зборнік дакументаў з радавога архіва Сапегаў у Красічыне (каля Перамышля) за 1575—1606. Выдадзены ў 1892 у Львове. Змешчана 625 лістоў (на польск. мове), з іх 279 належалі канцлеру ВКЛ Л.Сапегу. Уключаны таксама эпісталярныя помнікі з нясвіжскага архіва Радзівілаў, бібліятэк Варшавы, Кракава, Пецярбурга. Лісты прысвечаны дзярж.-паліт., адм., гасп. і сямейна-бытавым справам. Ёсць звесткі пра адносіны ВКЛ з Маск. дзяржавай, крымскімі татарамі, запарожскімі казакамі, Польшчай, Англіяй, рымскімі папамі, пра Брэсцкую унію 1596, правасл. брацтвы, палемічнае кнігадрукаванне, паўстанне С.Налівайкі 1595—96 і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ ДЫВАНО́ВАЯ МАНУФАКТУ́РА.
Засн. ў 1752 у прадмесці Нясвіжа Альбе ўладальнікам горада М.К.Радзівілам Рыбанькам як мастацкая майстэрня. У ёй працавала некалькі ткачых (тапісерак) мясц. паходжання. Кожная з іх мела па 4—5 памочніц-дзяўчат, якія пасля навучання таксама станавіліся майстрыхамі. Мяркуецца, што майстэрня была арганізавана для выканання разам з аналагічнай у Мірскім замку (адкрыта ў 1747) задуманай Рыбанькам серыі шпалераў са сцэнамі з гісторыі роду Радзівілаў. У 1757 яшчэ адна майстэрня створана ў Камянцы. У 1762 усе майстэрні пераведзены ў Карэлічы, дзе праца над шпалерамі прадоўжана (гл.Карэліцкія шпалеры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАБІТО́ЎСКІ (Станіслаў) (24.9.1641, в. Ятра Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 1717),
бел. мемуарыст, кальвінісцкі грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Навагрудскім езуіцкім калегіуме. Служыў у Радзівілаў, доўгі час жыў у Слуцку. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам ад навагрудскай шляхты на сесіі Трыбунала ВКЛ. Збераглася вял. эпісталярная спадчына Н. (каля 700 лістоў да розных асоб, у т. л. да польскага паэта З.Морштына). Аўтар змястоўных і падрабязных успамінаў, дзе апісаны падзеі 1682—1700 на Навагрудчыне і Случчыне. Яго мемуары — каштоўная крыніца па гісторыі грамадска-паліт. і прыватнага жыцця Беларусі і Літвы канца 17 ст. Рукапіс мемуараў зберагаецца ў Нац. б-цы ў Варшаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ БАЛЕ́ТНАЯ ШКО́ЛА (Існавала ў 1758—90) (?) у г. Нясвіж Мінскай вобл. Створана М.К.Радзівілам Рыбанькай пры Нясвіжскім тэатры Радзівілаў. Рыхтавала для т-ра артыстаў балета з дзяцей прыгонных. Кіраўнікі: Л.Дзюпрэ (1758—60),
Я.Аліўе (з 1762), А.Лойка (з 1779), Г.Петынеці (з 1780).
У кантракце, заключаным 3.3.1758 з Дзюпрэ на 3 гады, было запісана, што «ён будзе таксама вучыць васьмярых дзяцей і маладых людзей для балета ў тэатры». Першы балет з удзелам навучэнцаў школы — «Балет з Арлекінам». У «Дыярыушы» ад 9.12.1759 адзначана: «упершыню хлопчыкі і дзяўчынкі выконвалі балет, добра ў іх атрымлівалася».
