Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
МОНАМАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ РЭА́КЦЫІ,
элементарныя хім. рэакцыі, у якіх адбываецца хім. ператварэнне (змена саставу ці будовы) адной малекулы, радыкала, іона. Да М.р. адносяцца рэакцыі распаду малекул, якія часта з’яўляюцца пачатковай стадыяй складаных працэсаў (напр., крэкінгу, дэструкцыі палімераў), і рэакцыі ізамерызацыі. Гл. таксама Кінетыка хімічная.
Літ.:
Кузнецов Н.М. Кинетика мономолекулярных реакций. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЫ́ГА (Аляксандр Андрэевіч) (5.12.1837, каля Віцебска — 26.3.1905),
расійскі хімік. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1860). З 1861 у Міхайлаўскай артыл. акадэміі, з 1862 у Цюбінгенскім і Цюрыхскім ун-тах. З 1865 у Новарасійскім ун-це ў Адэсе (з 1871 праф.), адначасова ў 1880 арганізаваў першую ў Расіі лабараторыю па даследаванні харч. прадуктаў і кіраваў ёй да 1896. Навук. працы па хіміі араматычных азазлучэнняў. Атрымаў бензідзін (1864), азабензол і яго гамолагі (1865), азаталуал і інш. Даследаваў рачныя і артэзіянскія воды Пд Расіі, гаючыя крыніцы і гразі.
Літ.:
Волков В.А. Вонский Е.В., Кузнецов Г.Н. Выдающиеся химики мира. М., 1991. С. 92.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯКЕ́ТАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (13.1.1826, с. Алфер’еўка Пензенскай вобл., Расія — 13.12.1911),
рускі фізікахімік, заснавальнік рус. школы фізікахімікаў. Акад. Пецярбургскай АН (1886). Скончыў Казанскі ун-т (1848). З 1849 у Медыка-хірург. акадэміі, з 1855 у Харкаўскім ун-це (з 1859 праф.), з 1886 у хім. лабараторыі Пецярбургскай АН. Навук. працы па фіз. хіміі. Адкрыў здольнасць магнію і цынку выцясняць іншыя металы з іх соляў (1863). Атрымаў бязводныя аксіды шчолачных металаў (1870). Выявіў магчымасць аднаўлення металаў з іх аксідаў алюмініем, што дало пачатак алюмінатэрміі. Вызначыў фіз. хімію як самаст.навук. дысцыпліну.
Тв.:
Избранные произведения по физической химии. Харьков, 1955.
Літ.:
Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецов Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 37.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ, палявая астраномія,
раздзел практычнай астраноміі, які для патрэб геадэзіі і картаграфіі распрацоўвае метады вызначэння геагр. каардынат пунктаў і азімутаў ліній на зямной паверхні з дапамогай астр. назіранняў. Многія яе спосабы вызначэнняў шыраты, часу і азімута засн. на вымярэнні зенітных адлегласцей свяціл; даўгата вызначаецца з рознасці паміж знойдзеным мясц. зорным часам і грынвіцкім часам для сярэдняга моманту назіранняў. Пункт на мясцовасці, геагр. каардынаты і азімут напрамку якога на другі пункт знойдзены з дапамогай астр. назіранняў, наз.астр. пунктам. Геадэзічная астраномія займаецца апісаннем і тэорыяй астр. прылад, неабходных пры вызначэнні астр. каардынат пунктаў, распрацоўкай спосабаў вызначэння часу, шыраты, даўгаты і азімута, метадаў астр. вымярэнняў у палявых умовах і апрацоўкі даных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРЛІНГВІ́СТЫКА,
раздзел лінгвістыкі, які вывучае штучныя дапаможныя мовы-пасрэднікі, створаныя для міжнар. (міжэтнічных) зносін у якасці аналагаў натуральных моў (тыпу эсперанта, інтэрлінгва і інш.). Склалася ў 20 ст. як асэнсаванне шматвяковай практыкі стварэння і выкарыстання штучных моў. Асн. кірункі: стварэнне структурнай і функцыян. тыпалогіі штучных моў-пасрэднікаў, іх навук. і нарматыўных (кадыфікуючых) граматык і слоўнікаў; вывучэнне ўзаемаадносін штучных і натуральных моў; рацыяналізацыя існуючых, распрацоўка новых дапаможных моў-пасрэднікаў і інфармацыйных моў; стварэнне гісторыі распрацоўкі і функцыянавання штучных моў і рухаў іх прыхільнікаў (напр., Муз. эсперанта-ліга, Скаўцкая эсперанцкая ліга і інш.).
