адна з цюркскіх моў (кыпчакска-агузская група). Пашырана пераважна на Украіне (Крым і зах. вобласці), у Літве і Польшчы. Мае 3 дыялекты: крымскі, тракайскі, галіцка-луцкі. Крымскі дыялект у значнай ступені асіміляваны з крымска-тат. мовай. Склад галосных гукаў адрозніваецца па дыялектах; у тракайскім і крымскім дыялектах 8 галосных: «а», «ы», «о», «у», «э», «и», «ӧ», «ӱ» ; у галіцкім дыялекце 6 галосных («ӧ», «ӱ» замяняюць «э», «и», напр., кӧз//кэз — вока); шыпячыя «ш», «ч» замяняюцца на свісцячыя «с», «ц». У сінтаксісе моцны ўплыў слав. моў; у лексіцы шмат славянскіх, у т. л. ў тракайскім дыялекце — бел. запазычанняў. Першыя рукапісныя пераклады Бібліі (14 ст.). Адзіная літ. мова не сфарміравалася, паколькі большасць караімаў выкарыстоўвала стараж.-яўр. пісьмо, а пазней лац. і кірылічны алфавіты. Друкаваныя выданні з 19 ст.
Літ.:
Мусаев К.М. Краткий грамматический очерк караимского языка. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́КНЕР ((Bruckner) Антон) (4.9.1824, Ансфельдэн, каля г. Лінц, Аўстрыя — 11.10.1896),
аўстрыйскі кампазітар, арганіст. Адзін з буйнейшых сімфаністаў і поліфаністаў 19 ст. З 1848 арганіст у манастыры св. Фларыяна (каля Лінца), з 1853 — у Лінцкім саборы. З 1868 у Вене. Выкладаў у Венскай акадэміі музыкі і сцэн. мастацтва (праф. з 1871), з 1875 і праф. Венскага ун-та (з 1891 ганаровы д-р). Сярод вучняў: Г.Малер, А.Нікіш, Ф.Клозе. Пры жыцці вядомы як імправізатар-арганіст (канцэртаваў у Францыі, Англіі, Швейцарыі). У сваёй творчасці спалучыў дасягненні позняга рамантызму ў галіне муз. мовы з класічнымі прынцыпамі формаўтварэння. Пантэістычнае светаўспрыняцце і ярка выяўлены этычны пачатак творчасці вызначылі велічны і ўзнёслы характар яго музыкі. Сярод твораў: Рэквіем (1849), 4 месы, Те deum (1884), Магніфікат (1852) для салістаў, хору і арк.; 11 сімфоній (1863—1896); стр. квінтэт; інстр. п’есы, у т. л. для аргана; матэты, псалмы, рамансы, хары і інш.
Літ.:
Белецкий И. Антон Брукнер, 1824—1896: Краткий очерк жизни и творчества. Л., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧАЗасн. ў 1872 у г. Пінск на базе мужчынскай гімназіі; першае рэальнае вучылішча на Беларусі. Уваходзіла ў Віленскую навучальную акругу. Мела 7 класаў. На чале з дырэктарам працавалі 16 выкладчыкаў, 3 законанастаўнікі, інспектар. Выкладаліся рус., польск., ням. і франц. мовы, геаграфія, хімія, гісторыя, матэматыка, законазнаўства, касмаграфія, маляванне, чарчэнне, пач.ваен. навука, музыка, рамёствы, гімнастыка і інш. Выпускнікі мелі перавагу пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г.навуч. ўстановы, на фіз.-матэм. ф-ты ун-таў. Сярод выкладчыкаў былі выхаванцы вучылішча, выпускнікі Мінскай духоўнай семінарыі, Віленскага настаўніцкага ін-та, ун-таў Масквы, Юр’ева, Кіева, Лейпцыгскай філал. семінарыі і інш. У 1785 вучылася 185 юнакоў, у 1911—368. У 1915 вучылішча пераведзена ў Мазыр. У 1918 скасавана.
