КО́ТРА,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. Засн. ў 2003 для захавання каштоўных ландшафтаў і расл. згуртаванняў, якія ствараюць адзіны прыродны комплекс з запаведнікам Чапкяляй (Літва). Пл. 10 463,5 га. Ландшафт зах. часткі — водна-ледавіковая раўніна з эолавымі ўтварэннямі; усх. часткі — нізіна з празмерным увільгатненнем і затарфаванымі азёрнымі катлавінамі. Глебы дзярнова-падзолістыя, тарфяна-глеевыя, тарфяна-балотныя. Пад лясамі 80% тэр., яны прадстаўлены 10 фармацыямі хваёвых, дубовых, ясянёвых і інш. лясоў. У флоры 633 віды вышэйшых сасудзістых раслін, з іх 14 занесены ў Чырв. кнігу: пустапялёснік зялёны, пальчатакарэннік балтыйскі, зубніца клубняносная, шпажнік чарапіцавы, касач сібірскі, чына горная і інш. Шмат дэкар., лек., харч. раслін. У фауне 124 віды наземных пазваночных жывёл, у Чырв. кнігу занесены рысь, барсук, падворлік малы, журавель шэры, пугач, сыч касманогі, дзятлы зялёны і трохпальцы, бусел чорны; з насякомых — жужаль бліскучы, пераліўніца вялікая, стужка ордэнская блакітная і інш. На тэр. заказніка 2 курганныя групы каменнага і бронзавага вякоў.
П.І.Лабанок.
т. 18, кн. 1, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)