Літ.:
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990. С. 207—223.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЖЫ́НСКІ ((Pierożyński) Леан) (каля 1753—1827),
польскі і бел. акцёр, рэжысёр, антрэпрэнёр. Творчую дзейнасць пачаў як акцёр у Варшаўскім Нац. т-ры (у В.Багуслаўскага). Стваральнік і кіраўнік (1783—84) прыдворнай прафес. трупы Нясвіжскага тэатра Радзівілаў (у рэпертуары, акрамя драм. спектакляў, оперы-буфа «Джаніна і Бернардоне» Д.Чымарозы, «Вясковыя сцэны рэўнасці» Дж.Сарці, оперы «Салдат-чарнакніжнік, або Д’ябальскі пачастунак» Гаэтані, «Фраскатанка» Дж.Паізіела і інш.). Вядомы як перакладчык камедый і оперных лібрэта. У 1795 выступаў у Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл.) і Вільні. Узначальваў гастролі «Кампаніі артыстаў польскай камедыі», якая наведала Украіну, Польшчу. Разглядаў тэатр як сродак эстэт. выхавання, школу грамадзянскіх дабрачыннасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15 — пач. 20 ст. з г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. У 15—16 ст.мясц. майстры выраблялі гаршковую кафлю з круглым, квадратным вусцямі або ў выглядзе чатырохпялёсткавай разеткі. З канца 16 ст. пашырана плоская тэракотавая, паліваная аднатонная (пераважна зялёная) і паліхромная кафля з рэльефным геам., расл., геральдычным, сюжэтнымі і інш. малюнкамі. Паводле тыпаў М.к. канца 16—17 ст. падзяляецца на сценную, вуглавую, паясную, карнізную, «каронкі», «дахоўкі», «гарадкі», медальёны. Кожнаму тыпу адпавядаў пэўны характар дэкору, які ў залежнасці ад месца размяшчэння кафлі на грубцы меў адпаведны сюжэт. Найб. пашыраны сценныя квадратныя кафлі памерамі 20 × 20 і 19 × 19 см з румпай даўж. 7—8 см, аздобленыя расл. і геральдычным арнаментам: выявы стылізаваных лістоў і кветак белага і жоўтага колераў на цёмна-сінім фоне, герб Радзівілаў (на жоўтым фоне аднагаловы цёмна-карычневы арол з распасцёртымі крыламі і шырока расстаўленымі лапамі; вядома каля 10 варыянтаў арла). Паясныя кафлі ўпрыгожвалі рэльефнымі выявамі міфалагічных істот, карнізныя — выявамі на міфалагічныя, расл., рэліг. сюжэты. Кафлі-«каронкі» і «гарадкі» аздабляліся выявамі букетаў, гірляндаў кветак, дубовых лістоў; «дахоўкі» — малюнкам «рыбіна луска». Пашырана выкарыстанне белага, сіняга, цёмна-карычневага, жоўтага, светла-зялёнага колераў. У 18 ст. выраблялі сценную гладкую непаліваную і пакрытую зялёнай (радзей белай) палівай кафлю, У 19 — пач. 20 ст. пашырана аднатонная, пакрытая карычневай або белай палівай кафля, гладкая і з рэльефным малюнкам, у стылі мадэрн.
Я.М.Сахута.
Да арт.Мірская кафля. Паліхромная кафля з раслінным арнаментам. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст.Да арт.Мірская кафля. Паліхромная кафля з выявай герба князёў Радзівілаў. Канец 16 — пач. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТРЭ́Т САРМА́ЦКІ,
від партрэта, характэрны для мастацтва Рэчы Паспалітай, пераважна часоў барока (16—18 ст). Узнікненне звязана з комплексам светапогляду і культуры сарматызму (у бел.-літ. магнатэрыі пераважала паданне пра іх паходжанне ад патрыцыяў Стараж. Рыма). Спалучаў рысы параднага, рыцарскага і труннага (гл.Партрэт пахавальны) партрэтаў і прадстаўлены шырокім спектрам твораў — ад падобных да рэпрэзентатыўных зах.-еўрап. партрэтаў позняга рэнесансу і барока да народна-прымітыўнага мастацтва. У мастацтве Беларусі і Украіны шмат пераймаў ад фармальна-эстэт. асноў іканапісу, што абумовіла плоскаснасць трактоўкі аб’ёмаў, лінеарнасць малюнка, вял. плоскасці яркіх колеравых паверхняў, акцэнтаванне дэкар. элементаў і фактуры каштоўных тканін, адсутнасць святлоценявых эфектаў. Адметныя рысы П.с. — павышаная ўвага да пратакольнай дакладнасці партрэтнай характарыстыкі, адлюстраванне персанажа ў парадным адзенні, пышныя драпіроўкі, спалучэнне паэтычна-ўрачыстай рэтраспектыўнасці вобраза з інфарматыўнымі элементамі (выявы гербаў, атрыбутаў улады ці духоўнага сану, надпісы пра партрэтаванага і інш.). Стваральнікамі П.с. былі пераважна ананімныя цэхавыя мастакі (партрэты Міхаіла Барысавіча, мяжа 16—17 ст.; роду Весялоўскіх, 1630—40-я г.; А.Астроўскага, 1-я пал. 17 ст.; І.Завішы, 1732; Я.Вішнявецкага, 3-я чвэрць 17 ст., і інш.), але захаваліся і імёны некат. жывапісцаў: І.Шрэтэр (працаваў у 1641—85, аўтар партрэта К. і М. Радзівілаў, 1646), Д.Шульц [1615—83; аўтар партрэтаў Радзівілаў (у т. л. Я.Радзівіла, 1612—55) і Пацаў].
