ча́ры, ‑аў; адз. няма.

1. Паводле забабонных уяўленняў — магічныя прыёмы, пры дапамозе якіх можна ўздзейнічаць на людзей і прыроду; чараўніцтва, вядзьмарства. [Юстап:] Гіну я праз людскія чары. Згубіў мяне благі чалавек — паслаў чорта на невінаватую душу. Калюга. Праходзіць не так многа часу, і ягады ўжо пачынаюць выглядваць з рыльца [гарлачыка]. Вось што значыць чары! Даніленка.

2. Чароўная сіла, прывабнасць, якая захапляе. І ўсё тут поўна мяккіх чараў: І роўнядзь ціхая палёў, І постаць стромкіх тапалёў. Колас. Косця ўжо нічога больш не бачыў, быў цалкам пад уладай чараў дзяўчыны. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАРАЖБА́,

магічныя спосабы і дзеянні, што нібыта прадказвалі будучыню і расказвалі пра былое. Узнікла ў першабытным грамадстве разам з раннімі формамі рэлігіі — верай у звышнатуральныя сілы, добрых і злых духаў, у лёс. Яшчэ стараж. земляробы прадказвалі надвор’е па зорках і сонцы; вавіланяне, этрускі, рымляне варажылі па печані ахвярнай жывёлы. У многіх народаў вядома варажба на касцях, бобе, арэхах, кававай гушчы, а таксама па лініях далоні, па картах і інш. Калі ў варажбе па прыкметах ёсць пэўнае рацыянальнае зерне (прыродныя назіранні), дык іншыя яе віды грунтуюцца на ўяўным знешнім падабенстве або процілегласці (напр., бачыць у сне ягады — слёзы, чыстую ваду — радасць, мутную ваду — смутак). Беларусы найчасцей варажылі на Каляды, на багатую куццю перад Новым годам. Варажба павінна была прадвызначыць надыходзячы год: з-пад каляднага абруса сена паказвала на даўжыню будучага лёну; перавага пэўнага віду зерня ў трыбуху заколатага парсюка — якое збожжа найбольш уродзіць. Дзяўчаты варажылі пра замужжа (упоцемку ў хляве зловіць баранчыка — выйдзе замуж; з якога боку пачуе брэх сабакі — там яе нарачоны і інш.). Гл. таксама Магія.

т. 3, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТ РЭЛІГІ́ЙНЫ,

сістэма абрадаў, сродкаў і дзеянняў, накіраваных на абгрунтаванне веры ў звышнатуральнае і зацверджаных у царк. канонах. Яго вытокі ў дахрысц. культах, якія ўключалі розныя праяўленні фетышызму, магіі, татэмізму і да т.п. Элементамі К.р. з’яўляюцца як простыя акты (паклоны, малітвы, пасты, стаянне на каленях і інш.), так і больш складаныя (святы, абрады, набажэнствы, культ святых і інш.). Да іх належаць таксама культавыя збудаванні (храмы, малітоўныя дамы), рэліквіі, адзенне святароў, розныя прыстасаванні для набажэнстваў і інш. Формы К.р. суадносяцца з гіст. формамі рэлігіі: культы татэмічныя, пахавальныя, родавыя, магічныя, анімістычныя (экзаркізм), астральныя, жывёльныя (зоалатрыя), прапіцыяльныя (звязаныя з шанаваннем багоў, якія нібыта кіруюць лёсам як Сусвету, так і кожнага чалавека). Развіццё і ўскладненне К.р., неабходнасць іх абгрунтавання абумовілі з’яўленне спецыфічнай рэліг. супольнасці, храмаў, іерархіі святароў, якія рэгламентавалі К.р. і манапалізавалі права здзяйсняць культавыя дзеянні. К.р. як найб. даступны элемент рэлігіі і непасрэдна набліжаны да простых вернікаў, стымулюе пачуццёва-рэліг. светаўспрыманне, і ў выніку сам ператвараецца ў самастойны аб’ект веры і шанавання як паказчык рэлігійнасці народа.

