ДРАЎЛЯ́НЕ,

племянное аб’яднанне ўсх. славян у 8—10 ст., якое жыло на правабярэжжы Прыпяці ў міжрэччах Гарыні, Ужа, Цецерава, Дняпра. Назва паходзіць ад лясной мясцовасці. На У межавалі з палянамі, на Звалынянамі (па Случы) і бужанамі, на Пн з дрыгавічамі. Самыя стараж. помнікі Д. — курганныя могільнікі з трупаспаленнем, у канцы 10 ст. з’яўляюцца курганы з трупапалажэннем на гарызонце, у насыпе або ў яме галавой на З. Пахавальны інвентар: пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы, шкляныя і сердалікавыя пацеркі, жалезныя нажы і інш. Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, ганчарствам, ткацтвам, апрацоўкай жалеза. Жылі ў паўзямлянках. Гал. гарады: Уручый (Оўруч), Горадск; у Іскарасцені (Корасцень) жыў князь і старэйшыны з мясц. знаці. У 9—10 ст. мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Пры княгіні Вользе (сярэдзіна 10 ст.) землі Д. далучаны да Кіева і ператвораны ва ўдзельнае княства з цэнтрам у г. Уручый. Апошні раз упамінаюцца пад 1136.

Літ.:

Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 6, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХАВА́ННЕ,

спосаб хаваць нябожчыка. З мусцьерскага часу (палеаліт) вядомы П. ў пячорах і інш. жытлах, пазней у вадзе, на дрэвах і інш. Пры пераходзе да бронзавага веку ўзніклі абрады трупаспалення (гл. Крэмацыя), трупапалажэння, потым муміфікацыі (гл. Мумія). Часта ў магілу клалі ежу, прылады працы, зброю, упрыгожанні. З усталяваннем маёмасных адносін у некаторых народаў з нябожчыкам клалі забітых жонак, рабоў, жывёлу. Рабілі дальмены, скляпы, будавалі піраміды, маўзалеі, калумбарыі, храмы, пахавальні. На Беларусі вядомы курганныя і бескурганныя могільнікі. У раннім жал. веку на Пд шмат П. у урнах. З канца 10 — пач. 11 ст. ўсталявалася П. хрысціянскае (у зямлі ў дашчанай дамавіне, з царк. адпяваннем), якое суправаджалася галашэннямі, памінкамі. Для П. адводзяцца спец. месцы (могілкі), на магілах ставяць помнікі. Пашыранай з’явай перыяду Вял. Айч. вайны сталі брацкія магілы: П. ў адным доле да некалькіх соцень воінаў, жыхароў, якія загінулі ў баях, ад рук ням.-фаш. захопнікаў. У наш час хаваюць пераважна ў зямлі або крэміруюць.

т. 12, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫГАВІЧЫ́,

адно з племянных аб’яднанняў усх. славян, вядомых па пісьмовых крыніцах і археал. помніках. Займалі тэр. на У да Дняпра, на Пн да лініі Барысаў—Лагойск—Заслаўе—вярхоўе Нёмана; на Пд мяжа пераходзіла за Прыпяць, на З — за Зах. Буг (паводле інш. даных да Выганашчанскага балота, на Пн ад Пінска). У 6—8 ст. папярэднікамі Д. на сярэдняй Прыпяці былі славянскія плямёны пражскай культуры. На Пн ад Прыпяці ў гэты час жылі балцкія плямёны (гл. Балты). На тэр. рассялення Д. захаваліся археал. помнікі: гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі з пахавальным абрадам трупаспалення, з 10 ст. — могільнікі з пахавальным абрадам трупапалажэння на гарызонце або падкурганнай яме. Зрэдку ў курганах трапляюцца збудаванні ў выглядзе невысокага драўлянага зруба, накрытага дахам. Пахавальны інвентар: гліняныя гаршкі, спражкі, крэсівы, сякеры, наканечнікі коп’яў і інш.; у жаночых пахаваннях пераважаюць упрыгожанні: шкляныя каляровыя разнастайныя па памерах і форме пацеркі, бронзавыя скроневыя кольцы з заходзячымі канцамі, пярсцёнкі, бранзалеты і інш. Характэрныя племянныя адзнакі — вял. медныя або сярэбраныя пацеркі, аздобленыя зерню, і скроневыя кольцы-завушніцы з круглага дроту, на якіх замацаваны па 3 металічныя пацеркі невял. памераў.

