ІВА́Н Ю́Р’ЕВІЧ,

князь тураўскага роду Ізяславічаў у 12 ст. Сын кн. Юрыя Яраславіча. Ва Уваскрасенскім летапісе ўпамінаецца пад 1167, у Густынскім — пад 1168. Разам з інш. рус. князямі выступіў супраць полаўцаў, якія рабавалі на Дняпры купецкія караваны, што плылі з Візантыі. Паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1170 дапамагаў кн. Мсціславу Ізяславічу заняць кіеўскі пасад. Верагодна, валодаў адным з удзелаў Тураўскай зямлі.

А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЦМАН (Яўсей Хаімавіч) (15.11.1893, г. Бабровіца Чарнігаўскай вобл., Украіна — 29 10.1970),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1956), праф. (1962). Скончыў Кіеўскі мед. ін-т (1921). З 1921 у Бел. НДІ аховы мацярынства і дзяцінства, у 1938—68 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па прафілактыцы і лячэнні дзіцячых хвароб.

Тв.:

Рэўматызм у дзяцей. Мн., 1949;

Коклюш. Мн., 1959.

т. 8, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЯСЛА́Ў ЯРАСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Дзмітрый; 1024—3.10.1078),

князь тураўскі і вял. князь кіеўскі, старэйшы сын Яраслава Мудрага. Княжыў у Тураве, напэўна, з 1042 (заснавальнік дынастыі Ізяславічаў), а ў 1052 атрымаў і пасад у Ноўгарадзе. Пасля смерці бацькі (1054) стаў вял. князем кіеўскім. У 1058 зрабіў паход і перамог заходнябалцкае племя голядзь. У 1067 з братамі Святаславам і Усеваладам ваяваў супраць полацкага кн. Усяслава Брачыславіча, удзельнік Нямігскай бітвы 1067. У час перагавораў каля Оршы вераломна захапіў Усяслава ў палон і адправіў у цямніцу ў Кіеў. У выніку нар. паўстання ў 1068 І.Я. скінуты з трона. У 1069 з дапамогай польск. караля Баляслава вярнуўся ў Кіеў, прагнаў Усяслава з Полацка і прызначыў на яго месца свайго сына Мсціслава Ізяславіча, а потым — Святаполка Ізяславіча. У 1073 вымушаны пакінуць Кіеў, у 1077 зноў захапіў кіеўскі трон. У Тураў на княжанне паслаў сына Яраполка Ізяславіча. І.Я. загінуў у міжусобнай барацьбе пад Чарнігавам. Адзін са складальнікаў «Рускай праўды». Віслыя свінцовыя пячаткі І.Я. выяўлены пры археал. раскопках у Ваўкавыску, Тураве, Брэсце.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮ́ШКІ,

шляхецкі род бел. паходжання герба «Рох III». Першы вядомы прадстаўнік роду Фёдар памёр да 1509. Яго сын Канстанцін (Касцюшка), быў дзякам велікакняжацкай канцылярыі, суддзёй і гараднічым у Камянцы, валодаў маёнткам Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н), ад назвы якога род часам называўся К.-Сяхновіцкія. Сыны Канстанціна Іван і Фёдар далі пачатак 2 галінам К.-Сяхновіцкіх: Іванавічаў (старэйшай) і Фёдаравічаў (малодшай). Найб. вядомыя прадстаўнікі галіны Фёдаравічаў:

Амброжы Казімір (1667—1722?), пісар земскі брэсцкі, падчашы оўруцкі, войт кобрынскі і гарадзецкі. Фаўстын Бенядзікт (1672—1755), падстолі, стражнік брэсцкі, харунжы кіеўскі. Людвік Тадэвуш (?—1757), палкоўнік войска ВКЛ, мечнік брэсцкі. Бацька А.Т.Б.Касцюшкі — апошняга прадстаўніка галіны Фёдаравічаў. Ян Непамуцэн (каля 1720 — пасля 1788), харунжы кіеўскі, мечнік оўруцкі (1764), пісар земскі жытомірскі, радца Барскай канфедэрацыі (1769). Юзаф (1743—89), абозны брэсцкі, суддзя Трыбунала ВКЛ (1766, 1771). Найб. вядомыя прадстаўнікі галіны Іванавічаў: Міхал (?—1708), стольнік оўруцкі, войт кобрынскі і гарадзецкі. Павел, пісар гродскі, лоўчы брэсцкі (1699). Інш. галіны К. былі вядомы ў Гродзенскім пав., Навагрудскім, Мінскім, Мсціслаўскім (К.-Валюжынічы), Полацкім ваяв., Інфлянтах.