А.​А.​Цітавец.

т. 9, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАФІ́ЦІ (італьян. graffito мн. лік ад graffito літар. надрапаны),

старажытныя надпісы, зробленыя вострымі прадметамі на сценках будынкаў і розных рэчах. Графіці часта знаходзяць пры раскопках стараж. і сярэдневяковых гарадоў і паселішчаў у многіх краінах свету. Гэтыя гіст., прысвячальныя, магічныя і інш. надпісы маюць вял. значэнне для вывучэння рэлігіі, побыту, мовы, пісьменнасці стараж. і сярэдневяковых грамадстваў. На тэр. Беларусі найб. стараж. графіці 11 ст. знойдзены ў Сафійскім саборы ў Полацку. На вял. плоскім камені ў падмурку выдрапаны імёны людзей, якія яго будавалі: «Давидъ, Тоума, Микоула», «Петър, Воришько» і слова «Къпьсь». Графіці 12 ст. выяўлены на прасліцах, амфарах у Мінску, Навагрудку, Пінску, Віцебску, Друцку. Яны даюць звесткі аб імёнах, бытавой лексіцы. Графіці 13 ст. знойдзены ў Спаскай царкве ў Полацку, Благавешчанскай царкве ў Віцебску. Выяўлена некалькі графіці 15 ст., якія маюць дакладнае датаванне іх напісання, напр. графіці пра смерць Казіміра IV Ягелончыка, вял. князя ВКЛ і караля Польшчы, і ўступленне на трон яго сына Аляксандра. Косці з надпісамі і малюнкамі выяўлены на гарадзішчы Маскавічы (Браслаўскі р-н). Выкананнем да графіці блізкія берасцяныя граматы.

Г.​В.​Штыхаў.

Графіці на прасліцах 12—13 ст. з гарадзішча Маскавічы Браслаўскага раёна.

т. 5, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РЦКІ Э́ПАС, нартаўскі эпас,

гераічны эпас каўказскіх народаў: асецін, абхазаў, адыгейцаў, кабардзінцаў, чэркесаў. Вядомы таксама балкарцам, чэчэнцам, інгушам, карачаеўцам і інш. Існуе ў празаічнай і вершаванай форме. У яго аснове — стараж. аланскі эпічны цыкл 7—4 ст. да н.э. Першыя запісы зроблены ў сярэдзіне 19 ст.

Апавядае пра легендарны народ — бясстрашных, свабодалюбівых, знаходлівых і жыццярадасных нартаў, іх гераічную барацьбу з захопнікамі. Архаічныя рысы эпасу: фрагменты этыялагічных міфаў (пра паходжанне культ. раслін, зброі і інш), матывы сваяцкіх сувязей ці барацьбы з багамі, сваркі паміж роламі і кроўная помста, грабежніцкія паходы, якія ўзначальвалі выбарныя правадыры, мужчынскія нарады і інш. Вакол асн. герояў эпасу сфарміраваліся цыклы сказанняў: пра родапачынальнікаў нартаў у асецінскім эпасе — Урызмагу і Сата́не (у абхазаў і адыгейцаў — Сатаней), мудрай дарадчыцы волатаў; пра Сослана (Созрука, у адыгейцаў — Сосрука, абхазаў — Сасрыква), які спалучае ў сабе сілу, храбрасць і магічныя здольнасці з функцыямі культавага героя (ён здабывае агонь); пра самага моцнага з нартаў Батрадза, загартаванага ў агні; пра сейбіта сварак і махляра Сырдона і інш. Эпас вылучаецца багаццем сюжэтаў, гумарам.

Публ.: Нарты: Адыгейский героич. эпос. М., 1974; Сказания о нартах: Осетин. эпос М., 1978.

