Існаваў у 1777—96, 1802—61 у Магілёўскай губ. Цэнтр — г.Копысь. Утвораны на частцы тэр. скасаваных Аршанскай і Магілёўскай правінцый паводле імператарскага ўказа ад 22.3.1777. Пл. каля 2,3 тыс.км². Уключаў 115 маёнткаў, мястэчкі Абольцы, Барань, Зубрэвічы, Саколіна, Смаляны, Стараселле, Талачын. У 1794 да К. п. далучана тэр. на З ад р. Друць з мястэчкамі Абчуга, Бобр, Зарэчны Талачын, Крупкі, пасля чаго пл. павета склала каля 3,1 тыс.км². У 1796 К.п. скасаваны, у 1801 адноўлены. Паўторна скасаваны ў 1861, тэр. ўключана ў Аршанскі, Горацкі, Магілёўскі і Сенненскі пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЫ́СТЫ (Mauristes),
кангрэгацыя св. Маўра, французская манаская кангрэгацыя ордэна бенедыкцінцаў у 1618—1790 (цэнтр — парыжскае абацтва Сен-Жэрмен-дэ-Прэ). Дзейнічалі ў агульным рэчышчы контррэфармацыі. Каб абараніць каталіцкую царкву ад крытыкі пратэстантаў, сабралі, вывучылі і апублікавалі вялізны сярэдневяковы рукапісны матэрыял, выдалі гісторыю бенедыкцінцаў, шматтомныя гісторыі асобных франц.правінцый (Лангедока, Брэтані і інш.), гісторыю франц. л-ры (больш за 40 тамоў). Выпрацавалі правілы вызначэння сапраўднасці месца і часу складання дакумента, паклалі пачатак палеаграфіі, дыпламатыцы і інш. дапаможным гіст. дысцыплінам. Найб. значныя прадстаўнікі — Ж.Мабільён, Б.Манфакон. Кангрэгацыя скасавана ў 1790 у час Франц. рэвалюцыі 1789—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́КТРЫЯ,
гістарычная вобласць у Сярэдняй Азіі па сярэднім і верхнім цячэнні Амудар’і (цяпер тэр.Паўн. Афганістана, Паўд. Таджыкістана і Узбекістана). З 1-й пал. 1-га тыс. да нашай эры рабаўладальніцкая дзяржава. Сталіца — г. Бактра. У 6—4 ст. да нашай эры адна з сатрапій (правінцый) Ахеменідаў дзяржавы, потым у складзе імперыі Аляксандра Македонскага і Селеўкідаў. З сярэдзіны 3 ст. да нашай эры самаст. Грэка-Бактрыйскае царства. У 2 ст. да нашай эры заваявана тахарамі; наз.Тахарыстан.
Літ.:
Ставиский Б.Я. Кушанская Бактрия: проблемы истории и культуры. М., 1977;
Пьянков И.В. Бактрия в античной традиции: (Общ. данные о стране: назв. и территория). Душанбе, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСПАСІЯ́Н (Ціт Флавій) (Titus Flavius Vespasianus; 17.11.9, Фалакрыны, каля г. Рыеты, Італія — 24.6.79),
рымскі імператар [69—79], заснавальнік дынастыі Флавіяў. Нарадзіўся ў сям’і конніка, першы імператар несенатарскага паходжання. У часы Тыберыя ўвайшоў у склад сената. Камандаваў адным з рэйнскіх легіёнаў, удзельнічаў у заваяванні Паўд. Брытаніі. У 51 абраны консулам. У 67 удзельнічаў у задушэнні антырым. руху (гл.Іудзейская вайна 66—73). Летам 69 легіёны ўсх.правінцый абвясцілі Веспасіяна імператарам. Ажыццявіў шэраг рэформаў (у т. л. пашырыў на правінцыялаў права на рым. грамадзянства), умацаваў сац. базу імперыі, увёў новыя падаткі, скараціў армію і інш. Падтрымліваў навуку і мастацтва. У часы Веспасіяна ўзведзены шматлікія будынкі ў Рыме (у т. л. Калізей) і ў правінцыях. Біяграфія Веспасіяна выкладзена Светоніем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАТЭМА́ЛА (Guatemala),
горад, сталіца Гватэмалы. 1150,5 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 1,5 млн.ж. (1994). Буйны трансп. вузел на Панамерыканскай шашы. Міжнар. аэрапорт Ла-Аўрора. Прам-сць: харч., тэкст., гумавая, мэблевая, гарбарна-абутковая, цэм., 5 ун-таў, у т. л. Сан-Карлас (1680). Нац. кансерваторыя. Акадэмія мовы. Акадэмія мед., фіз. і прыродазнаўчых навук. Музеі. Кафедральны сабор (1782—1815); цэрквы Санта-Дамінга і Сан-Францыска. На З рэшткі горада індзейцаў майя. Частыя землетрасенні (найб. разбуральныя ў 1917—18 і 1976).
