ВЫБУХО́ВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

асобныя хім. злучэнні ці сумесі, здольныя пры знешнім уздзеянні (награванне, удар, трэнне і інш.) да хуткай самараспаўсюджвальнай хім. рэакцыі з утварэннем газу і выдзяленнем вял. колькасці цеплыні. Да выбуховых рэчываў адносяцца пераважна нітразлучэнні (трынітраталуол, гексаген, актаген, тэтрыл, нітрагліцэрына, нітраты цэлюлозы і інш.) і солі неарган. кіслот (нітрат амонію, перхларат амонію, азід свінцу). Выкарыстоўваюць сумесі выбуховых рэчываў аднаго з адным ці з гаручымі рэчывамі (гл. Аманіты, Дынаміты, Дынамоны, Порахі). Выбуховыя рэчывы небяспечныя ў абыходжанні. Пры іх захоўванні, транспарціроўцы і выкарыстанні неабходны спец. меры засцярогі.

Хім. рэакцыя, якая ўзнікае ў абмежаваным аб’ёме выбуховых рэчываў, распаўсюджваецца па яго масе ў рэжыме дэтанацыі ці гарэння. Па выбуховых уласцівасцях (умовах пераходу гарэння ў дэтанацыю) і абумоўленых імі галінах выкарыстання выбуховыя рэчывы падзяляюць на ініцыіруючыя (першасныя), брызантныя (другасныя) і порахі (кідальныя). Ініцыіруючыя выбуховыя рэчывы лёгка загараюцца, гарэнне хутка пераходзіць у дэтанацыю пры атм. ціску. Выкарыстоўваюць для ўзбуджэння выбуховага пераўтварэння інш. выбуховых рэчываў. Брызантныя выбуховыя рэчывы больш інертныя, іх гарэнне можа перайсці ў дэтанацыю толькі пры наяўнасці трывалай абалонкі ці вял. колькасці рэчыва. Выкарыстоўваюцца для прамысл. выбуховых работ, як начынка боепрыпасаў і інш. Порахі пры гарэнні не дэтануюць нават пры высокім (сотні МПа) ціску. Выкарыстоўваюць у ствольнай зброі, як цвёрдае ракетнае паліва.

т. 4, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПРАБІЁНТЫ, сапробы (ад грэч. sapros гнілы + bios жыццё),

жывыя арганізмы, якія жывуць у забруджаных арган. рэчывамі вадаёмах. Здольнасць С. мінералізаваць арган. рэчывы спрыяе біял. самаачышчэнню вадаёмаў і выкарыстоўваецца пры біялагічнай ачыстцы сцёкавых вод. Відавы склад і колькасць С. — біялагічныя індыкатары ступені забруджанасці вадаёмаў. Для кожнай ступені забруджанасці вызначаны паказальныя арганізмы. Вылучаюць полі-, меза- і алігасапрабіёнты.

Полісапрабіёнты жывуць у моцназабруджаных вадаёмах, якія характарызуюцца наяўнасцю нязгнілых бялковых рэчываў, вял. колькасцю вуглекіслаты, серавадароду і метану, адсутнасцю кіслароду. Згуртаванні полісапрабіёнтаў хутка змяняюцца, утвараюць слізістыя камякападобныя абрастанні, характарызуюцца вял. колькасцю асобін нешматлікіх відаў. На Беларусі да іх належаць некат. бактэрыі (сфератылус натанс, тыётрыкс нівея), зялёная водарасць асцыляторыя, некат. інфузорыі і жгуціканосцы, чарвяк тубіфекс, лічынка мухі-пчалавідкі («крыска»). Мезасапрабіёнты жывуць ва ўмерана забруджаных водах, дзе няма нязгнілых бялкоў, ёсць кісларод і прадукты акіслення — нітраты і нітрыты. Да іх належаць ніткавыя бактэрыі, водарасці, мукоравыя грыбы, прасцейшыя, малюскі, ракападобныя, лічынкі насякомых (напр., матыль), некат. рыбы. Алігасапрабіёнты жывуць у чыстых або слабазабруджаных вадаёмах, якія характарызуюцца добрымі акісляльнымі ўмовамі, невял. колькасцю свабоднай вуглекіслаты, адсутнасцю серавадароду. Вызначаюцца залацістыя водарасці з роду дынобрыян, пірафітавыя з роду цэрацыум і дыятомавыя з роду цыклатэла, сінедра, ніцшыя; кветкавыя расліны — рдзесты, шышнякі, гарлачык; галінаставусыя ракападобныя, рачныя ракі, амаль усе рыбы, трытоны, жабы. Проціпастаўляюць катарабіёнтам. Гл. таксама Сапробнасць.

