Ра́па ’парог, камяністы выступ на дне ракі’ (Скарбы), ’груды замёрзлай на дарозе гразі’ (Сцяшк. Сл.), рапы (rappy) мн. л. ’рачныя парогі ў гаворцы плытнікаў’ (Кольб.), ра́па, рапа́ ’чырвоная неўрадлівая глеба’ (драг., Нар. лекс.), рапы́на ’жвір’ (кам., ЛА, 2), ра́пісты ’няроўны’ (Сцяшк. Сл.), рапова́тый ’камяністы (пра зямлю)’ (кам., Жыв. НС). Няясна; магчыма тут аб’яднаны, незалежна ад фармальнай і семантычнай блізкасці, розныя па паходжанні лексемы. Параўн. славен. rápa ’складка на скуры, маршчына’, rapína ’няроўнае месца’, rapȋnje ’складчатая зямная паверхня’, н.-луж. ropa ’складка, маршчына’, для якіх Сной (гл. Бязлай, 3, 151) прапануе вывядзенне з прасл. *korpa ’няроўная паверхня’ (параўн. курапарапуха’, гл.), што дапускала варыянтнасць пачатку слова з *xr‑ (гл. хра́па ’замёрзлая гразь на дарозе’, параўн. Астроўскі, ABSl, 29, 152), *vr‑ (гл. варо́паўка ’зялёная жаба’), *gr‑ (параўн. балг. грапа ’няроўнасць; воспіна’), *r‑ (параўн. укр. ра́павий, рапа́тий ’няроўны, нягладкі’). Махэк₂ (698) і Шустар-Шэўц (2, 1236) за зыходнае прымаюць прасл. *vorpa (гл. варапаха ’жаба’). Хутчэй за зыходную трэба прыняць форму з *r‑ з першасным значэннем ’нешта няроўнае, зацвярдзелае’, што можа ўзыходзіць да і.-е. *rap‑/*rep‑/*rop‑ са значэннем ’хватаць’, параўн. рус. схватиться ’застыць, зацвярдзець’, да якіх Варбат (Этимология–1986–1987, 58) адносіць польск. дыял. rapa, rapka ’лапа ў птушак і дробных жывёл з кіпцямі’, rapéc ’лапа, капыт’, гл. таксама ра́піна, рапо́тка. З іншых паралеляў можна прывесці макед. рапа ’паглыбленне з вадой, ямка’, да якога Відоескі (Геогр. терм., 132) далучае тапонімы Ра́па ’поле ў гарах’, Ра́пата ’камяністы ўзгорак’, а таксама балг. ра́па, серб.-хара ра̏па, рум. rîpa, арум. arîpa ’нізінка ў гарах’ і інш. Няясныя адносіны да польск. rapa, rafa ’падводны камень’ (< ням. Riff, Брукнер, 452) і рус. ро́па́к ’заледзянелыя каменні на беразе мора, ледзяныя таросы’, ро́пас, ро́паса́ ’куча каменняў; таросы; нагрувашчанне льдзін на беразе’ (з саамскай і фінскай моў, гл. Фасмер, 3, 501–502; Мызнікаў, Рус. гов. Обон., 332–334), а таксама балг. ро́па (“з няясным о”, гл. БЕР, 6, 322), серб.-харв. rȕpa ’яма, вір’, якія Скок (3, 173) параўноўвае з літ. raupýti, ruõpti ’калупаць’ і лічыць кантамінаванымі балтаславянска-ілірафракійскімі формамі.

Рапа́ ’вада з высокай канцэнтрацыяй солей, што выкарыстоўваецца ў лячэбных мэтах’ (ТСБМ), ’салёная вада’ (ПСл), ропа́ ’расол (у мясе); выдзяленні з раны’ (Мат. Гом., Сл. Брэс.), ра́па (Сл. ПЗБ). Гл. ро́па.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́ба1 ’земнаводная жывёліна’ (ТСБМ). Рус., укр., балг., макед. жаба, польск. żaba, чэш., славен. žába, серб.-луж. žaba, палаб. zobo ’жаба, рапуха’. Ст.-слав. жаба ’жаба’. Прасл. *žaba < *gēbā < і.-е. g​eb(h)‑ ’слізістае, жаба, крот’ (Покарны, 1, 466): ням. Quappe ’апалонік; мянтуз’, ісл. kvap(i) ’жэле, халадзец’, швед. дыял. (s)kvabb ’нешта тлустае’, англ. quab ’балота’, ст.-прус. gabawo ’жаба’ (Тапароў, E–H, 124–127). Фасмер, 2, 31. Міёр. жа́біна ’згустак сопляў’ (Нар. словатв., 162), магчыма, адлюстроўвае не пераноснае значэнне, а старажытную семантыку. Гэта датычыць, магчыма, і жабер ’студзяністыя водарасці’ (Яшкін; гл. жабурынне). Параўн. памор. žaba (побач з ’лягушка’, ’жаба’, ’смоўж’) ’засохшыя соплі’ (Лорэнц, Pomor.). Калі першаснае значэнне ’жывёліна’, не выключана гукапераймальнае паходжанне і.-е. слова (Махэк₂, 721; Скок, 3, 669; Покарны, 1, 466, не ўпэўнена). Гл. Хэмп, Этимология, 1981, 35–37.

