Тру́сіць1 ‘дрыжаць ад страху, хвалявання’, ‘баяцца’ (ТСБМ, Др.-Падб., Жд. 1): тру́сіць трасца ‘трасца трасе’ (лун., стол., калінк., добр., лельч., ЛА, 3), трусі́ць ‘калаціць, трэсці ад тэмпературы’ (пух., Сл. ПЗБ), ‘калаціць, аббіваць, абтрасаць’ (Ян., Мат. Гом.; петрык., Шатал., Пятк. 2), ст.-бел. трусити ‘тузаць, штурхаць; хутка рухаць уверх і ўніз, туды і назад’ (ГСБМ). Сюды ж тру́скі ‘дрогкі, няроўны, трасучы’ (Байк. і Некр., Растарг., Сцяшк. Сл.), тру́скій ‘тс’ (Янк. 3.; брагін., Шатал.), трускі́й ‘выбіты (пра дарогу)’ (Мат. Маг.), тру́ска ‘дрогка, трасучыся’ (Нас., Янк. 3., Ян.). Параўн. укр. труси́ти ‘калаціць, трэсці’, труси́тися ‘трэсціся, дрыжаць’, рус. труси́ть ‘трэсці’, труси́ться ‘трэсціся, баяцца’, н.-луж. tšusyś ‘трэсці’. Да прасл. *trǫsiti, якое з’яўляецца каўзатывам да прасл. *tręsti ‘трэсці’ (Фасмер, 4, 102; Чарных, 2, 268; Махэк₂, 653; ЕСУМ, 5, 658), якому адпавядае лат. traušâtiês ‘баяцца’, што да і.-е. *tres‑ ‘трэсціся (са страху)’, гл. Бязлай, 4, 221; ESJSt, 16, 983. Сюды ж: трусі́ць чало на верацяно ‘трэсці чало (=кужаль) — для кудзелі’ (петрык., Шатал.), трусі́ць ‘трэсці, шукаючы што-небудзь’ (петрык., Шатал.; ТС), трусі́ць ко́міна ‘ачышчаць яго ад сажы’ (ТС, Мат. Гом.), трусі́ць рыбу ‘выбіраць рыбу з сеткі’ (калінк., Арх. ГУ), трусі́ць жолу́д ‘збіваць жалуды на корм’ (ТС).

Тру́сіць2 ‘рассыпаць, патроху сыпаць тонкім слоем’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Байк. і Некр., Федар. 7, Гарэц.), ‘імжаць’ (Бяльк.) трусі́ць ‘церусіць’ (карэліц., Нар. сл.), ‘сыпаць, церушыць’, ‘крапаць’, ‘пасыпаць соллю’ (Шымк. Собр., Сцяцк. Сл.; зэльв., Нар. словатв.), трусі́цца ‘растрасацца, рассыпацца (пра сена)’ (Бяльк:, Байк. і Некр.), ‘церушыцца, растрасацца’, ‘падаць маленькімі кроплямі, ісці паціху (пра дождж)’ (ТСБМ, Бяльк.; зэльв., Нар. словатв., Сцяшк. Сл.; іўеў., ЛА, 2), ‘сыпацца, натрасацца’ (смарг., лід., Сл. ПЗБ), ‘сыпацца патроху’ (Нас.). Параўн. укр. труси́ти ‘рассяваць’, рус. труси́ть ‘сыпаць’, в.-луж. trusyć ‘пасыпаць, рассыпаць, рассяваць’, чэш. trousiti ‘рассыпаць’, славац. trúsiť ‘сыпаць, рассыпаць’, славен. trósiti ‘рассыпаць, раскідваць’, балг. дыял. тръ́са ‘растрасаць, раскідваць віламі салому пры малацьбе’. Прасл. *trǫsiti — форма ітэратыва да прасл. *tręsti ‘трэсці’ (Фасмер, 4, 110; Махэк₂, 653; Бязлай, 4, 233; ЕСУМ, 5, 658). Шустар-Шэўц (1539–1540) узводзіць сучасныя славянскія формы да прасл. *trǫs(k)‑/*trus(k)‑, параўн. трушыць, трухнуць, гл.

Трусі́ць3 ‘разбіваць, раскідваць гной’ (беласт., Сл. ПЗБ). Хутчэй за ўсё, да трусіць1 ‘калаціць’, параўн., аднак, літ. trę̃šti ‘ўгнойваць’, што звязана з trèsti ‘гніць’ (Смачынскі, 688). Магчыма, балтызм пры другаснай ад’ідэацыі трусі́ць2 ‘расцярушваць, растрасаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

палатно́, ‑а; мн. палотны, палотнаў, палацён і палоцен; н.

1. Гладкая льняная тканіна асобага перапляцення (звычайна белая), а таксама баваўняная, шаўковая ці сінтэтычная тканіна падобнага перапляцення. Кужэльнае палатно. Зрэбнае палатно. Штапельнае палатно. □ Маці кужаль прала пры лучыне. На расе маёвай палатно бяліла. Барадулін. Вольга падала.. [Зараніку] чысты ручнік з грубаватага льнянога палатна. Хадкевіч. // Сувой такой тканіны. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі схаваны яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі. Колас.

2. Вялікі шырокі кавалак якой‑н. тканіны. Насупроць дзвярэй.. стаяў стол, накрыты чырвоным палатном. Асіпенка. // Пра вялікі ліст паперы і пад. Папяровае палатно трапляе на сушыльную частку машыны, дзе яно высыхае, разгладжваецца і накручваецца на вал. Рунец. // У жывапісе — кавалак матэрыі палатнянага перапляцення, на якім пішуцца карціны (звычайна алейнымі фарбамі). Зіна больш не працавала на пякарні. Яна ад раніцы да ночы размешвала фарбы і нацягвала палатно на падрамнікі. Нядзведскі. Мастак, чалавек ужо немалады, невысокі і лысы, вязе з сабою вялізнае палатно, нацягнутае на раму, мальберт і эцюднік з пэндзлямі і фарбамі. В. Вольскі.

3. Карціна мастака (звычайна на матэрыі асобага перапляцення). Джордж Лоўрэнс у гэты час быў даволі прыкметнай велічынёй сярод чыкагскіх мастакоў. Яго палотны мелі поспех на апошняй выстаўцы. Васілевіч. // Пра літаратурны або музычны твор, які дае шырокую карціну чаго‑н. Сцэнарый [фільма] ўяўляе сабой шырокае эпічнае палатно. Б. Стральцоў.

4. Праезная паверхня дарогі; дарожны насып. Шаша была мёртвай. Яе пакарабачаная пасля зімы палатно, здавалася, правісала між двух узгоркаў. Асіпенка. Пешаходнай сцяжынкі ля дарогі няма, ісці па палатне дарогі небяспечна — могуць забіць ці знявечыць машыны. Новікаў. // Чыгуначная лінія, насып чыгункі. Праз шкляныя дзверы балкона відаць вакзал і палатно чыгункі. Сяргейчык. Паабапал чыгуначнага палатна цягнуўся рэдкі жухлы хмызняк. Васілёнак.

5. Спец. Паласа, стужка, якая складае частку пэўнага механізма. Палатно транспарцёра.

6. Спец. Плоская тонкая частка якога‑н. інструмента, прылады. Тонка і працяжна звініць цыркулярка, самавіта шастаюць палотны піларамы. Ракітны. Перахапіў [Толік] далонню палатно касы на сярэдзіне, каб лягчэй было падтачыць, і — ужо глушэй азвалася рэха: Шах! Шах! Шах! Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)