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́МХІ І ЗАБАБО́НЫ,

вераванні, уяўленні і звязаныя з імі магічныя дзеянні, што з пункту гледжання афіц. рэлігіі разумеюцца як перажыткі і праявы традыцыяналізму; адзін з жанраў нар. творчасці. Вядомы многім народам свету, у т. л. беларусам, што данеслі да нашых дзён стараж. погляды продкаў. Выступаюць як нагляднае, канкрэтна-вобразнае ўвасабленне веры архаічнага чалавека ў сваю нявылучанасць з прыроды, у існаванне звышнатуральных сіл, здольных уплываць на стан наваколля і лёс індывіда. Сістэма П. і з. памагала грамадству захоўваць гарманічныя ўзаемаадносіны са светам, у т. л. і з міфічным, прадухіляць небяспечныя ўчынкі дэманічных сіл, часам рэкамендавала звяртацца да іх па дапамогу. Напр., у беларусаў кантакт з лесавіком забяспечвала шапка, надзетая задам наперад, барана каля дзвярэй засцерагала ад пранікнення ў хату чараўнікоў. П. і з. суадносяцца з раскладам на дзень, домам і гаспадаркай, адзеннем і ядою, святамі і надвор’ем, адносінамі ў сям’і і паміж аднавяскоўцамі. Таму багацце П. і з. невычэрпнае. Яны складваюцца ў адзін вялікі тэкст, што запаўняе духоўную дзейнасць народа; прысутнічаюць у нар. свядомасці як ментальныя існасці, як кіраўніцтва да дзеяння. У жыцці няма патрэбы моўна выражаць зашыфраваную ў іх інфармацыю; яна ўзнікае, напр., пры перадачы ведаў дзецям або інш. калектыву. Таму сфера П. і з. як моўнага жанру даволі абмежаваная.

Публ.: Беларускія народныя прыкметы і павер’і. Кн. 1—3. Мн., 1996—99.

Т.​В.​Валодзіна.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КДЗЕНЬ, вяліканне,

веснавое свята стараж. славян у гонар сонца, абуджэння прыроды і надыходу «вялікіх дзён» палявых работ. Адсюль і назва. Падобнае свята пачатку жніва было і ў стараж. семіцкіх плямён, называлася яно «Пасха» (стараж.-яўр. passah праходзіць міма). З развіццём культу бога Яхве Пасха святкавалася ў гонар выхаду яўрэяў з Егіпта, потым яе сталі звязваць з чаканнем «нябеснага збавіцеля» — месіі. На Беларусі на Вялікдзень адбываліся магічныя абрады з мэтай забеспячэння плоднасці жывёлы, урадлівасці зямлі, засцеражэння ад нягод. У велікодны абрадавы комплекс уваходзілі рытуальныя трапезы, гульні з велікоднымі яйкамі (біццё і качанне яек з лубка), карагоды і памінанне памерлых родзічаў — веснавыя дзяды (гл. Радаўніца). У першы велікодны вечар на Беларусі былі пашыраны валачобныя абыходы, у час якіх групы валачобнікаў хадзілі па хатах і выконвалі велічальныя валачобныя песні з пажаданнем селяніну плёну на ніве, прыплоду ў статку, добрага здароўя, шчаслівай долі. Хрысціяне пераасэнсавалі Вялікдзень у свята ўваскрэсення распятага Ісуса Хрыста, якое стала гал. хрысціянскім святам. Яму надаецца асаблівы сэнс як азнаменаванне перамогі над грахом і смерцю. Першапачаткова хрысціянскі Вялікдзень і іудзейская Пасха супадалі па часе. У 325 на 1-м Усяленскім Нікейскім царк. саборы было вырашана святкаваць Вялікдзень у першую нядзелю пасля веснавога раўнадзенства і поўні, з умовай несупадзення даты з іудзейскай Пасхай. Вялікдзень з’яўляецца рухомым святам. Разлічваецца правасл. царквой па юліянскім календары, каталіцкай — па грыгарыянскім. У залежнасці ад месячнага календара прыпадае на час ад 4 крас. да 8 мая. Паводле закону «Аб святочных днях у Рэспубліцы Беларусь» ад 19.12.1991 В. лічыцца святочным (нерабочым) днём.

А.​У.​Верашчагіна.

