ПАРАМЕ́Й (Уладзімір Трафімавіч) (н. 30.11.1921, с. Гусяцін Чамеравецкага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне афтальмалогіі. Д-р мед. н., праф. (1974). Скончыў Львоўскі мед. ін-т (1947). У 1962—96 у Гродзенскім мед. ін-це (з 1963 заг. кафедры). Навук. працы па лячэнні туберкулёзна-алергічных працэсаў, апёкаў вачэй, пачатковых стадый катаракты, дыягностыцы пухлін галаўнога мозга, перасадцы штучнага хрусталіка, хірург. лячэнні глаўкомы, касавокасці, блізарукасці.

Тв.:

Гипотермический тест очаговой аллергической реакции при туберкулезе глаза (разам з В.​І.​Санюкевічам) // Вопросы борьбы с туберкулезом. Мн., 1968;

Локальная и общая температурные реакции на прободную рану глаза при лучевой болезни у кроликов // Вопросы радиобиологии. Мн., 1969.

т. 12, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

харыён

(гр. chorion = перапонка, абалонка)

1) знешняя абалонка зародкаў паўзуноў, птушак, млекакормячых, чалавека на пачатковых стадыях іх развіцця;

2) другасная абалонка яйцаклеткі беспазваночных і некаторых ніжэйшых пазваночных жывёл.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

падраўня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

1. Размясціцца з кім‑, чым‑н. у рад па прамой лініі. Паўтысячы чалавек злёгку павярнулі галовы, падраўняліся ў страі і застылі ў нерухомых паставах. Сіняўскі. Два самалёты рухава выскачылі на старт. Уступам выстраіліся, падраўняліся і адначасова пайшлі на ўзлёт. Алешка.

2. перан. Стаць аднолькавыя, адпаведным з кім‑, чым‑н. у якіх‑н. адносінах. Падраўнялася рунь. Падраўняўся малады хвойнік. □ [Колас] выказаў жаданне, каб мова [яго] пачатковых твораў па магчымасці падраўнялася да ўзроўню сучаснай. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АЎТАВАГА́ННІ (ад аўта... + ваганні),

незатухальныя ваганні ў нелінейнай вагальнай сістэме пры адсутнасці пераменнага вонкавага ўздзеяння. Форма і ўласцівасці аўтаваганняў вызначаюцца самой сістэмай і не залежаць ад пачатковых умоў (напр., пач. энергіі), што адрознівае іх ад вымушаных ваганняў.

Сістэма, дзе адбываюцца аўтаваганні, наз. аўтавагальнай (або аўтагенератарам) і ў найб. простых выпадках мае вагальную сістэму, крыніцу сілкавання і прыстасаванне, якое рэгулюе паступленне энергіі ад крыніцы сілкавання, напрыклад анкер у мех. гадзінніку. У аўтавагальных сістэмах з 1 ступенню свабоды магчымы толькі простыя перыядычныя аўтаваганні, у больш складаных — складаныя перыядычныя, выпадковыя, імавернасныя (стахастычныя). Пры малых стратах энергіі форма і перыяд аўтаваганняў блізкія да формы і перыяду свабодных ваганняў. Аўтаваганні пераўтвараюцца ў рэлаксацыйныя ваганні, калі за перыяд страчваецца ўся назапашаная энергія.

А.​П.​Вайтовіч.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРФАГРАФІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

