ГІДРО́ІДНЫЯ (Hydrozoa),

клас беспазваночных тыпу жыгучых. 2 падкласы, каля 2800 відаў. Пераважна марскія жывёлы, існуюць таксама прэснаводныя формы (каля 20 відаў). На Беларусі з гідроідных трапляюцца гідры. Выкапнёвыя існавалі ў ардовіку — дэвоне.

Цела цыліндрычнае, з 2 слаёў клетак. У большасці гідроідных чаргуюцца бясполае пакаленне (сядзячы паліп) і палавое (плаваючая медуза). У некат. гіброідных паліпы пры пачкаванні ўтвараюць вял. калоніі. Палавыя пакаленні (медузы) раздзельнаполыя, свабодна плаваюць у вадзе. Драпежнікі, жывяцца дробнымі жывёламі.

т. 5, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Peritricha),

падклас прасцейшых класа інфузорый. Жывуць у прэснай і марской вадзе. Найб. тыповыя прадстаўнікі — сувойкі, зоатамніі (Zootamnium).

Сядзячыя, прымацаваныя да субстрату формы. Большасць каланіяльныя (да некалькіх тысяч). Калоніі 2 тыпаў: са скарачальным і нескарачальным сцяблом. Асн. сцябло калоніі і яго першыя разгалінаванні агульныя для калоніі. Ротавы дыск акружаны радамі раснічак. Кормяцца бактэрыямі, некаторыя — паразіты рыб і земнаводных. Размнажэнне палавое (кан’югацыя) і бясполае (дзяленне).

Э.​Р.​Самусенка.

т. 8, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАГА́МІЯ (ад іза... + ...гамія),

тып палавога працэсу, пры якім палавыя клеткі (гаметы), што зліваюцца, маюць аднолькавыя знешнія памеры (марфалагічныя рысы), аднак розныя біяхім. і фізіял. ўласцівасці. Палавое размнажэнне на першых этапах свайго эвалюц. развіцця праяўляецца ў больш прымітыўным выглядзе. Пры іх зліцці ўтвараецца зігота, з якой развіваецца новы даччын арганізм. Пашырана ў аднаклетачных водарасцей, ніжэйшых грыбоў і ў многіх прасцейшых, адсутнічае ў мнагаклетачных жывёл. Гл. таксама Аагамія, Анізагамія, Гетэрагамія.

т. 7, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЦЫ́ДЫІ (Ascidiae),

клас марскіх хордавых жывёл, тыпу абалоннікаў. Пашыраны ва ўсіх морах. Некалькі атрадаў, каля 2 тыс. відаў.

Даўж. ад 0,1 мм да 50 см. Цела мяшэчкападобнае, пакрытае моцнай тунікай, ніжнім канцом прымацаванае да субстрату. На верхнім канцы знаходзяцца ротавы і клаакальны сіфоны. Унутраны шкілет адсутнічае. Гермафрадыты. Размнажэнне палавое і бясполае. Кормяцца дробнымі арганізмамі і дэтрытам. Есць асцыдыі простыя, або адзіночныя (монасцыдыі), і складаныя, або каланіяльныя (сінасцыдыі). Лічынкі вольнаплаваючыя, маюць хорду.

Асцыдыі: адзіночныя і каланіяльныя.

т. 2, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГУ́ЧЫЯ, кнідарыі (Cnidaria),

тып кішачнаполасцевых. 4 кл.: гідроідныя, сцыфоідныя, каралавыя паліпы і выкапнёвыя кануляты (Conulata). Каля 9 тыс. сучасных і 20 тыс. вымерлых відаў.

Пашыраны ва ўсіх морах. Ёсць прэснаводныя віды (гідры), у т. л. на Беларусі.