Да арт. Вялікдзень. Уваскрэсенне — сашэсце ў пекла Абраз з Троіцкай царквы в. Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобл. 2-я пал. 17 — пач. 18 ст.

т. 4, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́ДАВЫЯ СТРА́ВЫ,

адзін з элементаў сямейных і каляндарных святаў і абрадаў многіх народаў свету. Традыц. абрадавыя стравы беларусаў — каша, бліны, аладкі, хлеб і інш. — выконвалі знакавую функцыю і звычайна суправаджалі магічныя абрадавыя дзеянні. Каша з цэлага зерня (ячменнага, прасянога і інш.) — неад’емная частка радзіннага, вясельнага, памінальнага, каляднага, жніўнага абрадаў. Цэнтр. месца ў святкаванні радзін адводзілася бабінай кашы. На другі дзень вяселля кашу падносілі маладой. На памінкі варылі салодкую ячную кашу, а таксама рытуальную памінальную страву — канун. Ва ўсх. Беларусі сярод памінальных страў былі клёцкі. Гал. абрадавай стравай каляднага святкавання была куцця; яе абносілі вакол хаты, ставілі на покуць, каб паспрыяць будучаму ўраджаю, верх з яе аддавалі курам, каб добра несліся. На бедную куццю гаспадар або старэйшая жанчына клікалі мароз, прыгаворваючы, каб ён не марозіў «ні кійкоў, ні гуркоў, ні аратаяў старых, ні пагонічаў маладых» (Гродзеншчына). Куцця, як і бліны, была атрыбутам варажбы. На Палессі жытнюю кашу бралі з сабой, ідучы першы раз жаць: нажаўшы першы сноп, тры разы бралі ў рот кашы, астатнюю выкладвалі ў сноп і завязвалі яго. З рытуальнай сімволікай ураджаю звязаны і велікодныя стравы: рэшткі асвячоных у царкве яек, пірагоў, кумпяка (косці) закопвалі на загонах. Адно велікоднае яйка захоўвалі да пачатку сяўбы (яго бралі з сабой, едучы першы раз сеяць). Асаблівая магічная сіла надавалася блінам і аладкам, якія сімвалізавалі сонца і яго гадавы круг (бліны абавязковая страва на масленіцу і Каляды). Да абрадавых страў адносяцца і паўсядзённыя стравы, якія традыцыйна гатуюць у пэўныя святочныя або памінальныя дні. На бедную куццю варылі посны бурачны боршч (квас), падкалочаны мукой або рошчынай, з грыбамі ці алеем, крупнік, аўсяны кісель, узвар з сушаных яблыкаў, груш, сліў, пяклі бліны ці аладкі, ламанцы з цёртым макам (гл. Лазанкі); на багатую куццю — бліны з салам і каўбасой, боршч з мясам, крупнік, куццю з салам і інш. На масленіцу акрамя бліноў абавязковыя былі сыр і масла, на Вялікдзень — яйкі, сыр, масла, сала, мяса, па магчымасці — кумпяк, парася, на Купалле варылі кулагу. На памінальным стале (на дзяды, радаўніцу) абавязкова былі боршч з мясам або капуста, сытая каша, каўбаса, бліны. Гл. таксама Абрадавае печыва.

Літ.:

