уберагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; пр. убярог, уберагла, ‑ло; заг. уберажы; зак., каго-што.

1. Зберагчы, хаваючы, абараняючы ад каго‑, чаго‑н. [Лабыш:] Я хацеў уберагчы цябе ад розных басякоў і жулікаў і выдаць замуж за чалавека, вартага цябе. Козел. У голасе старога Глушака Ганне пачуўся папрок: не ўберагла [дзіця]! Мележ. [Вера] ў любімай сваёй вопратцы — у адзенні колеру бэж і ў жакетцы з карычневага футра, якія яна ўберагла ад рынку. Мікуліч. // Ахаваць (ад чаго‑н. непрыемнага, небяспечнага, непажаданага). [Галя:] — А на тых жа курортах, кажуць, столькі спакус, што хто яго ведае, ці ўберажэ сябе. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усцерагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; пр. усцярог, усцерагла, ‑ло; заг. усцеражы; зак., каго-што ад каго-чаго.

Зберагчы, захаваць у цэласці. Людзі ў цішы сваіх цёмных і лясных закуткаў думалі, як захаваць мізэрны запас хлеба ад прагавітай [пашчы] вайны, як усцерагчы сваю худобу, каня і іншы набытак ад панскай ненаеднасці. Колас. // Засцерагчы ад чаго‑н. небяспечнага, непажаданага. Усцерагчы ад прастуды дзіця. □ [Ганна Карпаўна:] — Што ж, — кажу, — вядзіце ў хату вашу Маруську. Можа як усцерагу ад нечысцяў... Сіняўскі. Цяпер думкі Гарбачэўскага былі скіраваны на тое, як усцерагчы людзей ад правалу. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

берагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; незак., каго-што.

1. Захоўваць цэлым, не расходаваць. — Можа трошкі віна і знайшлося б, — усміхнулася настаўніца, — але мы яго беражом для раненых. Маўр. // Вельмі эканомна, беражліва расходаваць. Пры другіх абставінах Платон Дулеба і сам арганізаваў бы абстрэл самалётаў, але цяпер трэба было берагчы кожны патрон. Шчарбатаў. // Ашчадна карыстацца якімі‑н. рэчамі, імкнуцца захаваць іх у найлепшым стане. — Ты кнігу беражы, сынок, Прыходзь часцей у госці! Агняцвет.

2. Клапатліва ахоўваць каго‑, што‑н., засцерагаць ад чаго‑н. [Арына] сама любіла і берагла свайго бацьку. Кавалёў. [Маці:] — Хай беражэ цябе ад кулі І ад варожых злых штыкоў Святое пачуццё матулі — Мая бязмежная любоў. Глебка. [Пітолін:] — Неяк раз на зборы перад усімі праводзіў гутарку, як трэба берагчы баявыя традыцыі. Грамовіч. // Захоўваць у памяці, помніць. Берагчы наказ бацькоў.

•••

Берагчы сваю шкуру — клапаціцца, думаць толькі пра сябе.

Берагчы як зрэнку вока — старанна, беражліва захоўваць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зберагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце; пр. збярог, зберагла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Захаваць ад псавання, знішчэння, знікнення і пад. — Ты скажаш камісару, што я сцяг зберагу да прыходу нашых. Гурскі. — Дакументы зберагчы не ўдалося, знішчылі, — уторыў бас. М. Ткачоў. // Не страціць чаго‑н., захаваць (пра стан, пачуцці і пад.). Зберагчы здароўе. □ Лена абяцала зберагчы тое каханне, зберагчы сваю маладосць і дзявочую вернасць. Ваданосаў. // Утрымаць, захаваць (у памяці, у сэрцы). Зберагчы ўспамін. □ Памяць старанна захавае .. [прыгоды] на ўсё жыццё, зберажэ навек. Грамовіч. Пры панах у цямноце жыла ты, Галадала і мерзла ў замець. І жыцця майго першую дату Не змагла зберагчы твая памяць. Арочка.

2. Уберагчы, засцерагчы ад небяспекі, непрыемнасці, смерці. Я знайшоў падкову пад кустом На лясной сцяжынцы выпадкова. Кажуць: да сцяны прыб’еш — і дом Ад няшчасця зберажэ падкова. Непачаловіч. Ноч, густая, як сажа, Зберажэ іх ад куль. Глебка.

3. Ашчадна расходуючы, сабраць, сэканоміць. Зберагчы трохі грошай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцерагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; незак., каго-што.

1. Сачыць за захаванасцю чаго‑н.; вартаваць што‑н. Я, як кажуць, пры выкананні службовых абавязкаў: коней сцерагу, мала што можа быць. Скрыпка. [Маша:] — Аб усім ты [Павел] паклапаціўся... І выйшла, што я толькі кватэру сцерагу. Гроднеў. // перан. Не даваць парушаць, трывожыць што‑н.; ахоўваць. Шмат год, як дубы ўжо Твой [дружа] сон сцерагуць, А я ўсё змірыцца Ніяк не магу. Гілевіч.

2. і з дадан. сказам. Уважліва сачыць, пазіраць за кім‑, чым‑н. [Ліба:] — Я сцерагла, каб у хаце ніхто не стукнуў. Заперла браму. Гартны.

3. Чакаць каго‑н., падпільноўваць. Хто ведае на вайне, дзе каго смерць сцеражэ. Шамякін. / у паэт. ужыв. Белы вус, як снег калядны, Смех хавае неразгадны, Вы ахвяру сцеражэ. Колас.

4. Клапатліва засцерагаць ад чаго‑н. [Змітрок] верна служыў ляснічаму. Ён сцярог яго ад бяды і немачы, паважаў і любіў, як сына... А ляснічы лічыў яго забойцам. Чарнышэвіч. Клёны шумелі панура, Вецер блукаў у галлі. Дрэўца малое ад буры Дбала яны сцераглі. Смагаровіч.

5. Клапатліва аберагаць, захоўваць. Краіна родная мая,.. Высокі твой дзяржаўны лад У сэрцы дбайна сцерагу я. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)