П’ЕЗО́МЕТР (ад грэч. piezō цісну + метр),

прылада для вызначэння аб’ёмнай сціскальнасці газаў, вадкасцей і цвёрдых цел пад уздзеяннем гідрастатычнага ціску. Выкарыстоўваюцца таксама для даследаванняў дыяграм стану, фазавых пераходаў і інш. фіз.-хім. працэсаў.

Паводле прынцыпу дзеяння бываюць 2 тыпаў: П., у якіх маса рэчыва, што даследуецца, застаецца пастаяннай, а аб’ём змяняецца ў залежнасці ад ціску і т-ры; П., у якіх маса — пераменная велічыня, а аб’ём пасудзіны з рэчывам, што даследуецца, не змяняецца. Для вызначэння сціскальнасці вадкасцей і цвёрдых цел выкарыстоўваюць П. плунжэрнага або поршневага тыпу; лінейных памераў цел пад гідрастатычным ціскам — лінейныя П. (дылатометры).

П.​А.​Пупкевіч.

т. 12, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОТ (Лазар Артуравіч) (н. 13.12.1920, г. Курган, Расія),

бел. вучоны ў галіне тэарэт. фізікі. Д-р фіз.-матэм. н., праф. (1977). Скончыў Ваенна-паветраную інж. акадэмію (1944). З 1953 у Бел. тэхнал. ун-це (у 1964—92 заг. кафедры). Навук. працы па статыст. тэрмадынаміцы, механіцы суцэльных асяроддзяў, біяфізіцы, даследаванні крытычных з’яў і турбулентнасці, праблемах удасканалення падрыхтоўкі навук. кадраў. Стварыў метад умоўных размеркаванняў — новы метад статыст. механікі, які дазволіў адзіным чынам апісаць ўсе віды фазавых пераходаў I роду.

Тв.:

Статистическая теория молекулярных систем. М., 1979;

За спиной двадцатый век. Мн., 1999.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 13, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛДЗІПРАДА́Р», Дзяржаўнае праектнае прадпрыемства «Белдзіпрадар» Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1932 у Мінску як Ін-т «Дзіпрадар». З 1957 Бел. дзярж. ін-т па вышуканні і праектаванні аўтамаб. дарог («Белдзіпрадар»). Са жн. 1995 сучасная назва. Галаўная арг-цыя навук.-вытв. аб’яднання «Дзяржбудтэхніка». Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне аўтамагістраляў і аўтадарог, трансп. развязак, сістэм аўтадарожных мастоў і пуцеправодаў, падземных пераходаў; прадпрыемстваў дарожна-буд. індустрыі (асфальта- і цэментна-бетонныя з-ды, кар’еры дарожна-буд. матэрыялаў), аўтазаправачных станцый, адм. і жылых будынкаў; інж. вышуканні; тэхн. нагляд за падраднымі работамі пры буд-ве дарог і збудаванняў на іх; дыягностыка стану дарог, мастоў, пуцеправодаў; інж. разлікі трансп. збудаванняў; кансультацыйныя паслугі па праблемах дарожна-маставога будавання.

т. 3, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎМЕТА́ЛЫ,

крышталічныя рэчывы, якія паводле электрафіз. уласцівасцей займаюць прамежкавае становішча паміж металамі і паўправаднікамі.

Характарызуюцца кавалентнай крышт. рашоткай. Асн. фіз. ўласцівасці П.: значна меншая, у параўнанні з металамі, эл. праводнасць; больш слабы, чым у паўправаднікоў, рост эл. праводнасці пры павышэнні т-ры; наяўнасць эл. праводнасці каля абс. нуля т-ры (паўправаднікі ў гэтых умовах — ізалятары). Да П. адносяць вісмут, сурму, мыш’як, графіт і некаторыя інш. простыя рэчывы. Паўметал. ўласцівасці маюць і некаторыя складаныя рэчывы, што ўключаюць П. (напр., вісмутыды). Выкарыстоўваюць П. ў навук. практыцы для рэгістрацыі пераходаў дыэлектрык—метал у моцным магн. полі (датчыкі напружанасці магн. поля), у металургіі ў якасці прысадак, злучэнні мыш’яку і сурмы з металамі — як паўправадніковыя матэрыялы.

т. 12, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

канво́й

(фр. convoi = абоз, суправаджэнне)

1) група ўзброеных людзей, якая суправаджае каго-н. з мэтай аховы або для прадухілення ўцёкаў;

2) група ваенных караблёў, якія ахоўваюць транспартныя і гандлёвыя судны ў час марскіх пераходаў ад нападу ворага.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

паўто́н, ‑у, м.

1. Спец. Найменшы інтэрвал паміж двума гукамі, найменшае павышэнне або паніжэнне голасу.

2. Колер, фарба, якія ўтвараюць пераход ад светлага тону да цёмнага. Вуліца ўся ва ўладзе паўтонаў: колеры зліваюцца ў мяккую прывабную шэрань, а гукі як бы трацяць сваю дзённую выразнасць і акрэсленасць. Навуменка. // перан. Адсутнасць рэзкіх пераходаў. Важнай адзнакай узросшага майстэрства А. Кулакоўскага з’яўляецца тое, што ён усё больш смела, ахвотна, упэўнена карыстаецца ў сваіх творах паўтонамі. Гіст. бел. сав. літ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАНТА́КТНАЯ РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ,

рознасць патэнцыялаў паміж праваднікамі з рознай работай выхаду, якія знаходзяцца ў электрычным кантакце, ва ўмовах раўнавагі тэрмадынамічнай.

