Ту́жыць ‘туга нацягваць’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘рабіць тужэйшым’ (Юрч. Вытв.), ту́жіць: ту́жʼіцʼ самаму́ ‘цягнуць павозку самому, без дапамогі цяглавай сілы’ (лоеў., Нікан., Трансп.), параўн. самату́гам ‘тс’ (ТСБМ), ту́жацца ‘цвярдзець’ (Мат. Гом.), тужэ́ць ‘станавіцца больш тугім, шчыльным, мацнець’ (Нас., Касп., Байк. і Некр., ТС), ‘дранцвець, дубець, пруцянець’ (Ласт.), тужа́ты ‘цвярдзець (пра зерне, зямлю)’ (стол., Выг.), ту́жыння ‘зацягванне з мэтай зрабіць тужэй’ (Юрч. СНЛ), тужы́ць ‘нацягваць аснову красён’ (уздз., Сл. ПЗБ), ту́жыцца ‘намагацца, напружвацца’ (ТСБМ; зэльв., Нар. словатв.). Укр. тужі́ти, ту́житися, тужа́віти ‘налівацца (пра колас), цвярдзець, шчыльнець, загусаць’, рус. ту́житься ‘напружвацца’, в.-луж. tužić ‘звужвацца’, ‘сціскаць, ушчыльняцца’; ‘прымацоўваць, нацягваць, напружваць’, ‘прыглушаць’, польск. tężeć ‘цвярдзець’, дыял. tużyć ‘цягнуцца, схіляцца’, чэш. tužit ‘рабіць цвёрдым’, ‘крухмаліць’, ‘умацоўваць (мускулы)’, tužit se ‘намагацца, напружвацца’, ‘націскаць’, славац. tužiť ‘тс’, tužieť sa ‘падсілкоўвацца’, tužieťмацнець, дужэць’, ‘загартоўвацца’. Прасл. *tǫžiti (sę) < *tǫgъ ‘напружаны, нацягнуты’ (гл. тугі), чаргуецца з прасл. *tęgti ‘цягнуць, валачыць’, ‘быць цяжкім’, што да і.-е. *t​heng​h ‘тс’ (Покарны, 1067; Борысь, 631; Сной, 769), гл. туга́, ту́жба, укр. ту́га́ ‘натуга, напружанне’, якія семантычна звязваюць дзеясловы ту́жыць і тужы́ць (гл.), што падкрэслівае іх агульнае паходжанне.

Тужы́ць ‘сумаваць, маркоціцца, журыцца’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Шат., ТС, Вушац. сл., Сл. ПЗБ), ‘пакутаваць з тугою’ (Юрч. Сін.), ‘нудзіцца, быць ахопленым сумам’, ‘гараваць, перажываць няшчасце’ (ТСБМ, ТС), ст.-бел. тужити, тужыти ‘знаходзіцца ў стане смутку’ (ГСБМ). Укр. тужи́ти, рус. тужи́ть ‘тс’, польск. дыял. tążyć ‘сумаваць (пра жывёл)’, ст.-польск. tążyć, tężyć, tużyć ‘сумаваць’ (XVI ст.), н.-луж. tužyś (se) ‘сумаваць, маркоціцца’, в.-луж. tužić ‘засмучаць’, ‘трывожыцца, непакоіць’, чэш. toužiti ‘тс’, славац. túžiť ‘сумаваць (па радзіме)’, ‘моцна хацець’, ‘марыць’, серб. ту́жити ‘скардзіцца’, ‘падаваць скаргу’, ‘аплакваць каго-небудзь’, макед. тужи ‘падаваць у суд’, тажи ‘сумаваць, журыцца’, балг. тъжа́ ‘тс’, ‘мець жалобу па кім-небудзь’. Прасл. *tǫžiti ўтворана ад *tǫga (гл. туга), што далей да tęgnǫti (гл. цягнуць). Паводле Шустар-Шэўца (1555), развіццё значэння ад ‘ціснуць, цягнуць уніз’ да ‘прыгнечанасць, маркота, сум’ прадстаўлена ў роднасных ст.-ірл. þung ‘цяжкі’, þungol ‘смутак, сум, клопат, гора’, літ. tingė́ti ‘ленавацца’, tìngiu ‘я вялы, неактыўны’. Фармальна блізкае літ. tũžyti(e)s ‘злавацца’ лічыцца (гл. Фрэнкель, 2, 1148) запазычаннем з беларускай мовы, а літ. tū́žti ‘набухаць, уздымацца’, į́tū́žti ‘раззлавацца’ Смачынскі (697) пакідае без этымалогіі. Памылковае сцвярджэнне аб запазычанні з рус. тужить у Сл. ПЗБ, 5, 144. Сюды ж тужлі́вы ‘смутны, журботны’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ту́жыкі ‘памінальны абед’: ту́жыкі е́сці (Шат.), тужэ́й ‘цяжэй, горш’ (пух., капыл., Сл. ПЗБ), ту́жык ‘ныцік’ (Байк. і Некр.), параўн. рус. ту́жик ‘хто заўсёды плача, скардзіцца на свой лёс’, серб. тужа̀кало ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