Листова Н.М. Пища в обрядах и обычаях // Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 1, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тры́дзевяць ‘вельмі многа, няпэўная колькасць’: сядзіць маць Прачыста на прыстоле і дзержыць трыдзевяць ключы ў прыполе (БНТ, Зам.), ‘дваццаць сем’: у камори стоиць тридзевяць дубовых; тридзевяць скацерсци шавковыя (Рам. 5), у 1930‑я гады адпавядала тро́йчы дзе́вяць (Некр. і Байк.); сюды ж трыдзевя́ты: трыдзевятае царства ‘вельмі далёкая краіна, зямля’ (ТСБМ), трыдзевя́тка ‘крынічнік-дуброўка, Veronica chamaedrus L.’ (маг., Кіс.). Параўн. укр. три́девʼять ‘дваццаць сем’, рус. три́девять ‘тс’; ‘многа’: три́девять иминь ‘заклінанне ад ліхіх сіл’, ст.-рус. тридевѧ(т)о (у берасц. грамаце XIII ст., Залізняк, Древненовг.), польск. trzy dziewięcie ‘тры разы па дзевяць (у вясковых лекарак)’, серб. цімак. три́девет ‘дваццаць сем’: чим вода́ ў реку пројде тридевет ка́мена, мож се пије; балг. радоп. три́‑де́ветʼ: три́‑деветʼ по̂́ти ‘шматразова’, макед. три‑девет: зад три‑девет планини ‘вельмі далёка’. Праслав. *tri devętь — спалучэнне (гл. тры, дзевяць), якому прыпісваліся магічныя функцыі, асабліва т. зв. патроенай дзявятцы, характэрна, што лічэбнік «дваццаць сем» у замовах не называецца (Лукінова, Числ., 64). Архаізм, які захоўвае рэшткі ліку дзявяткамі (Карскі 2–3, 346), вядомы іншым мовам, параўн. лат. trejdeviņi ‘вельмі многа’, грэч. τρὶς έωφφέα ‘тройчы дзевяць’ (Жураўлёў, Язык и миф, 739). Спалучэнне лічэбнікаў у назве расліны грунтуецца на прыпісанай ёй якасці лячыць ад вялікай колькасці хваробаў (Коласава, Лексика, 139). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 636; Карпенка, Зб. Супруну, 103 (спалучэнне захавалася, бо страціла дакладнае колькаснае значэнне).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АБРА́Д,

комплекс строга вызначаных чыннасцяў, слоўных формул, жэстаў, абумоўленых пэўнымі рэліг. вераваннямі. Абрад абслугоўваюць рэліг. культы, звязаныя з імі грамадска-прававыя акты і працоўныя працэсы. Мэта абраду — забеспячэнне магічным чынам спрыяльнага развіцця прыродных з’яў, плёну ў працы, дабрабыту, здароўя, працягласці роду і інш.

Структура абраду бывае даволі складаная: яна мае «ядро» — асн. чыннасці — і шэраг свабодных, імправізацыйных дзеянняў, за кошт якіх фарміруюцца лакальныя або часавыя варыянты. Этнічныя варыянты блізкіх абраду найб. цікавыя і інфарматыўныя. Як правіла, найб. важныя нар. абрады паходзяць з вельмі даўніх часоў. Яны фарміраваліся на архаічнай ідэалаг. аснове і з’яўляюцца рэалізацыяй глыбока закаранёных у нар. свядомасці ўяўленняў пра навакольны свет, жыццё прыроды і чалавека, адносіны чалавека з космасам і да т.п.

