БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ПРАЛЕТА́РСКА-КАЛГА́СНЫХ ПІСЬМЕ́ННІКАЎ (БелАПКП). Існавала з 25.4.1931 да мая 1932. Створана ў складзе Усесаюзнага аб’яднання пралетарска-калгасных пісьменнікаў. Арганізац. бюро: Р.​Шукевіч-Траццякоў, І.​Барашка, П.​Галавач, С.​Баранавых. Чл.: М.​Багун, П.​Броўка, Ц.​Гартны, С.​Грахоўскі, С.​Дарожны, А.​Дудар, А.​Жаўрук, М.​Зарэцкі, В.​Каваль, Т.​Кляшторны, А.​Куляшоў, Я.​Купала, М.​Лынькоў, В.​Маракоў, Я.​Скрыган, У.​Хадыка, М.​Чарот і інш. Існавалі Мінскае аддз. БелАПКП, філіі ў Клімавічах, Чэрвені, Полацку, літ. гурткі ў Клімавіцкім, Талачынскім, Чэрвеньскім, Смалявіцкім, Пухавіцкім, Заслаўскім, Касцюковіцкім, Клічаўскім р-нах. Ставіла задачу падтрымліваць маладых пісьменнікаў з сял. асяроддзя. Выдавала час. «Беларусь калгасная» (1932). Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦК КП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27.5.1932).

К.​Р.​Хромчанка.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ДНЫ (Міхаіл) (сапр. Эпштэйн Міхаіл Сямёнавіч; 24.12.1903, г. Арцёмаўск, Украіна — 20.1.1949),

рускі паэт, перакладчык. Вучыўся ў Вышэйшым літ.-маст. ін-це імя В.​Я.​Брусава. Аўтар зб-каў «Палі» (1922), «Дарогі» (1925), «Вершы і песні» (1930), «Вершы пра Грамадзянскую вайну» (1932), «Песні і балады Айчыннай вайны» (1942), «З новых вершаў» (1946), тэкстаў песень «Партызан Жалязняк», «Песня пра Шчорса». На рус. мову пераклаў каля 30 твораў Я.​Купалы (у т. л. паэму «Курган» і інш.), асобныя вершы А.​Александровіча. На бел. мову творы Галоднага перакладалі Александровіч, П.​Броўка, П.​Глебка, А.​Дудар, Я.​Журба, А.​Звонак, К.​Кірэенка, В.​Маракоў, П.​Пестрак, М.​Хведаровіч.

Тв.:

Стихотворения;

Баллады;

Песни. М., 1959;

Бел. пер. — Выбраныя вершы. Мн., 1936;

У кн.: Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.

т. 4, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

заліва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да заліць ​1.

2. Разм. неадабр. Ілгаць, хлусіць. Госць у адказ: Не залівай. Занадта нешта ты мудруеш. Дудар.

•••

Заліваць кулі — ілгаць, хлусіць. Па-астрожнаму такіх людзей проста называлі залівакамі, ад выразу заліваць кулі, што значыць ілгаць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згні́сці і згніць, згнію, згніеш, згніе; згніём, згніяце.

1. Стаць гнілым, распасціся ў працэсе гніення. Сена згніло пад дажджом. □ Хата зусім згніла і асела. Чорны. // перан. Заняпасці, аджыць. Свет стары да астатку згніў. Дудар.

2. перан. Загінуць ад цяжкіх умоў жыцця. Згніць у турме.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

1. Злучаць, змацоўваць нітамі ​1.

2. перан. Злучаць, звязваць. Прынесла строгі і стройны план — трэцяя бальшавіцкая [вясна першай пяцігодкі]. Нітуе энергію, вядзе напралом, выцягваецца ў чацвёрты год апошні, напорны. Дудар. Пакуль .. [сэрца] б’ецца, пакуль не парвецца жылка, што нітуе яго з целам, ты жывеш. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фе́нікс, ‑а, м.

1. Міфалагічная казачная птушка, якая валодала здольнасцю пры набліжэнні смерці згараць, а потым зноў узнікаць з попелу. // Сімвал вечнага абнаўлення. А юнацтва ізноў, нібы фенікс вясёлкавы адраджалася з попелу і жыло, і цвіло. Дудар.

2. Кніжн. уст. Аб кім‑, чым‑н. выключным, незвычайным.

[Грэч. phoinix.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вязьмо́, ‑а; мн. вёзьмы, ‑аў; н.

1. Абл. Перавясла. Ці даўно нас вялі васільковыя сцежкі?.. Залатыя снапы, залатое вязьмо, апавітыя сонцам усмешкі. Кляшторны.

2. Уст. Складанае спляценне чаго‑н.; вузел. Маўчыць стары. Праз шум, праз лёскат далёка думкі пацяклі — туды, дзе спіць старая вёска ў вязьме няроўных каляін. Дудар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вар’я́т, ‑а, М ‑р’яце, м.

1. Псіхічна хворы чалавек. Хто цяпер пашкадуе залатаных стрэшак? Хіба толькі вар’ят або вораг які. Дудар.

2. Лаянк. Той, хто дзейнічае безразважна; шалёны; дзівак. [Вольга Сцяпанаўна:] — Ну, дай жа ты дзіцяці казку паслухаць! Добры бацька сам расказаў бы, а ён і паслухаць не дае. Вось вар’ят ужо! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свіргата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; незак.

Разм.

1. Шчабятаць. І ластаўкі, падобныя на ноты, Свіргочуць на лянівых правадах, А ты ад непасільнай адзіноты Варочайся пад непрытульны дах. Гаўрусёў.

2. Скрыгатаць. Драты звіняць, драты свіргочуць, згінае рэйкі паравоз... Дудар. Велізарны мядзведзь сам запрогся ў калёсы і ўпрыскочку ідзе, аж свіргочуць атосы. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хі́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Адмоўны, нядобры. Саўка акінуў поглядам сваіх мыслей увесь складаны комплекс той ролі, на якую падбіваў яго Бруй, з усімі яе выгодамі і хібнымі бакамі. Колас.

2. Памылковы, няправільны. Хібны крок, брак, недасеў, зрыў, безгаспадарчасць і абязлічка — гэта ўсё роўна, што без барацьбы ворагу здаць пазіцыі... Дудар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)