вы́вернуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Перавярнуць унутраным бокам наверх. Вывернуць навалачку. □ Міхась скінуў кажух, вывернуў уверх шэрсцю і накінуў на сябе. Колас.

2. Варочаючы, выняць, выцягнуць; вырыць. Вывернуць пянёк з коранем. □ І першацвет далікатны парэчкавы, І чарназём той, што вывернуў крот, — Тры гады не ўдыхаў. Барадулін. // Падаць неўласцівы паварот; вывіхнуць. Вывернуць нагу.

3. Разм. Выліць, высыпаць, перакуліўшы пасудзіну; вываліць, выкуліць. Вывернуць вядро вады. □ За якую гадзіну назбіраў поўны кошык, а грыбоў у гэтай мясцінцы яшчэ многа. Прыйшлося вывернуць кошык, паадразаць ножкі і пакінуць толькі шапачкі. С. Александровіч. // Выкуліць з саней, лодкі і пад. [Янка:] — Ну, садзімся! Марыська, наперад за фурмана. Бяры лейцы ў рукі ды моцна трымай, каб не вывернулі! Чарот.

•••

Вывернуць душу — падзяліцца з кім‑н. сваімі перажываннямі, думкамі і пад.; расказаць усё да канца, выказаць самае запаветнае. Поўны трывогі,.. [Скуратовіч] меў патрэбу вывернуць перад кім сваю душу. Чорны. Мне хацелася гаварыць і гаварыць, нават душу вывернуць, каб Марылька паверыла кожнаму майму слову. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БРА́СЛАЎСКІЯ АЗЁРЫ,

дзяржаўны нацыянальны парк Беларусі. Створаны ў 1995 на тэр. цэнтральнай ч. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. ў мэтах захавання тыповага для Бел. Паазер’я прыроднага комплексу Браслаўскай групы азёр. Пл. 71,5 тыс. га, працягласць з Пн на Пд 56 км, з З на У ад 7 да 29 км. Найб. азёры (басейн р. Друйка): Дрывяты, Снуды, Струста, Войса, Неспіш, Недрава, Богінскае воз., Воласа Паўн., Воласа Паўд., Бярэжа, Абаб’е і інш. Лясы займаюць каля 33 тыс. га (46%), с.-г. ўгоддзі і азёры — па 12 тыс. га (па 17%).

Рэльеф Браслаўскіх азёр — узгорыста-марэнны азёрны; у паўн. і сярэдняй ч.Браслаўская града, у паўд.Дзісенская нізіна. Марэнныя грады, пагоркі мяжуюцца з глыбокімі міжпагоркавымі паніжэннямі з азёрамі, пашыраны камы, озы. Клімат умерана цёплы, вільготны. Іхтыяфауна азёр багатая: вугор, судак, рапушка еўрапейская (сялява) — усяго 30 відаў рыб, у т. л. 27 абарыгенных. У воз. Воласа Паўд. пашыраны лімнакалянус (рэліктавы рачок), мізіда рэліктавая, понтапарэя, бакаплаў Паласа, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі, з млекакормячых распаўсюджаны дзік, казуля, лось, зайцы, ліс, янотападобны сабака, воўк, лясная куніца, вавёрка, выдра, бабёр, норка. У арнітафауне да 85% усіх птушак, якія гняздуюцца на Беларусі: беркут, арлан-белахвост, скапа, малы падворлік, каршачок, шэры журавель, чорны бусел, малая паганка, вял. бугай, чорнаваллёвая гагара, белая курапатка, сярэдні кулон, залацісты сявец, дзербнік, касматаногі сыч, няясыць даўгахвостая (уральская), трохпальцы дзяцел, уюрок і інш., з якіх 45 відаў занесены ў Чырв. кнігу. Цецеруковыя, кулікі, вадаплаўная дзічына маюць прамысл. значэнне. У флоры рэгіёна больш за 500 відаў, з якіх каля 20 рэдкія і знікаючыя: карлікавая бяроза, ворлікі звычайныя (аквілегія), гарлачык жоўты малы, званочак персікалісты, марошка прысадзістая, лінея паўночная, чараўнік зеленакветкавы, неатыянта клабучковая, першацвет веснавы, пералеска высакародная, шпажнік чарапіцавы і інш. Адасоблены некалькі лясных масіваў: Багінскі (каля 17 тыс. га), Друйская лясная дача (каля 5,6 тыс. га), Бяльмонт (каля 12 тыс. га). Выяўлены асабліва каштоўныя біягрупы раслін лістоўніцы сібірскай, бярозы павіслай і карэльскай, ліпы драбналістай.

На тэрыторыі нац. парку і ахоўнай зоны 25 помнікаў прыроды (напр., участкі ландшафтаў — а-вы Гарадзішча і Церанцейка, Ахрэмавіцкі парк «Бяльмонты», валуны, дрэвы). Тут размешчаны дзіцячы санаторый «Браслаў», турбаза «Браслаўскія азёры», лагеры адпачынку студэнтаў і выкладчыкаў Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту і Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі.

П.​І.​Лабанок.

т. 3, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)