Засн ў 1896 у в. Радзівілімонты (цяпер в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на Мінскай вобл.). Вырабляў патаку, крухмал, спірт, павідла, кансерваваныя агуркі. У 1939 рэканструяваны. У Вял.Айч. вайну разбураны, у 1944 адноўлены як крухмала-патачны камбінат «Чырвоная Зорка». У 1953 перайменаваны ў клецкі кансервавы завод «Чырвоная Зорка». У 1961—75 на яго базе ў г.Клецк пабудаваны кансервавы завод з цэхамі агульных кансерваў і дзіцячага харчавання. З 1976 кансервава-вінаробны з-д. Сучасная назва з 1987. Аск. прадукцыя (1998) — кансервы дзіцячага харчавання (да 65 назваў) і агульныя (агароднінныя і пладова-ягадныя кансервы, марынады, соусы, сокі, кампоты, джэмы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫСЕ́НКА (Пётр Фёдаравіч) (н. 16.9.1931, в. Зарачаны Полацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. археолаг. Д-ргіст. н. (1988), праф. (1993). Брат А.Ф.Лысенка. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1953). З 1964 у Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі: навук. супрацоўнік, заг. сектара, з 1988 заг. аддзела сярэдневяковай археалогіі. Даследаваў курганы 11—12 ст., стараж. гарады Тураў, Брэст, Пінск, Слуцк, Давыд-Гарадок, Клецк, Рагачоў, Мазыр. Вывучае абарончыя ўмацаванні, планіроўку, забудову, рамёствы, гандаль, структуру гаспадаркі, культ. сувязі стараж. гарадоў Беларусі. Рэканструяваў даследаваныя часткі стараж. Турава, Брэста 13 ст., Пінска 15 ст. Вынікам шматгадовых доследаў у Брэсце стала стварэнне археал. музея «Бярэсце».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры сталага барока. Пабудаваны ў г.Клецк Мінскай вобл. па фундацыі С.К.Радзівіла, Е.Булгака і А.Сангушкі. Касцёл Звеставання Маці Божай узведзены ў 1683. Будынак цагляны. Неф (у плане выцягнуты прамавугольнік) і алтарная апсіда з паўцыркульным завяршэннем накрыты высокім агульным дахам. З Пн невял. сакрысція. Гал. фасад вырашаны як аб’ёмная 2-вежавая пласціна і падзелены карнізам на 2 роўныя па вышыні часткі. Масіўныя чацверыковыя вежы спачатку завяршаліся пакатымі, потым высокімі 4-схільнымі шатрамі (вярхі разбураны), тарэц даху закрываўся трохвугольным франтонам, па вышыні амаль роўным з вежамі. Фасады рытмічна расчлянёны шырокімі пілястрамі, пластыка гал. фасада ўзбагачана нішамі, франтончыкамі, скульптурай і лепкай. Значна пашкоджаны перабудовамі. Пераабсталяваны пад правасл. царкву. 2-павярховы будынак кляштара ўзведзены ў 1784—1810. У 1832 кляштар зачынены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1961 у г.Клецк Мінскай вобл. як школьны, з 1979 дзяржаўны. Пл. экспазіцыі 194 м², больш за 4,6 тыс. адзінак асн. фонду (1998). Сярод экспанатаў посуд, касцяныя грабеньчыкі 11—17 ст., шкляныя бранзалеты 12—13 ст., кафля 16—17 ст. з археал. раскопак на тэр. раёна, зброя 18 — пач. 20 ст., матэрыялы пра ўдзел жыхароў у грамадз. вайне, пра барацьбу за сац. і нац. вызваленне ў Зах. Беларусі, пра стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў Вял.Айч. вайну, успаміны А.Іверса, творы жывапісу, кнігі з аўтографамі К.Крапівы, Г.Гарэцкага і інш., прылады працы і побыту бел. сялян 19 — пач. 20 ст., нар.муз. інструменты, калекцыі нар. адзення, тканін, вырабаў мясц. пляцення і керамікі. Музей рэгулярна праводзіць выстаўкі нар. творчасці мясц. умельцаў, нар. строяў, прац мясц. мастакоў, прысвечаных клецкім Радзівілам, развіццю пісьменнасці і друку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІ ФА́РНЫ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ Існаваў у 16—1-й пал. 20 ст. ў г.