Бел. нар. абрады падзяляюцца на каляндарныя, звязаныя з урачыстасцямі паваротных пунктаў гадавога сонечнага цыкла, і сямейныя, якія сакралізуюць змены ў грамадскім статусе чалавека, прымеркаваныя да асн. момантаў яго жыцця: нараджэнне (гл. Радзіны), наданне імя, уступленне ў шлюб (гл. Вяселле), пахаванне. Сямейныя абрады былі ў пэўнай залежнасці ад каляндарных (напр., вяселлі дазвалялася ладзіць толькі ў непаставыя тыдні). Багатая абраднасць беларусаў сведчыць пра складанае ўзаемадзеянне нар. язычніцкай абраднасці з абраднасцю хрысціянскай (гл. Абрады рэлігійныя). Язычніцкая аснова абраду ў большасці засталася непарушная, хрысціянства наклалася на гэту сістэму тонкім пластом (наданне пэўным святам імёнаў святых, прымеркаванне сваіх міфаў, сімволікі і інш.). Так, да стараж. навагодняга свята Вялікадня далучана Пасха і паданні пра замардаванне і дзівоснае ўваскрэсенне Ісуса Хрыста, дзень Вялеса (Масленка) стаў запустамі, дзень Ярылы-Юр’я — днём св. Георгія, зялёныя святкі — Тройцай (гл. Сёмуха), Купалле — днём св. Яна і да т.п. Аднак многія абрады засталіся чыста язычніцкія, без далучэння хрысціянскай міфалогіі: пахаванне «стралы» ў Пасожжы, «куст» на Піншчыне, «жаніцьба Цярэшкі» на Полаччыне, «жаніцьба коміна» на Палессі і інш. Гэтыя абрады складаюць адметнасць бел. абрадавай творчасці. З гадавымі ўрачыстасцямі звязваецца шмат абрадаў, абумоўленых логікай святкавання, станам прыроды, прац. задачамі. Асн. з іх: памінанне продкаў (Дзяды, Радаўніца), абходы двароў з віншавальна-велічальнымі песнямі, драм. сцэнкамі, танцамі, музыкай, варажба, магічныя засцерагальныя дзеянні, абрадавыя гульні, ачышчэнне вадой і агнём, ахвяраванні і калектыўныя бяседы. Кожны значны абрад уключае асобныя элементныя абрады. Так, вясельны комплекс уключае абрад «віццё вянка», «вянок» (дзявочы вечар; гл. Саборная субота), каравайны абрад (гл. Каравай), благаславенне або пасад, царкоўны шлюб, праводзіны і сустрэчу маладых (прылучэнне да роду), дарэнне і інш.; абрад дажынак (гл. Дажынкі) — віццё вянка гаспадару, дзеянні з апошнім снапом, гуканне Спарыні. Даволі складаны комплекс абраду суправаджаў першы выган жывёлы ў поле, заворванне нівы, засеўкі і інш.

Многія бел. абрады маюць аналагі ў абрадавай практыцы ант. народаў. Найб. уражлівы прыклад, занатаваны ў пач. 20 ст., — абрадавы дыялог, прысвечаны хлебу. Святар, хаваючыся за вялізным мядовым пірагом на свята ўраджаю, пытаўся ў прысутных, ці бачаць яны яго, і жадаў, каб налета зусім не бачылі. Гэты абрад, які быў у язычніцкім храме ў Аргоне (на в-ве Руген), апісаны дацкім храністам 12 ст. Саксонам Граматыкам. Гл. таксама Абрадавае печыва, Абрадавыя стравы.

Літ.:

Занкевич А. Белорусские свадебные обряды и песни сравнительно с великорусскими. Спб., 1897;

Аничков Е. Весенняя обрядовая поэзия на Западе и у славян. Ч. 1—2. Спб., 1903—05;

Радзінная паэзія. Мн., 1971;

Круть Ю.З. Хліборобська обрядова поезія слов’ян. Київ, 1973;

Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974;

Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;

Яго ж. Валачобныя песні. Мн., 1989;

Яго ж. Жніўныя песні. Мн., 1993;

Зімовыя песні. Мн., 1975;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Зимние праздники. М., 1973;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Летне-осенние праздники. М., 1978;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983;

Курочкін О.В. Новорічні свята українців. Київ, 1978;

Вяселле: Абрад. Мн., 1978;

Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980;

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Народны тэатр. Мн., 1983;

Палескае вяселле. Мн., 1984;

Маслова Г.С. Народная одежда в восточнославянских традиционных обычаях и обрядах XIX — начала XX в. М., 1984;

Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье: Обряд, песня. Мн., 1986;

Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986;

Борисенко В.К. Весільні звичаї та обряди на Україні. Київ, 1988;

Круглов Ю.Г. Русские обрядовые песни. 2 изд. М., 1989;

Земляробчы каляндар: (Абрады і звычаі). Мн., 1990;

Кухаронак Т.І. Радзінныя звычаі і абрады беларусаў: канец XIX—XX ст. Мн., 1993;

Жаніцьба Цярэшкі. Мн., 1993;

Беларускія народныя абрады / Скл. Л.​П.​Касцюкавец. Мн., 1994.

Л.​М.​Салавей, І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)