ГО́ФМАН (Hoffmann) Курт (н. 12.11.1910, г. Фрайбург-ім-Брайсгаў, Германія),

нямецкі кінарэжысёр. З 1931 ставіў забаўляльныя фільмы. У 1950-я г. набыў папулярнасць як пастаноўшчык лёгкіх камедый: «Фанфары кахання» (1951), «Выкраданне сабінянак» (1953), «Феерверк» (1954) і інш. Творча выкарыстоўваючы прыёмы паліт. кабарэ і мюзік-хольных рэвю, стварыў сатыр. муз. фільмы ў форме парадыйна-гратэскавага эстр. агляду («Мы — вундэркінды», 1958), феерычнай кінааперэты («Прывіды ў замку Шпесарт», 1961) і інш. Яго фільмы маюць антыфаш. накіраванасць. Сярод экранізацый: «Прызнанне авантурыста Фелікса Круля» (1957, паводле Т.​Мана), «Шлюб пана Місісіпі» (1961, паводле Ф.​Дзюрэнмата). З 1970-х г. працаваў на тэлебачанні.

т. 5, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНТ (Grant) Уліс Сімпсан (27.4.1822, г. Пойнт-Плезант, штат Агайо, ЗША — 23.7.1885),

ваенны, паліт. і дзярж. дзеяч ЗША. Ген.-лейт. (1864). Скончыў ваен. акадэмію ў Уэст-Пойнце (1843). Удзельнік амер.-мекс. вайны 1846—48. У час Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 на баку Поўначы кіраваў ваен. дзеяннямі ў даліне Місісіпі (у 1863 заняў г. Віксберг), у 1864—65 галоўнакамандуючы. Член Рэсп. партыі. У 1869—77 прэзідэнт ЗША. Садзейнічаў правядзенню сац.-эканам. пераўтварэнняў на Пд краіны, развіццю буйнога бізнесу, актывізацыі знешняй палітыкі і інш. Аўтар мемуараў.

Літ.:

Бурин С.Н. На полях сражений гражданской войны в США. М., 1988.

У.Грант.

т. 5, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЧЫГАН (Michigan, на мове мясц. індзейцаў — вял. возера),

возера ў ЗША, у сістэме Вялікіх азёр. Пл. 58 тыс. км², даўж. 494 км, шыр. да 190 км, глыб. да 281 м. Выш. ўзроўню 177 м. Берагі б.ч. узгорыстыя, слаба расчлянёныя, акаймаваныя тэрасамі; на Пд і ПдУ на берагах дзюны (выш. 10—20 м). Прылівы паўсутачныя (да 4 см). Паўн. ч. возера замярзае са снеж. да красавіка. М. злучаны з воз. Гурон прал. Макіна (шыр. каля 3 км), з сістэмай р. Місісіпі — суднаходным каналам Чыкага — Локпарт. Буйныя парты і прамысл. цэнтры — Чыкага і Мілуокі.

т. 10, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНТ-ЛУ́ІС (Saint Louis),

горад у цэнтр. ч. ЗША, у штаце Місуры. Засн. ў 1764. 339,3 тыс. ж., з прыгарадамі каля 2,5 млн. ж. (2000, частка прыгарадаў у штаце Ілінойс). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Місісіпі, ніжэй за ўпадзенне ў яе р. Місуры. Буйны прамысл., гандл.-фін. цэнтр і трансп. вузел Сярэдняга Захаду ЗША. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: авіяц., ракетна-касм., радыёэлектронная, эл.-тэхн., металаапр., аўтазборачная, нафтаперапр., хім., харчасмакавая, гарбарна-абутковая, паліграф., ваенная. Чорная і каляровая металургія, вытв-сць чыг. вагонаў. 7 ун-таў. Маст. музей. У С.-Л. адбыліся III летнія Алімп. гульні (1904).

т. 14, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНУ́ТРАНЫ БЕРАГАВЫ́ КАНА́Л, Берагавы канал,

сістэма каналізаваных водных шляхоў уздоўж узбярэжжа Мексіканскага заліва і Атлантычнага ак. ў ЗША. Прызначаны для скарачэння адлегласці дастаўкі грузаў (у параўнанні з марскімі кабатажнымі перавозкамі) і злучэння вусцяў рэк, якія ўпадаюць у Атлантычны ак. і Мексіканскі заліў (Місісіпі, Бразас, Сабін, Тамбігбі, Савана і інш.) у адзіную трансп. сістэму. Агульная даўж. 4 тыс. км. Складзены з 2 участкаў, якія размежаваны п-вам Фларыда: Атл. (ад. г. Норфалк да г. Кі-Уэст; даўж. 2,1 тыс. км) і ўчастка ўздоўж Мексіканскага заліва (ад р. Сент-Маркс да г. Браўнсвіл; даўж. 1,9 тыс. км).

т. 16, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКА́НЗАС (Arkansas),

рака ў ЗША, правы прыток Місісіпі. Даўж. 2410 км, пл. бас. 416 тыс. км². Пачынаецца ў Скалістых гарах, цячэ па вузкіх глыбокіх цяснінах (Ройял-Гордж, Гранд-Каньён і інш.), затым з З на У па Вялікіх і на ПдУ па Цэнтр. раўнінах. Мае няўстойлівае рэчышча ў перыяды паводак. Паўнаводная вясною ад раставання снягоў і летам ад дажджоў; характэрны летнія ліўневыя паводкі. Ваганні ўзроўню дасягаюць 8—10 м (каля г. Літл-Рок). Сярэднегадавы расход вады каля 1,8 тыс. м³/с. Суднаходная на 1 тыс. км ад вусця. У сістэме Арканзаса буйныя вадасховішчы. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Арканзасе гарады Уічыта, Талса, Літл-Рок.