т. 14, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ЛІ,

клас хім. злучэнняў; крышт. рэчывы з іоннай структурай (гл. Іонная сувязь). З’яўляюцца прадуктамі поўнага ці частковага замяшчэння іонаў вадароду ў малекулах кіслот на катыёны (іоны металаў, амоній і інш.) або гідраксільных (OH) груп у малекулах асноў на аніёны кіслотных астаткаў (напр., хларыд-, сульфат-аніён).

Падзяляюць на сярэднія, ці нармальныя, — прадукты поўнага замяшчэння (напр., Na2SO4), кіслыя (гідрасолі; напр. NaHCO3) і асноўныя (гідраксасолі; напр., MgClOH) — прадукты няпоўнага замяшчэння адпаведна іонаў вадароду многаасноўных кіслот і OH груп многакіслотных асноў. Адрозніваюць таксама С. простыя, якія маюць катыёны і аніёны аднаго віду (напр., MgCl2), двайныя [маюць катыёны 2 відаў, напр., KAl(SO4)2∙12H2O], мяшаныя (з рознымі аніёнамі, напр., CaClOCl) і комплексныя (гл. Комплексныя злучэнні). Прадукты ўзаемадзеяння асноў і кіслот Льюіса (гл. Кіслоты) адрозніваюцца ад звычайных солей, таму іх наз. кіслотна-асноўнымі комплексамі ці адуктамі. Многія С. добра раствараюцца ў вадзе (напр., нітраты, хларыды). У водных растворах цалкам ці часткова дысацыіруюць на іоны (гл. Электралітычная дысацыяцыя), а С. слабых кіслот і(ці) слабых асноў гідралізуюцца (гл. Гідроліз солей). Атрымліваюць С. ўзаемадзеяннем кіслот з асновамі (рэакцыя нейтралізацыі) і асноўнымі аксідамі, кіслотных аксідаў з асновамі і асноўнымі аксідамі, металаў з моцнымі к-тамі і інш. метадамі. Выкарыстоўваюць у прам-сці (хім., металургічнай, харч., тэкст. і інш.), сельскай гаспадарцы, медыцыне. Гл. таксама Галагеніды, Карбанаты, Сульфаты, Фасфаты.

А.​Л.​Чарнякова.

т. 15, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛКО́ВЫ АБМЕ́Н,

сукупнасць хім. пераўтварэнняў бялкоў і амінакіслот у жывых арганізмаў; важнейшая частка абмену рэчываў (у спалучэнні з пераўтварэннямі інш. азотазмяшчальных рэчываў утварае сістэму азоцістага абмену). Два ўзаемазвязаныя бакі бялковага абмену ў арганізме — распад (катабалізм) і біясінтэз (анабалізм) бялкоў. Першая стадыя аднаўлення бялкоў — іх гідроліз да амінакіслот пры дапамозе ферментаў катэпсінаў (тканкавых пратэіназаў), што лакалізаваны пераважна ў лізасомах (дзейнічаюць у кіслым асяроддзі). Амінакіслоты ўтвараюцца і пры гідролізе (ператраўленні) харч. бялкоў пад уздзеяннем пратэалітычных ферментаў (пратэазаў) страўнікава-кішачнага тракту (пепсін, трыпсін, хіматрыпсін, эластаза, экзапептыдазы), якія ўсмоктваюцца ў ім і трапляюць у клетку. Толькі такім шляхам паступаюць у арганізм неабходныя яму незаменныя амінакіслоты. У клетках амінакіслоты ўтвараюць амінакіслотны фонд клеткі, выкарыстоўваюцца на сінтэз пептыдаў, бялкоў, пурынаў, пірымідзінаў, гемапратэінаў, вугляводаў, ліпідаў, нізкамалекулярных гармонаў і інш. рэчываў, уступаюць у асн. агульныя рэакцыі абмену: пераамініраванне, дэзамініраванне і дэкарбаксіліраванне.

