во́чка, ‑а; Р мн. ‑чак; н.

1. Памянш.-ласк. да вока (у 1 знач.); маленькае вока. Малыя шэранькія вочкі... Глядзяць з-пад броў зусім панура. Колас.

2. Невялікая (звычайна круглая) адтуліна ў якім‑н. прадмеце. Вочкі гузіка. Дзвярное вочка. □ Два чорныя вочкі дзедавай стрэльбы пільна сачылі за кожным рухам Каралька. Паслядовіч.

3. Круглы, яркі прадмет на фоне чаго‑н. З травы выглядалі.. чырвоныя вочкі суніц. Уперадзе запалілася зялёнае вочка светафора.

4. Пупышка, зрэзаная з дрэва для прышчэпкі. І прышчапіў ёй пад кару Цудоўных пару вочак. Лужанін. // Зародкі парасткаў на клубнях бульбы. Кожны клубень разрэзалі на дзве-тры часткі. Было б вочка, то прарасце. Паўлаў.

5. Значок на ігральнай карце.

6. Пятля ў вязанні. Спусціць вочка. □ [Андрэй] глядзеў, як спрытна варушацца.. пальцы [нянькі], накідваючы адно вочка за другім на пруток, і як лоўка мяняюцца адзін за другім пруткі. Васілевіч.

•••

Строіць вочкі каму гл. строіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гало́ўка, ‑і, ДМ ‑лоўцы; Р мн. ‑ловак; ж.

1. Памянш.-ласк. да галава (у 1, 6 знач.). Дзіцячая галоўка. Галоўка сыру.

2. Шарападобны плод, шарападобнае або прадаўгаватае суквецце некаторых раслін. Галоўка маку. Галоўка дзьмухаўца. □ Красаваліся буйныя малінавыя галоўкі канюшыны. Мележ. // Пра клубень цыбулі, качан капусты. Сама зямля без гною тлуста, І надта родзіцца капуста: З вядро галоўкі вырастаюць. Колас. // звычайна мн. (гало́ўкі, ‑ловак). Плады, каробачкі лёну. Лянок, паслушны лёгкаму ветру з усходу, кланяецца сваёй гаспадыні, пашумліваючы спелымі галоўкамі. Кулакоўскі.

3. Патоўшчаная канцавая частка чаго‑н. Галоўка бедранай косці. Галоўка запалкі. Галоўка цвіка.

4. толькі мн. (гало́ўкі, ‑ловак). Пярэдняя частка саней. Пакласці сена ў галоўкі. □ Бацька хутка ўлажыў дровы — крыху вышэй за галоўкі — перавязаў вяроўкаю за развалкі. Мыслівец.

5. толькі мн. (гало́ўкі, ‑ловак). Пярэдняя частка ботаў, якая пакрывае пальцы і верхнюю частку ступні. Паставіць у ботах новыя галоўкі. □ Боты не надта хвацкія: да старых, абшарпаных халяў прышыў Адам галоўкі з траскучай карабацістай скуры. Навуменка.

•••

Баявая галоўка — тое, што і боегалоўка.

Гладзіць па галоўцы каго гл. гладзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)