МОЧАЎТВАРЭ́ННЕ,

працэс, які бесперапынна адбываецца ў нефрыдыях або іншых выдзяляльных органах беспазваночных і ў нырках пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечвае выпрацоўку мачы і мочавыдзяленне. Складаецца з працэсаў ультрафільтрацыі, рэабсорбцыі (зваротнае ўсмоктванне) і канальцавай сакрэцыі. Пачатковы этап М. (ультрафільтрацыя плазмы крыві) адбываецца ў ныркавых клубочках (са 100 л вадкасці, што праходзіць праз клубочкі ныркі чалавека, у мачу ператвараецца 1 л). У першаснай мачы ёсць амаль усе рэчывы плазмы крыві, акрамя бялкоў. Большая ч. вады і неабходных для арганізмаў рэчываў (амінакіслоты, глюкоза, вітаміны і інш.) зваротна ўсмоктваецца ў канальцах. У прасвет нефрона адбываецца сакрэцыя арган. к-т, іонаў вадароду, некат. прадуктаў абмену, чужародных рэчываў і інш. Рэгуляцыя М. ажыццяўляецца праз ныркі эферэнтнымі нервамі і гармонамі (напр., альдастэрон, паратгармон).

Літ.:

Наточин Ю.В. Ионорегулирующая функция почки. Л., 1976.

С.​С.​Ермакова.

т. 10, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРАШЭ́ВІЧ (Ілья Рыгоравіч) (2.3.1905, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 18.11.1993),

бел. фізік, адзін з заснавальнікаў навук. школы па фізіцы плазмы. Праф. (1960). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Скончыў БДУ (1927) і Маскоўскі ун-т (1930). У 1930—41 і з 1945 у БДУ (з 1937 і 1945 заг. кафедры), адначасова ў 1932—37 і 1946—69 у Фізікатэхн. ін-це АН Беларусі (у 1946—67 заг. лабараторыі). Навук. працы па цвердацельнай электроніцы, фізіцы і тэхніцы плазмы. Даследаваў механізм электронных працэсаў у кантактах металаў з паўправаднікамі і газаразраднай плазмай, выявіў частотную інверсію выпрамлення пераменных токаў высокай частаты кропкавым кантактам паўправаднік-метал. Стварыў (з І.​А.​Бакутам) т.зв. міграцыйную тэорыю эл. эрозіі.

Тв.:

Частотная залежнасць уніпалярнай правадзімасці кантактаў // Весці АН БССР. 1948. № 6;

Об особенностях электрической эрозии пористых электродов (разам з І.​А.​Бакутам, М.​К.​Міцкевічам) // Сб. науч. тр. Физико-техн. ин-та АН БССР. 1956. Вып. 3.

І.Р.Некрашэвіч.

т. 11, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЛЬЯШЭ́ВІЧ (Міхаіл Аляксандравіч) (21.8.1908, г. Мюнхен, Германія — 4.1.1996),

бел. фізік, адзін з заснавальнікаў спектраскапіі атамаў і малекул. Акад. АН Беларусі (1956), д-р фізіка-матэм. н. (1945), праф. (1948). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). З 1956 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1968 у БДУ, з 1990 у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» АН Беларусі. Навук. працы па атамнай і малекулярнай спектраскапіі, фізіцы плазмы. Распрацаваў асновы тэорыі ваганняў і вагальных спектраў шмататамных малекул, правёў шэраг даследаванняў па спектраскапіі рэдказямельных злучэнняў і спектраскапіі нізкатэмпературнай плазмы. Аўтар работ па гісторыі квантавай фізікі. Ленінская прэмія 1966; Дзярж. прэміі СССР 1949, 1950; Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Тв.:

Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962;

Колебания молекул. 2 изд. М., 1972 (у сааўт.);

От возникновения квантовых представлений до становления квантовой механики // Успехи физ. наук. 1977. Т. 122, вып 4.

Літ.:

М.​А.​Ельяшэвіч // Весці АН БССР. Сер. фіз.-матэм. навук. 1988. № 4.

Г.​С.​Раманаў.

М.А.Ельяшэвіч.