Пры пераамініраванні (трансмініраванні) α-амінагрупа адшчапляецца ад L.-амінакіслот і пераносіцца ў асноўным на α-вуглярод α-кетаглутаравай кіслаты. Гэта рэакцыя мае асабліва вял. значэнне пры біясінтэзе амінакіслот у раслінах: нітраты і нітрыты, што трапляюць у расліны з глебы, аднаўляюцца з утварэннем аміяку, які звязваецца з α-кетаглутаравай кіслатой; утвараецца глутамінавая кіслата. Амінагрупа гэтай кіслаты ў працэсе рэакцыі пераносіцца на кетакіслоты з утварэннем інш. амінакіслот. Пры дэзамініраванні адбываецца распад амінакіслот з выдзяленнем аміяку. Найб. значэнне ў арганізме жывёл і чалавека мае акісляльнае дэзамініраванне, пры якім утвараецца кетакіслата і аміяк. Утвораныя пры пераамініраванні і акісляльным дэзамініраванні α-кетакіслоты здольныя аднаўляцца з утварэннем амінакіслот, якія ў працэсе катабалізму могуць выкарыстоўвацца на сінтэз глюкозы і ацэтонавых цел. Пры дэкарбаксіліраванні амінакіслот вылучаецца вуглякіслы газ (CO2) і ўтвараюцца аміны, а пры дэкарбаксіліраванні араматычных амінакіслот — біягенныя аміны (трыптамін, сератанін, гістамін, γ-амінамасляная кіслата). Аміяк, што ўтвараецца пры дэзамініраванні амінакіслот і амінаў, таксічны для арганізма. Абясшкоджванне яго адбываецца пры аднаўленчым амініраванні, у рэакцыях сінтэзу глутаміну і аспаргіну, у цыкле сінтэзу мачавіны ў печані (у чалавека, млекакормячых і некат. інш. жывёл) ці мачавой кіслаты (у птушак, рэптылій, насякомых). У чалавека і жывёл мачавіна выдаляецца з арганізма з мачой, часткова ў выглядзе аманійных соляў, у раслін магчыма паўторнае яе ўключэнне ў працэсы сінтэзу бялку. Збалансаваны па паступленні (у т. л. ў складзе незаменных амінакіслот) і выдаленні азоту, бялковы абмен вызначае фарміраванне ў арганізме стану азоцістай раўнавагі, калі патрэба яго ў бялках можа быць мінімальнай (гл. Бялковы мінімум). Рэгулюецца бялковы абмен у чалавека і жывёл ферментамі, гармонамі пры ўдзеле нерв. сістэмы (гл. Нейрагумаральная рэгуляцыя, Гарманальная рэгуляцыя).

Літ.:

Строев Е.А. Биологическая химия. М., 1986;

Николаев А.Я. Биологическая химия. М., 1989;

Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 2 изд. М., 1990.

В.​К.​Кухта.

т. 3, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМЕТАЛІ́ЧНЫЯ КАРЫ́СНЫЯ ВЫ́КАПНІ, нярудныя карысныя выкапні,