Клецк Мінскай вобл. Пабудаваны ў сярэдзіне 16 ст. У 1560-я г. М.Радзівіл Чорны перадаў храм кальвіністам. Тут з пратэстанцкімі пропаведзямі выступаў бел. гуманіст С.Будны. Пры Альбрыхце II Радзівіле (маршалак ВКЛ і ўладальнік Клецка) зноў перададзены католікам. У 1607 асвячоны біскупам віленскім Ю.Радзівілам. Узведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі. Аднанефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём і 5-гранная апсіда завяршаліся агульным дахам. Да паўн. сцяны прэсбітэрыя прылягала невял. 2-павярховая сакрысція, на 2-м паверсе якой была скарбніца. Да гал. фасада была прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца (ніжні ярус чацверыковы, астатнія васьмерыковыя) з арачнымі аконнымі праёмамі, упрыгожаная нішамі і філёнгамі, завершаная купалам. У інтэр’еры разныя алтары, скульптура. Пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну, узарваны ў 1950-я г. (захавалася ч.зах. сцяны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАСЛА́Ў О́ЛЬГАВІЧ (у хрышчэнні Мікалай; ? —15.2.1164),
князь чарнігаўскі. Сын Алега Святаславіча. У 1136 запрошаны ў Ноўгарад, дзе княжыў з перапынкамі да 1141. Ў 1142 меў нейкую воласць «около Гомья» (Гомеля). У 1146 яму належалі Курск, Ноўгарад-Северскі, Карачаў, Колцеск, Дзедаслаў, але ў тым жа годзе ён выгнаны з Чарнігаўскай і Северскай зямель. У 1147 увайшоў у саюз з Юрыем Далгарукім, з дапамогай яго войск заняў зямлю вяцічаў, пасля вярнуў свае ўладанні. Калі Юрый Далгарукі заняў Кіеў (1149), С.О. атрымаў ад яго «и Случеск, и Клеческ, и вси Дрегвиче» (Слуцк і Клецк з навакольнымі землямі), а каля 1155 — Мазыр. Паводле дагавора 1157 з вял. кіеўскім кн. Ізяславам Давыдавічам атрымаў Чарнігаўскую зямлю, а г. Ноўгарад-Северскі перадаў пляменніку Святаславу Усеваладавічу. Некат. час у яго землях знаходзіўся пазбаўлены ўладанняў полацкі кн.Рагвалод Барысавіч, якому С.О. у 1158 дапамог войскамі вярнуць свае землі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧАСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ (1083—1155),
князь, сын Уладзіміра Манамаха. У 1116 як смаленскі князь у час паходу на менскага (мінскага) кн. Глеба Усяславіча адваяваў Оршу і Копысь. Пасля смерці бацькі ў 1125 атрымаў Тураўскае княства. У 1127 удзельнічаў ва ўзяцці Ізяслаўля (Заслаўя) у час паходу кіеўскіх князёў на Полацкую зямлю. У 1132 княжыў у Пераяслаўлі, праз год вярнуўся ў Тураў. Праводзіў палітыку адасаблення Турава ад Кіева. Пасля няўдалай спробы кіеўскага кн. Усевалада ў 1142 захапіць Тураўскую зямлю Вячаслаў Уладзіміравіч пакінуў Тураў сыну Святаславу і перайшоў у Пераяслаўль. Незадаволеныя гэтым чарнігаўскія князі Ольгавічы напалі на Пераяслаўль, і Вячаслаў Уладзіміравіч вярнуўся ў Тураў. Раздаў гарады Бярэсце (Брэст), Драгічын, Клечаск (Клецк), Рагачоў, Чартарыйск сваім родзічам. У 1146, калі кіеўскі пасад захапіў Ізяслаў Мсціславіч, Вячаслаў Уладзіміравіч вярнуў сабе гэтыя гарады, захапіўшы таксама і Уладзімір-Валынскі, за што быў пераведзены з Турава ў Перасопніцу на Валыні. Пазней, верагодна, быў суправіцелем Ізяслава Мсціславіча на кіеўскім троне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКАЕ КНЯ́СТВА Існавала ў 12—18 ст. з цэнтрам у г.