ГУ́МЕЛЬ,

(Hummel) Іаган Непамук (14.11.1778, Браціслава — 17.10.1837), аўстрыйскі кампазітар, піяніст, дырыжор, педагог. Вучань В.А.Моцарта і А.Сальеры. Прыдворны капельмайстар у Айзенштаце, Штутгарце, Веймары. Як піяніст-віртуоз выступаў у многіх краінах Еўропы. Лёгкі, бліскучы стыль Гумеля-піяніста ўласцівы і яго творам для фп. (7 канцэртаў з аркестрам, фантазія для фп. з аркестрам, фп. санаты, у т. л. ў 4 рукі, варыяцыі, капрычыо, ронда, эцюды). Сярод інш. твораў: 9 опер, 5 балетаў, кантаты, месы, камерна-інстр. творы. Сярод вучняў: Ф.​Гілер, К.Чэрні, А.​Гензельт і інш. Аўтар муз.-тэарэт. прац.

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАШКЕ́ВІЧ (Алена Аляксандраўна) (н. 1.4.1949, в. Гаўлі Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыла Маладзечанскае муз. вучылішча (1970). З 1970 салістка Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Г.​Цітовіча, з 1996 і ў камерна-інстр. ансамблі Бел. тэлебачання і радыё. Валодае лёгкім і рухомым голасам. У рэпертуары бел., рус., укр. нар. песні, творы бел. і рус. кампазітараў, духоўная музыка («Святы Божа» М.​Кулінковіча, «Цябе пяём» Ф.​Сцяпанава, «Малітва» В.​Кваснеўскага), аўтарская песня, творы класічнага рэпертуару. Лаўрэат фестывалю «Красавіцкая вясна» ў КНДР (1989).

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЙНБЕРГ (Мечыслаў Самуілавіч) (н. 8.12.1919, Варшава),

кампазітар. Нар. арт. Расіі (1980). Скончыў Варшаўскую (1939, клас фп.) і Бел. (1941, клас кампазіцыі В.Залатарова) кансерваторыі. З 1943 у Маскве. Сярод твораў: оперы «Пасажырка» (1968), «Зося» (1970), «Мадонна і салдат» (1975), «Партрэт» (1983), «Ідыёт» (1986); балеты «Залаты ключык» (1955), «Белая хрызантэма» (1958); аперэты; кантаты «У краі родным» (1952), «Дзённік кахання» (1965), «Хірасімскія пяцірадкоўі» (1966); 20 сімфоній (некаторыя з салістамі і хорам, 1942—89); камерная сімфонія (1986); канцэрты для інструментаў з арк.; камерна-інстр. ансамблі; рамансы; санаты; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў («Ляцяць жураўлі», «Апошні дзюйм»), Дзярж. прэмія СССР 1990.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Яніс) (9.10.1906, г. Прэйлі, Латвія — 27.3.1983),

латышскі кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1965). Скончыў Латв. кансерваторыю (1931, клас Я.Вітала), з 1944 выкладаў у ёй (праф. з 1955). З 1931 на радыё, у 1945—61 маст. кіраўнік муз. вяшчання Латв. радыё. Аўтар 21 сімфоніі (1933—83, у т. л. 6-я «Латгальская», 1949; 8-я, 1956, 13-я, 1969), 5 сімф. карцін і паэм, 3 канцэртаў для інструментаў з арк. (1938—59), камерна-інстр., вак., фп. твораў, музыкі да кінафільмаў і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950, Дзярж. прэміі Латвіі 1959, 1970.

Літ.:

Карклиньш Л.А. Янис Иванов. Л., 1986.

т. 7, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЬЧУ́К (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 8.7.1958, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах баяна (1982) і кампазіцыі (1992, клас Дз. Смольскага). Працуе ў розных жанрах.

Муз. мова твораў абапіраецца на асаблівасці стылю сучаснай музыкі. Сярод твораў: кантата «Успамін» (1991); сімфоніі (1994, 1997, для сімф. арк. і саліруючага трамбона); «Сумны канцэрт» для флейты з сімф. арк. (1992); канцэрты для кантрабаса (1990), для альта (1996), для баяна і віяланчэлі (1998) і камернага арк.; камерна-інстр. ( у т. л. саната для трамбона і фп., 1991) і вак. (у т. л. «Musica Doloroso» для барытона і камернага ансамбля, 1993) творы.