Літ.:
Краткий список учреждений и учебных заведений Виленского учебного округа на 1917 г. Могилев, 1917;
Памятная книжка Виленского учебного округа на 1911/1912 учеб. г. Вильна, 1912;
Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТАЛАМЕ́Й ((Ptolemaios) Клаўдзій) (каля 90 — каля 160),
старажытнагрэчаскі вучоны-энцыклапедыст з Александрыі. Праводзіў навук. даследаванні па астраноміі, матэматыцы, геаграфіі, картаграфіі, оптыцы і храналогіі. Распрацаваў геацэнтрычную сістэму свету. Даў сістэматычнае выкладанне тагачасных геагр. ведаў з асновамі тэорыі картаграфічных праекцый. Рашыў шэраг задач прамалінейнай і сферычнай трыганаметрыі, даказаў адну з тэарэм геаметрыі (гл.Пталамея тэарэма), сфармуляваў элементы тэорыі пераламлення святла і астр. рэфракцыі. У творы «Вялікая матэматычная пабудова астраноміі ў 13 кнігах» (арабізаваная назва «Альмагест») сістэматызаваў астр. веды і некат. матэм. звесткі, прывёў каталог 1022 зорак. У «Дапаможніку па геаграфіі» (8 кніг) змясціў агульную і 26 спец. карт з каардынатамі 8 тыс.геагр. пунктаў. Яго «Храналагічны канон цароў» і інш. творы — своеасаблівыя энцыклапедыі ант. свету па розных галінах ведаў.
Літ.:
Идельсон Н.И. Этюды по истории планетных теорий // Николай Коперник. М.; Л., 1947;
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ.М., 1966;
Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ЎСКІЯ КНЯ́СТВЫ,
дробныя княствы ў вярхоўях р. Ака ў 2-й пал. 13—16 ст.: Навасільскае, Адоеўскае, Варатынскае, Перамышльскае, Мезецкае, Бялёўскае, Валконскае, Карачаеўскае. Утварыліся ў выніку драблення Чарнігаўскага княства. У пач. 14 ст. вярхоўскія князі — саюзнікі вял.кн.літ.Гедзіміна ў барацьбе супраць татар і Маскоўскага княства, у сярэдзіне 14 ст. — васалы Масквы. Пасля перамогі вял.кн.літ.Альгерда над татарамі ў бітве каля Сініх Вод 1362 Вярхоўскія княствы трапілі пад уплыў ВКЛ, але ў канцы 1360-х г. перайшлі на бок Масквы. У пач. 15 ст. большасць Вярхоўскіх княстваў падначаліў вял.кн.літ.Вітаўт; адносную самастойнасць з вял. князямі ВКЛ захавала Навасільска-Адоеўска-Варатынскае княства. Узмацненне цэнтралізатарскай палітыкі ў ВКЛ выклікала незадаволенасць вярхоўскіх князёў, якія пачалі пераходзіць на бок вял.кн. маскоўскага Івана III. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94ВКЛ страціла Вярхоўскія княствы. Некат. з іх захаваліся ў Расіі як удзелы да 2-й пал. 16 ст.
Літ.:
Шеков А.В. Верховские княжества: (Краткий очерк полит. истории, XIII — середина XVI вв.). Тула, 1993;
Кром М.М. Меж Русью и Литвой: Западнорус. земли в системе рус.-лит. отношений конца XV — первой трети XVI в. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАХІ́МІЯ,
навука, якая вывучае хім. састаў касм. цел, законы распаўсюджвання і размеркавання хім. элементаў у Сусвеце, працэсы спалучэння і міграцыі атамаў пры ўтварэнні касм. рэчыва. У К. даследуюцца праблемы паходжання хім. элементаў, гісторыі касм. рэчыва з моманту яго ўзнікнення да сучаснага стану ў аб’ектах Сонечнай сістэмы, рэканструкцыі дагеал. этапу гісторыі Зямлі і інш. Раздзелы К. — К. ізатопная і К. ядзерная, вылучаны як асобныя навукі.
У 1937 (год узнікнення К. як самаст. навукі) на аснове даных аб саставе метэарытаў, рэчыва Сонца і зорак нарв. геахімік В.М.Гольдшміт склаў поўную табліцу распаўсюджанасці хім. элементаў і іх ізатопаў у космасе. Далейшае развіццё К. звязана з навук. працамі амер. фізікахіміка Г.Юры і сав. геахіміка А.П.Вінаградава. Да 1950-х г. даследаванні хім. працэсаў у касм. прасторы і саставу касм. цел ажыццяўляліся ў асн. шляхам спектральнага аналізу рэчыва Сонца, зорак, часткова знешніх слаёў атмасферы планет. Непасрэдным метадам вывучэння касм. цел быў аналіз хім. і фазавага саставу метэарытаў (гл.Геахімія). У апошні час К. значна развіваецца дзякуючы дасягненням касманаўтыкі, якая зрабіла магчымымі непасрэдныя даследаванні пазаземнага рэчыва.