Клецк. У 9—11 ст. воласць, якая ахоплівала дрыгавіцкае насельніцтва вярхоўяў р. Лань. Першы клецкі ўдзельны князь Вячаслаў Яраславіч упамінаецца ў 1127 як васал вял. кіеўскага князя. Пасля 1142—46 і ў 1149 К.к. належала Святаславу Ольгавічу, таксама васалу Кіева, у 14—15 ст. — князям і вял.кн.ВКЛ. З 1492 і да 1521—22 княства належала кн. Івану Васілевічу і Фёдару Іванавічу Яраславічам, потым перайшло да каралевы і вял. княгіні Боны Сфорца, якая ў 1552—55 правяла ў К.к. валочную памеру (адну з першых на Беларусі), ажыццявіла адм. рэформу (падзел на 6 дзесяткаў; заменены падзелам на 5 войтаўстваў). З 1558 княствам валодалі Радзівілы, якія ў 1586 устанавілі Клецкую ардынацыю ў складзе Клецкага і Давыд-Гарадоцкага княстваў. Тэрмін «К.к.» ўжываўся ў радзівілаўскіх дакументах 17 ст. Пры Радзівілах К.к. мела атрыбуты дзярж.адм. адзінкі ВКЛ (замкавы суд, асобны ваенны атрад клецкай шляхты). У 1791 з Клецкага, Нясвіжскага і Слуцкага княстваў Радзівілаў утвораны Случарэцкі пав. Навагрудскага ваяв.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНЬ,
рака ў Мінскай і Брэсцкай абл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 147 км. Пл. вадазбору 2190 км². Пачынаецца за 1,5 км на З ад в. Гарбуны Нясвіжскага р-на, цячэ ў межах Капыльскай грады і нізіны Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: Нача, Люта (справа), Цапра, Балванка (злева). Даліна ў верхнім цячэнні скрынкападобная (шыр. 1—1,5 км), на астатнім працягу невыразная. Пойма шыр. 0,6—1 км, парэзаная меліярац. каналамі. Рэчышча каналізаванае, шыр. 4—8 м, у ніжнім цячэнні 15—20 м. Берагі пераважна адкрытыя, тарфяністыя, выш. ў верхнім цячэнні 1,5—2 м, на астатнім працягу 1—1,5 м. На рацэ створана вадасх.Лактышы, якое моцна ўплывае на гідралагічны рэжым ракі. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем да рэгулявання ракі 1,5 м, найбольшая 1,9 м (1947) каля в. Лактышы. У летні перыяд рэжым узроўняў рэгулюецца шлюзамі. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,3 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На рацэ г.Клецк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́РАН,
традыцыйная гасп. пабудова для захоўвання збожжа, прадуктаў, адзення, хатняга начыння. Здаўна вядомы на Беларусі, у Літве, асобных раёнах Польшчы. Ад клецяў адрозніваецца большымі памерамі, дыферэнцыраванасцю функцыян. прызначэння, дэкар. аздабленнем. Будавалі іх пераважна з дрэва, з 18 ст. вядомы мураваныя або ў тэхніцы «прускага муру». Некат. С. набліжаліся сваім выглядам да лямусаў і скарбніц. С. былі 1-ярусныя франтальнай кампазіцыі і 2-ярусныя франтальна-яруснай і цэнтрычна-яруснай кампазіцыі. У 17 ст. ўзнік тып шматкамернага С. франтальнай кампазіцыі — падоўжаны будынак, падзелены сценамі на самаст. памяшканні, кожнае з якіх мела ўваход з галерэі, утворанай падчэнямі. Часам галерэі мелі аркады, аздаблялі іх гіркамі і інш.дэкар. элементамі. Дахі ўпрыгожвалі метал. флюгерамі. У верхнім ярусе 2-яруснага С. рабілі галерэйку, на якую вяла з ганка адкрытая лесвіца. С. цэнтрычна-яруснай кампазіцыі мелі кругавыя галерэі ў абодвух ярусах. У некат. С. пад збожжа выкарыстоўвалі толькі ніжнія ярусы, а верхнія служылі скарбніцай. На Беларусі С. былі пашыраны да сярэдзіны 20 ст.
Ю.А.Якімовіч.
Свіран у вёсцы Мяжаны Браслаўскага раёна Віцебскай вобл. Здымак пач. 20 ст.Свіран у вёсцы Чамброва Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл. Здымак пач. 20 ст.Свіран у г.Клецк Мінскай вобл. Здымак пач. 20 ст.