ГІДРАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

радовішчы карысных выкапняў, якія ўтвараюцца пры асаджэнні рэчываў, раствораных у гарачых (ад 600—700 °C да 50—25 °C) мінералізаваных водах, што цыркулююць у нетрах Зямлі. Крыніцы такіх раствораў: магматычная, метамарфічная, поравая, або метэорная вада, што вызваляецца пад уздзеяннем розных геахім. і геал. працэсаў; растворанае мінер. рэчыва, выдзеленае астываючай магмай або мабілізаванае з парод, праз якія фільтруюцца падземныя воды.

Гідратэрмальныя радовішчы фарміруюцца ў шырокім інтэрвале — ад паверхні Зямлі да глыбінь больш за 10 км. Паводле саставу пераважнай часткі каштоўных кампанентаў вылучаюць 5 тыпаў руд гідратэрмальных радовішчаў: сульфідныя (медзь, цынк, свінец, малібдэн, вісмут, нікель, кобальт і інш.), вокісныя (жалеза, вальфрам, ніобій, волава, уран і інш.), карбанатныя (марганец, жалеза і інш.), самародныя (золата, серабро), сілікатныя (азбест, слюды), рэдкіх металаў (берылій, літый і інш.). Па глыбіні і т-ры ўтварэння гідратэрмальныя радовішчы падзяляюць на гіпатэрмальныя, мезатэрмальныя і эпітэрмальныя радовішчы.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫЯ АЗЁРЫ, салёныя азёры,

азёры, вада якіх моцна мінералізавана (змяшчае вял. колькасць солей). Пры салёнасці вады да 1 г/л азёры прэсныя, ад 1 да 24,7 г/л саланаватыя або слабамінералізаваныя, больш за 24,7 г/л — салёныя або мінеральныя. Пры высокіх канцэнтрацыях солей воды М.а. з’яўляюцца насычанымі растворамі або блізкімі да насычэння, адбываецца крышталізацыя солей і іх выпадзенне ў асадак (самасадачныя М.а.), вада ў іх — рапа. М.а. — характэрны кампанент засушлівых ландшафтаў. Намнажэнне солей адбываецца за кошт наносаў у бяссцёкавыя катлавіны раствораных солей, газаў, біягенных элементаў рэкамі, падземнымі водамі і атм. ападкамі, інтэнсіўнага выпарэння вады з паверхні азёр. М.а. бываюць таксама марскога паходжання (ліманы, адасобленыя залівы і інш.). Паводле хім. саставу падзяляюцца на карбанатныя (содавыя), сульфатныя (горка-салёныя) і хларыдныя (салёныя). З М.а. здабываюць кухонную соль, соду, злучэнні брому, ёду, бору і інш. хім. элементаў; некаторыя іх донныя адклады (мінер., пераважна серавадародныя гразі) выкарыстоўваюцца ў лекавых мэтах.

т. 10, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭВО́НСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), дэвон,

чацвёртая сістэма палеазойскай эратэмы (групы), якая адпавядае чацвёртаму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі сілурыйскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі каменнавугальнай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 400 млн. гадоў назад, доўжылася больш за 50 млн. гадоў. Тэрмін уведзены англ. даследчыкамі Р.​І.​Мурчысанам і А.​Седжвікам (1839). Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі) — ніжні, сярэдні, верхні (ранняя, сярэдняя, позняя эпохі) і 7 ярусаў (вякоў) — лохкаўскі, пражскі, эмскі (ніжні аддзел); эйфельскі, жывецкі (сярэдні); франскі, фаменскі (верхні аддзел). На Беларусі гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы (1981, 1990) дэвонскіх адкладаў. На падставе характэрных комплексаў выкапнёвых брахіяпод, астракод, канадонтаў і рэшткаў раслін (спораў) вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты: баршчоўскі, чарткоўскі, віцебскі, адроўскі, асвейскі, гарадоцкі, касцюковіцкі, полацкі (старааскольскі), ланскі, саргаеўскі, сямілуцкі, рэчыцкі, варонежскі, яўланаўскі, лівенскі, даманавіцкі, задонскі, ялецкі, петрыкаўскі, лебядзянскі, арэскі, стрэшынскі, палескі.

