чу́ласць, ‑і, ж.

1. Здольнасць успрымаць знешнія раздражненні органамі пачуццяў. Чуласць пальцаў музыканта. □ [Нявідны] абярнуўся ў нежывога, страціўшага чуласць і прытомнасць чалавека. Колас. // Тонкае, вострае ўспрыманне. Вясна і праца выгналі з думак [Зосі] рэшткі хваравітай чуласці да ўспамінаў. Чорны. З чуласцю прыслухоўваецца .. [Ілька] да вясковых зыкаў, як скрыпяць вароты і стукаюць цапы, як спяваюць вясковыя, дзяўчаты. Каваль. // Адчувальнасць. Унутраная чуласць да навакольнага памагае герою зліць душу з прыродай, і, наадварот, тонкае адчуванне прыроды выклікае прыліў унутраных сіл і творчасці. Гіст. бел. сав. літ. Паэт валодае павышанай чуласцю да хараства жыцця, ён улюбёны ў родную прыроду, ва ўсё светлае, чыстае, высакароднае. Перкін.

2. Увага да людзей; спагадлівасць, спачувальнасць. Максім быў маўклівы, і за маўклівасцю яго недзе глыбока ў душы хавалася чуласць. Брыль. Максім Танк — паэт-лірык, які заўсёды вызначаўся чуласцю да гора і радасці народа. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спле́сці, спляту, спляцеш, спляце; спляцём, сплецяце, сплятуць; пр. сплёў, спляла, ‑ло; заг. спляці; зак., што.

1. Вырабіць, зрабіць пляценнем. Сплесці вянок. □ І кошык сплятуць Каля светлай вады, І ягад лясных Назбіраюць дзяды. Куляшоў. Дзед Цыпрук сваю паставіў базу, Адмыслова сплёў з галін будан, Што ў спёку добра пахне лазняй. Караткевіч. Неяк за абедам бацька папрасіў: — Сплёў бы ты мне, сынок, лапці. Ляўданскі.

2. Злучыць, змацаваць пляценнем. Па прывычцы .. [Маша] спляла валасы ў касу. Шамякін. Ён [салдат] касіў, быццам піў хмельны водар здаровы Белай дзятлаўкі той, што спляла травастой. Арочка. // Злучыць, счапіць, пераплёўшы адно з другім (рукі, ногі, пальцы). Сплёўшы пальцы на галаве і злёгку адкінуўшыся назад, .. [Сіўцоў] уголас пачаў чытаць цудоўныя вершы Цютчава. Васілевіч. // перан. Цесна звязаць, злучыць, зліць. Некалькі сюжэтных ліній аўтар сплёў у адзіную кампазіцыю. «Маладосць».

3. перан. Разм. Выдумаць. — Не, няпраўда, сынок! Гэта байку сплялі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дацягну́цца, ‑цягнуся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. Выцягваючыся або працягваючы што‑н., дастаць, дакрануцца да каго‑, чаго‑н. Дацягнуцца рукой да столі. □ Быў .. [жарэбчык] надта слабенькі. Сам нават да матчынага малака не мог дацягнуцца. Якімовіч. // перан. Дасягнуць, дамагчыся чаго‑н. Атрымлівалася, што каб дацягнуцца да таго ўдою, аб якім гаварыла радыё, трэба, прынамсі, двум ці тром суседзям зліць са сваіх даёнак у адну пасудзіну. Хадановіч.

2. Узрастаючы, павялічваючыся, дасягнуць якога‑н. месца. А дом усё рос і пакрыху дацягнуўся да акон. Чарнышэвіч.

3. Разм. Павольна, з цяжкасцю дайсці, дабрацца да якога‑н. месца. Стэп быў бязлюдны. У каго не хапіла сіл дацягнуцца да горада, спалі, дзе хто мог. Няхай. [Лясніцкі] ледзь дацягнуўся да ложка, кінуўся ніц, не раздзеўшыся, і адразу заснуў, як забіты. Зарэцкі. // перан. Працягнуцца, дайсці да якой‑н. мяжы (пра час). [Сашка] пачаў думаць, як бы выгадна ў першы дзень паказацца перад .. [супрацоўнікамі]. У такіх думках час дацягнуўся да паловы чацвёртай. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)