алфавітны даведнік, які падае правільнае напісанне рэестравых слоў і іх формаў у адпаведнасці з існуючымі правапіснымі нормамі. Яго лічаць «слоўнікам слоўнікаў», паколькі ўсе інш. даведнікі арыентуюцца на яго і толькі ў ім поруч з рэестравай лексікай падаецца ў сістэматызаваным выглядзе афіцыйна ўзаконены звод арфаграфічных правілаў. Арфаграфічныя слоўнікі любой мовы падзяляюць на агульныя (напр., «Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне», 1987) і аспектныя слоўнікі. Сярод аспектных вылучаюць: спецыяльныя (напр., рус. «Арфаграфічны марскі слоўнік» Р.​Э.​Парэцкай, 1974); школьныя (бел. «Арфаграфічны слоўнік: Для пачатковых класаў», 5-е выд., 1987; «Арфаграфічны слоўнік: Для сярэдняй школы» М.​П.​Лобана і М.​Р.​Судніка, 6-е выд., 1990); вузкааспектныя, якія засяроджваюць увагу на правільным напісанні слоў пэўных разрадаў (бел. «Асобна, разам, праз дэфіс» М.​Р.​Прыгодзіча, 1994; рус. «Вялікая ці малая?» Д.​Э.​Разенталя, 3-е выд., 1987, і інш.).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 1, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІ́НА (Антось) (сапр. Міцкевіч Міхаіл Міхайлавіч; 13.7.1897, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 25.10.1991),

бел. пісьменнік, публіцыст, перакладчык, педагог. Брат Я.Коласа. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1917). Жыў на хутары Смольня і займаўся сельскай гаспадаркай. У час ням. акупацыі працаваў інспектарам школ. У 1944, баючыся рэпрэсій, выехаў на Захад — спачатку ў Чэхаславакію, потым у Зах. Германію. Жыў у лагеры для перамешчаных асоб, працаваў інспектарам пачатковых бел. школ, якія дзейнічалі ў лагерах. Выдаў каля дзесятка чытанак. У 1950 пераехаў у Нью-Йорк, дзе працаваў настаўнікам бел. школы, вартаўніком цвінтара. З 1952 да пач. 1960-х г. рэдактар газ. «Беларус», у 1970—81 — час. «Голас царквы». Літ. дзейнасць пачаў у 1917 («Як Мікіта бараніў сваіх», разам з Я.​Лёсікам). Тэматыка яго апавяданняў і фельетонаў — жыццё сялян, семінарыстаў, фарміраванне нац. самасвядомасці беларусаў. У 1960-я г. пераклаў з царк.-слав. на бел. мову тэксты малітваў, богаслужэнняў, Евангелля.

т. 4, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З’ЕЗД БЕЛАРУ́СКІХ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ Адбыўся 7—9.4.1917 у Мінску. Прысутнічала каля 150 дэлегатаў ад розных бел. арг-цый. Асн. мэта з’езда — выпрацоўка ў новых гіст. умовах праграмы бел. нац. руху. Абраны камісіі: агітацыйная, арганізац., друку, земская, фін., школьная і этнаграфічная. З’езд паставіў пытанне пра неабходнасць адкрыцця бел. ун-та і інш. ВНУ, паступовы пераход пачатковых школ на родную мову выкладання. Прыняў рашэнне пра арганізацыю т-ва «Прасьвета» і выданне газеты. Этнагр. камісія адзначыла, што ў склад Беларусі ўваходзяць Мінская, Гродзенская, Магілёўская, часткі Смаленскай і Чарнігаўскай губ., стварыла камісію для ўдакладнення яе межаў (акад. Я.​Карскі, А.​Шахматаў, праф. М.​Любаўскі, М.​Доўнар-Запольскі). Дэлегаты выказалі пратэст супраць уключэння Віленскай губ. ў склад Літ. рэспублікі. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі; для кіраўніцтва краем у кантакце з Часовым Рас. урадам абраны Беларускі нацыянальны камітэт з 18 чл. на чале з Р.​Скірмунтам і вылучана дэлегацыя да Часовага ўрада.

В.​Г.​Мазец.