Арганічны свет Д.с. быў багаты і разнастайны. Марскія басейны насялялі амаль усе тыпы марскіх беспазваночных жывёл (прасцейшыя, кішачнаполасцевыя, плечаногія, членістаногія, малюскі, канадонтаносьбіты і інш.), з раслін — водарасці; у лагунах, азёрах і рэк панавалі бяссківічныя і рыбы. На сушы былі пашыраны прымітыўныя расліны — псілафіты, з’явіліся папарацепадобныя, дзеразовыя і хвашчовыя, першыя голанасенныя. Некат. групы жывёл (каралы, страматапоры і інш.) і раслін (вапняковыя водарасці) адыгрывалі важную ролю ва ўтварэнні адкладаў, месцамі ў морах стваралі арганагенныя пабудовы (біястромы, біягермы, рыфы). Найб. важныя для расчлянення дэвонскіх адкладаў групы фауны — ганіятыты, каралы, брахіяподы, малюскі, астракоды, канадонты, рыбы; флоры — рэшткі раслін (споры).

Адклады Д.с. вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформеннага чахла большасці платформ Паўн. і Паўд. паўшар’яў, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках. Пашыраны таксама ў складкавых сістэмах Урала, Паміра, Апалачаў, Кардыльераў і інш. Большая ч. сушы ў дэвоне была ўкрыта морамі, дзе пераважна намнажаліся тэрыгенныя і карбанатныя асадкі, у лагунах — каменныя солі, гіпсы, ангідрыты. У дэвоне пачалася герцынская складкавасць, якая суправаджалася актыўнай вулканічнай дзейнасцю і ўтварэннем магутных тоўшчаў вулканагенных парод. На ўсіх кантынентах з адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў.

На Беларусі адклады Д.с. пашыраны на б. ч. (каля 60%) тэр. і прадстаўлены ўтварэннямі ўсіх ярусаў, акрамя пражскага. Залягаюць на глыбінях ад 100 да 1500 м і толькі месцамі па р. Дняпро ў г. Орша, Зах. Дзвіна каля Віцебска, Сар’янка каля г. Верхнядзвінск выходзяць на паверхню. На ПдЗ (Брэсцкая ўпадзіна, Валынская манакліналь) глініста-карбанатныя адклады лохкаўскага яруса магутнасцю да 80 м, у цэнтры і на ПнУ (Аршанская ўпадзіна, Латвійская седлавіна) тэрыгенныя, карбанатныя і эвапарытавыя адклады эмскага, эйфельскага, жывецкага і часткова франскага ярусаў агульнай магутнасцю да 500 м. Да франскага яруса адносяцца вулкана-магматычныя ўтварэнні дыятрэм (трубак выбуху) Жлобінскай седлавіны. Найб. поўны разрэз дэвону (да 3—3,5 тыс. м) ускрыты свідравінамі на ПдУ (Прыпяцкая ўпадзіна), дзе ўтварэнні эйфельскага, жывецкага, франскага і фаменскага ярусаў складзены з магутных тоўшчаў тэрыгенных, карбанатных, саляносных і вулканагенных парод. З адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў: нафты (Рэчыцкае, Давыдаўскае, Вішанскае і інш.), солей каменных (Мазырскае) і калійных (Старобінскае, Петрыкаўскае), гаручых сланцаў (Тураўскае, Любанскае), даламітаў (г.п. Руба, Віцебскі р-н), расолаў і мінер. вод.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996;

Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы: Девонская система. Л., 1990.

С.​А.​Кручак.