свеже́ть несов.

1. (становиться прохладнее) свяжэ́ць, халадне́ць, ядране́ць, станаві́цца (рабі́цца) свяжэ́йшым, халадне́йшым, (больш) я́драным, хало́дным; (усиливаться) мацне́ць;

на у́лице свеже́ет на дварэ́ свяжэ́е, ядране́е, стано́віцца больш све́жа (я́драна, хо́ладна);

ве́тер свеже́ет ве́цер мацне́е;

2. (становиться румянее, здоровее) свяжэ́ць, станаві́цца (рабі́цца) свяжэ́йшым, (больш) све́жым;

она́ с ка́ждым днём свеже́ет яна́ з ко́жным днём свяжэ́е (стано́віцца больш све́жай).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Сцяба́ць і сцёбаць ’біць чым-небудзь гнуткім; хвастаць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Растарг., Чач., Шат., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), сцяба́ць ’вастрыць мянташкай касу’ (Варл., Гіл.), ’шыць шырокімі шыўкамі’ (Варл.), сцёбаць жыта ’малаціць акалотам’ (лаг., Стан.), сцёб ’хлоп! (удар бізуном)’ (Нас., Байк. і Некр.), сцёб, сцёбка ’пакаранне розгамі’ (Нас.), сцебену́ць ’сцебануць’ (ТС), сцяба́чка ’вострая каса’ (Сцяшк.), ’самаробны брусок вастрыць касу’ (Касп.; докш., Янк. Мат.; мядз., Сл. ПЗБ). Укр. сті́бати ’шыць, прашываць’, стьоба́ти ’сцябаць, біць, хвастаць’, рус. стеба́ть ’шыць, прашываць’, ’аплятаць’, ’упісваць, есці’, ’біць, хвастаць’, стёбка ’прут’, польск. ściebać ’нізаць’. Пэўнай этымалогіі няма. Зубаты (у Фасмера, 3, 750), Праабражэнскі (2, 377–378) меркавалі аб роднасці з рус. стебель ’сцябло’. Паводле Зяленіна (у Фасмера, там жа), слова паходзіць са стега́ть ’прашываць; біць, хвастаць’; ‑б‑ з’явілася пад уплывам стебель. Супраць гэтых версій Ільінскі (ИОРЯС, 23, 7, 176 і наст.), які набліжаў да ням. Steppen ’прашываць’, Stift ’стрыжань’ і лац. stipo, ‑āre ’сціскаць, звальваць разам’, што не адпавядае ‑e‑ ў корані слова. Параўноўвалі таксама з літ. stem̃btiмацнець’, stabýti ’спыняць’, ст.-інд. stabnā́ti ’падпірае, затрымлівае’, авест. stəmbana‑ ’апора’ (Уленбек, 343). На думку Груненталя (ИОРЯС, 18, 4, 136), значэнні ’шыць, прашываць’ і ’біць; хвастаць’ маглі развіцца з ’калоць’. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў (Этимология–1984, 192), які прыводзіць дакладна адпаведнае славянскаму слову лат. stibát ’сцябаць, хвастаць’. Гл. ЕСУМ, 5, 418.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

swell

[swel]

1.

v.i. swelled, swelled or swollen, swelling

1) пу́хнуць, распуха́ць, апуха́ць

His cheek is swollen — У яго́ напу́хла шчака́

2) падыхо́дзіць, падыма́цца, рабі́цца бо́льшым

The river is swollen by rain — Вада́ ў рэ́чцы падняла́ся пасьля́ дажджу́

3) нараста́ць, мацне́ць, узраста́ць (пра гук, го́ман)

4) Figur. напаўня́цца

to swell with pride — напо́ўніцца го́нарам

5) Figur. надзіма́цца, фанабэ́рыцца

2.

n.