У.​П.​Емяльянчык.

Герб роду Касцюшкаў.

т. 8, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭ́ЛЬСКІ (Эмануіл Хацкелевіч) (4.1.1891, Кіеў — 22.5.1982),

бел. вучоны ў галіне цеплагазазабеспячэння і вентыляцыі. Д-р тэхн. н. (1950), праф. (1950). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1949). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1916). У 1929—76 у БПІ. Навук. працы па пытаннях гідрамеханікі патокаў, цепла- і масаабмену, разліку трубаправодаў.

Тв.:

Газоснабжение. 2 изд. Мн., 1966;

Гидравлический расчёт трубопроводов разного назначения. 2 изд. Мн., 1967.

т. 1, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭ́НСКІ (сапр. Пінчук) Андрэй Дзмітрыевіч

(13.12.1897, г.п. Лоеў — 14.8.1979),

бел. тэрапеўт. Д-р мед. н. (1943), праф. (1945). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў Кіеўскі ун-т (1927). З 1937 у Кіеўскім стаматалагічным ін-це, у 1949—70 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Працы па даследаванні вянознага ціску і яго ролі ў клініцы сардэчна-сасудзістых хвароб.

Тв.:

Спутник терапевта. Т. 1—[2]. Мн., 1959—64.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАДКО́ВІЧ (Феліцыян Піліп) (1697—1778),

уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. З 1730 епіскап холмскі і бэлзскі, з 1753 каад’ютар (памочнік-намеснік) мітрапаліта кіеўскага Ф.​Грабніцкага, з 1756 епіскап уладзімірскі (г. Уладзімір-Валынскі). У 1762—78 мітрапаліт кіеўскі. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі спрабаваў абвінаваціць В. ў злоўжываннях. Нягледзячы на заяву папскага прастолу пра невінаватасць Валадаковіча (1770), нападкі на яго з боку каралеўскай улады працягваліся да канца жыцця.

т. 3, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНГРЫНО́ВІЧ (Валерый Львовіч) (н. 14.7.1939, Кіеў),

бел. вучоны ў галіне фізікі магнітных з’яў і неразбуральнага кантролю. Д-р тэхн. н. (1990). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1961). З 1965 у Ін-це прыкладной фізікі АН Беларусі. Навук. працы па магнітна-структурным аналізе. Распрацаваў тэарэт. асновы магніташумавой структураскапіі і звышмаларакурснай рэнтгенаўскай тамаграфіі, даследаваў некаторыя эфекты ўзаемадзеяння скачкоў намагнічанасці з дэфектамі крышт. структуры ферамагнетыка.

Тв.:

Магнитошумовая структуроскопия. Мн., 1991.

т. 4, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВАЧО́Ў (Іван Паўлавіч) (?—1891),

бел. грамадскі дзеяч і вучоны ў галіне эпідэміялогіі. Д-р медыцыны (1880). Скончыў Кіеўскі ун-т (1859). З 1863 нам. губернскага ўрачэбнага інспектара ў Мінску. Навук. працы па эпідэміялогіі, судовай медыцыне, антрапалогіі, гісторыі і тэорыі медыцыны. Распрацаваў пытанні этыялогіі туберкулёзу (1880) і раскрыў сац. характар гэтай хваробы. Апісаў рэфлекторны характар неўрозаў (1881). Прэзідэнт навук. т-ва мінскіх урачоў (1871—78).

т. 4, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦУРЭ́ВІЧ (Іпаліт Купрыянавіч) (студз. 1882, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 22.7.1939),

украінскі хімік-арганік. Акад. АН Украіны (1939). Скончыў Кіеўскі ун-т (1907), дзе і працаваў (з 1935 праф.). Навук. працы па арган. сінтэзе. Сінтэзаваў α-этыл-β-талілэтыленмалочную і α-этыл-β-метылэтыленмалочную к-ты (1907—09). Устанавіў механізм пераўтварэння карбазідаў, семі- і тыясемікарбазідаў ненасычаных кетонаў. Даследаваў састаў смол парэнхімных каўчуканосных раслін (1932—35).

І.К.Мацурэвіч.

т. 10, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)