т. 6, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАЦКА-МСЦІСЛА́ЎСКАЯ ЎЗВЫ́ШАНАЯ РАЎНІ́НА,

у Горацкім, Мсціслаўскім р-нах Магілёўскай вобл. і паўд. ч. Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. Займае найб. высокую ч. Аршанска-Магілёўскай раўніны. Абмяжоўваецца далінай р. Сож і яе прытокам р. Проня. Уваходзіць ва Усх.-Бел. (Прыдняпроўскую) фіз.-геагр. правінцыю. Найб. выш. 239 м.

Аснову тэктанічнай будовы складае Аршанская ўпадзіна, запоўненая магутнымі адкладамі дэвонскіх і мелавых глін і вапнякоў. Асадкі антрапагену прадстаўлены невял. магутнасці марэнай сожскага ўзросту. Асаблівасць геал. будовы — пашырэнне лёсавых і лёсападобных карбанатных суглінкаў і супескаў магутнасцю да 10 м, якія займаюць водападзелы рэк і ствараюць плоскахвалістую платопадобную паверхню раўніны з суфазійнымі западзінамі. Схілы рачных далін парэзаны ярамі і лагчынамі глыб. да 20—30 м. На дне некат. з іх цякуць пастаянныя ручаі. Глебы ўрадлівыя, дзярнова-палева-падзолістыя, часам дзярнова-карбанатныя з наяўнасцю гумусу ў ворным слоі да 2,5%. Частка глеб моцна эрадзіравана. Пад ворывам 60%, прыроднай расліннасцю (рэшткі ялова-дубовых лясоў і лугава-балотная) 10% тэрыторыі.

В.​П.​Якушка.

Горацка-Мсціслаўская ўзвышаная раўніна.

т. 5, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЯРЫ́НСКАЯ ПАРО́ДА,

1) глебаўтваральная парода, верхні слой зямной кары, горныя пароды якога ператвараюцца ў глебу ў выніку фіз., хім., біял. працэсаў і дзейнасці чалавека; адзін з глебаўтваральных фактараў. Паводле паходжання адрозніваюць М.п. азёрныя, алювіяльныя, балотныя, дэлювіяльныя, ледавіковыя, магматычныя, марскія, пралювіяльныя, элювіяльныя, эолавыя (гл. адпаведныя арт.) і інш. Паводле хім.-мінералагічных уласцівасцей яны бываюць карбанатныя, кварцавыя, палёвашпатавыя і інш. Паводле будовы тоўшчы падзяляюцца на аднародныя (магутнасць больш за 1,5 м), двух-, трох-, шматчленныя (пароды зменьваюцца ў межах глебавага профілю). Паводле мех. складу вылучаюць М.п. гліністыя, сугліністыя, супясчаныя, пясчаныя і іх камбінацыі. Ад уласцівасцей М.п. залежаць мінералагічны, хім., грануламетрычны склад глебы, яе водна-фіз. ўласцівасці і ўрадлівасць. На Беларусі М.п. — адклады антрапагенавага перыяду (пераважна сярэдняга, позняга плейстацэну і галацэну), у асобных раёнах — выхады больш стараж. адкладаў. Пераважныя генет. тыпы М.п.: марэнныя адклады, флювіягляцыяльныя адклады, азёрна-ледавіковыя і інш. 2) Горная парода, з якой паходзяць інш. горныя пароды або карысныя выкапні.

т. 10, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКАЯ БУРА́ЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,

у складзе Рас. Федэрацыі, на Пд Чыцінскай вобл. Утворана 26.9.1937 з Агінскага аймака (Бурат-Мангольскай АССР). Пл. 19 тыс. км². Нас. 79,6 тыс. чал. (1994), гарадскога 30%; пераважаюць бураты, рускія, у зах. ч. — эвенкі. Сярэдняя шчыльн. 3,3 чал. на 1 км², больш заселена ўсх. частка. Адм. ц.пас. гар. тыпу Агінскае.

