«МІКІ́ТА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Найб. тыповы варыянт танца апісаў Е.​Раманаў: «Два хлопцы, узяўшыся за процілеглыя канцы палкі, пад музыку, у такт, то адну, то другую нагу спрытна перакідваюць над палкай, быццам бы пералазяць цераз яе. Гэты танец даволі ўтомны і патрабуе спрыту». У Брэсцкай вобл. танцор браў палку (ці качаргу) за адзін канец, а другі апускаў на падлогу і прыпяваючы скакаў цераз яе туды і назад, а потым выконваў вакол качаргі імправізаваны танец. Часам на падлогу клалі 3 палкі паралельна, часам 2 накрыж, і скакалі, танцавалі над імі, стараючыся не зачапіць іх. Выконваецца пад прыпеўкі. Пашыраны па ўсёй Беларусі.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рызыко́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з рызыкай, напоўнены рызыкай. Самая цяжкая ўсё-такі служба ў парашутыстаў-дэсантнікаў. Мужная, смелая. І рызыкоўная. Хомчанка. Доўнар ведаў, што яшчэ маладым інжынерам Пазняк пайшоў на рызыкоўную падпольную работу ў тыле ворага. Дуброўскі.

2. Непрыстойны, двухсэнсоўны. Нявеста сарамліва апускала вочы, калі п’яныя, аўдавелыя маладзіцы спявалі рызыкоўныя прыпеўкі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэнзу́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цэнзуры (у 2, 3 знач.). Цэнзурны нагляд. □ 80‑я гады мінулага стагоддзя былі гадамі жорсткай рэакцыі і лютых цэнзурных ганенняў. «Полымя».

2. Які адпавядае патрабаванням цэнзуры (у 2 знач.). Цэнзурныя матэрыялы. // Прыстойны. А ў другім канцы вуліцы два хлапецкія галасы «гарланілі» не зусім цэнзурныя прыпеўкі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыпе́ўка ’частушка’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк. МГ; швянч., Сл. ПЗБ, ТС), пры́пывка ’тс’ (драг., Сл. ПЗБ), прыпява́йка ’тс’ (Ян.), мн. л. пры́пеўні ’прыпевы’ (Пал., Растарг.); сюды ж перан. мн. л. прыпе́ўкі ’разнастайныя клопаты, выдаткі і іншыя дробязі’ (Нас.), якое разам са смал. припе́вок ’дадатковыя клопаты, выдаткі, работа’ утварае выразна акрэсленую ізаглосу. Рус. припе́вка, припе́вок ’прыпеў, прыпеўка’, польск. przypiewek ’тс’, серб.-харв. прѝпе̑вка ’прыпеўка’. Ад *прыпяваць, параўн. жыць прыпяваючы ’добра жыць, не мець праблем’. Да пець (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пастухо́ўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пастуха, уласцівы яму. Большую ўвагу сярод свайго пастухоўскага брата аддаваў Цімох Яхімаву Юзіку. Колас. Любіць яшчэ пісьменнік вечарамі раскласці на двары вогнішча, прысесці ля яго пакурыць. Гэта, відаць, звычка далёкага пастухоўскага маленства. С. Александровіч. Сярод песень, сабраных М. Федароўскім, — любоўныя, сямейныя, вясельныя, радзінныя, купальскія, жніўныя, дзіцячыя, пастухоўскія, рэкруцкія, балады, прыпеўкі і г. д. Саламевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДРУКТ (Аляксандр Анатолевіч) (10.5.1949, Мінск — 17.4.1990),

бел. музыказнавец, кампазітар. Канд. мастацтвазнаўства (1978). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972), выкладаў у ёй. У навук. дзейнасці асн. ўвагу аддаваў праблемам натуральна-ладавай гармоніі, ладаўтварэння ў сучаснай музыцы, класічнай поліфаніі. Сярод муз. твораў: «Званы» (1978) і «Вяснянка» (1982) для аркестра нар. інструментаў, квінтэт (1982), «Гарэзлівыя прыпеўкі» для 2 цымбалаў, фп. і ўдарных (1983), «Балбатухі» для 2 домраў, фп. і ўдарных (1987) і інш.

Тв.:

Фартэпіянны цыкл Л.​Абеліёвіча «Фрэска № 1»: (Да праблемы адзінства цыкла) // Бел. музыка. Мн., 1978. Вып. 3;

О композиционном строении двухголосных инвенций Баха. Мн., 1979;

Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё. Мн., 1984;

Об опере С.​Кортеса «Матушка Кураж» // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1984. Вып. 3;

Развитие белорусской советской музыки: опыт стадиального описания // Белорусская советская музыка на современном этапе. Мн., 1990.

Р.​М.​Аладава.