Жа́ба2 ’хвароба горла’ (Бяльк., Шат.). Значэнне ’хвароба горла, рота’ вядома ў рус., укр., польск. (Карловіч), чэш., славац., славен., балг., макед., серб.-луж. (у апошніх для формы žabka), таму можа лічыцца агульнаславянскім. Параўн. таксама літ. gẽbenė ’пухір, прышч, высыпка’. Відаць, ад назвы жывёліны (Фасмер, 2, 31). Падобны перанос параўн. у лац. rana ’жаба; нарыў на языку ў жывёліны’, ням. frösch im Halse ці англ. frog in the throat літар. ’жаба ў горле, хрыпата’, тур. kurbaǧacik ’жабяня, запаленне жыл шыі’ (Радлаў, Опыт). Паводле Махэка (Studie, 123), жаба ў народных павер’ях — ведзьма, што прыносіць хваробу. Трэба улічваць яшчэ жабіць ’перагінаць’ (гл.), магчыма, ’сціскаць’ і лац. angina ’ангіна’ ў сувязі з дзеясловам ango ’душыць, сціскаць’. Мяркулава, Этимология, 1963, 72–78.

Жа́ба3 ’дэталь у плузе для прымацавання паліцы і ручак’ (Шатал.), жа́бка ’рэгулятар мельнічных жорнаў’ (Касп., Сцяшк. МГ, Шатал.). Рус., укр., дыял. жа́бка ’тс’; у іншых слав. мовах žaba, žabka таксама абазначаюць розныя ’прылады для прыяднання або замацавання дэталей’ (польск., чэш., славац., славен., серб.-харв., балг.). Улічваючы іншамоўныя тыпалагічныя паралелі (англ. frog ’жаба’, ’засаўка’, узб. бақа, кірг. бака ’жаба’, ’крыжавіна, на якой замацаваны верхні камень жорнаў’ і г. д.), хутчэй за ўсё перанос назвы жывёліны паводле формы і ўяўнай функцыі (быццам жаба трымае, седзячы, тое, што знаходзіцца пад ёю).

Жа́ба4 ’загана ў палатне, калі ўток слаба прыбіты бёрдам’ (Нар. слова, 253; Влад., 210). Чэш. žaba ’тс’ (PSJČ), балг. жаба ’тс’ (БЕР). Прыналежнасць да тэрміналогіі ткацтва, што мае старажытны характар, а таксама фіксацыя ва ўсіх групах слав. моў указваюць на, магчыма, старажытны характар значэння. Ці перанос ад жаба ’непрыемная жывёліна’ або ’загана, выкліканая ўздзеяннем жабы — ведзьмы’, ці непасрэдна звязаны з дзеясловам жабіць (гл.)? Няясна.

Жа́ба5 ’карабатае месца на астрыі касы’ (Жд. 1). Магчыма, звязана з паняццем няроўнасці ці непрыемнасці да жа́ба1 (параўн. жа́ба4) або з карабатасцю да дзеяслова жа́біць (гл.). Але не выключана і сувязь з жа́бры: рус. дыял. жа́бри́, жа́бры ’зазубіны на восцях, вудцы; ніжняя сківіца’ (СРНГ).

Жа́ба6 ’адмоўная назва дзяцей’ (ТСБМ), жабянё, жабу́цька, ’малая жаба, дзіця’ (Шат.), жа́біца, жабу́ха ’рабая, маршчыністая жанчына’ (Нас.). Перанос ад жа́ба1 па падобнасці. Такія пераносы вядомы і іншым слав. мовам. Найбольш замацавана ў чэш. і славац. žaba ’дзяўчынка’ (без адмоўнага адцення).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)