Горац засн. іспанцамі ў 1524 пад назвай Сант’яга, пазней перайменаваны ў Гватэмалу. З 1776 адм. цэнтр ісп. генерал-капітанства Гватэмала, у 1823—39 сталіца федэрацыі Злучаных правінцыйЦэнтр. Амерыкі. З 1839 сталіца Гватэмалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ХАРА (Сайкаку) (сапр.Хіраяма Тога; 1642, г. Осака, Японія — 10.8.1693),
японскі пісьменнік. Паэт.зб-кі «Тысяча строф хайкай, складзеных у адзіноце на працягу аднаго дня» (1675), «Вялікае мноства строф хайкай» (1677) напісаны ў жанры жартоўнага рэнга, вылучаюцца прастатой паэт. імправізацыі. Першы ў яп. л-ры адлюстраваў жыццё горада: раманы «Гісторыя любоўных прыгод адзінокага мужчыны» (1682), «Гісторыя любоўных прыгод адзінокай жанчыны» (1686), зб. навел «Апавяданні Сайкаку з усіх правінцый» (1685), у якіх сцвярджаецца свабода асобы і неабходнасць саслоўнай роўнасці. Узбагаціў яп.літ. мову — увёў гутарковы, прастамоўны элемент насуперак строгай упарадкаванасці і іерархічнасці сярэдневяковай традыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭНА́ІКА,
гістарычная вобласць на У сучаснай Лівіі. Пл. каля 700 тыс.км². На ўзбярэжжы Міжземнага м. плато Барка (выш. да 876 м). На Пд ад яго — Лівійская пустыня. Клімат трапічны, сухі, на крайняй Пн субтрапічны міжземнаморскі. Расліннасць пустынная і паўпустынная. У 7 ст. да н.э. ў прыбярэжнай паласе былі засн.грэч. гарады: гал. з іх — Кірэна. У 6—4 ст. да н.э. пад уладай Ахеменідаў, потым Аляксандра Македонскага, Пталамеяў, Стараж. Рыма, Візантыі. У 642 н.э. заваявана арабамі, у 1517 — туркамі. Пасля італа-турэцкай вайны 1911—12 часткова акупіравана італьян. войскамі, да 1928 — цалкам. З 1942 занята брыт. войскамі. У 1951—63 адна з трох правінцый Лівіі. У 1963 падзелена на 3 мухафазы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫ́ЦЫІ (лац. patricii ад pater бацька),
у Старажытным Рыме першапачаткова ўсё карэннае насельніцтва, якое ўваходзіла ў родавую абшчыну і складала рым. народ (Populus Romanus Quiritium); супрацьстаяла плебеям. Пасля вылучэння з роду знатных патрыярхальных сем’яў — родавая арыстакратыя. З канца 6 ст. да н.э. — пануючы клас-саслоўе Рым. рэспублікі, мелі ўсе грамадз. і паліт. правы, у т. л. выключнае права карыстацца грамадскай зямлёй. Пасля ўключэння плебеяў у склад рым. народа і ўраўнавання іх у правах з П. (пач. 3 ст. да н.э.) вярхі П. і плебса зліліся і ўтварылі набілітэт. У эпоху імперыі ўзніклі новыя П., якія складалі прывілеяваную ч. сенатарскага саслоўя; у яго ўваходзілі вылучаныя імператарам ураджэнцы Італіі і правінцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТА́ЛЬ, Натал (Natal),
гістарычная вобласць і правінцыя на УПаўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР), на ўзбярэжжы Індыйскага ак. Першыя еўрапейцы (партугальцы на чале з Васка да Гамай) высадзіліся тут у 1497 у дзень нараджэння Хрыстова (Dies Natalis Domini — адсюль назва). Тэр. Н. насялялі паўд. і паўд.-ўсх. плямёны банту (зулусы). У 17—18 ст. яе спрабавалі каланізаваць галандцы. У 1837 сюды сталі перасяляцца з інш. тэрыторый буры. У 1838 пасля бітвы на р. Інкоме паміж зулусамі і атрадамі бурскіх перасяленцаў апошнія захапілі Н. і стварылі аднайм. бурскую рэспубліку. У 1842 Н. анексіравана Вялікабрытаніяй і стала брыт. калоніяй. Н. моцна пацярпела ў час англа-бурскіх войнаў 1881 і 1899—1902. Пасля ўтварэння ПАР (1910) Н. — адна з 4 яе правінцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ ПАДЗЕ́Л РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ.
