КРЫВО́Е,

гідралагічны заказнік ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл. Створаны ў 1979 для аховы Крывога возера і прылеглых прыродных комплексаў. Пл. 1,1 тыс. га.

Размешчаны на Пд У Полацкай нізіны, 17 % вадазборнай пл. ўкрыта лесам, месцамі яна забалочана. Лясы хваёвыя і яловыя, на забалочаных участках бярэзнікі.

т. 8, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУКВЯ́ЦІЦА,

ручай у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Ужыца (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 58 км². Пачынаецца за 1 км на Пн ад в. Муквяціца. Цячэ на паўн. ч. Полацкай нізіны. Рэчышча на працягу 3,6 км ад вытоку каналізаванае.

т. 11, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСТА́ТКА,

рака ў Браслаўскім і Шаркаўшчынскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток Кулажкі (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 268 км². Выцякае з воз. Густаты, цячэ па зах. ч. Полацкай нізіны. Асн. прытокі Корынка (справа) і Белая (злева). Рэчышча ад вытоку на працягу 8,7 км каналізаванае.

т. 5, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫНЕ́ЦКІ РАЁН.

Існаваў у БССР у 1924—29. Утвораны ў складзе Полацкай акругі. Цэнтр — мяст. Валынцы. Пл. 833 км², 558 нас. пунктаў, нас. 28 766 чал. (на 1.1.1925). Падзяляўся на 9 сельсаветаў. У сувязі з пераносам адм. цэнтра раёна з мяст. Валынцы ў мяст. Боркавічы перайменаваны ў Боркавіцкі раён.

т. 3, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ ТЭ́ХНІКУМ Засн. ў 1956 на базе Полацкай сярэдняй с.-г. школы па падрыхтоўцы старшынь калгасаў. Рыхтуе бухгалтараў і юрыстаў. Спецыяльнасці (2000/01 навуч. г.): бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; правазнаўства. Мае б-ку, камп’ютэрныя класы. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 12, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІЯ ПРЫВІЛЕ́І,

граматы, якія вызначалі дзярж.-прававое становішча Полацкай зямлі ў складзе ВКЛ. Рэгулявалі ўнутранае жыццё, гарантавалі правы і прывілеі полацкага баярства, духавенства і мяшчан (гл. Полацкае права). Прывілей, выдадзены ў 1-й пал. 14 ст., не збярогся і адноўлены паводле пацвярджальнага прывілея 1511. Ён змяшчаў пагадненне полацкіх феадалаў і мяшчан са сваім удзельным князем. У 1399 Вітаўт выдаў прывілей, паводле якога абмежаванні ўлады ўдзельнага князя пераносіліся на велікакняжацкую ўладу. Прывілей Жыгімонта Кейстутавіча, выдадзены паміж 1436—40, пацвердзіў ранейшыя П.п. Прывілей 1451, выдадзены Казімірам IV Ягелончыкам, дадаткова гарантаваў юрыд. і маёмасныя правы палачан. Пры вял. кн. Аляксандру П.п. пацверджаны і дапоўнены новымі артыкуламі, што было звязана з наданнем Полацку 7.10.1498 прывілея на магдэбургскае права. Канчаткова становішча Полацкай зямлі ў складзе ВКЛ аформлена пацвярджальным прывілеем Жыгімонта I ад 23.7.1511. Наступныя пацвярджальныя прывілеі выдаваліся ў 1547, 1580, 1593, 1634.

т. 12, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЛОЦКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

выданне, орган Полацкай правасл. духоўнай кансісторыі. Выдаваліся штотыднёва ў 1874—1917 у Віцебску на рус. мове. Прызначаліся для Полацкай праваслаўнай епархіі, якая тады тэрытарыяльна адпавядала Віцебскай губ. Мелі афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле друкаваліся пастановы і распараджэнні ўрада і мясц. улад па царк. справах, рашэнні і справаздачы Сінода, аб’явы і распараджэнні кансісторыі; у неафіц. — матэрыялы, прысвечаныя гісторыі і традыцыям правасл. царквы на Віцебшчыне, гісторыі асобных храмаў і манастыроў, біягр. нарысы і ўспаміны пра царк. дзеячаў, рэцэнзіі на асобныя працы і агляды друку па пытаннях царк. гісторыі і жыцця, агляды і рэкламы царк. і свецкай л-ры. Шмат увагі аддавалася паказу дзейнасці правасл. царк. брацтваў, што аднавіліся на Віцебшчыне ў 1860-я г., Віцебскага к-та правасл. місіянерскага т-ва, ролі правасл. царквы ў развіцці адукацыі на Віцебшчыне. У 1995 выданне адноўлена.

В.​В.​Грыгор’ева.

т. 12, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЯСЛА́Ў,

князь полацкага роду Ізяславічаў у 12 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1180 як пляменнік кн. Андрэя Валодшыча. Магчыма, сын кн. Мікулы Валодшыча. Быў адным з саюзнікаў кіеўскага кн. Святаслава Усеваладавіча ў міжусобіцы з уладзімірскім кн. Усеваладам Вялікае Гняздо і Расціславічамі. Верагодна, валодаў удзелам у Полацкай зямлі.

А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАХНА́РКА,

рака ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Дрыса (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 208 км². Выцякае з воз. Белае, цячэ ў забалочанай мясцовасці па Полацкай нізіне, працякае праз воз. Дахнарскае. Асн. прыток р. Лонніца (справа). Даліна ў ніжнім цячэнні добра выражаная, шыр. 200—300 м.

т. 6, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́СЕНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1940—59. Утвораны 15.1.1940 у Вілейскай вобл. Цэнтр — г. Дзісна. 12.10.1940 падзелены на 12 сельсаветаў. Пл. 800 км², 1 горад і 560 сельскіх нас. пунктаў (1947). З 20.9.1944 у Полацкай, з 8.1.1954 у Маладзечанскай абласцях. Скасаваны 3.10.1959, тэр. перададзена ў Міёрскі і Пліскі р-ны.

т. 6, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)