група горных парод і мінералаў, якія пераважна не з’яўляюцца рудамі металаў і гаручымі карыснымі выкапнямі. Выкарыстоўваюцца непасрэдна як прыродны мінер. агрэгат (напр., буд. і сілікатныя пяскі) ці ў перапрацаваным выглядзе (паўгідраты, цэмент, кандыцыйны жвір і інш.), для здабычы мінералаў (алмазаў, глаўканіту, каалінігу і інш.) і хім. злучэнняў, што выдаляюць з пароды (калійныя і кухонная солі). Вядома больш за 90 горных парод і больш за 60 мінералаў. Мінер. састаў Н.к.в. — сілікаты, аксіды, галоіды, карбанаты, сульфаты, фасфаты, нітраты, бараты, фтарыды і самародныя элементы (вуглярод, сера), а таксама складаныя арган. рэчывы (напр., бурштын). Якасць сыравіны ацэньваецца паводле фіз.-хім. уласцівасцей, мінер. саставу, асаблівасцей перапрацоўкі і інш. Радовішчы Н.к.в. прымеркаваны пераважна да асадкавых парод, радзей да вывергнутых і метамарфічных. На Беларусі Н.к.в. трапляюцца ў пародах крышт. фундамента (буд. і абліцованы камень на выступах і каалін у корах выветрывання) і платформавага чахла. Багатыя Н.к.в. адклады верхнедэвонскія ў Прыпяцкім прагіне (калійныя і каменныя солі, гіпсы) і на ПнУ рэгіёна (даламіт), ніжнекарбонавыя ў Прыпяцкім прагіне (даўсаніт), верхнемелавыя (мел, мергель, фасфарыты) на З і У, палеагенавыя (глаўканіт, бурштын і інш.) на Пд і З, неагенавыя (монтмарыланітавыя гліны і кварцавыя пяскі) на Пд рэспублікі, антрапагенавыя Беларускай грады (пясчана-жвіровая сумесь, буд. пяскі і інш.) і Беларускага Паазер’я (стужачныя гідраслюдзістыя гліны, жвір; пяскі), у т. л. галацэнавыя (балотныя руды, лугавыя мергелі, сапрапель). Здабыча Н.К.В. вядзецца пераважна ў механізаваных кар’ерах, радзей шахтавым спосабам (калійныя солі) і вышчалочваннем у свідравінах (кухонная соль).

Паводле горна-прамысл. класіфікацыі Н.К.В. адрозніваюць горна-хім. і горна-тэхн. сыравіну, буд. матэрыялы, новыя і малыя віды неметал. выкапняў. Горна-хімічная сыравіна: фасфарыты (радовішчы Лабковіцкае і Мсціслаўскае); калійныя солі (Старобінскае, Петрыкаўскае), кухонная соль (Мазырскае, Старобінскае, Давыдаўскае); даўсаніт — содавая сыравіна (праяўленні); даламіт (радовішча Руба і шэраг праяўленняў з запасамі больш за 6,7 млрд. т). Горна-тэхнічная сыравіна: каалін (радовішча Скрыпіцкае і інш. з запасамі больш за 30 млн. т); тугаплаўкія гліны (Гарадок, Гарадная, Глінка, Столінскія хутары і інш. з запасамі да 60 млн. т); бентаніт (радовішча Астражанскае з запасамі 12,3 млн. т у Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл.); кварцавыя пяскі (Гарадная, Чэцверня і інш. з запасамі больш за 100 млн. т); трэпел (Стальное і інш. з запасамі больш за 180 млн. т); гіпс (праяўленні з вял. рэсурсамі); мергель і мел (Камунарскае, Калядзіцкае, Каменкаўскае, Пагараны, Туры, Сожскае, Хаціслаўскае і інш. з запасамі 1,4 млрд. т); лугавыя мергелі (больш за 300 дробных радовішчаў і праяўленняў з запасамі каля 200 млн. м³). Будаўнічыя матэрыялы: буд. камень — дыярыт, гранадыярыт, граніт (радовішчы Глушкавіцкае, Мікашэвіцкае, Сітніцкае з запасамі больш за 1 млрд. м³); абліцовачны камень (радовішча Кар’ер Надзеі); пясчана-жвіровыя сумесі (больш за 120 радовішчаў з запасамі больш за 1 млрд. м³); пяскі буд. і сілікатныя (больш за 100 радовішчаў з запасамі больш за 800 млн. м³); гліны для грубай керамікі, цэменту і лёгкіх запаўняльнікаў (больш за 240 радовішчаў, запасы да 700 млн. м³); прыродныя пігменты (фарбы мінер.): вохра і вохрыстыя гліны (радовішча Ляхава Гара з запасамі больш за 140 тыс. т у Лоеўскім р-не Гомельскай вобл.), балотныя жалезныя руды (каля 150 праяўленняў), глаўканіт (праяўленні з вял. рэсурсамі). Новыя і малыя віды неметалічных выкапняў: цэалітаносныя (мінералы гейландыт, клінаптылаліт) гліны, палыгарскітавыя гліны, гранатавыя пяскі, крэмень, бурштын, ледавіковыя валуны, вівіяніт (праяўленні). Гл. таксама Карысныя выкапні, Мінеральныя будаўнічыя матэрыялы, Мінеральная сыравіна і арт. пра адпаведныя радовішчы.

