стэрэаты́пія, ‑і, ж.

Спец.

1. Выраб стэрэатыпаў, а таксама спосаб друкавання з іх.

2. Механічнае паўтарэнне адных і тых самых рухаў, слоў і пад., якія назіраюцца пры некаторых псіхічных захворваннях.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РАТАПРЫ́НТ (англ. rotaprint ад лац. rota кола + англ. print друк),

малафарматная ратацыйная друкарская машына для аператыўнага размнажэння малатыражных выданняў спосабам афсетнага друку. Друкарскай формай у Р. служыць тонкая алюм. фольга ці спец. папера, на якую электраграфічным, фатаграфічным ці інш. спосабамі наносяць тэкст ці малюнкі. Пасля адпаведнай хім. апрацоўкі форма замацоўваецца на цыліндры Р. для друкавання тыражу.

т. 13, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́КІ ДРУК,

від друку, пры якім друкавальныя элементы друкарскай формы паглыблены адносна прабельных і запаўняюцца фарбаю. У працэсе друкавання фарба бесперапынна паступае на паверхню друкарскай формы, спец. стальной пласцінкай (ракелем) выдаляецца з прабельных элементаў, а з паглыбленняў пад ціскам друкарскага вала перадаецца на паперу.

Чым глыбей друкавальныя элементы, тым больш фарбы пераносіцца на паперу і больш цёмнымі насычанымі робяцца пэўныя часткі адбітка. Для адбіткаў глыбокага друку ўласцівыя высокая яркасць, насычанасць і мяккасць тонавых пераходаў. Формы для глыбокага друку робяць фотамех. спосабам і на электрагравіравальных апаратах, друкаванне выконваецца на ратацыйных друкарскіх машынах. Глыбокі друк выкарыстоўваюць для друкавання ілюстраваных адна- і шматфарбавых часопісаў, рэкламнай і этыкетачна-ўпаковачнай выяўленчай прадукцыі. Вядомы з 15 ст. Папярэднікам сучаснага спосабу вырабу формаў глыбокага друку з’яўляецца геліягравюра.

Літ.:

Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства. Ч. 2. М., 1982.

Схема глыбокага друку: 1 — падрыхтаваная друкарская форма; 2 — форма пасля нанясення фарбы; 3 — выдаленне фарбы з паверхні формы ракелем; 4 — атрыманне адбітка на паперы.

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прыво́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

Спец. Падрыхтоўка друкарскай машыны для друкавання тыражу, якая заключаецца ў забеспячэнні правільнага размяшчэння адбітка на паперы (супадзенне палёў, радкоў на абедзвюх старонках ліста і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

друка́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да друку ​1 (у 1 знач.). Друкарская справа. // Прызначаны для друкавання. Друкарскі станок. Друкарскі цэх. □ З расчыненых дзвярэй пацягнула насустрач знаёмымі пахамі друкарскай фарбы і спрасаванай паперы. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

электрагра́фія

(ад электра + -графія)

палігр. сукупнасць электрычных і магнітных спосабаў друкавання.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АЛІЗАРЫ́Н, 1, 2-дыгідраксіантрахінон,

араматычнае злучэнне, C14H8O4. Мал. м. 240, 20; фарбавальнік. Аранжава-чырвоныя крышталі, tпл 289 °C, маларастваральныя ў вадзе. Здабываўся з кораня марэны, у 1869 атрыманы штучна з антрацэну. Нерастваральныя ў вадзе солі алізарыну з многавалентнымі металамі выкарыстоўваліся для фарбавання і друкавання на тканінах з натуральных валокнаў (соль алюмінію — для атрымання чырвонага колеру, хрому — карычневага, жалеза — фіялетавага). Выкарыстоўваецца для маст. і паліграфічных фарбаў; аналітычны рэагент у хім. аналізе.

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лубкі́ ’тонкія дошчачкі, якія накладаюцца на месца пералому касцей’ (ТСБМ), лубок ’тс’ (ветк., Мат. Гом.); лубкі́ ’вокладкі кнігі’ (хойн., Мат. Гом.), а таксама лубок ’ліповая дошка, на якой даўней гравіравалася карціна для друкавання’ (ТСБМ). Укр. лубо́к, рус. лу́бо́к, польск. łubki, чэш. loubek, славац. lubok. Паўн.-слав. lubъkъ < lubъ. Да луб1 (гл.). Гл. таксама лубок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адрасо́граф

(ад адрас + -граф)

машына для друкавання з металічных пласцінак трафарэтных тэкстаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

друк¹, -у, м.

1. Працэс публікацыі і выпуску ў свет разнастайнай друкаванай прадукцыі.

Кніга яшчэ ў друку.

2. Знешні выгляд надрукаванага (асаблівасці шрыфту, характар ілюстравання і пад.).

Уборысты д.

Каляровы д.

3. Спосаб друкавання (спец.).

Высокі д.

Глыбокі д.

Плоскі д.

4. Галіна вытворчасці, якая друкуе творы; выдавецкая і друкарская справа.

Работнікі друку.

5. Сукупнасць друкаваных выданняў; прэса.

Перыядычны д.

Замежны д.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)