1) апу́хласьць f.; распу́хлае ме́сца

2) нараста́ньне, падыма́ньне, мацне́ньне n.

3) узбурэ́ньне n.о́ра)

3.

adj., informal

шыко́ўны; Sl. фа́йны

He is a swell guy — Ён фа́йны хлапе́ц

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

расці́, расту, расцеш, расце; расцём, расцяце; пр. рос, расла, ‑ло; незак.

1. У выніку жыццёвага працэсу павялічвацца, станавіцца большым, даўжэйшым, вышэйшым і пад. (пра жывыя істоты, арганізмы). Быў чэрвень, Калі ўсё расло і цвіло... Броўка. А ракіта тая як расці ды расці, — вырасла да самага неба. Якімовіч. Платон Назаравіч адхіляецца, адступае на крок; аглядае Алеся так, як бацька сына, якога доўга не бачыў, кажа з ухвалай: — А ты расцеш, хлопча. Шамякін. // З’явіўшыся, павялічвацца, падаўжацца (пра валасяное покрыва, поўсць). Скура над ілбом садрана, магчыма, і сапраўды не будуць расці валасы. Кулакоўскі. Падласы еў адну мякіну, Тарчком на ім расло шчацінне. Крапіва. // Станавіцца больш сталым, дарослым. [Самоцька:] — Я яго б’ю, катую, ушчуваю. Гэтак мой дзед вырас .., гэтак і маё дзіця расце. Чорны. // Праводзіць дзе‑н., у якіх‑н. умовах сваё дзяцінства, раннія гады. Расці ў вёсцы.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павялічвацца колькасна, у памерах, у аб’ёме. Хутка расце новы дом. Расце народны дабрабыт. Растуць надоі малака. □ Буданы хутка раслі адзін пры адным. Мележ. Вялізарная наледзь расла вакол вадакачкі і цягнулася да самых рэек. Лынькоў. А ў лясах Палесся тым часам адзін за адным нараджаліся і раслі атрады народных мсціўцаў. Краўчанка. // Падыходзіць, паднімацца (пра цеста). // Узмацняцца, мацнець. Дружба паміж сябрамі расла і мацнела. Гамолка. «Арцель .. [Вольга Апалонаўна] збіраецца карміць ці што?» — не раз думаў Юрка, і ў яго душы расло нездавальненне ўсім гэтым парадкам жыцця ў доме Пеўніка. Навуменка. // Станавіцца больш гучным; мацней гучаць. Крык шырыўся, рос, палату ўсе двары, усю вуліцу. Лынькоў.

3. перан. Удасканальвацца, развівацца. [Капітан:] — Зайздрошчу ўрачам у шпіталі. Людзі там сапраўды працуюць, растуць. Алешка. [Сцяпан Рыгоравіч] працаваў у гандлі, працаваў і рос ад радавога прадаўца да старшыні райспажыўсаюза. Кірэйчык.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Распаўсюджвацца, існаваць (пра расліны, калі ідзе гутарка аб раёне іх пашырэння). У возеры растуць водарасці. Сасна расце на пясчаніках. // Знаходзіцца, быць (пра расліны ў працэсе росту). Каля хат раслі кучаравыя вішанькі; былі тут ігрушы і яблыні. Колас. [Абапал дарожкі] густа раслі рамонкі, півоні, астры і незабудкі. Ваданосаў. На ўбітай дарозе трава не расце. Прымаўка.

•••

Вялікі расці! — ужываецца як адказ дарослых на падзяку дзяцей.

На вярбе грушы растуць у каго гл. груша.