Літ.:
Тананаева Л.И. Сарматский портрет: Из истории пол. портрета эпохи барокко. М., 1979;
Хадыка А.Ю., Хадыка Ю.В. Непаўторныя рысы: З гісторыі бел. партрэта. Мн., 1992.
Б.А.Лазука, А.Ю.Хадыка.
Партрэт сармацкі. Партрэт Я.Вішнявецкага. 3-я чвэрць 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ННЫ ТЭА́ТР,
від прыватнага дваранскага т-ра. Быў пашыраны ў Расіі ў канцы 17—19 ст. (П.т. графаў Шарамецевых, князя М.Б.Юсупава, А.Р.Варанцова ў Маскве; С.С.Каменскага ў Арле; Н.Г.Шахаўской ў Ніжнім Ноўгарадзе). На Беларусі П.т. існавалі ў 18—1-й пал. 19 ст. Дзейнічалі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках і сядзібах у спец. памяшканнях ці ў залах палацаў, ратуш і інш.Тэатр. трупы ствараліся з прыгонных сялян; часам у спектаклях выступалі велікасвецкія аматары і прафес. акцёры, інш. раз прыгонныя артысты ўдзельнічалі ў паказах прыватных прафес. тэатраў (гл.Віцебскі балет Піёна). Найб. вядомыя П.т.: Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, тэатр Бжазоўскага ў Матэвушах (пач. 19 ст.), Ружанскі тэатр Сапегаў, Слонімскі тэатр Агінскага, Чарнышова тэатры, Тышкевічавы тэатры. Значную ролю ў гісторыі бел., польск. і рус. мастацтва адыгралі П.т. Радзівілаў (гл.Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла) і Шклоўскі тэатр Зорыча, якія мелі балетна-оперна-драм. трупы, вял. аркестры і капэлы (гл.Прыгонныя аркестры і капэлы), тэатр. будынкі з добра абсталяванай сцэнай і развітой машынерыяй. У т-рах працавалі вядомыя тагачасныя кампазітары і балетмайстры, існавалі школы, у якіх рыхтавалі для т-раў артыстаў (гл.Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза, Слонімская балетная школа, Нясвіжская. балетная шкала, Слуцкая балетная школа). У рэпертуары былі оперы і балеты замежных і рус. кампазітараў, перакладная і арыгінальная драматургія (камедыі Ф.У.Радзівіл, перакладзеныя ёю на польскую мову п’есы Мальера). Своеасаблівай тэатр. з’явай быў у пач. 19 ст. прыгонны цырк Оштарпа ў Дукоры (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.).
Літ.:
Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛІ́ЦКІ (Аляксандр) (8.2.1826, Вільня — 1.6.1893),
літаратар, музычны крытык. Скончыў Харкаўскі ун-т. Меў у Мінску кнігарню (канец 1850 — пач. 1860-х г.), вакол якой групавалася прагрэсіўная інтэлігенцыя. За ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях 1863 сасланы ў Тамбоў. З 1868 жыў у Польшчы. У 1890—93 працаваў у бібліятэцы Радзівілаў у Нясвіжы. Аўтар манаграфіі «Станіслаў Манюшка» (1873), дзе падрабязна паказаў сувязь кампазітара з грамадскасцю Мінска. Паводле ўспамінаў Р.Зямкевіча, пісаў на бел. мове (творы не захаваліся) пад псеўданімам Місцюк (у Я.Карскага — Міншчук). У працы «Нашы памылкі ў размове і пісьме...» (1886) апісаў беларусізмы ў польск. мове. Сябар В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Лучыны (у 1889 аказаў дапамогу ў выданні нарыса паэта «З крывавых дзён»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАЕ́ННЫЯ СПРА́ВЫ КАРАЛЯ́ СТАФА́НА БАТО́РЫЯ»
(«Sprawy wojenne króla Stefana Batornego»),
збор гіст. дакументаў пра ўладаранне Стафана Баторыя. Выдадзены ў 1887 у Кракаве (у серыі «Acta Historica», т. 11). Змешчаны 164 дакументы 1576—85: лісты Баторыя да Радзівілаў, Хадкевічаў; вітанне караля пры яго вяртанні з Лівонскай вайны 1558—82, дыярыушы Я.Збароўскага пра ўзяцце замкаў Веліж, Усвяты і Вял. Лукі, Л.Дзялынскага пра аблогу і ўзяцце Веліжа, Вял. Лук і Завалочча; вальнага сейма ў Варшаве 1581; матэрыялы па перагаворах Баторыя са шведамі ў 1582, яго перапіска з Іванам IV і інш. Дакументы ўзяты з архіўных сховішчаў Польшчы, перадрукаваны з выданняў 16 ст., польск. і рас. археаграфічных выданняў 19 ст.