Бады́ль ’сцябло расліны’ (Сцяшк., Мат. Гродз., 1960), бады́лле ’сцяблы, сцяблы і лісце гуркоў’ (БРС; ДАБМ, 863), бадыллё (Сцяшк., Сцяшк. МГ, Бяльк.). Укр. бади́лля, баді́лля, бадило́ ’сцябло, сцяблы раслін’, рус. дыял. бады́ль ’сухое сцябло’, боды́ль, буды́ль. У аснове ляжыць *badylь (утварэнне суф. *‑ylь ад *badati ’калоць’, ітэратыўнай формы да *bosti *bodǫ). Параўн. яшчэ рус. бабылёк ’расліна Galeopsis tetrahit’ (іншая яе назва колю́тик), польск. badyl, badel ’сцяблы раслін’, серб.-харв. бадиљ і (з іншым суфіксам) ба̑даљ, род. скл. бадља ’калючая расліна’ (іначай сјекавац) і г. д. Брукнер, 10; Слаўскі, 1, 25; параўн. Фасмер, 1, 104; БЕР, 1, 62. Гл. таксама Трубачоў, Проспект, 40–41 (дзе праформа *bodylь з вакалізмам «о» не пераконвае).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́ла ’лыч’ (ТСБМ; лудз., Сл. ПЗБ), ’твар чалавека’ (ТСБМ; пін., Сл. ПЗБ), ’пашча ў рыбы’ (ігн., Сл. ПЗБ), ’вузкі ўваход у рыбалоўную снасць (пух., Сл. ПЗБ), ’верхняя вузкая частка графіна, бутэлькі’ (барыс., Шат.), ры́ло ’рыла, морда’, ’горла бутэлькі’ (ТС, ПСл), руск. ры́ло ’морда’, ’пашча’, ’лыч’, укр. ри́ло, ст.-руск. рыло, польск. rydel ’рыдлёўка’, чэш. rydla ’разец’, славац. rydlo ’разец, лапата’, славен. rílo ’хобат’, серб.-харв. ри̏ло ’рыла’, ’губа’, балт. ри́ло ’рыла, морда’. Прасл. *rydlo (< *ru‑tlo‑m), звязанае з рыць, рваць, выяўляе значны паралелізм структуры з лац. rutrum ’лапатка’, лат. raûklis ’скрабок’ (ЭССЯ, Проспект, 76–77; Фасмер, 3, 528; Копечны, 313; БЕР, 6, 259–260).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Садзі́ба ’сядзіба; зямельны ўчастак на якім знаходзіцца хата з гаспадарчымі пабудовамі; сад’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Яшк., Інстр. 2, Нар. лекс., Шушк.), ’засяленне, выган’ (Нас. гіст.), ’засяленне, аселасць’ (Гарб.). Укр. сади́ба ’сядзіба’, польск. sadyba < усходнеславянскіх (Брукнер, 479). Слова з не вельмі ясным статусам. Лаўчутэ (Лекс. балг., 21; Балтизмы, 130) зыходзячы з лінгвагеаграфіі і суфіксацыі (балт. суф. ‑yba пры слав. *‑ba), крыніцай слова лічыць літ. sodýba ’сядзіба’ < sod‑inti ’садзіць, сажаць’ + суф. ‑yba. Супраць Трубачоў (ЭССЯ, Проспект, 78), які лічыць слова праславянскім дыялектызмам, і Слаўскі (SP, 1, 62), паводле якога слова з’яўляецца познім славянскім утварэннем ад прасл. *saditi + суф. ‑iba, дзе ‑i‑ ўзята з інфінітыва. Параўн. сядзіба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́вязь ’узаемныя адносіны’, ’блізкасць’, ’зносіны, камунікацыя’ (ТСБМ), ’асацыяцыя’, ’канфедэрацыя’, ’саюз, федэрацыя’ (Ласт.), ’паштовае аддзяленне’ (Жд. 1), сувя́зак ’звязка апрацаванага льну’ (Сцяшк.). Укр. рэдкае су́вʼязь ’сувязь, згода’, рус. дыял. суя́зно ’суладна’, серб.-харв. су́вез ’умова аб сумесным ужыванні цяглавых жывёлін для сельскагаспадарчых работ’. Борысь (Prefiks., 100–101) узнаўляе прасл. дыял. усх. *sǫvęzь і паўдн. *sǫvezь як дэрываты ад *sъvęzati ’звязаць’, але заўважае, што гэта могуць быць незалежныя ўтварэнні, на што ўказвае вакалізм. Гл. таксама Трубачоў, Проспект, 81. Стварэнне слова для перадачы рус. сою́з прыпісваецца Ластоўскаму (Станкевіч, Язык, 617); слова ў далейшым ужыванні набыло сучаснае значэнне, для якога Ластоўскі выкарыстоўваў зьвязь, што этымалагічна адпавядае рус. связь (< *sъvezь). Пра штучны характар слова гл. Пацюпа (там жа, 1160).