Размешчана на Пд Забайкалля. Паверхня пераважна гарыстая (найб. г. Алханай, 1663 м). Клімат рэзка кантынентальны. Зіма халодная, маласнежная, лета гарачае, сярэдняя т-ра студз. -24 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 400 мм за год. Найб. рэкі — Анон, Аленгуй. Шмат прэсных і салёных азёраў. Глебы ў гарах падзолістыя, шэрыя лясныя, на раўнінах карбанатныя, каштанавыя, чарназёмныя, сустракаюцца саланчакі. Расліннасць стэпавая і лесастэпавая, у гарах на выш. 1000 м — лістоўнічныя лясы (у асн. даурская лістоўніца).

Горназдабыўная, лясная і лесанарыхтоўчая, лёгкая, харч. прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае мясная і мяса-малочная жывёлагадоўля, пашавая танкарунная авечкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, авёс, ячмень) і кармавыя культуры. Асн. від транспарту — аўтамабільны. На У праходзіць чыг. Карымская—Забайкальск.

т. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДО́ВІКСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), ардовік,

другая сістэма палеазойскай эратэмы (групы), якая адпавядае другому перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца кембрыйскай, перакрываецца сілурыйскай сістэмамі. Пачалася каля 500 млн. гадоў назад, доўжылася каля 65 млн. гадоў. Тэрмін ардовікская сістэма (перыяд) уведзены англ. Геолагам Ч.​Лапуарсам у 1879. Адклады ардовікскай сістэмы (перыяду) вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформавага чахла большасці платформаў Паўн. паўшар’я, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках Паўн. паўшар’я (на ўскраінах стараж. платформы Гандвана), пашыраны ў складкавых сістэмах Апалачаў, Урала, Алтая, Саянаў і інш. У сярэдзіне ардовіку адбылося максімальнае пашырэнне мора на ўскраіны платформаў, дзе намнажаліся асадкі магутнасцю да 500 м (вапнякі, гліны, пяскі). Ва ўнутр. частках геасінклінальных паясоў, занятых глыбакаводнымі морамі, на тэр. Паўн. Амерыкі, на З Паўд. Амерыкі, у Еўразіі і на ПдУ Аўстраліі ўтварыліся адклады магутнасцю да 10 км (абломкавыя, вулканічныя, крамяністыя, карбанатныя). У канцы ардовіку пачалася каледонская складкавасць. Клімат на тэр. сучасных Паўн. Амерыкі, Грэнландыі, Паўн. Еўропы, б. ч. Азіі і Аўстраліі быў гарачы і сухі, астатняя ч. сучаснай сушы адпавядала прыпалярным абласцям, дзе знойдзены сляды ардовікскага мацерыковага зледзянення. Тэр. Беларусі ў ардовіку была сушай, якую абмывала мора на крайнім ПдЗ у Брэсцкай упадзіне (дзе намножылася да 40 м асадкаў) і на ПнЗ у межах Прыбалтыйскай монакліналі (магутнасць асадкаў да 150 м). Намнажаліся карбанатныя і гліністыя пароды — вапнякі з праслоямі мергелю, аалітамі і глаўканітам, гліны і гліністыя вапнякі. У арганічным свеце ардовікскай сістэмай (перыядам) прадстаўлены амаль усе тыпы і большасць класаў марскіх беспазваночных жывёл, сярод раслін пашыраны бактэрыі і водарасці. З’явіліся першыя прымітыўныя пазваночныя; беспазваночныя і расліны выйшлі на сушу. Найб. важныя для расчлянення адкладаў групы ардовікскай фауны: грапталіты, канадонты, трылабіты, брахіяподы і каланіяльныя каралы. Карысныя выкапні: нафта і газ (у Паўн. Амерыцы), гаручыя сланцы (Прыбалтыка), фасфарыты, руды жалеза, марганцу, медзі, свінцу, цынку, кобальту, ёсць золата, рэдказямельныя металы, хрызатыл-азбест, графіт. Стратыграфічны падзел ардовікскай сістэмы (перыяду) у кожным рэгіёне асобны. Найб. пашыраны — на 3 аддзелы і 6 ярусаў. Да ніжняга аддзела адносяць трэмадокскі і арэнігскі ярусы, да сярэдняга — ланвірнскі, ландэйльскі і карадокскі, верхні ўключае ашгільскі ярус. Гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы ардовікскіх адкладаў Беларусі (1981), у якой на падставе характэрных комплексаў брахіяподаў і імшанак вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты.