т. 1, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕКСІКА́НСКІ ЗАЛІ́Ў (Gulf of Mexico; Golfo de Méjico),

паўзамкнёнае мора Атлантычнага ак., каля паўд.-ўсх. берагоў Паўн. Амерыкі, паміж п-вамі Фларыда, Юкатан і в-вам Куба. Пл. 1555 тыс. км². Пераважаюць глыб. 2000—3000 м, найб. 3822 м. Берагі нізінныя, лагунныя. Прылівы сутачныя, выш. да 0,8 м. Т-ра вады на паверхні 12—25 (люты), 28—29 °C (жн.). Упадаюць рэкі Місісіпі, Рыо-Грандэ. Злучаны Юкатанскім пралівам з Карыбскім м. Сцёк вады з М.з. праз Фларыдскі прал. дае пачатак цячэнню Гальфстрым. На шэльфе здабыча нафты (Мексіканскага заліва нафтагазаносны басейн), вустрыц, крэветак, губак. Гал. парты: Новы Арлеан (ЗША), Веракрус (Мексіка), Гавана (Куба).

т. 10, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЙС (Price) Леанціна (н. 10.2.1927, г. Лорэл, штат Місісіпі, ЗША),

амерыканская спявачка (сапрана). Скончыла Джульярдскую муз. школу (1952). Як оперная спявачка дэбютавала ў 1951. У 1959 у т-ры «Ла Скала». З 1961 салістка «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку. З 1985 выступае як камерная спявачка. Валодае голасам выключнай прыгажосці і насычанасці. Яе выкананне вылучаецца вял. драматызмам, сілай экспрэсіі. Адна з лепшых выканальніц партый Аіды («Аіда» Дж.​Вердзі) і Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ). Сярод інш. партый: Донна Ганна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні) і інш. Тонкі інтэрпрэтатар камерных вакальных твораў, у т. л. цыкла «Песні самотніка» С.Барбера, створанага для яе.

т. 12, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́СЛІ (Presley) Элвіс (8.1.1935, г. Цьюпела, штат Місісіпі, ЗША — 16.8.1977),

амерыканскі эстрадны спявак, гітарыст, кінаакцёр. На сцэне з 1950-х г. Стварыў індывідуальны вакальны стыль, які ўвабраў у сябе паўд.-амер. блюзы, рэліг. песнапенні, музыку кантры. Найб. уплывовы выканаўца рок-н-рола. Экстравагантнасць паводзін, эмацыянальна раскаваны выканальніцкі стыль зрабілі П. кумірам моладзі. Здымаўся ў кіно (больш за 30 фільмаў), у т. л. «Пакахай мяне пяшчотна» (1956), «Каханне да цябе», «Турэмны рок» (абодва 1957), «Двайныя непрыемнасці» (1967). Пра творчасць П. пастаўлены дакумент. фільмы («Элвіс — так гэта адбываецца на самай справе» (1970), «Элвіс у турнэ» (1972), «Гэта Элвіс» (1981), маст. фільм «Элвіс — кіно» (1979).

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́ЛКНЕР (Faulkner) Уільям Катберт (25.9.1897, г. Нью-Олбані, штат Місісіпі, ЗША — 6.7.1962),

амерыканскі пісьменнік; найбуйнейшы прадстаўнік л-ры «плыні свядомасці». Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (штат Місісіпі; 1919—20). Пачынаў як паэт (зб. «Мармуровы фаўн», 1924). Першы яго раман «Салдацкая ўзнагарода» (1926) пра лёс «страчанага пакалення», раман «Маскіты» (1927) пра людзей мастацтва. Сусв. вядомасць набылі празаічныя творы, якія склалі своеасаблівую эпапею з жыцця амер. Поўдня: раманы «Сартарыс», «Шум і лютасць» (абодва 1929), «Калі я памірала» (1930), «Свяцілішча» (1931), «Святло ў жніўні» (1932), «Авесалом, Авесалом!» (1936); трылогія «Вёсачка» (1940), «Горад» (1957), «Асабняк» (1959); цыклы аповесцей і апавяд. «Няскораныя» (1938), «Сыдзі, Майсей» (1942) і інш. Аўтар раманаў-прыпавесцей «Пілон» (1935), «Прытча» (1954), «Выкрадальнікі» (1962), аповесці «Рэквіем па манашцы» (1951, інсцэніравана А.​Камю), кніг нарысаў і эсэ і інш. Яго творы шматгеройныя і шматпадзейныя, адметныя ўвагай да патаемнага існавання чалавека, поліфаніяй думак і пачуццяў, напластаваннем розных часоў, фрагментарнасцю, сюжэтнай разгалінаванасцю, насычаны біблейскімі алюзіямі. На бел. мову асобныя навелы Ф. пераклалі А.​Асташонак, В.​Небышынец. Нобелеўская прэмія 1949.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1985—87;

Статьи, речи, интервью, письма. М., 1985;

Пестрые лошадки: Повести и рассказы. М., 1990.

Літ.:

Костяков В.А. Трилогия У.​Фолкнера. Саратов, 1969;

Анастасьев Н.А. Фолкнер: Очерк творчества. М., 1976;

Грибанов Б. Фолкнер. М., 1976;

Уильям Фолкнер: Биобиблиогр. указ. М., 1979;

Николюкин А.Н. Человек выстоит: Реализм Фолкнера. М., 1988;

Дранько-Майсюк Л. Апошні нерв // Крыніца. 1995. № 13 (8);

Шаблоўская І. Уільям Фолкнер і Якуб Колас // Там жа;

Лявонава Е.А. Плыні і постаці. З гісторыі сусветнай літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.

Е.​А.​Лявонава.

У.К.Фолкнер.

т. 16, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)