т. 6, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пінч-эфе́кт

(ад англ. pinch = сцісканне + эфект)

фіз. сцісканне плазмы, праз якую цячэ электрычны ток, магнітным полем, што ўтвараецца самім токам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АЛЬФВЕ́Н (Alfvén),

Альвен Ханес (н. 30.5.1908, г. Норчэпінг, Швецыя), шведскі фізік і астрафізік. Чл. Шведскай АН (1947), замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў ун-т Упсалы (1934). З 1937 у Нобелеўскім ін-це фізікі, з 1940 праф. Каралеўскага тэхнал. ін-та (Стакгольм). Навук. працы па электрадынаміцы, фізіцы плазмы, касм. фізіцы і астрафізіцы. Развіў тэорыю ўзнікнення палярных ззянняў, геамагн. бур і Сонечнай сістэмы. Нобелеўская прэмія 1970.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЯФІЛІЗА́ЦЫЯ (ад грэч. lyō раствараю + phileō люблю),

ліяфільная сушка, высушванне біял. матэрыялу ў замарожаным стане пад вакуумам. Вільгаць выдаляецца з замарожаных аб’ектаў шляхам сублімацыі лёду (пераўтварэння яго ў пару без вадкай фазы). Абязводжаны матэрыял лёгка раствараецца ў вадзе і аднаўляе свае ўласцівасці. Выкарыстоўваецца для захоўвання асн. якасцей біял. прэпаратаў (у электроннай мікраскапіі), атрымання сухой плазмы крыві, мікрабіял., харч. і хім. прамысловасці.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛЕ́ЎСКІ (Леанід Іванавіч) (12.4.1927, Мінск — 8.10.1991),

бел. фізік; заснавальнік даследаванняў па фізіцы і тэхніцы плазмы на Беларусі. Акад. АН Беларусі (1980; чл.-кар 1972), д-р фіз.-матэм. н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Брат А.І.Кісялеўскага. Скончыў БДУ (1952). З 1959 у Ін-це фізікі АН Беларусі (з 1970 нам. дырэктара). У 1978—83 гал. вучоны сакратар Прэзідыума, з 1990 акад.-сакратар Аддз. фізікі, матэматыкі і інфарматыкі АН Беларусі. У 1983—90 рэктар БДУ. Навук. працы па плазменна-лазерных сістэмах, тэхналогіі выкарыстання нізкатэмпературнай плазмы і лазераў, аўтаматызацыі спектраскапічных вымярэнняў. Пад яго кіраўніцтвам створаны спектральныя прыборы для вывучэння працэсаў уваходу касм. апаратаў у шчыльныя слаі атмасферы і даследавання прыродных покрываў Зямлі з борта арбітальных станцый «Салют» і «Мір». Дзярж. прэмія Беларусі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1990.

Тв.:

Плазменная металлизация в вакууме. Мн., 1982 (у сааўт.);

О гидродинамических уравнениях для переходного слоя плазма—твердое тело. Мн., 1986 (разам з С.​Л.​Мазурэнкам).

Літ.:

Л.​И.​Киселевский // Журн. прикладной спектроскопии. 1997. Т. 64, № 2.

У.​Дз.​Шымановіч.

Л.І.Кісялеўскі.

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́БАР ((Gabor) Дэніс) (5.6.1900, Будапешт — 9.2.1979),

англійскі фізік, заснавальнік галаграфіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1956), Венгерскай АН (1964), Нац. АН ЗША (1973). Вучыўся ў Тэхн. ун-це ў Будапешце (1918—20). У 1927—33 працаваў у Германіі, з 1949 у Лонданскім ун-це (з 1958 праф.), з 1967 — у ЗША. Навук. працы па электроннай оптыцы, фізіцы плазмы, тэхніцы сувязі. Стварыў агульную тэорыю галаграфіі, атрымаў першыя галаграмы. Нобелеўская прэмія 1971.

Д.Габар.

т. 4, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБУ́ДА (Антон Антонавіч) (н. 9.4.1923, в. Бакуны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1989), праф. (1992). Засл. работнік нар. адукацыі (1992). Скончыў БДУ (1954), дзе працуе з 1957. Навук. працы па дыягностыцы нізкатэмпературнай плазмы і яе выкарыстанні ў электроніцы і мікраэлектроніцы, па метадах кантролю і аўтам. кіравання ў плазменнай тэхналогіі.

Тв.:

Радиофизика и электроника: Сб. науч. тр. Вып. 2. Мн., 1996 (у сааўт.).

т. 9, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІ́ПЕНКА (Валерый Іванавіч) (н. 29.1.1942, пас. Фершампенуаз Чэлябінскай вобл., Расія),

фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1993). Скончыў БДУ (1964). З 1965 у Ін-це фізікі, з 1993 у Ін-це малекулярнай і ат. фізікі АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы газавага разраду і ўзаемадзеяння эл.-магн. хваляў з плазмай, аптычным прыладабудаванні.

Тв.:

Экспериментальное исследование механизма абсолютной параметрической неустойчивости неоднородной плазмы (у сааўт.) // Журн. эксперим. и теор. физики. 1987. Т. 93, вып. 10.

т. 1, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)