т. 8, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РДАШ ((Kardoš) Дэзідэр) (н. 23.12.1914, г. Надліцы, Славакія),

славацкі кампазітар, педагог. Нар. арт. Чэхаславакіі (1975). Вучыўся ва ун-це і Муз. акадэміі (1933—37) у Браціславе, у 1937—39 у В.​Новака ў Празе. У 1939—51 працаваў на радыё. Дырэктар Славацкай філармоніі (1952—54). Старшыня Саюза славацкіх кампазітараў (1955—63). З 1963 выкладаў у Вышэйшай школе прыгожых мастацтваў (з 1968 праф.) у Браціславе. Аўтар кантат, сімфоній, праграмных твораў для аркестра («Славакафонія», 1976), канцэртаў для аркестра (1957), фп. з аркестрам (1969), квінтэта духавых (1977), камерна-інстр. ансамбляў. Дзярж. прэміі Чэхаславакіі 1954, 1959, 1979. Дзярж. прэмія Славакіі 1970.

т. 8, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́МЕР ((Cramer) Іаган Баптыст) (24.2. 1771, г. Мангейм, Германія — 16.4. 1858),

нямецкі кампазітар, піяніст. Вучыўся ў М.Клеменці (фп.), К.​Ф.​Абеля (кампазіцыя). Жыў пераважна ў Лондане. З 1788 выступаў як піяніст у краінах Еўропы. Адзін з заснавальнікаў Лонданскага філарманічнага т-ва (1813), выд-ва «Крамер і К°» (1824, разам з Р.​Адысанам і Т.​Білам). Яго выканальніцкая манера паўплывала на фарміраванне фп. стылю пач. 19 ст. Аўтар 9 канцэртаў для фп. з аркестрам, камерна-інстр. ансамбляў; фп. п’ес, у т. л. больш за 100 санат, эцюдаў, якія маюць пед. каштоўнасць («Вялікая практычная фартэпіянная школа», 1815).

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГА́НАЎ (Назіб Гаязавіч) (15.1.1911, г. Уральск, Казахстан — 1.6.1988),

татарскі кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1957). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1938). З 1945 рэктар і выкладчык (з 1953 праф.) Казанскай кансерваторыі. Адыграў значную ролю ў станаўленні і развіцці тат. прафес. муз. культуры. Сярод твораў: оперы «Уцякач» (1939), «Свабода» (1940), «Залатавалосая» (1941), «Ільдар» (1942), «Цюляк» (1945), «Паэт» (1947), «Гонар» (1950), «Джаліль» (1957); балеты «Фатых» (1943), «Зюгра» (1946), «Дзве легенды» (1970); кантаты (1960, 1980); 16 сімфоній (1937—85); камерна-інстр. і фп. творы, вак. цыклы, рамансы, песні. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1950, 1970. Дзярж. прэмія Татарстана 1958.

Жыгалка асенняя.

т. 6, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЦЭ́ПІН (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 10.3.1926, г. Новасібірск, Расія),

расійскі кампазітар. Скончыў Алма-ацінскую кансерваторыю (1956, клас Я.Брусілоўскага). Вядомы пераважна як аўтар музыкі да кінафільмаў (больш за 80), у т. л. «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Каўказская нявольніца» (1967), «Чырвоная палатка» і «Брыльянтавая рука» (1969), «12 крэслаў» (1971), «Іван Васілевіч мяняе прафесію» і «Зямля Саннікава» (1973), «Жанчына, якая спявае» (1978), «За запалкамі» (1980), «Самазабойца» (1983, ФРГ). Сярод інш. твораў: балет «Стары Хатабыч» (1962), аперэта «Залатыя ключы» (1974), мюзікл «Дзве жанчыны і зайздрасць» (1975), камерна-інстр. і арк. творы, песні (больш за 200).

т. 7, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНІ́, Пуньі (Pugni) Цэзар (Чэзарэ; 31.5.1802, г. Генуя, Італія — 26.1.1870), італьянскі кампазітар. Вучыўся ў Міланскай кансерваторыі. З канца 1820-х г. пісаў балеты, якія прынеслі вядомасць. Больш за 20 гадоў супрацоўнічаў з М.Петыпа. З 1851 у Расіі ў якасці «стваральніка балетнай музыкі» пры пецярб. імператарскіх т-рах. У Пецярбургу напісаў 35 балетаў (усяго 312), у т. л. «Дачка фараона» (1862), «Канёк-Гарбунок» (1864; доўгі час адзіны балет на рускі сюжэт), «Цар Кандаўл» (1868). Аўтар балетаў «Эсмеральда» (1844), «Мармуровая прыгажуня» (1847); 10 опер, у т. л. «Кантрабандыст» (1833); сімфоній; мес (каля 40), камерна-інстр. твораў.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)