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сусе́д ’чалавек, які жыве паблізу, побач або займае бліжэйшае месца’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Касп., Некр. і Байк., Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Растарг.), сусе́дзь ’тс’ (Ян.), сасе́д, сасе́дзь ’тс’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. сусѣдъ ’тс’ (Карскі 1, 122), сусѣда ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. сусі́д(а), рус. сосе́д, дыял. сусе́д, ст.-рус. сусѣдъ, польск. sąsiad, в.-луж. susod, н.-луж. sused, чэш. soused, славац. súsed, серб.-харв. су̏сјед, славен. sósẹd, балг. съсе́д, макед. сосед, ст.-слав. сѫсѣдъ. Прасл. *sǫsědъ ’сусед’, дэрыват з прыст. *sǫ‑ і назоўнікавым коранем *‑sěd‑ < *sěděti ’сядзець’; гл. Шустар-Шэўц, 1380, Фасмер, 3, 726; Трубачоў, Проспект, 80; ESSJ SG, 1, 240. Борысь (540) разглядае як аддзеяслоўны назоўнік ад *sъ‑sěsti () ’сесці разам, побач’, першапачаткова як назва дзеяння з наступным пераходам *sъ‑ > *sǫ‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́бмаль ’малавата’ (БРС, Янк. I, Бір. Дзярж., КТС, КЭС). Укр. во́бмаль ’тс’. Прэфіксальна-суфіксальнае ўтварэнне ад малы з дапамогай прыстаўкі (в)об‑ і суф. ‑jь або ўтварэнне ад прыметніка вомалы з гэтым жа суф. Магчыма, узыходзіць да старажытнай мадэлі (параўн. серб.-харв. о̏дуг, чэш. obdlouhý, obdloužný, славац. obdlžný, н.-луж. hobdłujki, ст.-польск. obdłužny ’прадаўгаваты’, в.-луж. wobdłuz прысл. ’прадаўгавата’), дзе прыстаўка *ob‑ мае колькаснае значэнне (Трубачоў, Проспект, 66 і наст.). Філін (Зб. Аванесаву, 268 і наст.) адносіць сюды ж і рус. дыял. (паўн.-усх.) прыметнікі і прыслоўі з прыстаўкай о‑ ў тым жа самым значэнні (вокрасный ’чырванаваты’, восинь, восине ’сінявата’ і г. д.), што цалкам магчыма з прычыны частага чаргавання прыставак о‑ (об‑); параўн. таксама бел. і ўкр. вобмаль, вомаль (гл.); усё гэта, відавочна, пацвярджае праславянскі характар гэтых утварэнняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вятрэ́ча ’моцны, злы вецер, ветранае надвор’е’ (КСТ, Янк. III). Ад асновы ветр‑ з дапамогай суфікса ‑еча па тыпу гушчэча, пустэча і г. д.; гл. Казлова, Бел. мова і мовазн. 2, 66–71. Паводле Трубачова, Слав. яз. 5, 177–178, бел. ‑еча < прасл. ‑otja, якое рэканструюецца на падставе шэрага бел.-укр.-серб.-харв.-славен. ізалекс. Параўн. бел. халадне́ча, укр. холодне́ча, серб.-харв. хладно̀ћа, бел. гале́ча, укр. голе́ча, рус. смал. гале́ча, серб.-харв. голо̀ћа, славен. golôča і да т. п.; гл. Трубачоў, Проспект, 59–60. Наяўнасць ‑е‑ ў бел. і ўкр. суфіксах тлумачыцца або як вынік варыянтнасці ‑otja/etja, або як дысімілятыўнае змякчэнне ‑otja > ‑etja па тыпу рус. ребенок < робенок (Трубачоў, там жа, 60). Гэты суфіксальны тып распаўсюджаны па ўсёй беларускай тэрыторыі з канцэнтрацыяй (паводле Казловай, Бел. мова і мовазн., 2, 60) у гаворках Усходняга Палесся.