Літ.:
Изотопная геохимия и космохимия. М., 1990;
Тугаринов А.И. Общая геохимия: Краткий курс. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ШКІ (Simulidae),
сямейства насякомых атр. двухкрылых. Больш за 1200 відаў. Пашыраны ўсюды. З камарамі, макрацамі і інш. насякомымі-крывасмокамі атр. двухкрылых утвараюць гнюс. На Беларусі 16 відаў. Найб. трапляюцца М. аздобленая (Odagmia ornata), М. насатая (Gnus rostratum), М. паўзучая. (Simulium repens), М. рачная (Schoenbaueria galeratum), М. тундравая (S. pusilla). Актыўныя ў гарачыя сонечныя дні. Укусы выклікаюць мясц. (папулы, пухліны) і агульныя (ацёкі, гіперэмія, павышэнне т-ры) рэакцыі. М. пераносяць узбуджальнікаў анхацэркозу буйн. раг. жывёлы, тулярэміі, лейкацытазаозу і гемаспарыдыёзу птушак і інш.
Даўж. цела да 7 мм. Ногі кароткія, дужыя. Афарбоўка найчасцей чорная, крылы шырокія, празрыстыя. Ротавыя органы колючага тыпу. Хабаток кароткі. Вусікі 11-членікавыя, кароткія, тоўстыя. Самцы кормяцца нектарам кветак, самкі — крывасмокі. Яйцы адкладваюць у вадзе на камяні, лісце і інш. прадметы. Лічынкі і кукалкі развіваюцца ў праточнай вадзе (патрабавальныя да ўзроўню кіслароду), маюць павуцінавыя залозы, сакрэт якіх спрыяе прымацаванню лічынак да субстрату і з’яўляецца матэрыялам для коканаў, у якіх яны акукліваюцца. Даюць да 4 пакаленняў за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІВА́ЛЬДЗІ ((Vivaldi) Антоніо) (4.3.1678, г. Венецыя, Італія — 28.7.1741),
італьянскі кампазітар, скрыпач, дырыжор, педагог. Вучыўся ў бацькі, скрыпача Джавані Батыста Вівальдзі, і, магчыма, у Дж.Легрэнцы. У 1703—25 педагог, пазней дырыжор аркестра і кіраўнік канцэртаў, а таксама дырэктар (з 1713) жаночай кансерваторыі «П’ета». Пісаў музыку для свецкіх і духоўных канцэртаў кансерваторыі, оперы для т-раў Венецыі (удзельнічаў у іх пастаноўцы). У творчасці Вівальдзі, паслядоўніка А.Карэлі, вышэйшага росквіту дасягнуў канчэрта гроса (устаноўлена 3-часткавая цыклічная форма, вылучана віртуозная партыя саліста). Стварыў жанр сольнага інстр. канцэрта, чым прадвызначыў дасягненні венскай класічнай школы. Садзейнічаў развіццю віртуознай скрыпічнай тэхнікі. Муз. стыль Вівальдзі адметны меладычным багаццем, дынамічнасцю і экспрэсіўнасцю гучання, празрыстасцю арк. пісьма, класічнай стройнасцю формы. Яго цыкл «Поры года» (1725) — адзін з ранніх узораў арк.праграмнай музыкі. Зрабіў уклад у развіццё інструментоўкі. Сярод твораў: оперы (больш за 40, у т. л. «Нерон, які стаў Цэзарам», 1715; «Алімпіяда», 1734), араторыі («Юдзіф», 1716, і інш.); свецкія кантаты, серэнады; «Stabat Mater» і інш.царк. творы; інстр. канцэрты (465), у т. л. канчэрта гроса (49), для аднаго інструмента з баса кантынуа (331, у т. л. 228 для скрыпкі) і інш.
