гіперкерато́з

(ад гіпер- + гр. keras, -atos = рог)

празмернае патаўшчэнне рагавога слоя скуры чалавека ў выніку працяглага ціску, трэння і іншых прычын.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

энта́зіс

(гр. entasis = напружанне)

патаўшчэнне ствала калоны ў яго сярэдняй частцы, якое стварае ўражанне напружанасці і сцірае аптычную ілюзію ўвагнутасці ствала.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЛЕФАРЫ́Т (ад грэч. blepharon павека + ...іт),

запаленне краёў павекаў. Адна з пашыраных і працяглых хвароб вачэй. Прычыны ўзнікнення: хранічныя інфекц. і інфекцыйна-алергічныя хваробы, гіпавітамінозы, анеміі, хваробы страўнікава-кішачнага тракту, эндакрынныя парушэнні, глісныя інвазіі, хранічны танзіліт і інш. Развіццю блефарыту спрыяюць хранічныя кан’юнктывіты, запаленні слёзных шляхоў, гіперметрапія і астыгматызм вока, уздзеянні ветру, пылу, дыму.

Адрозніваюць блефарыт просты (лускаваты), язвавы і ангулярны. Для ўсіх відаў блефарыту характэрны сверб, адчуванне цяжару павекаў, хуткая стамляльнасць вачэй і павышаная адчувальнасць іх да святла. Назіраецца пачырваненне і патаўшчэнне краёў павекаў каля асновы вейкаў — дробныя сухія паслойныя шаравата-белыя лускавінкі ці жаўтаватыя скарыначкі, пры гнойных — кроватачывыя язвачкі. Пры іх рубцаванні парушаецца рост вейкаў. Прычынай блефарыту бывае себарэя. Стафілакокавы блефарыт можа выклікаць абсцэс тлушчавай залозы валасянога фалікула — вонкавы ячмень. Пры ангулярным блефарыце запаляюцца краі вонкавай і ўнутр. спаек павекаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

Л.​М.​Марчанка.

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пахісто́з

(ад гр. pachys = моцны + osteon = косць)

патаўшчэнне касцей і адначасовае пацяжэнне іх за кошт разрастання кампактнай тканкі, якое ўласціва водным жывёлам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

bulwa

ж.

1. клубень; перан. патаўшчэнне; гузак;

2. бат. земляная груша, тапінамбур (Helianthus tuberosus)

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

Кало́дачка ’каленца (у сцябле)’ (бяроз., Шатал.), ’сустаў’ (там жа). Адносна семантыкі параўн. ілюстрацыю да першага значэння: «На соломынэ аж тры колодычкы вырослі» (с. 70). Паводле Цыхуна (вусн. паведамл.), тут перанос ад першапачатковага калода ’трубка, сцябліна ў злакавых’. Да матывацыі параўн. калена як ’патаўшчэнне, вузел на сцябліне’ і ’частка сцябліны паміж патаўшчэннямі’. Прыклады адпаведных утварэнняў: калена ’сустаў пальца рукі’, і на той жа тэрыторыі (бяроз.) «жыта пошло ў каленцы». Зыходзячы з прыведзеных фактаў, менш верагодна думаць аб першаснасці значэння ’сучляненне як патаўшчэнне’. Паводле першага тлумачэння назва матывуецца звычайнымі пераносамі ў межах устаноўленай (і ўжо дыфузнай) семантыкі; калі ж прыняць другую версію, цяжка абгрунтаваць яе з боку семантыкі. Параўн. яшчэ інфармацыю па калода.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыле́пакпатаўшчэнне на нітцы (пры прадзенні)’ (трак., Сл. ПЗБ), прыле́пка ’нітка, якая парвалася пры прадзенні і якую прыпралі зноў’ (свісл., Шатал.), прылёпка ’тс’ (круп., Нар. сл.), сюды ж мн. л. пры́лі́пкі ’бакавыя нарасці ў печаным хлебе’ (навагр., дзятл., Нар. сл., Жыв. сл.), прыле́паш ’нараст на буханцы хлеба’ (швянч., Сл. ПЗБ). Для часткі слоў, з улікам геаграфіі, можна дапусціць запазычанне з літ. príelipas, prìliepaпатаўшчэнне на нітцы (пры прадзенні)’, príelipas ’бакавая нарасць ў печаным хлебе’, аднак астатнія, хутчэй за ўсё, да прыле́пваць, ляпі́ць (гл.), параўн. пры́лепень ’камячок бруду’ (чач., Жыв. сл.), укр. дыял. при́ліпка́ ’акраец’, рус. смал. приле́пушек ’тое, што прылеплена або прымацавана да нечага’, польск. przylepka ’нарасць ў печаным хлебе’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пупо́нчык ’агурочак’ (б.-каш., калінк., хойн., Мат. Гом.), пу‑ поньчык ’завязь у агурках’ (брагін., Нар. словатв.). Ад пуппатаўшчэнне’, магчыма, працяг дыялектнага прасл. *рор‑ьnьу параўн. макед. пупунок ’каробачка (бавоўны); пупышка, бутон’, рус. пу‑ пончик ’пампон у дзіцячай шапачцы; пышка’ (другаснае?), параўн. пампон, пончык (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мазо́ль, мазаля, м.

Патаўшчэнне скуры ці пухір з вадкасцю на руках або на нагах ад працяглага трэння. Нацерці мазоль. Крывавы мазоль. □ Дзякуй рупным рукам, што заўжды ў мазалях, без якіх каласам не звінець у палях! А. Вольскі.

•••

Касцявы мазоль — касцявая нарасць на месцы зрашчэння косці пасля пералому і інш. пашкоджанняў.

Жыць з мазаля гл. жыць.

Наступіць на (любімы) мазоль гл. наступіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мы́шчалка ’выступ або патаўшчэнне на канцах касцей шкілета, якое служыць для прымацавання мышц або ўваходзіць у склад сучлянення’ (ТСБМ), расон. мы́шчалкі ’суставы пальцаў на руцэ’ (Шатал.). З рус. мы́щелка, мыщелок ’шчыкалатка’, ’галоўка касці’ (Крукоўскі, Уплыў, 72), якія Гараеў (221) выводзіць з мышка, мышь. Не зусім пераканаўча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)