Расці на лес гледзячы — а) пра хуткі рост; б) пра гадаванне дзяцей без нагляду, без бацькоўскай навукі. Мікодым — удавец, мае дваіх дзяцей, якія ў як кажуць, растуць на лес гледзячы, бо бацька не вельмі іх даглядае. Марціновіч.

Расці як грыбы (пасля дажджу) — узнікаць хутка і ў вялікай колькасці.

У роце расце — а) пра адсутнасць апетыту, жадання есці; б) пра непрыемную на смак страву.

Хоць трава не расці — пра поўную абыякавасць да чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

браць, бяру, бярэш, бярэ; бяром, бераце, бяруць; незак.

1. каго-што. Авалодваць якім‑н. прадметам, абхопліваючы пальцамі рукі. Браць кнігу. // У спалучэнні з назоўнікамі «рот», «зубы», «губы» — захопліваць, сціскаць. Браць карандаш у зубы. □ Кіслінкі-журавінкі, Чырвоныя бакі, Бяруць у рот дзяўчынкі, Бяруць і хлапчукі. Галіноўская. // Дакранацца да чаго‑н., чапаць што‑н. рукою. Рукамі не браць. □ Узнепакоеная тым, што.. [Захара Зынгі] доўга няма, прыходзіла дачка яго Рыта, брала.. пад руку і заводзіла дадому. Чорны. // Аддзяляць частку чаго‑н. для даследавання. Браць пробу, кроў, аналізы. // Зачэрпваць, набіраць. Бяру рукамі чорную раллю. Свірка. Жалудоў было так многа, што іх можна было браць проста прыгаршчамі. Шамякін. // Захопліваць, паглыбляцца. Бярэ парог усё глыбей, глыбей. Зарыцкі. // У спалучэнні з назоўнікамі «рукі», «плечы» і інш. — узвальваць які‑н. груз на сябе. Браць на плечы мяшок. □ Сяргей падыходзіў да Рагіны і, моўчкі паглядаючы на яе, браў на рукі дачку і нёс у хату. Адамчык. / у перан. ужыв. Чым.. [Рая] пакрыўдзіла старэйшых, у чым вінавата? Хіба не для таго, каб аддзякаваць вось гэтым жанчынам за ўсё добрае, старалася, ўставала на досвітку, брала на свае плечы цяжкую працу? «Маладосць». // Збіраць (пра ягады, грыбы). Гаварылі пра брусніцы. Іх было гэтым летам хоць вазамі вазі. Сястра мне расказала, дзе яна іх брала — у якім лесе, на якіх барах і касагорах. Ермаловіч. // Збіраць нектар (пра пчол). Была акурат тая пара, калі пчолы бралі гаючы ліпавы мёд. Сабаленка. // Набіраць чаго‑н., запасіць што‑н. Паравоз сапраўды браў дровы. Лынькоў. // Прыхопліваць што‑н. з сабою ў дарогу. Ёй [Марынцы] бабка Ева памагае, А дзед дарады падае, Што браць з сабою, рэч якая Патрэбна болей для яе. Колас. Штурман.. заўсёды браў у палёт гранату. Шамякін. // Красці. Воўк і лічанае бярэ. Прыказка. // Хапаць насадку, кляваць. Раніцай, на досвітку, карась, як правіла, бярэ са дна. Матрунёнак. На блешню і мармышку з матылём бярэ акунь. «Беларусь».

2. Сілай захопліваць што‑н., дамагацца ў барацьбе. Браць уладу ў свае рукі. Браць ініцыятыву. // Згаджацца ўзначальваць што‑н. Паклікаў мяне завуч у дырэктарскі кабінет ды кажа: — Табе, Сцяпан Пятровіч, прыйдзецца дзесяты клас браць. Ермаловіч.