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сліма́к ‘малюск, які мае ракавіну і рухаецца вельмі марудна’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Жыв. св.), ‘смоўж’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС), ‘палявы смоўж’ (Касп.), слюма́к ‘слізняк, смоўж’ (віц., Жыв. НС), сляма́к ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Укр. слима́к, польск. ślimak ‘смоўж, слімак’, чэш., славац. slimák ‘тс’, балг. сли́мак ‘смоўж, Helix’, макед. дыял. сли́мок ‘тс’. Праслав. *slimakъ, роднаснае грэч. λείμαξ, Р. скл. λείμακος ‘смоўж без ракавіны’, лац. līmāx, ‑ācis ‘слімак’, ст.-ісл. slím ‘слізь, глей’, с.-н.-ням. slîm ‘ціна, гразь’, ірл. slenum ‘гладкі’, якія да і.-е. *(s)leim‑ ‘слізкі’. Гл. таксама сліна і роднасныя (слімак пакідае пасля сябе сліністы след — гл. Махэк₂, 554; Траўман, 269; іншую літ-py гл. Фасмер, 3, 672; Трубачоў, Проспект, 79). Карскі (Белорусы, 157) меркаваў пра польскае пасрэдніцтва праз збліжэнне з лац. limax, што не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Навушча́ць ’падбухторваць’ (калінк., Арх. ГУ). Укр. науща́ти ’навучаць, настаўляць; падгаворваць, падбухторваць’, рус. науща́ть ’падбухторваць’; усе са спалучэння на+усти (Фасмер, 3, 49), гл. вуста, што добра відаць у формах закончанага трывання: ст.-рус. наустити, рус. наустить ’угаварыць, падбухторыць’, укр. наусти́ти ’падвучыць, падбухторыць’, семантычнае развіццё, відаць, ад ’пастаянна мець на вуснах’ — ’угаворваць’, як у рус. внушать ’намаўляць’, літаральна ’ўкладваць у вушы’. Не выключана сувязь з вуськаць ’падбухторваць; цкаваць’ (Яўс.), якое выводзяць з вусь, усь ’вокліч, якім нацкоўваюць сабак’ (што ў сваю чаргу з кусь ’тс’, гл. ЭСБМ, 2, 234) ці рус. науськать ’намовіць; паслаць’, якое Фасмер (там жа) лічыць расшырэннем з наустить; блізкасць беларускага і рускага слоў прымушае не пагадзіцца з апошнім меркаваннем, хутчэй за ўсё гэта другаснае збліжэнне, таксама як і збліжэнне з навучаць, што паўплывалі на семантыку слова. Роднаснае літ. äuscioti ’балбатаць, шаптаць’∼прасл. *ustjati, гл. Трубачоў, Проспект, 36; Мартынаў, Лекс. Палесся, 14.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пераваро́т ’рэзкі паварот, змены ў развіцці, ходзе чаго-небудзь’ (Яруш., ТСБМ), ’заварот кішок’ (даўг., Сл. ПЗБ; метрык., Мат. Гом.). Да прасл. *per‑vortъ, якое з *per‑vortiti ’перавярнуць’: ст.-рус. переворотити ’павярнуць у іншы бок; даць справе іншы ход’, польск. przewrócić ’перакінуць; перавярнуць, папераварочваць’, ст.-чэш. přěvrátiti ’перавярнуць, знішчыць, звесці, змяніць, падавіць’, серб.-харв. превра́тити ’перавярнуць’, славен. prevráčati ’перакідваць, пераварочваць, перакульвацца’, балг. превръ́щам ’пераўтвараць, пераварочваць, перарабляць’, ст.-слав. прѣвратити ’пераўтварыць’; параўн. лац. pervertere ’перакульваць, псаваць, перакручваць, скажаць’, гоц. frawardjan ’псаваць’, ст.-в.-ням. farwarttan, far‑werten, ст.-англ. for‑weorþan, ст.-сакс. far‑werdan ’знікаць’, ’псавацца’ — словаўтваральна-семантычны паралелізм. З іншых і.-е. адпаведнікаў прасл. *vьrtiti < *vertiti (якое не захавалася) можна адзначыць ст.-інд. vartatē, літ. ver̃sti ’пераварочваць, перакульваць, пераўтвараць адно ў іншае’ (Трубачоў, Проспект, 71). Лексема пераварот ’гвалтоўная змена манарха’ (ТСБМ) — калька (XVIII ст.) з франц. révolution ’тс’ < лац. revolūtio ’адкат, кругаварот’ — праз польск. ці рус. мовы (Фасмер, 3, 236). Сюды ж піраваро́тнік ’чалавек, што добраахвотна ці па прымусу прыняў іншую веру’ (Варл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)