Упершыню Д. названы ў «Аповесці мінулых часоў» у сувязі з падзеямі, якія папярэднічаюць 9 ст. У 10 ст. (948) іх упамінае візантыйскі гісторык Канстанцін Багранародны, у 12 ст. (1149) стараж-рус. летапісы. Д. належалі да найб. развітых у сац. адносінах плямён, знаходзіліся на заключнай стадыі распаду родаплемяннога ладу, мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, агародніцтвам, былі развіты промыслы і гандаль. Найб. гарады: Тураў, Пінск, Давыд-Гарадок, Брэст, Мінск, Мазыр, Клецк, Слуцк, Капыль, Рагачоў, Камянец, Кобрын. У 10 ст. землі Д. увайшлі ў склад Кіеўскай Русі, з канца 10 ст. на іх землях узнікла Тураўскае княства, у канцы 12 ст. з яго вылучыліся ўдзельныя Пінскае княства, Клецкае, Дубровіцкае, верагодна, Нясвіжскае княства. Частка паўн.-ўсх. зямель Д. увайшла ў Полацкае княства, а паўд.-ўсх. — у Кіеўскае княства.

П.​Ф.​Лысенка.

т. 6, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІ́МІЧЫ,

усходнеславянская этнічная супольнасць. Жылі ў міжрэччы Дняпра і Дзясны, па цячэнні Сажа і яго прытоках. Паводле летапісу, назва паходзіць ад імя Радзім. Папярэднікамі Р. у Пасожжы былі носьбіты калочынскай культуры. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, рамёствамі, паляваннем, рыбалоўствам, бортніцтвам, прадзеннем і ткацтвам. Пахавальны абрад: трупаспаленне (8—10 ст.) і трупапалажэнне на гарызонце, у падкурганнай яме (з канца 10 да пач. 12 ст.). Сярод пахавальнага інвентару шмат упрыгожанняў, прадметаў побыту, радзей сустракаюцца прылады працы. Характэрныя племянныя адзнакі Р. — бронзавыя або сярэбраныя скроневыя кольцы (7-прамянёвыя і 7-лапчастыя), біэліпсоідныя, язычковыя, пятлістыя, гронкавыя падвескі, пласціністыя грыўні. У пахаваннях знойдзены манеты (дырхемы, срэбранікі, брактэаты), якія выкарыстоўваліся як падвескі ў маністах. У канцы 1-га тыс. Р. знаходзіліся на ступені фарміравання класавых адносін, узначальваліся князямі і старэйшынамі. У 885 кіеўскі кн. Алег вызваліў Р. ад залежнасці хазараў і абклаў іх сваёй данінай. У 907 у складзе яго войска Р. ўдзельнічалі ў паходзе на Візантыю. У пач. 970-х г. выйшлі з-пад улады кіеўскіх князёў, у 984 былі разбіты на р. Пяшчань (ці каля Слаўгарада ці каля Гомеля) ваяводам кн. Уладзіміра Святаславіча Воўчым Хвастом і іх землі замацаваліся ў складзе Кіеўскай Русі. З 11 ст. тэр. Р. у Чарнігаўскім княстве, з пач. 12 — яе паўн. частка пад уладай Смаленска. Да 12 ст. адносяцца пісьмовыя звесткі пра гарады на зямлі Р. — Крэчуг (1136, сучасны Крычаў), Прапошаск ці Прупой (1136; цяпер Слаўгарад), Гомій (1142, Гомель), Рагачоў (1142), Чычэрск (1159, Чачэрск). Апошняе ўпамінанне Р. у летапісе пад 1169. Найб. даследаваныя археал. помнікі — курганныя могільнікі Абідавічы, Ветачка, Вішанька, Гадзілавічы, Каласы, Мадора, Нісімкавічы, Ходасавічы, Шапчыцы, Юдзічы, Эсьмоны і інш.

Літ.:

Соловьева Г.Ф. Славянские союзы племен по археологическим материалам VIII—XIV вв. н.э. (вятичи, радимичи. северяне) // Сов. археология. 1956. № 25.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 13, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЫ́ЛЬ,

горад, цэнтр Капыльскага р-на Мінскай вобл., на р. Мажа. За 120 км ад Мінска, 9 км ад чыг. ст. Цімкавічы на лініі Баранавічы—Асіповічы. 10,8 тыс. ж. (1998).