Я.​А.​Ільін.

т. 11, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАХІМІЯ

Першыя доследы з угнаеннямі (вывучэнне эфектыўнасці гною, вапны, попелу) праводзіліся на доследным полі, арганізаваным пры Горы-Горацкай земляробчай школе (1840); па выкарыстанні лубіну на зялёнае ўгнаенне — на Беняконскай доследнай станцыі Гродзенскай губ. (В.​М.​Ластоўскі, 1910); па вывучэнні дзейнасці ўгнаенняў на тарфяных глебах — на Мінскай балотнай станцыі (А.​Т.​Кірсанаў, 1911).

Планамерныя аграхім. даследаванні пачаліся ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це (1919), на Горацкай і Мінскай (з 1920), Турскай і Віцебскай (з 1921) с.-г. доследных станцыях. Тэарэтычныя даследаванні і падрыхтоўка кадраў вяліся на кафедры арганічнай і агранамічнай хіміі Бел. сельскагаспадарчай акадэміі (загадчык у 1921—31 А.​К.​Кедраў-Зіхман). У 1926 створаны Бел. НДІ сельскай і лясной гаспадаркі, у складзе якога арганізавана Цэнтр. аграхім. лабараторыя. У 1933 заснаваны Ін-т аграглебазнаўства і ўгнаенняў АН Беларусі (з 1937 Ін-т сацыяліст. сельскай гаспадаркі, з 1956 Бел. НДІ земляробства). У 1958 арганізаваны Ін-т глебазнаўства (з 1969 Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі), які з’яўляецца метадычным цэнтрам па кіраўніцтве Дзярж. аграхім. службай у складзе 6 абласных праектна-пошукавых станцый хімізацыі.

У 1920—33 праводзіліся даследаванні ўплыву вапны на фізічныя і біялагічныя якасці глебы, адносін асобных раслін да глебавай кіслотнасці; ролі магнію ў вапнавых угнаеннях, па ацэнцы розных вапнавых матэрыялаў (М.​П.​Булгакаў, Р.​Т.​Вільдфлуш, З.​П.​Ганчарова, А.​К.​Кедраў-Зіхман, І.​Х.​Рызаў, В.​І.​Шэмпель і інш.). У пач. 1930-х г. Г.​І.​Пратасенем упершыню складзены карты кіслотнасці і вапнавання кіслых глеб краіны. У 1920—30-я г. праводзіліся масавыя доследы з мінеральнымі ўгнаеннямі ў межах праграмы па хімізацыі сельскай гаспадаркі СССР (У.​М.​Пілько, І.​Р.​Уласенка, В.​І.​Шэмпель і інш.).

У пасляваенны перыяд вывучаліся эфектыўнасць арганічных і мінеральных угнаенняў, сістэм угнаенняў у севазваротах на глебах Беларусі (Я.​К.​Аляксееў, А.​М.​Брагін, Т.​І.​Зянкевіч, В.​І.​Шэмпель і інш.); праводзіліся даследаванні па акультурванні лёгкіх пясчаных глеб з выкарыстаннем лубіну, торфу і мінеральных угнаенняў (І.​П.​Астравы, І.​Г.​Стралкоў, І.​А.​Юшкевіч); па вывучэнні ўплыву вапнавання і ўгнаенняў на біяхім. працэсы ў раслін, уплыў кальцыю і магнію на азотны абмен у раслін пры розных крыніцах азотнага жыўлення (Р.​Т.​Вільдфлуш). З дапамогай радыеактыўнага ізатопа фосфару вывучана адсарбцыйная прырода паглынання фасфат-іонаў глебамі (С.​Н.​Іваноў), баланс азоту ўгнаенняў (М.​М.​Бязлюдны). Распрацаваны метадычныя ўказанні па абгрунтаванні доз угнаенняў, вывучаны ўзаемасувязі паміж якасцямі глеб, ураджаем культур і эфектыўнасцю ўгнаенняў (І.​М.​Багдзевіч, Л.​П.​Дзяткоўская, Т.​Н.​Кулакоўская, І.​С.​Лупіновіч). Даследаваны лакальны метад унясення мінеральных угнаенняў (І.​Р.​Вільдфлуш, Р.​Т.​Вільдфлуш, Г.​І.​Гарбылёва, А.​А.​Калікінскі, Т.​П.​Персікава і інш.).