Літ.:

Ропот В.Ф., Пушкин В.И. Ордовик Белоруссии. Мн., 1987;

Никитин И.Ф. Ордовик // Стратиграфия и палеонтология древнейшего фанерозоя. М., 1984.

А.​С.​Махнач, У.​І.​Пушкін.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БА,

паверхневы слой зямной кары, які развіўся ў выніку сумеснага ўздзеяння на горную (мацярынскую) пароду паветра, атм. ападкаў, сонечнага цяпла, жывых і адмерлых арганізмаў і мае прыродную ўрадлівасць; асн. сродак с.-г. вытв-сці.

Складаецца з генетычна звязаных глебавых гарызонтаў, якія адрозніваюцца саставам, будовай, структурай, колерам і інш. ўласцівасцямі; іх сукупнасць утварае глебавы профіль. Найб. значэнне мае верхні перагнойны або гумусавы гарызонт, на ворных землях ён дасягае 25—30 см. У глебе вылучаюць цвёрдую (гумус, першасныя і другасныя мінералы), вадкую (глебавы раствор), газападобную (глебавае паветра) часткі і жывыя арганізмы (глебавую фауну і флору). Глебы бываюць розных генетычных тыпаў, падтыпаў, родаў, відаў, разнавіднасцей. Паводле грануламетрычнага складу адрозніваюць пясчаныя глебы, супясчаныя глебы, сугліністыя глебы і гліністыя глебы, паводле колькасці вільгаці — нармальна ўвільготненыя (аўтаморфныя), часова і пастаянна пераўвільготненыя (паўгідраморфныя і гідраморфныя), якія патрабуюць асушэння. У залежнасці ад прыродных якасцей выбіраюць найб. эфектыўныя прыёмы іх паляпшэння. Глеба бесперапынна развіваецца і зменьваецца, у т. л. пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека.

На тэр. Беларусі шмат тыпаў глебы, што розняцца паміж сабой будовай профілю, уласцівасцю і ўрадлівасцю, якую магчыма павялічыць пры дапамозе ўгнаенняў, апрацоўкі, рэгулявання воднага рэжыму і інш. Самыя пашыраныя тыпы: дзярнова-падзолістыя глебы, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (абодва найб. выкарыстоўваюцца ў с.-г. вытв-сці), таксама дзярновыя забалочаныя глебы, поймавыя глебы, тарфяна-балотныя глебы. Менш пашыраны бурыя лясныя глебы, дзярнова-карбанатныя глебы і падзолістыя глебы.

Н.​М.​Івахненка.

Да арт. Глеба. Глебы: 1 — дзярнова-карбанатная; 2 — дзярнова-падзолістая; 3 — дзярнова-падзолістая (глеяватая); 4 — дзярновая забалочаная (глеяватая); 5 — поймавая; 6 — тарфяна-балотная.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

шчыльныя або рыхлыя прыродныя мінеральныя агрэгаты больш ці менш пастаяннага мінералагічнага і хім. саставу, якія ўтвараюць самаст. геал. целы, што складаюць зямную кару, а таксама верхнія абалонкі планет зямной групы, Месяца, астэроідаў. Складаюцца з мех. злучэння розных паводле саставу мінералаў, у т. л. вадкіх. У прыродзе вядома больш за 3 тыс. мінералаў, з іх 40—50 пародаўтваральных. Тэрмін «горныя пароды» ўпершыню ў сучасным сэнсе выкарыстаў рус. мінералог і хімік В.​М.​Севяргін (1798).