3. Прымушаць несці якую‑н. службу, выконваць які‑н. абавязак. Браць у салдаты. Браць на зборы. // Прымаць, залічваць у склад чаго‑н. Браць на работу. □ Бралі ў атрад толькі зусім надзейных, пасля грунтоўнай праверкі. Брыль. // Прымушаць пайсці за сабою; арыштоўваць, знявольваць. Каты лютыя бралі Ганулю Казей, з хаты роднае бралі, ад родных людзей. Дубоўка. // Наймаць. Браць фурманку. // Забіраць сілай, адбіраць. Браць у палон. // Згаджацца, каб хто‑н. суправаджаў, не пакідаць; запрашаць. Зімою часта прыязджалі з горада шэфы і бралі з сабой некалькі чалавек дэлегатаў.. паказаць сваё жыццё. Чорны. Князь любіў ездзіць на паляванне і заўсёды браў з сабою Кірылу. Колас.

4. З боем авалодваць чым‑н. Дзед Пятрусь у Вялікую Айчынную вайну быў партызанам, затым браў Берлін і нават на сцяне рэйхстага пакінуў свой подпіс. Сіняўскі. Маладосць! Гэта ты ў ватоўцы рабочай Зімні брала дажджлівай кастрычніцкай ноччу. А. Вольскі. Смеласць гарады бярэ. Прыказка.

5. Збіраць, спаганяць што‑н. Дорага браць. Браць плату, хабар. // Карыстацца чыімі‑н. дабротамі. Нічога не давала ты радзіме. Усё брала ад яе, прызвычаілася браць, як належнае, як законнае. Лынькоў. // Запазычваць. Браць з чужога вопыту. // Збіраць, атрымліваць (пра ўраджай). Там, на калгасных агародах Багаты бралі ўраджай. Глебка.

6. Жаніцца з кім‑н. Браць за жонку. □ Прыйшлося [Пятрэсю] браць касавокую Хіму, што заседзелася ў дзеўках. Арочка.

7. Знаходзіць. — Эдэм! Эдэм!.. — смяялася яна [Наста]. — Адкуль бярэш ты гэтакія словы!.. З. Астапенка.

8. Спыняцца на чым‑н., выбіраючы з многага. Рэаліст Багдановіч браў чалавека такім, якім ён быў у жыцці, з усімі станоўчымі і адмоўнымі рысамі. Майхровіч. Малашонак браў не сутнасць заметкі, а калючыя яе бакі. Ермаловіч.

9. Выдаткоўваць, займаць, выкарыстоўваць. Машына бярэ многа бензіну. □ Крышталічныя трыёды не бяруць энергіі на напал катода. «Беларусь». / у перан. ужыв. Вайна брала ўсё новыя ахвяры. Колас.

10. Надзяваць, прывязваць. Браць каня на аброць. Браць цяля на вяроўку. // Абмяжоўваць якое‑н. дзеянне, перагароджваць. Браць ваду на застаўкі. // Асаджваць, змяшчаць. Браць партрэт у рамку.

11. Рабіць якое‑н. фізічнае або псіхічнае ўздзеянне на каго‑н., што‑н., разбіраць, апаноўваць. Мароз бярэ за вушы. Зайздрасць бярэ. □ Іржа яе не брала. Была цвёрдай сталь. Танк. Жагула пачынаў злаваць, і хмель яго не браў. Крапіва. А пад хваінаю на грудзе Вакол стажка аж кішаць людзі, Гарачка ўсіх бярэ такая, Што пот ім вочы залівае. Колас. Міхалку ўжо браў сон. Чорны.

12. Перамагаць у схватцы. «Пірат» лёгка браў ліса і на рэдкасць разумна вёў зайца. Карамазаў. // перан. Перамагаць з дапамогай чаго‑н. Браць не сілай, а розумам. / у безас. ужыв. Тваё бярэ. // Адольваць, паражаць, праліваць (часцей з адмоўем). Яго ні куля ні штык не бярэ. // Добра рэзаць (пра нож, брытву, касу). Каса не косіць — каса брые І шчытнякі бярэ сухія, Бо ў дзядзькі рукі залатыя. Колас. / у безас. ужыв. Хоць білі гарматы па сыну Ўрала ды бронь баявую снарадам не брала! Вялюгін.

