася фарміраванне партый канстытуцыйных дэмакратаў, «Саюз 17 кастрычніка» (гл. Акцябрысты) і інш. Левыя паліт. сілы (бальшавікі, эсэры, анархісты) выступалі за працяг рэвалюцыі да поўнай ліквідацыі самадзяржаўя і феад. перажыткаў.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДНЫ ЗВОН»

(«Narodny zwon»),

газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдаваўся з 7.12.1926 да 28.3.1927 у Вільні на бел. мове лацінкай. Выходзіла 2 разы на месяц. Мела падзагаловак «Сялянска-работніцкая газета». Адстойвала сац. і нац. інтарэсы бел. народа. Заклікала да згоды і еднасці праваслаўных і католікаў, да барацьбы за зямлю, дэмакр. самаўрады, у якія б уваходзілі бел. прадстаўнікі, выступала за школу на роднай мове, супраць непамерных падаткаў і сістэмы асадніцтва ў Зах. Беларусі. Прапагандавала ў завуаліраванай форме ідэі сацыялізму, праграмныя і тактычныя ўстаноўкі БСРГ, пісала пра забастовачны рух, дэманстрацыі, вызваленне палітвязняў, рэпрэсіі супраць бел. паслоў, пра Косаўскі расстрэл 1927 і інш. Значную ўвагу надавала дзейнасці Т-ва бел. школы. Інфармавала пра культ. будаўніцтва ў БССР у час беларусізацыі, культ.-грамадскі рух беларусаў у інш. краінах. Друкавала творы Я.​Коласа, М.​Васілька, Я.​Маланкі і інш., артыкулы І.​Дварчаніна пра Я.​Коласа, С.​Яцвяга пра каляндарныя земляробчыя святы і інш. Выйшла 8 нумароў, 6 канфіскаваны. Закрыта паводле пастановы Віленскага акруговага суда.

С.​В.​Говін.

т. 11, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРКУ́РАЎ Сяргей Дзмітрыевіч (7.11.1881, г. Гюмры, Арменія — 8.6.1952),

расійскі скульптар-манументаліст. Нар. маст. СССР (1943). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Вучыўся ў Мюнхенскай АМ (1902—05). Да 1909 працаваў у Парыжы. З 1929 чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. З 1944 дырэктар музея выяўл. мастацтваў у Маскве. У ранні перыяд пад уплывам мадэрну творчасці была ўласціва ўзнёслая сімвалічнасць, часам стылізацыя вобразаў (статуя Ф.​Дастаеўскага, 1911—13, устаноўлена ў 1918 у Маскве, і інш.). Пасля 1917 працаваў у больш акад. манеры, удзельнічаў у ажыццяўленні плана манументальнай прапаганды. У творах, якія вызначаліся маналітнасцю аб’ёмаў і статычнасцю кампазіцый, імкнуўся да ўвасаблення ў вобразах вял. грамадскага зместу. Сярод работ: партрэт С.​Г.​Шаўмяна (1929), статуя У.​Леніна на канале імя Масквы (1937), гарэльеф «Расстрэл 26 бакінскіх камісараў» (1924—46, устаноўлены ў 1958 у Баку), скульпт. група «Смерць правадыра» (1927—47, устаноўлена ў 1958 у г.п. Горкі Ленінскія Маскоўскай вобл.), помнікі К.​Ціміразеву ў Маскве (1922—23), Шаўмяну ў Ерэване (1931), Ф.​Дзяржынскаму ў Валгаградзе (1932) і ў Дзяржынску (Расія, 1948), А.​Пушкіну ў Магнітагорску (1949) і інш. Рабіў пасмяротныя маскі дзярж. дзеячаў і дзеячаў культуры. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1951.

С.Мяркураў. Партрэт С.​Г.​Шаўмяна. 1929.

т. 11, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАШЭ́ЎЦЫ,

удзельнікі паліт. гуртка М.В.Петрашэўскага, які існаваў у Пецярбургу ў 1845—49. Мэта — барацьба супраць самадзяржаўя і прыгону. Сярод П. былі дваране і разначынцы: М.А.Спешнеў, Ф.М.Дастаеўскі, А.​В.​Ханыкаў, Дз.​Дз.​Ахшарумаў, М.​А.​Мамбелі, М.​С.​Кашкін і інш. Паліт. погляды П. неаднародныя, але большасць з іх ненавідзела царызм, схілялася да утапічнага сацыялізму, рыхтавалася да надыходу сял. рэвалюцыі. На сходах, т.зв. «пятніцах» Петрашэўскага, абмяркоўваліся пытанні вызвалення сялян з зямлёю без выкупу, замены самадзяржаўя дэмакр. рэспублікай, увядзення адкрытага суда і суда прысяжных, свабоды друку, рэв. прапаганды перадавых сац.-паліт. ідэй у шырокім асяроддзі. Многія П. стаялі на пазіцыях матэрыялізму, былі атэістамі, вялі барацьбу з афіц. ідэалогіяй. У апошні перыяд сваёй дзейнасці П. намагаліся стварыць тайнае т-ва са сваёй праграмай і тактыкай, адкрыць падп. друкарню. 5.5.1849 П. арыштаваны. Да следства прыцягнуты 123 чал., 21 чал. прыгавораны да расстрэлу. Пасля абраду падрыхтоўкі да пакарання смерцю 3.1.1850 была зачытана царская канфірмацыя, паводле якой расстрэл заменены ссылкай на катаржныя работы і ў арыштанцкія роты на розны тэрмін. У 1856 П. амнісціраваны і да пач. 1860-х г. усе (акрамя Петрашэўскага, які да канца жыцця заставаўся ў ссылцы) адноўлены ў грамадз. правах.

Літ.:

Лейкина-Свирская В.Р. Петрашевцы. М., 1965;

Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982.

К.​Л.​Патаенка.

т. 12, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЯ́ЎКА,

вёска ў Клецкім р-не Мінскай вобл., каля р. Нача, на скрыжаванні аўтадарог на Клецк, Ганцавічы, Слуцк, Івацэвічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Клецк, 144 км ад Мінска. 1728 ж., 714 двароў (2001). Мэблевая ф-ка, лесаапр. цэх, філіял дарожна-рамонтнага ўпраўлення. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — паштовая станцыя (1-я пал. 19 ст.).

Вядома з канца 15 ст. ў складзе Клецкага княства. З 1552 Мястэчка, уласнасць каралевы Бонь; Сфорца, у 1568—1690 у Клецкай ардынацыі кн. Радзівілаў. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Слуцкага пав. Мінскай губ. З 19 ст. адзін з цэнтраў вытв-сці ганчарных вырабаў (гл.Сіняўская кераміка). У 1886 у С. 144 ж., 24 двары, валасная ўправа. 2 царквы, сінагога, яўр. малітоўны дом, школа, паштовая станцыя, 7 крам, у 1905 каля 500 ж. З 29.7.1920 у Нясвіжскім пав. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Клецкага р-на. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі летам 1941 стварылі тут гета, у якім у чэрв. 1942 правялі масавы расстрэл яўрэяў (загінула каля 700 жыхароў вёскі). У 1962—66 у Нясвіжскім р-не.

т. 14, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)