Пры кантакце двух праваднікоў паміж імі адбываецца абмен электронамі праводнасці. У выніку праваднік з меншай работай выхаду зараджаецца дадатна, з большай — адмоўна. У вобласці кантакту ўзнікае эл. поле, накіраванае так, што патокі электронаў у абодвух напрамках ураўнаважваюцца, і ўстанаўліваецца пастаянная К.р.п. Яна роўная рознасці работ выхаду праваднікоў. аднесенай да зараду электрона. К.р.п. залежыць ад прыроды правадніка, стану яго паверхні і можа дасягаць некалькіх вольт. На існаванні К.р.п. грунтуецца работа важнейшых элементаў паўправадніковай электронікі: p—n пераходаў і кантактаў метал—паўправаднік; яна выкарыстоўваецца для прамога пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную; яе трэба ўлічваць пры канструяванні электравакуумных прылад.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЎЛЕ́ННЕ,

пераход рэчыва з цвёрдага агрэгатнага стану ў вадкі (гл. Агрэгатныя станы рэчыва); адзін з фазавых пераходаў 1-га роду. Працэс П. адыгрывае важную ролю ў прыродзе (напр., П. лёду і снегу на паверхні Зямлі, мінералаў у яе нетрах) і ў тэхніцы (гл. Плаўка).

П. крышталічных цел адбываецца пры нязменнай т-ры (гл. Тэмпература плаўлення) незалежна ад колькасці падведзенай цеплаты і характарызуецца цеплатой плаўлення. Залежнасць т-ры П. ад знешняга ціску выражаецца Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненнем. Пры П. ўдзельны аб’ём цела звычайна павялічваецца і т-ра П. расце з ростам ціску (за выключэннем, напр., лёду, вісмуту, галію, шчыльнасць якіх пры П. памяншаецца). Аморфныя целы не маюць пэўнай т-ры П. і пераходзяць у вадкі стан паступова ў некат. дыяпазоне т-р.

т. 12, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАСТАБІ́ЛЬНЫ СТАН (ад мета... + лац. stabilis устойлівы),

адносна ўстойлівы стан сістэмы, з якога яна можа перайсці ў больш устойлівы стан (напр., асн.) пад уздзеяннем знешніх узбурэнняў ці самаадвольна. 1) М.с. тэрмадынамічных сістэм — стан няўстойлівай раўнавагі (гл. Раўнавага тэрмадынамічная). Існаванне М.с. абумоўлена асаблівасцямі кінетыкі фазавых пераходаў. У такім стане знаходзяцца, напр., перагрэтая вадкасць — вадкасць, т-ра якой большая за т-ру кіпення пры дадзеным ціску; перахалоджаная (перасычаная) пара — пара, т-ра якой ніжэйшая за т-ру кандэнсацыі пры дадзеным ціску; перанасычаны раствор — раствор, канцэнтрацыя якога перавышае канцэнтрацыю насычанага раствору пры дадзенай т-ры.

2) М.с. квантавых сістэм — узбуджаны энергетычны стан атамнай сістэмы (атама, малекулы, атамнага ядра), у якім яна можа існаваць адносна працяглы час. Пераходы з такіх станаў у станы з меншай энергіяй, якія суправаджаюцца выпрамяненнем фатонаў, забаронены адбору правіламі.

т. 10, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУТАЦЫ́ЙНАЯ ТЭО́РЫЯ, тэорыя зменлівасці і эвалюцыі,

сцвярджае, што існуе 2 катэгорыі зменлівасці — бесперапынная і перарывістая (дыскрэтная). Распрацаваў Г.Дэ Фрыз. Паводле гэтай тэорыі толькі перарывістая зменлівасць з’яўляецца спадчыннай. Для яе абазначэння ўведзены тэрмін «мутацыя». М.т. сцвярджае, што мутацыі могуць быць прагрэсіўныя (з’яўленне новых спадчынных уласцівасцей, што раўназначна ўзнікненню новых элементарных відаў) або рэгрэсіўныя (страта якіх-н. існуючых уласцівасцей, якія прыводзяць да ўзнікнення разнавіднасцей). Новыя жарданоны ўзнікаюць шляхам прагрэсіўных мутацый раптоўна, без пераходаў і звычайна адразу спадчынна пастаянныя. Масавыя мутацыі прымеркаваны да асобых рэдкіх мутацыйных перыядаў, што ў жыцці кожнага віду чаргуюцца з працяглымі перыядамі спакою. Развіццё генетыкі абвергла асн. палажэнні М.т. Падобную сістэму прадстаўленняў пра зменлівасць і эвалюцыю распрацаваў С.І.Каржынскі (1899). Сучасныя прадстаўленні аб спадчыннасці і іх сінтэзе з эвалюцыйным вучэннем сфармуляваў С.С.Чацверыкоў (1926). Гл. таксама Дарвінізм, Мендэлізм.

т. 11, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)