Утвараюцца ў выніку геал. працэсаў у пэўных фіз.-хім. умовах унутры зямной кары ці на яе паверхні. Гэтыя працэсы вызначаюць састаў, будову, структуру, тэкстуру і ўмовы залягання горных парод. Паводле паходжання вылучаюць асадкавыя горныя пароды, магматычныя горныя пароды, метамарфічныя горныя пароды і метасаматычныя горныя пароды. Асадкавыя складаюць каля 10% аб’ёму зямной кары і каля 75% пл. зямной паверхні, на магматычныя, метамарфічныя і метасаматычныя горныя пароды прыпадае каля 90% аб’ёму. Як фіз. целы горныя пароды характарызуюцца шчыльнасцю, пругкасцю, трываласцю, цеплавымі, электрычнымі, магнітнымі, радыяцыйнымі і інш. ўласцівасцямі. Горныя пароды вывучаюць геахімія, літалогія, петраграфія, петрафізіка, фізіка. Амаль усе горныя пароды могуць выкарыстоўвацца як карысныя выкапні (каменны вугаль, галіт, пясок, гліна і інш.) або як руды (апатыт, баксіт і інш.). Да руд адносяць горныя пароды з кандыцыйнай колькасцю каштоўных кампанентаў.

На Беларусі ўсе класы горных парод вядомы ў складзе асадкавага чахла крышт. фундамента. Яе тэр. ўкрыта магутным чахлом асадкавых горных парод, сярод якіх пераважаюць пясчана-алеўрытавыя (34,7% аб’ёму), карбанатныя пароды (вапнякі, даламіты, мел і інш. — 24,5%), гліны і сланцы (20,7%), солі (14,8%) і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГІНСКІ РАЁН,

на ПдУ Гомельскай вобл. Беларусі. Утвораны 8.12.1926. Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 17 тыс. чал. (1996), гарадскога 29%. Сярэдняя шчыльн. 9 чал/км². Цэнтр — г.п. Брагін; г.п. Камарын, 83 сельскія нас. пункты, падзяляецца на 12 сельсаветаў: Асарэвіцкі, Астраглядаўскі, Верхняжараўскі, Вуглоўскі, Крыўчанскі, Малейкаўскі, Малыжынскі, Мікуліцкі, Новаялчанскі, Спярыжскі, Хракавіцкі, Чамярыскі. Раён асабліва пацярпеў ад Чарнобыльскай катастрофы. Насельніцтва 47 вёсак адселена.

Раён размешчаны ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня — слабахвалістая раўніна. Пераважаюць выш. 110—120 м над узр. м., найвыш. пункт 134,4 м. Карысныя выкапні: торф, гліна. Сярэдняя т-ра студз. -6,6 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 533 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Рэкі: Дняпро з прытокамі Верхняя Брагінка, Сярэдняя Брагінка і Ніжняя Брагінка. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-карбанатныя забалочаныя. Пад лясамі 31% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя лясы. 64,3 тыс. га (32,8%) тэр. раёна займае Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 57,4 тыс. га, з іх асушана 45,8 тыс. га, выкарыстоўваецца 28,7 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 14 калгасаў і 2 саўгасы. У выніку радыеактыўнага забруджання тэрыторыі значна скараціліся мяса-малочная жывёлагадоўля і пасевы збожжавых (жыта, пшаніцы, ячменю), кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. прам-сці (крухмальны і масла-малочны з-ды). Па тэр. раёна праходзіць чыг. Чарнігаў—Оўруч (Украіна), аўтадарогі Хойнікі—Брагін—Камарын—Холмеч. Суднаходства па Дняпры. У раёне 12 сярэдніх, 2 базавыя і 8 пач. школ, 8 дашкольных дзіцячых устаноў, 18 б-к, 8 клубаў, 2 бальніцы, 9 фельч.-ак. пунктаў. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк 18 ст. ў в. Тэльман. Карцінная галерэя, прысвечаная Чарнобыльскай трагедыі. Выдаецца газ. «Маяк Палесся».

А.​А.​Варанец.

т. 3, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)