Упершыню ўпамінаецца пад 1274 у Галіцка-Валынскім летапісе. З 1320-х г. у складзе ВКЛ. У 1395 утворана Капыльскае княства з цэнтрам у К., уладанне кн. Уладзіміра Альгердавіча, з пач. 15 ст. рэзідэнцыя князёў Алелькавічаў. У жн. 1506 слуцкія і капыльскія баяры разбілі каля К. рэшткі войска крымскіх татар. 25.11.1595 у час Налівайкі паўстання 1594—96 каля К. адбыўся бой казацкага атрада на чале з палкоўнікам Марцінкам з войскам К.​Радзівіла. З 1612 К. перайшоў да Радзівілаў. У 1652 К. атрымаў прывілей на магдэбургскае права, меў герб — на залатым полі выява паляўнічага рога. З канца 16 ст. ў К. былі кальвінскі збор і царква. У 17 ст. К. славіўся рамёствамі; было 6 цэхаў. З 1791 у складзе Случарэцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі — мястэчка Слуцкага пав. Мінскай губ. З 1832 прыватнаўладальніцкае мястэчка кн. Вітгенштэйна. У 1880-я г. ў К. створана група народнікаў. У 1897—4463 ж., піваварны завод, 2 млыны, 6 крам, 3 школы, царква, касцёл, кальвінскі збор, 2 яўр. малітоўныя дамы. У 1903 створана група, у 1905 арг-цыя РСДРП. У лют.снеж. 1918 акупіраваны герм., у жн. 1919 — ліп. 1920 — польскімі войскамі. З ліп. 1924 цэнтр раёна, У 1926—4 тыс. ж., сыраварны і цагельны з-ды, ганчарная, шавецкая арцелі. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 29.6.1941 да 1.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 2915 жыхароў, адбыліся капыльскія баі 1942, 1944 партызан з гітлераўцамі. У 1977—5,7 тыс. ж. З 29.4.1984 горад.

Капыльскі завод гумава-тэхнічных вырабаў, прадпрыемствы харч. прам-сці. Капыльскі краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква (19 ст.). Помнікі археалогіі — гарадзішча і курганныя могільнікі.

А.​П.​Грыцкевіч, Л.​У.​Калядзінскі.

Горад Капыль. Забудова Калгаснай плошчы.

т. 8, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАГРА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія жылі ў бас. Дняпра паміж сярэднім цячэннем Бярэзіны на Пн і р. Рось на Пд, Зах. Бугам на З і р. Іпуць на У (тэр. Пд Беларусі і Укр. Палесся). Назва ад гарадзішча Мілаград. Датуецца 7—3 ст. да н.э. Характэрны 2 тыпы паселішчаў: умацаваныя (гарадзішчы) і неўмацаваныя (селішчы). У Падняпроўі і Пасожжы ўмацаванні рабілі ў выглядзе валоў і равоў з боку поля, а ў Палессі валы і равы ўмацоўвалі пляцоўкі гарадзішчаў з усіх бакоў. Селішчы вядомы ва ўсім арэале культуры. Асн. тып жытлаў — зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы прамавугольнай або круглаватай формы пл. 12—16 м² слупавой канструкцыі, з выступам каля адной са сцен; былі разлічаны на адну сям’ю. Агнішчы адкрытыя, у круглых і авальных ямах паміж апорным слупам і сцяной. Пахавальныя помнікі — курганныя і бескурганныя (грунтавыя) могільнікі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на пясчанай падсыпцы або на гарызонце ў драўляных зрубах, а таксама ў неглыбокіх мацерыковых ямах. Пахавальны інвентар складалі адзін або некалькі гаршкоў, радзей — зброя ці ўпрыгожанні. Бескурганныя (грунтавыя) могільнікі размяшчаліся на ўзвышшах або прымыкалі да гарадзішчаў. У іх пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка. Пахавальны інвентар — кавалкі гліняных пасудзін і зубы свойскіх жывёл. Радзей трапляюцца прылады працы, зброя, упрыгожанні. Для носьбітаў М.к. характэрны гліняны посуд з прамым адагнутым вонкі венчыкам і яйца- або шарападобным тулавам, а таксама паўсферычныя гаршкі без пазначанага венчыка. Частка посуду аздоблена ўцісканнямі круглай палачкі, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі ўцісканнямі, «жамчужынамі». Гліняныя прасліцы і грузікі часам дакладна капіруюць форму посуду. Ёсць знаходкі гліняных фігурак жывёл. Рэчавы комплекс разнастайны: прылады працы з жалеза, наканечнікі дзідаў, стрэлы, каменныя сякеры, зерняцёркі, таўкачы, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі і інш.

Асн. формы гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля; паляванне і рыбалоўства мелі дапаможны характар. Былі развіты дамашнія рамёствы: здабыча і апрацоўка жалеза, ліццё бронзы, прадзенне, ткацтва, выраб ляпнога посуду. Этнічная прыналежнасць «мілаградцаў» застаецца спрэчнай. Частка вучоных лічаць іх славянамі, інш. адносяць іх да балтаў.