Ажыццёўлены Рас. імперыяй, Прусіяй і Аўстрыяй у 1772. Непасрэднай падставай падзелу паслужыла дзейнасць Барскай канфедэрацыі, фактычнай — імкненне дзяржаў-суседзяў да пашырэння сваіх тэрыторый за кошт аслабленай унутр. сваркамі Рэчы Паспалітай. Праекты падзелу разглядаліся Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй з 1763; у 1772 яны прыйшлі да згоды. У дэкларацыі да польск. караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і «рэспублікі» (Рэчы Паспалітай) рас. імператрыца Кацярына II паведаміла, што 3 дзяржавы заяўляюць «свае старажытныя правы і законныя прэтэнзіі на ўладанні рэспублікі, прычым кожная дзяржава гатова падтрымаць свае патрабаванні дакументамі і трывалымі довадамі». Не чакаючы падпісання дакументаў пра падзел, 8.6.1772 Кацярына II загадала стварыць Пскоўскую губ. з Пскоўскай, Велікалуцкай, Дзвінскай, Полацкай правінцый (губернскі цэнтр г. Апочка) і Магілёўскую губ. з Магілёўскай, Аршанскай, Віцебскай (пазней у Пскоўскай губ.), Рагачоўскай правінцый (губернскі цэнтр г. Магілёў). 5.8.1772 у С.-Пецярбургу падпісана канвенцыя паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй пра частковы падзел Рэчы Паспалітай. Да Рас. імперыі адышло Інфлянцкае, б.ч. Полацкага (па правым беразе Дзвіны), амаль усё Віцебскае, Мсціслаўскае ваяв., усх.ч. Рэчыцкага пав. Мінскага ваяв. з гарадамі Полацк, Віцебск, Магілёў, Орша, Прапойск, Мсціслаў, Рагачоў, Гомель, Чачэрск і інш. Аўстрыя захапіла зах.ч. Украіны з Львовам і паўд.ч. Польшчы (ваяв. Рускае, ч. Белзскага, Кракаўскага, Сандамірскага, ускраіны Валынскага, Падольскага); Прусія заняла паўн.зах. ч. Польшчы [Вармія, ваяв. Паморскае (без Гданьска), Мальбаркскае, Хэлмскае (без Торуня), частку Інавроцлаўскага). Войскі 3 дзяржаў акупіравалі далучаныя тэрыторыі. 29.9.1773 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай падпісаны трактат «Пра аднаўленне міру паміж абедзвюма дзяржавамі і пра далучэнне да Расіі некаторых ад Польшчы зямель». У «асобным акце», прынятым 26.3.1775, Расія гарантавала Рэчы Паспалітай захаванне кардынальных правоў (шляхецкіх вольнасцей). 11.4.1775 гэты акт і дагавор пра падзел атрымалі фармальную санкцыю сейма ў Варшаве.
Літ.:
Соловьев С.М. История падения Польши. М., 1863;
Костомаров Н.И. Старый спор: Последние годы Речи Посполитой. М., 1994;
Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны II (1772—1796 гг.). Мн., 1998.