т. 7, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ПЯЦКАЯ ГАЗАНАФТАНО́СНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

У Гомельскай, часткова Магілёўскай і Мінскай абл., уваходзіць у Дняпроўска-Прыпяцкую газанафтаносную правінцыю. Прымеркавана да Прыпяцкага прагіну. Пл. каля 32 тыс. км², даўж. 260 км, шыр. да 130 км. Першае Рэчыцкае радовішча нафты адкрыта ў 1964, усяго выяўлена 62 нафтавыя і 1 нафтагазакандэнсатнае радовішча (2000). Агульныя геал. запасы нафты складаюць (2000): 341,7 млн. т, у т. л. здабываемыя 72 млн. т; здабываемыя запасы кандэнсату 443 тыс. т, растворанага газу 8 млрд. м³, свабоднага газу — 1 млрд. м³. За час эксплуатацыі здабыта нафты 102,43 млн.т. Больш як палавіна астатніх запасаў адносіцца да катэгорыі цяжказдабываемых. Дадаткова прагнозныя рэсурсы нафты складаюць 191,9 млн. т, але мяркуецца, што значная частка іх нізкарэнтабельная (цяжказдабываемая, ці з запасамі меней за 0,05 млн. т, з глыб. залягання больш за 3500 м, ці на тэрыторыі з высокім радыяцыйным забруджваннем і інш.). Найбуйнейшыя па запасах (пачатковых) нафты Асташкавіцкае радовішча нафты (34,7 млн. т), Рэчыцкае (34,2 млн. т.) і Вішанскае радовішча нафты (14,2 млн. т).

І.​Р.​Захарыя.

т. 13, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Катры́нка ’катрынка’ (Шат., Нас.), кацяры́нка ’тс’ (Нас.). Запазычанне з польск. мовы. Зыходным з’яўляецца выраз польск. szarmant katrynka (таксама проста katarynka). Назва паходзіць, паводле Фасмера, 4, 410, з пачатковых слоў ням. песні Scharmante Katharine ’прыгожая Катарына’. Гэту песню, як мяркуюць, вельмі часта выконвалі на катрынках. Параўн. тлумачэнне ў Даля; Гараева, 419. Па іншай версіі (гл. Слаўскі, 2, 101–102), польск. katarynka паходзіць ад ням. назвы марыянеткі, якая называлася die schöne Katharine, потым перанеслі па музычны інструмент, на якім выконвалася адпаведная мелодыя пры выступленні лялькі. Гл. Слаўскі, 2, 101–102; Фасмер, 4, 410; Кюнэ, Poln., 63.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДЫНАМІ́ЧНАЕ ПРАГРАМАВА́ННЕ,

раздзел матэматыкі, прысвечаны тэорыі і метадам рашэння мнагакрокавых задач аптымальнага кіравання. Грунтуецца на прынцыпе аптымальнасці, прапанаваным у 1950-я г. амер. матэматыкам Р.​Белманам. У матэм. тэорыі кіроўных працэсаў строгае абгрунтаванне атрымана Л.​С.​Пантрагіным і інш. Выкарыстоўваецца ў аперацый даследаванні, у задачах аптымальнага планавання (напр., аб аптымальнасці размеркавання рэсурсаў, замены абсталявання), пры рашэнні многіх тэхн. праблем (у задачах кіравання паслядоўнымі хім. працэсамі, аптымальнага праектавання пракладкі дарог, аптымальных памераў ступеней ракет).

У Д.п. для кіроўных працэсаў сярод магчымых кіраванняў выбіраецца тое, якое вядзе да экстрэмальнага значэння мэтавай функцыі. Мнагакрокавасць вынікае з рэальнага працякання працэсаў або ўводзіцца штучна для расчлянення зыходнага працэсу прыняцця рашэння (у т. л. неперарыўнага) на асобныя этапы (крокі), якія выконваюцца ў розныя моманты часу. Гал. асаблівасць Д.п. — магчымасць рашаць усе аднатыпныя задачы пры любых пачатковых умовах (напр., вызначэнне аптымальнага рэжыму палёту самалёта ў зменлівых умовах надвор’я). На Беларусі праблемы Д.п. распрацоўваюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. эканам. ун-це.

Літ.:

Беллман Р. Динамическое программирование: Пер. с англ. М., 1960;

Хедли Дж. Нелинейное и динамическое программирование: Пер. с англ. М., 1967.

С.​У.​Абламейка.

т. 6, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)