Літ.:
Проблемы интерлингвистики. М., 1976;
Кузнецов С.Н. Теоретические основы интерлингвистики. М., 1987;
Дуличенко А.Д. Советская интерлингвистика: (Аннотир. библиогр. за 1946—1982 гг.) Тарту, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЯЦО́Ў (Мікалай Іванавіч) (27.7.1911, с. Зыранка Таліцкага р-на Пермскай вобл., Расія — 9.3.1944),
савецкі разведчык. Герой Сав. Саюза (1944). Працаваў інжынерам у Пермі і Маскве. У Вял.Айч. вайну з жн. 1942 ў партыз. атрадзе Дз.М.Мядзведзева «Пераможцы», які дзейнічаў на Укр. Палессі. Пад імем ням. обер-лейтэнанта Паўля Зіберта вёў разведку ў г. Роўна (Украіна), збіраў і перадаваў у партыз. атрад каштоўныя звесткі і дакументы. Разам з партызанамі рабіў дыверсіі, даставіў у партыз. атрад некалькі ням.-фаш. генералаў і чыноўнікаў. Загінуў у баі з прыхільнікамі С.А.Бандэры каля с. Барацін Бродаўскага р-на Львоўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАСМАНАШВІ́ЛІ, Пірасмані,
Ніко (Мікалай Асланавіч; 1862?, с. Мірзаані, Грузія — 5.5?.1918), грузінскі мастак-самавук, прадстаўнік інсітнага мастацтва. Працаваў у Тбілісі. Маляваў самаробнымі фарбамі на кляёнцы і блясе шыльды для сталовых-духанаў і забаўляльных устаноў і карціны на тэмы нар. жыцця, пейзажы, нацюрморты, выявы жывёл. Творы вызначаюцца насычаным глыбокім каларытам, кантрастнымі спалучэннямі халодных сіне-чорных і цёплых светлых колеравых плям, пластычнай завершанасцю форм, спалучэннем унутр. драматызму са знешнім спакоем персанажаў: «Дворнік» (1904), «Мядзведзь у месячную ноч» (1905), «Нацюрморт» (1910—12), «Лань» (1916), «Прадавец дроў», «Гулянка трох князёў», «Кампанія Бего», «Рыбак сярод скал» і інш. На радзіме П. адкрыты яго Дом-музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ СТО́ЙКАСЦЬ матэрыялаў і вырабаў, здольнасць матэрыялаў і вырабаў захоўваць свае ўласцівасці і параметры ў зададзеных межах у працэсе і пасля ўздзеяння іанізавальнага выпрамянення (радыяцыі).
Змена ўласцівасцей матэрыялаў пры апрамяненні абумоўлена з’яўленнем дэфектаў у крышт. рашотцы (гл.Радыяцыйныя дэфекты), ядзернымі рэакцыямі, разрывам хім. сувязей і інш. Р.с. матэрыялаў залежыць ад тыпу хім. сувязі атамаў, іх структурнага ўпарадкавання, характарыстык іанізавальнага выпрамянення, якія вызначаюць назапашванне ўстойлівых радыяцыйных дэфектаў, ад т-ры матэрыялаў у працэсе апрамянення (павялічваецца з павышэннем т-ры з прычыны ўзрастання імавернасці анігіляцыі першасных радыяцыйных дэфектаў — міжвузельных атамаў і атамных вакансій). Р.с. вырабаў вызначаецца здольнасцю матэрыялаў, з якіх яны зроблены. процістаяць уздзеянню радыяцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,
класіфікацыя моў свету, якая праводзіцца ў залежнасці ад граматычнага ладу мовы, пераважна марфалогіі; адзін з відаў тыпалагічнай класіфікацыі моў. Паводле М.к.м. вылучаюць 4 тыпы моў свету: коранеізаляваныя мовы (адсутнасць словазмянення, грамат. значнасць парадку слоў, слабое проціпастаўленне знамянальных і службовых слоў); аглюцінатыўныя мовы (грамат. адназначнасць афіксаў, адзіны тып скланення і спражэння, адсутнасць значных чаргаванняў); інкарпараваныя мовы (магчымасць уключэння ў склад дзеяслова-выказніка інш. членаў сказа, пераважна прамога дапаўнення); флектыўныя мовы (поліфункцыянальнасць грамат. марфем, наяўнасць фанетычна не абумоўленых змен кораня, вял. колькасць фанетычна і семантычна нематываваных тыпаў скланення і спражэння).
Многія мовы займаюць прамежкавае становішча на шкале М.к.м., сумяшчаюць у сабе прыкметы розных тыпаў. Напр., бел. мова адносіцца пераважна да флектыўнага тыпу, аднак у ёй сустракаюцца выпадкі. калі адносіны паміж словамі выражаюцца не столькі канчаткамі, колькі парадкам слоў (напр., «Маці любіць дзіця» — «Дзіця любіць маці»).
Літ.:
Кузнецов П.С. Морфологическая классификация языков. М., 1954;
Теоретические основы классификации языков мира. М., 1980.