Адзінкавыя або каланіяльныя арганізмы. 2 жыццёвыя формы: прымацоўваюцца да субстрату (паліпы) або плаваюць (медузы). Цела з 2 слаёў — эктадэрмы і энтадэрмы. Паміж імі студзяністападобная мезаглея. У эктадэрме ёсць жыгучыя клеткі. Большасць раздзельнаполыя. Размнажэнне палавое і бясполае. Кормяцца беспазваночнымі.

т. 6, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТЭ́ЛА (Nitella),

род харавых водарасцей сям. нітэлавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ўсюды ў азёрах, апрэсненых участках мораў. На Беларусі адзначана N. sp. (як від не вызначалася) і Н. грацыёзная (N. gracilis). Растуць пераважна на мяккіх ілістых грунтах у чыстай, спакойнай вадзе.

Талом кусцістаразгалінаваны, ніткападобны, выш. да 1 м, прымацаваны да грунту рызоідамі. Асн. парасткі і галінкі маюць доўгія (да 25 см) аднаклетачныя міжвузеллі і шматклетачныя вузлы. Размнажэнне вегетатыўнае і палавое.

Т.​М.​Міхеева.

Нітэла.

т. 11, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕНДЫКУЛЯ́РЫІ (Appendicularia),

клас марскіх хордавых жывёл тыпу абалоннікаў. Каля 100 відаў. Жывуць ва ўсіх морах і акіянах у паверхневых слаях вады.

Цела даўж. 0,3 мм — 2,5 см, з тулава і хваста, свеціцца. Маюць хорду, спінны нервовы цяж і мускульныя клеткі, сэрца. Знаходзяцца ў студзяністым празрыстым «доміку», які могуць скідваць. Рухамі хваста праганяюць ваду праз фільтрацыйны апарат. У глотцы пара шчэлепных адтулін (стыгмы). Жывяцца мікраарганізмамі. Гермафрадыты. Размнажэнне палавое. Яйцы трапляюць у ваду пасля разрыву сценкі цела, і апендыкулярыі гінуць.

Апендыкулярыя.

т. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТРАХАСПЕ́РМУМ (Batrachospermum),

род чырвоных водарасцяў сям. батрахаспермавых. Каля 50 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. Растуць у багатай кіслародам прэснай вадзе, асобныя віды — на тарфяных балотах паблізу крыніц. На Беларусі — батрахаспермум ружанцападобны (Batrachospermum moniliforme), адзначаны ў ручаях, рэчках і наваколлі воз. Нарач.

Шматклетачная ніткападобная аднадомная водарасць. Слаявіна мяккая, слізістая, даўж. 2—10 см, цемнаватага жоўта- або аліўкава-шэрага колеру, часам укрытая слоем скурыстых клетак. Асн. галінкі густа ўсаджаны пучкамі кароткіх галінак, размешчаных кальчакамі. Палавое размнажэнне — аагамія.

Батрахаспермум.

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛО́ННІКІ, лічынкавахордавыя (Tunicata, Urochorda),

падтып хордавых жывёл. Аб’ядноўвае 5 кл.: апендыкулярыі, бочачнікі (Cyclomyaria), асцыдыі, сальпы, агняцелкі, або пірасомы (Pirosomata). Каля 1,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды ў морах і акіянах.

Даўж. ад 0,3—50 см да 30 м (калоніі пірасом). Цела мяшэчка- або бочачкападобнае, укрытае тунікай (абалонкай), утворанай выдзяленнем вонкавага эпітэлію. Хорда ёсць толькі ў лічынкавых формаў (акрамя апендыкулярый). Гермафрадыты. Размнажэнне палавое і бясполае.

Да арт. Абалоннікі: 1 — бочачнік; 2 — пірасома; 3 — калонія сальпаў; 4 — асцыдыя халацынтыя гузакаватая.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

імпатэ́нцыя

(лац. impotentia = слабасць, бяссілле)

1) палавое бяссілле;

2) перан. няздольнасць да творчай дзейнасці (у навуцы, мастацтве, палітыцы і г. д.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)