Літ.:

Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;

Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;

Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967;

Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. М., 1970.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВІЧЫ́,

аб’яднанне ўсх.-слав. плямён, якія жылі ў бас. верхняга Дняпра, Зах. Дзвіны, Волгі і на Пд Чудскога воз. Вядомы па археал. помніках і пісьмовых крыніцах. На думку адных вучоных, назва паходзіць ад слова «крэўныя» (блізкія па крыві), на думку іншых — ад імя легендарнага родапачынальніка Крыва ці ад язычніцкага першасвяшчэнніка Крыва-Крывейтэ, магчыма, узгоркавай мясцовасці (крывізна), дзе яны жылі. Працэс фарміравання К. адбываўся ў 2-й пал. 1-га — пач. 2-га тыс. н. э. ў выніку асіміляцыі славянамі балцкіх і зах.-фін. плямён. У канцы 1-га тыс. н. э. племянное аб’яднанне К. распалася на 3 групы — полацкую, смаленскую і пскоўскую (паводле назвы іх гал. гарадоў). Смаленскія К. паводле культуры вельмі блізкія да полацкіх, таму ў этнагр. адносінах іх звычайна разглядаюць як полацка-смаленскую групу плямён. Для полацкіх К., ці палачан, як яны названы ў летапісе, характэрны доўгія курганы, у якіх захавалася шмат рэчаў матэрыяльнай культуры балтаў. На мяжы 10—11 ст. К. хавалі нябожчыкаў у круглых курганах з абрадам трупапалажэння на гарызонце, пазней — трупапалажэнне ў ямах, зрэдку ў насыпах. Большасць нябожчыкаў арыентавана паводле слав. звычаю галавой на З, трапляюцца мужчынскія пахаванні з адваротнай арыентацыяй (галавой на У) або мерыдыянальныя (ПнПд). У курганах трапляюцца багатыя пахаванні з мноствам рэчаў, бедныя з невял. колькасцю інвентару ці зусім без яго, што сведчыць пра маёмасную няроўнасць. Трапляюцца і драўляныя дамавіны. Есць у могільніках і кенатафы. Пры даследаванні курганоў выяўлены прыкметы трызны і стравы. Для полацкіх і смаленскіх К. характэрны пэўны тып упрыгожанняў — бранзалетападобныя драцяныя скроневыя кольцы дыяметрам 5—11 см з завязанымі канцамі і шкляныя залачоныя пацеркі. У курганах 11—12 ст. трапляюцца язычніцкія амулеты з іклаў і зубоў жывёл, вельмі рэдка — металічныя крыжыкі, якія насілі ў маністах. Асн. гасп. адзінкай К. у 2-й пал. 1-га тыс. н. э. была вял. патрыярхальная сям’я; працэс вылучэння малых сямей пачаўся у 8—9 ст. У сац. адносінах К. — федэрацыя плямён, у рамках якіх фарміраваліся класы, дзяржаўнасць (княжанні), пранароднасць. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», у Полацку існавала сваё княжанне К. — палачан. У ваен.-адм. адносінах племянныя княжанні апіраліся на сістэму ўмацаванняў (Полацк, Віцебск, Лукомль, Браслаў), на аснове якіх пазней сфарміраваліся гарады.

Упершыню ў летапісе К. (відаць, пскоўскія) упамінаюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 859. Яны ўдзельнічалі ў паходах Алега (907) і Ігара (944) супраць Візантыі. У канцы 10 ст. на тэрыторыі рассялення полацкіх К. склалася Полацкае княства, насельніцтва якога названа К. ў летапісах пад 1127, 1129, 1140, 1162. Назва «крывіцкія землі» захоўвалася ў асобных выпадках за тэр. паўн. Беларусі да 1-й чвэрці 14 ст. У латышскай мове тэрмінам «К.» называюць усіх усх. славян, «балткрыеві» — беларусаў. Ад этноніма К. паходзяць назвы многіх вёсак у Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай абласцях Беларусі. На тэрыторыі рассялення полацкіх К. вывучаліся гарадзішчы ў Віцебску, Полацку, Заслаўі, Лукомлі, селішчы і курганныя могільнікі каля вёсак Баркі, Бельчыца, Бяльмонты, Вышадкі, Глівін, Глінішча, Дарахі, Ізбішча, Кублішчына, Лісна, Плусы, Пуцілкавічы, Сенчукі, Сосенка, Чарневічы, Янкавічы і інш. На думку Я.​А.​Шміта, паводле даных раскопак доўгіх курганоў Смаленшчыны 8—9 ст., К. — племянны саюз, які «уключаў у сябе славян і розныя групы ўсх. балтаў». Э.​М.​Загарульскі лічыць, што доўгія курганы, з якімі звычна атаясамліваюць К., належалі балтам.

Літ.:

Этногенез белорусов: Тез. докл. Мн., 1973;

Штыхаў Г.В. Крывічы. Мн., 1992;

Загарульскі Э.М. Заходняя Русь IX—XIII стст. Мн., 1998.

Г.​В.​Штыхаў.

Да арт. Крывічы: 1 — выява крывіча (рэканструкцыя І.​У.​Чаквіна па чэрапе з курганнага могільніка Кублішчына 11 ст., скульптар Л.​П.​Яшэнка); 2—3 — этнавызначальныя рэчы.

т. 8, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)