13. Набіраць хуткасць, дасягаць пэўнага ўзроўню. Браць разгон. Браць вышыню. □ Дзе чыгунка ішла чыстым полем, цягнік браў самы шпаркі свой рух. Чорны. // Паўтараць за кім‑, чым‑н. які‑н. гук, дамагаючыся падабенства; выклікаць гучанне, дакрануўшыся да струн і пад. Браць ноту. Браць верхняе до. □ [Захар Зынга] падсядае туды бліжэй і ціхенька бярэ на гармоні некалькі нясмелых акордаў. Чорны. // Накіроўвацца, схіляцца. Браць управа. Браць кірунак. □ У гэтым месцы зеілістая сцежка, наткнуўшыся на зялёную заслону, брала крута ўверх. Арочка. // Лавіць, авалодваць чым‑н. Мячы.. [настаўніца] брала на дзіва прыгожа і ўмела. Васілевіч. // Насцігаць, паражаць. Ружжо на паўкіламетра бярэ.

14. Пачынаць рухацца, пераадольваючы перашкоду, цяжкасць. Машына рыўком бярэ з месца. Шамякін.

15. Дамаўляцца аб выкарыстанні чаго‑н. Браць адпачынак, адгул. // Даваць згоду што‑н. выканаць, зрабіць. Браць заказ, падрад. Браць абавязацельства. // Даваць згоду на выкарыстанне чаго‑н. Стрончык.. нікога чужога ў сваю хату браць не хацеў. Ядвігін Ш. // Праявіць клопат аб кім‑н., аказаць падтрымку каму‑н., пашырыць уладу на каго‑н. Браць пад абарону, пад сваю ўладу, пад ахову.

16. Умоўна прымаць, лічыць. За кіламетр на мясцовасці браць міліметр на паперы.

17. Удзельнічаць; згаджацца. Браць удзел. Браць чый-небудзь бок.

18. Купляць. Глядзі, каб ягад без білета У лесе бабы не збіралі І на грыбы каб білет бралі. Колас.

19. Разм. Атрымліваць (зарплату, пенсію і пад.). [Анна Паўлаўна:] Вядома ж, ты тры тысячы ў месяц бярэш. Крапіва.

20. Есці, спытваць (часцей з адмоўем). Нічога ў рот не браць.

21. Мацнець. Нанач бярэ мароз.

•••

Браць (блізка) да сэрца — пакутліва, хваравіта ўспрымаць што‑н.

Браць (узяць) быка за рогі — пачынаць дзейнічаць энергічна, адразу і з самага галоўнага.

Браць (узяць) верх над кім — дамагацца (дамагчыся) перавагі, адольваць (адолець) каго‑н.

Браць (узяць) волю над кім — навязваць (навязаць) каму‑н. свае жаданні, сваю волю.

Браць (узяць) голымі рукамі — авалодваць (авалодаць) кім‑н. без асаблівых цяжкасцей.

Браць горлам — дамагацца чаго‑н. крыкам.

Браць (узяць) грэх на душу — паступіцца сваім сумленнем, перакананнем, зрабіць учынак, які пярэчыць устаноўленым нормам і прынцыпам маралі, закону ў інтарэсах каго‑, чаго‑н.

Браць (узяць) за горла (за глотку, жабры) — прыставаць (прыстаць), сілай прымушаць (прымусіць) да чаго‑н.; ставіць (паставіць) у бязвыхаднае становішча.

Браць (узяць) за душу — з глыбокай уразлівасцю ўспрымаць (успрыняць) які‑н. выпадак, здарэнне.

Браць (узяць) за жывое — даймаць (даняць) чым‑н., расстройваць, прымушаць (прымусіць) нервавацца.

Браць (узяць) за каўнер, за карак — прыцягнуць да адказнасці.

Браць (узяць) за сэрца — хваляваць, рабіць (зрабіць) моцнае ўражанне.

Браць (узяць) з бою (боем) — а) у працэсе бою авалодаць тэрыторыяй, умацаваннямі праціўніка; б) дамагацца чаго‑н. энергічнымі дзеяннямі.

Браць (узяць) зморам; браць (узяць) на змор — а) адольваць (адолець) каго‑, што‑н., давёўшы да поўнай страты сіл; б) дамагацца (дамагчыся) чаго-небудзь ад каго‑н. настойлівым, назойлівым уздзеяннем.

Браць каўшом — тое, што і чэрпаць каўшом (гл. чэрпаць).