Літ.:
Белецкий И. Антонио Вивальди, 1678—1741: Краткий очерк жизни и творчества. Л., 1975;
Ryom P. Verzeichnis der Werke A. Vivaldis. 2 Ausg. Leipzig, 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАЦЫЯ́ЦЫЯу псіхалогіі,
сувязь паміж псіхічнымі з’явамі, калі актуалізацыя (успрыманне або ўяўленне) адной з іх выклікае з’яўленне другой. Найб. вядомыя асацыяцыі па сумежжы (у прасторы або часе), падабенстве або кантрасце. У іх могуць спалучацца думкі, адчуванні, успрыманні, рухі або вобразы, якія ўзнікаюць у свядомасці без бачнай знешняй прычыны.
Упершыню пра наяўнасць такіх сувязяў пісаў Арыстоцель. У навук. ўжытак тэрмін «асацыяцыя» ўвёў у 1698 Дж.Лок, які лічыў, што асацыяцыі ствараюць штучныя, неадэкватныя спалучэнні. У 18—19 ст. у трактоўцы асацыяцыі існавалі розныя падыходы і кірункі. Дж.Берклі і Д.Юм разглядалі асацыяцыю як праяву суб’ектыўнай дзейнасці свядомасці. Д.Гартлі лічыў яе вынікам мінулага вопыту чалавека, які адлюстроўваўся ў яго нервовай сістэме. Дж.Міль сцвярджаў, што псіхіка — гэта сістэма асацыятыўных адчуванняў. А.Бэн і Дж.С.Міль прызнавалі магчымасць узнікнення якасна новых псіхічных з’яў з адчування. З паняцця асацыяцыі пры тлумачэнні дынамікі псіхічных працэсаў зыходзілі прадстаўнікі ўсіх асн. кірункаў асацыятыўнай псіхалогіі (гл.Асацыянізм). На пач. 20 ст. К.Г.Юнг прапанаваў асацыятыўны эксперымент для выяўлення неўсвядомленых, схаваных афектных утварэнняў (комплексаў). Падобныя эксперыменты выкарыстоўваў Ч.Дарвін для вывучэння эмоцый і Т.Эбінгаўз для даследавання памяці.
У сучаснай псіхалогіі вывучэнне асацыяцыі праводзіцца з мэтай выяўлення спецыфікі розных псіхічных працэсаў і з’яў.
Літ.:
Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ТЫКА З ПАЗІ́ЦЫІ СІ́ЛЫ,
палітычны курс дзяржавы, ваенна-паліт. саюзу або міжнар. супольнасці, пры якім выкарыстанне сілы ў розных формах становіцца гал. сродкам дасягнення паліт. мэт. Найб. актыўна выкарыстоўваецца ў перадваенны перыяд і ў ходзе вайны. Узнікла ў стараж. часы ў выглядзе агрэсіўных памкненняў адной дзяржавы супраць другой (гл.Агрэсія). Мела пашырэнне і ў славян, у т. л. ва ўзаемаадносінах княстваў і гарадоў Полацкай зямлі з суседзямі і паміж сабой. Такая палітыка прывяла да шматлікіх войнаў у Еўропе, у т. л. паміж Рэччу Паспалітай і Рус. дзяржавай, у час якіх адбываліся вял. разбурэнні і страты насельніцтва Беларусі. Яна стала адной з прычын 1-й і 2-й сусв. войнаў, амаль усіх ваен.-паліт. канфліктаў у пасляваен. перыяд. Формы і метады такой палітыкі: пагроза скарыстання ваен. сілы, эканам. націск, рэжым блакады, інфарм.-псіхал. ўздзеянне, паліт. шантаж, «палітыка кананерак» і інш. У адпаведнасці са Статутам ААН Савет Бяспекі ўпаўнаважаны выкарыстоўваць ваен. сілу для прадухілення пагрозы міру (парушэння міру) і актаў агрэсіі; можа ўключаць таксама дэманстрацыі, блакады, інш. аперацыі. Унутры краіны такая палітыка можа выкарыстоўвацца ўрадам як сродак сілавога задушэння сепаратысцкіх тэндэнцый (напр., падзеі ў Паўн. Ірландыі, Турцыі, Расіі), а таксама паліт. суб’ектамі ў працэсе іх барацьбы за ўладу.
Літ.:
Военная политология. Мн., 1993;
Игнатов В.А., Шульгин В.В. Организация Объединенных Наций: Краткий справ. 2 изд. М., 1975.