У 1980—2000-я г. вывучаўся баланс пажыўных рэчываў у сістэме севазваротаў у земляробстве краіны (Л.​П.​Дзяткоўская, Т.​Н.​Кулакоўская, В.​В.​Лапа, М.​І.​Туранкоў і інш.), утрыманне і формы азоту, фосфару, калію ў глебах краіны і іх змяненні пад уплывам угнаенняў (І.​Р.​Вільдфлуш, І.​М.​Багдзевіч, Т.​Н.​Кулакоўская, В.​В.​Лапа, М.​М.​Семяненка); распрацаваны методыкі дыягностыкі азотнага жыўлення збожжавых культур і бульбы (М.​М.​Бязлюдны, А.​Р.​Корзун, М.​М.​Семяненка); рацыянальныя сістэмы ўгнаення с.-г. культур на аснове аптымізацыі мінеральнага жыўлення, комплекснага выкарыстання ўгнаенняў і рэгулятараў росту, біяпрэпаратаў, удасканальвання асартыменту угнаенняў (І.​М.​Багдзевіч, І.​Р.​Вільдфлуш, М.​П.​Кукраш, С.​П.​Кукраш, І.​А.​Кунцэвіч, В.​В.​Лапа, Г.​В.​Пірагоўская і інш.); даследаваны праблемы выкарыстання мікраэлементаў у земляробстве (Г.​П.​Дубікоўскі, В.​І.​Мацвеева, М.​В.​Рак) і інш. Вывучаны эфектыўнасць гною, птушынага памёту, зялёнага ўгнаення (Н.​Р.​Бачыла, К.​І.​Доўбан, П.​П.​Ціва, В.​А.​Цікавы). Распрацоўваюцца мерапрыемствы па ліквідацыі наступстваў радыеактыўнага забруджвання ў сельскай гаспадарцы (У.​Ю.​Агеец, І.​М.​Багдзевіч); аграхім. прыёмы зніжэння назапашвання нітратаў і цяжкіх металаў у раслінаводчай прадукцыі (І.​Р.​Вільдфлуш, С.​Я.​Галаваты, П.​П.​Ціва, А.​Р.​Цыганоў і інш.). Вядуцца распрацоўкі новага кірунку — генетыкі мінеральнага жыўлення, што дазволіць стварыць сарты с.-г. культур, здольныя расці на кіслых глебах, засвойваць цяжкарастваральныя злучэнні фосфару, не назапашваць нітраты і цяжкія металы і інш.

Літ.:

Детковская Л.П., Лимантова Е.М. Влияние удобрений на урожай и качество зерна. Мн., 1987;

Довбан К.И. Зеленое удобрение. М., 1990;

Кулаковская Т.Н. Оптимизация агрохимической системы почвенного питания растений. М., 1990;

Богдевич И.М., Лапа В.В. Влияние удобрений на качество урожая. Мн., 1995;

Семененко Н.Н., Невмержицкий Н.В. Азот в земледелии Беларуси. Мн., 1997;

Вильдфлуш И.Р., Лапа В.В., Цыганов А.Р. Фосфор в почвах и земледелии Беларуси. Мн., 1999;

Пироговская Г.В. Медленно действующие удобрения. Мн., 2000;

Лапа В.В., Босак В.Н. Минеральные удобрения и пути повышения их эффективности. Мн., 2002.

І.​Р.​Вільдфлуш.

т. 18, кн. 2, с. 582

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)