ЛЁГКІЯ МЕТА́ЛЫ,
металы з малой шчыльнасцю (да 4500 кг/м³): літый, берылій, натрый, магній, алюміній, калій, кальцый, тытан, рубідый, стронцый, цэзій, барый. Выкарыстоўваюць для атрымання лёгкіх сплаваў, легіравання інш. сплаваў.
т. 9, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНЫЯ КАРМЫ́, мінеральныя падкормкі,
састаўная частка рацыёнаў жывёл, якая забяспечвае іх неабходнымі мінер. рэчывамі. Выкарыстоўваюць у якасці кармавых дабавак у здробненым стане, вырабляюць сыпкія салявыя сумесі, брыкеты-лізунцы, таблеткі.
Найб. важная — кухонная соль (мае натрый і хлор, якіх мала ў расл. кармах). Кальцыевыя дабаўкі: вапнякі (мергель, траверцін, гарныш, даламітызаваны вапняк, у якім шмат і магнію), гіпс (ёсць і сера), мел, сапрапель, гашаная вапна, драўнінны попел (мае таксама натрый, калій, магній, фосфар, мікраэлементы); яечная шкарлупіна, ракавінкі малюскаў (для птушак) і інш. Фосфарныя дабаўкі: мона- і дынатрыйфасфат, мона- і дыамонійфасфат (таксама крыніца азоту). Фосфарна-кальцыевыя дабаўкі: касцявая мука, рыбная мука, касцявы прэцыпітат (дыкальцыйфасфат), абясфтораныя фасфарыты, касцявыя попел і вугаль, свежадраблёная косць (для пушных звяроў) і інш. Крыніцы магнію: аксід, карбанат і сульфат магнію; калію — хларыд калію; серы — чыстая сера, сульфаты натрыю і амонію, тыясульфат натрыю; мікраэлементаў металаў — іх сульфаты і інш. солі, аксіды (жалеза — таксама чырв. гліна), ёду — ёдзістыя калій і натрый, селену — селенат і селеніт натрыю.
т. 10, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯВА́Я МУКА́,
прадукт перапрацоўкі касцей забітых жывёл. Выпрацоўваецца з касцей, абястлушчаных арган. растваральнікамі і абясклееных парай.
Багатая мінер. рэчывамі (калій, кальцый, кобальт, медзь, натрый, фосфар, цынк і інш.). Выкарыстоўваецца ў якасці мінер. падкормкі с.-г. жывёл.
т. 8, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́НЕЎСКІ ЗАВО́Д СУХО́Й ПЕРАГО́НКІ ДРАЎНІ́НЫ Дзейнічаў у 1900—14 у Беларусі, у маёнтку Берасценева Аршанскага пав. (цяпер вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл.). Вырабляў воцатны парашок, драўняны і метылавы спірт, фармалін, воцатную кіслату, воцатнакіслы натрый, драўняны вугаль, смалу, драўняны воцат, ацэтон. Працавала да 160 рабочых (1900), вырабляў прадукцыі на 150—300 тыс. руб. за год.
т. 3, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРФВЕДСАНІ́Т (ад прозвішча швед. хіміка Арфведсана),
мінерал, манаклінны шчолачны амфібол NaNa2Fe24+Fe3+Si8O22(OH)2. Натрый можа замяшчацца кальцыем. Утварае прызматычныя крышталі, прамянёва-шаставатыя агрэгаты, зерні. Колер цёмна-зялёны да чорнага. Паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Пародаўтваральны мінерал. Пашыраны ў масівах нефелінавых сіенітаў і іх пегматытах, некаторых шчолачных гранітах, метасаматытах і карбанатытах.
т. 1, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНАГЕ́НЫ,
хім. элементы, неабходныя для жыццядзейнасці жывых арганізмаў. Вядома каля 20 элементаў. Сав. вучоны Б.Б.Палынаў (1968) вылучыў арганагены абсалютныя (кісларод, вадарод, вуглярод, азот, марганец, калій, сера), без якіх немагчыма існаванне арганізмаў і з якіх пераважна пабудаваны арган. рэчывы — бялкі, тлушчы, вугляводы, ферменты, гармоны, вітаміны і прадукты іх пераўтварэнняў, і арганагены спецыяльныя (крэмній, натрый, кальцый, жалеза, фтор, магній, стронцый, бор, цынк, медзь, бром, ёд), неабходныя многім, але не ўсім арганізмам.
т. 1, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ДРЫЦКІ ЗАВО́Д СУХО́Й ПЕРАГО́НКІ ДРАЎНІ́НЫ.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1900—16 ва ўрочышчы Выдрыца Аршанскага пав. Магілёўскай губ. Адно з буйных хім. прадпрыемстваў Рас. імперыі. Выпускаў драўняны і метылавы спірт, воцат, фармалін, воцатную кіслату, воцатнакіслы натрый, драўняны вугаль, смалу, ацэтон і інш. У 1913 меў 9 паравых рухавікоў, працавала 150 пастаянных і 300 часовых рабочых, выпушчана прадукцыі на 500 тыс. руб. У час 1-й сусв. вайны пастаўляў прадукцыю ваен. ведамству.
т. 4, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
натралі́т
(ад натрый + -літ)
мінерал, складаны водазмяшчальны алюмасілікат натрыю з групы цэалітаў сустракаецца ў вулканічных пародах як прадукт змянення нефеліну і палявых шпатаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АНТЫСЕПТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ,
антысептыкі, хімічныя рэчывы з процімікробным дзеяннем. Адрозніваюць антысептычныя сродкі з бактэрыястатычным (затрымліваюць рост і развіццё мікраарганізмаў) і бактэрыцыдным (знішчаюць мікраарганізмы) дзеяннем. Як антысептычныя сродкі ў медыцыне выкарыстоўваюцца для абеззаражвання ран, скуры, пры гнойна-запаленчых працэсах, для дэзінфекцыі ёд, хлор, пераксід вадароду, марганцавакіслы калій, сулема, спірты, карболавая кіслата і інш.; для кансервавання прадуктаў — воцатная, бензойная, саліцылавая кіслоты; для захавання драўніны, скуры, пластмасы, тэкст. вырабаў — фторысты натрый, медны купарвас, антрацэнавае, сланцавае масла і інш.
т. 1, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
мета́л, -у, мн. -ы, -аў, м.
Хімічна простае рэчыва або сплаў, якім уласцівы бляск, коўкасць і добрая праводнасць цеплыні і электрычнасці.
○
Высакародныя металы — металы, якія не акісляюцца і не ржавеюць (золата, серабро, плаціна).
Каляровыя металы — усе металы і іх сплавы, акрамя жалеза і яго сплаваў.
Лёгкія металы — металы, якія валодаюць малой шчыльнасцю, ніжэйшай за шчыльнасць жалеза (алюміній, магній, натрый і інш.).
Цяжкія металы — металы з вялікай атамнай вагой або шчыльнасцю (жалеза, ванадый, свінец, ртуць і інш.).
Чорныя металы — жалеза і яго сплавы (чыгун, сталь).
|| прым. металі́чны, -ая, -ае.
Металічныя грошы.
М. голас (перан.: звонкі і рэзкі).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)