т. 6, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКІ НАРО́ДНЫ ХОР, Акадэмічны рускі народны хор Расійскай Федэрацыі імя М.​Я.​Пятніцкага. Арганізаваны ў 1910 з нар. спевакоў Варонежскай, Разанскай і Смаленскай губ. М.Я.Пятніцкім (маст. кіраўнік хору да 1927). Выступаў у с. Аляксандраўскае (Варонежская вобл.), з 1918 — у Маскве. З 1927 прысвоена імя Пятніцкага. З 1937 у складзе Маскоўскай філармоніі. З 1940 — сучасная назва, з 1967 — акадэмічны. У 1938 рэарганізаваны: павялічана хар. група, створаны аркестр нар. інструментаў і танц. калектыў. Сярод кіраўнікоў хору П.​Казьмін, У.​Захараў, М.​Коваль, В.​Левашоў. Асаблівасць хору — вял. дыяпазон нар. музыкі, імкненне да «маляўнічага выканання песні» (паводле слоў Пятніцкага), тэатралізацыя, разыгрыванне сцэн сял. жыцця на фоне дэкарацый, аб’яднанне песень у цыклы («За аколіцай», «Вячоркі», «Вяселле»), частушкі, прыпеўкі, вак.-харэаграфічныя сюіты і кампазіцыі, творы сучасных кампазітараў. Пры хоры працуе фалькл. кабінет, захоўваецца вял. калекцыя нар. інструментаў і касцюмаў, сабраных Пятніцкім.

т. 13, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРКА́Ч (Анатоль) (сапр. Зіміёнка Анатоль Рыгоравіч; 18.4.1887, в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 5.9.1937),

бел. паэт. Скончыў Навагрудскае гар. вучылішча (1904). Служыў пісарам у Мінскай гар. і земскай управах. За рэв. дзейнасць быў зняволены ў турму, адбываў ссылку. Працаваў у газ. «Беларуская вёска», «Піянер Беларусі» і інш. 16.10.1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1904. З пач. 1920-х г., выкарыстоўваючы прыёмы дасціпнага апавядання, агітацыйнай прыпеўкі, фельетона, нар. жарту, высмейваў у вершах грамадскую і быт. адсталасць, рэліг. забабоны, выкрываў царк. служкаў. У вершах для дзяцей цёплы гумар, канкрэтнасць паэт. назіранняў; асн. іх тэмы — сяброўства, працавітасць, з’явы прыроды («Нашы прыяцелі», «Працавітая дзяўчынка», «Першы дзень у дзіцячым садзе», усе 1928; «Звяры нашых лясоў», 1929). На бел. мову пераклаў паасобныя творы У.​Маякоўскага, А.​Барто, С.​Маршака, К.​Чукоўскага і інш.

Тв.:

Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў. Мн., 1925;

Міколава гаспадарка. Мн., 1927;

Усім патроху... Мн., 1930;

Бог удвох. Мн., 1930;

Качаргой па абразох. Мн., 1930.

А.​М.​Пяткевіч.

А.Дзяркач.

т. 6, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДА́Р,

народны музыкант, які іграў на дудзе. Д. вядомы на Беларусі з 16 ст. на тэр. Віцебскай, частцы Віленскай і некат. паўн.-зах. паветаў Мінскай губерняў. Былі прыкметнай з’явай у бел. нар. муз. культуры, адыгрывалі важную ролю ў побыце бел. вёскі, удзельнічалі ў каляндарных і сямейных святах. Асабліва жаданым Д. быў на вяселлі: суправаджаў маладых да вянца, іграў танцы, падыгрываў песні і прыпеўкі. Д. іграў у корчмах, на ігрышчах, кірмашах, хадзіў з валачобнікамі і каляднікамі, акампаніраваў у час паказаў батлейкі. Паводле звестак бел. этнографаў М.​Нікіфароўскага, П.​Шэйна, Е.​Раманава Д. амаль зніклі ў канцы 19 ст., саступіўшы месца гарманісту. Пазней Д. часам называлі прафесіянала, які іграў на дудцы або жалейцы. Д. — І.​Гвоздзь з Ушацкага р-на — выступаў у Полацку ў 1951.

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. [Ч.] 2. Дудар и Музыка // Этнографическое обозрение. 1892. Кн. 13—14, № 2—3;

Романов Е.Р. Белорусский сборник. Вып. 8. Вильна, 1912.

М.​Я.​Грынблат.

т. 6, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУ́ЦКІ (Станіслаў Паўлавіч) (7.11.1814, в. Ленкія, Беластоцкая вобл. — 6.9.1890),

бел. мовазнавец і фалькларыст. Д-р філал. н. (1878). Скончыў Маскоўскі ун-т (1851). Працаваў на кафедры параўнальнага мовазнаўства Варшаўскага ун-та (1873—88). З 1853 па даручэнні Пецярбургскай АН збіраў на Беларусі і ў Літве бел. гаворкі. З сабраных матэрыялаў у 1855 склаў слоўнік на 2010 слоў, якія растлумачыў і праілюстраваў прыкладамі з бел. нар. песень, прыказкамі і прымаўкамі. Частка зборніка (310 слоў) надрукавана ў «Известиях имп. Академии наук по Отделению русского языка и словесности» (т. 3, 1854), тут жа былі змешчаны яго філал. назіранні — параўнанне каранёў і слоў санскрыту і слав. моў. Збіраў таксама бел. фальклор, апублікаваў «Беларускія песні і загадкі, запісаныя ў Віцебскай губерні, у маёнтку Зябкі Дрысенскага павета» (1853), у які ўвайшлі жніўныя, хрэсьбінныя, вясельныя і салдацкія песні, прыпеўкі. Аўтар прац «Абласныя словы беларускіх старцаў» (1853), «Беларускія словы» (1854).

Літ.:

Гуліцкі М. Беларускі слоўнік Станіслава Мікуцкага // Полымя. 1971. № 8.

А.​С.​Фядосік.

т. 10, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)