Браць (узяць) на абардаж — атакаваць варожае судна, шчыльна наблізіўшыся да яго.

Браць на арапа — браць ашуканствам, падманам.

Браць на бога — выпытваць што‑н., ставячы правакацыйныя пытанні.

Браць (узяць) на буксір — памагаць каму‑н., хто адстае, выконваць што‑н.

Браць (узяць) на веру што — верыць, давяраць, калі па якой‑н. прычыне нельга ўпэўніцца ў чым‑н., праверыць што‑н.

Браць (узяць) на заметку (на карандаш) — звяртаць (звярнуць) на што‑н. увагу, запамінаць (запомніць), запісваць (запісаць) для памяці.

Браць (узяць) на мушку (на прыцэл) — а) прыцэльвацца (прыцэліцца) у каго‑, што‑н.; б) сканцэнтроўваць (сканцэнтраваць) увагу на кім‑, чым‑н.

Браць на ўсе застаўкі — старацца з усіх сіл бегчы, што‑н. рабіць.

Браць (узяць) напрамак (кірунак) — пачынаць рухацца, ісці ў якім‑н. напрамку.

Браць на пуп (груб.) — перанапружвацца фізічна.

Браць (узяць) на сябе што — а) згаджацца (згадзіцца) быць адказным за што‑н.; б) выказваць (выказаць) гатоўнасць зрабіць што‑н., асабіста ручацца (паручыцца) за выкананне чаго‑н.

Браць на цыгундар — прыцягваць да адказнасці.

Браць ногі на плечы (у рукі) — хутка, паспешна ўцякаць.

Браць (узяць) пад абстрэл гл. узяць.

Браць (узяць) пад казырок — аддаваць (аддаць) чэсць, вітаць, прыкладваючы правую руку да галаўнога ўбора.

Браць (узяць) пад каравул — узяць над варту, арыштаваць.

Браць (узяць) пад увагу — заўважаць (заўважыць), улічваць (улічыць) што‑н., выносячы якое‑н. рашэнне.

Браць (узяць) прыклад — пераймаць (пераняць) у каго‑н. што‑н.

Браць (узяць) сваё — дамагацца (дамагчыся) жаданага, мець чакання вынікі.

Браць (узяць) след — высочваць (высачыць) звера.

Браць (узяць) слова — папрасіць (прасіць) на сходзе, нарадзе і пад. дазволу выказаць сваю думку.

Браць (узяць) слова з каго — дамагацца (дамагчыся) ад каго‑н. абяцання выканаць што‑н.

Браць (узяць) слова назад — адмаўляцца (адмовіцца) ад дадзенага абяцання, абавязацельства.

Браць (узяць) сябе ў рукі — авалодваць (авалодаць) сабой.

Браць (узяць) у абарот — аказваць (аказаць) рашучае ўздзеянне на каго‑н., прымушаць (прымусіць) весці сябе як належыць.

Браць у апрацоўку — уздзейнічаць на каго‑н., імкнучыся схіліць да чаго‑н., зрабіць уплыў на каго‑н.

Браць (узяць) у галаву што — многа думаць пра што‑н.

Браць (узяць) у лоб — груба, просталінейна дамагацца (дамагчыся) чаго‑н.

Браць (узяць) у разлік — улічваць (улічыць), прымаць (прыняць) пад увагу.

Браць у рукі каго, што — рабіць каго‑н., што‑н. паслухмяным, падатлівым, пакорным сваёй волі.

Браць (узяць) у шоры — моцна трымаць у руках, рашуча і жорстка абмяжоўваць каго‑н. ва ўчынках.

Браць (узяць) шлюб — выходзіць (выйсці) замуж, жаніцца.

Дзіва бярэ гл. дзіва.

Ліха яго бяры гл. ліха.

Наша (ваша, іх) бярэ (возьме, узяло) — мы (вы, яны) перамагаем.

Ні кроплі (каплі) у рот не браць — зусім не піць спіртнога.

Смех бярэ гл. смех.

У рот не браць — нічога не есці.

Хоць рукамі бяры — пра тое, чаго вельмі многа, чым лёгка авалодаць.

Цераз сябе браць — рабіць цераз сілу.

Чорт не бярэ гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)