ГА́РДЗІ, Хардзі (Hardie) Джэймс Кейр (15.8.1856, Легбранак, каля г. Ланарк, Вялікабрытанія — 26.9.1915), дзеяч англ. рабочага руху. У 1870—80-я г. прафс. лідэр шатл. гарнякоў. У 1888 заснаваў Шатл. рабочую партыю, у 1893 — Незалежную рабочую партыю Вялікабрытаніі. У 1892—95, 1900—07 чл. Палаты абшчын англ. парламента. Пасля стварэння Лейбарысцкай партыі (1900) адзін з яе лідэраў. Асуджаў англа-бурскую вайну 1899—1902, у 1-ю сусв. вайну на пацыфісцкіх пазіцыях.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБС ((Gibbs) Джэймс) (23.12.1682, г. Абердзін, Вялікабрытанія — 5.8.1754),

англійскі архітэктар і тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў Галандыі, у 1700—09 — у Італіі ў К.​Фантана. Супрацоўнічаў з К.Рэнам. Яго пабудовы ў стылі класіцызму вызначаюцца прастатой і адзінствам кампазіцыі, вытанчанасцю дэталей: цэрквы Сент-Мэры-ле-Стрэнд (1714—17) і Сент-Марцін-ін-зе-Філдс (1722—26) у Лондане; парадна-велічны будынак б-кі Рэдкліфа (1737—49) у Оксфардзе і інш. Аўтар працы «Кніга пра архітэктуру» (1728).

т. 5, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКЛЕ́АД ((Macleod) Джон Джэймс Рыкард) (6.9.1876, Клюні, Вялікабрытанія — 16.3.1935),

англійскі фізіёлаг. Вучыўся ва ун-тах г. Абердзін і г. Лейпцыг (Германія). У 1903—18 у ЗША; з 1918 праф. ун-та г. Таронта (Канада). Вывучаў функцыі дыхальнага цэнтра мозга, эксперым. гліказурыю, утварэнне малочнай к-ты, колькасць цукру ў крыві. Адкрыў інсулін (разам з Ф.Г.Бантынгам і Ч.​Г.​Бестам), распрацаваў метад яго выкарыстання для лячэння цукр. дыябету. Нобелеўская прэмія 1923 (разам з Бантынгам).

Дж.Маклеад.

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛАГЭН ((Callaghan) Леанард Джэймс) (н. 27.3.1912, г. Портсмут, Вялікабрытанія),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1945 чл. парламента. У 1951—64, 1970—74 адзін з кіраўнікоў парламенцкай фракцыі лейбарыстаў, чл. «ценявога кабінета» (1961—64, 1970—74). У 1964—67 міністр фінансаў, у 1967—70 — унутр. спраў, у 1974—76 — замежных спраў і па справах брыт. Садружнасці, адначасова ў 1975—76 міністр па пытаннях развіцця заморскіх тэрыторый. У 1976—80 лідэр Лейбарысцкай партыі, у 1976—79 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. У 1979—80 лідэр апазіцыі.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТ ((Pratt) Джэймс Бісет) (22.6.1875, г. Элмайра, ЗША — 15.1.1944),

амерыканскі філосаф, гісторык рэлігіі і педагог; адзін з заснавальнікаў крытычнага рэалізму. Канцэпцыі крытычнага рэалізму злучаў з ідэямі персаналізму і тэорыяй эмерджэнтнай эвалюцыі. Займаўся гісторыяй, псіхалогіяй і сацыялогіяй рэлігіі. Разглядаў рэліг. вераванні як гіст. ўтварэнні, але лічыў, што рэлігія, як неадольнае імкненне чалавека спасцігнуць «найвышэйшую рэальнасць» і выразіць сваю эмацыянальную ацэнку яе, вечная. Адзін з аўтараў зб. «Нарысы крытычнага рэалізму» (1920), аўтар прац «Матэрыя і дух» (1922), «Персаналістычны рэалізм» (1937), «Натуралізм» (1939) і інш.

т. 13, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭМ, Крам (Cram) Дональд Джэймс (н. 22.4.1919, г. Чэстэр, штат Вермонт, ЗША), амерыканскі хімік-арганік. Чл. Нац. АН ЗША (1960) і Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1967). Скончыў ун-т штата Небраска (1942) і Гарвардскі ун-т (1947). З 1947 у Каліфарнійскім ун-це (г. Лос-Анджэлес; з 1956 праф.). Навук. працы па стэрэахіміі і хіміі макрагетэрацыклічных злучэнняў (краўн-эфіраў). Даследаваў структуру карбаніёнаў і механізм многіх хім. рэакцый, у якіх яны з’яўляюцца прамежкавымі прадуктамі. Сфармуляваў правіла стэрэахім. накіраванасці рэакцый (правіла К.; 1952). Нобелеўская прэмія 1987 (разам з Ж.М.Ленам, Ч.Педэрсенам).

Д.​Дж.Крэм.

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКФЕ́РСАН ((Macpherson) Джэймс) (27.10.1736, Рутвен, каля г. Інвернес, Вялікабрытанія — 17.2.1796),

шатландскі пісьменнік. Вучыўся ў Абердзінскім і Эдынбургскім ун-тах. Падрыхтаваў і выдаў «Урыўкі са старажытных вершаў, сабраныя ў горнай Шатландыі і перакладзеныя з гэльскай мовы» (1760). Паводле фальклору стварыў гераічныя паэмы «Фінгал» (1762) і «Тэмора» (1763), якія пазней аб’яднаў з урыўкамі ў «Паэмы Асіяна, сына Фінгала» (т. 1—2, 1765). Свае апрацоўкі кельцкіх паданняў і легенд прыпісваў легендарнаму воіну і барду Асіяну (3 ст.). Паэмы з рысамі перадрамантызму адметныя лірызмам, насычаны рытмізаванай прозай.

Тв.:

Рус. пер. — Поэмы Оссиана. Л., 1983.

т. 9, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛЬФУР ((Balfour) Артур Джэймс) (25.7.1848, Уітынджэм, Шатландыя — 19.3.1930),

англійскі дзярж. дзеяч, лорд з 1922, адзін з лідэраў Кансерватыўнай партыі. З 1874 чл. парламента. У 1877—91 міністр па справах Ірландыі, у 1891—92 і ў 1895—1902 міністр фінансаў. У 1902—05 прэм’ер-міністр. Урад Бальфура заключыў Англа-французскае пагадненне 1904, якое стала асновай Антанты. У 1915—16 марскі міністр, у 1916—19 міністр замежных спраў. Аўтар т.зв. дэкларацыі Бальфура (1917) аб стварэнні ў Палесціне яўр. нац. асяродка. У 1910—22 і 1925—29 уваходзіў у склад урада. Узначальваў англ. дэлегацыю на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22.

т. 2, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬСАН, Уілсан (Wilson) Джэймс Гаральд (11.3.1916, г. Хадэрсфілд, Вялікабрытанія — 24.5.1995), дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. Скончыў Оксфардскі ун-т, з 1937 выкладаў там эканоміку. У 1940—44 ва ўрадавым апараце, з 1945 чл. парламента, у 1947—51 міністр гандлю. З 1952 чл. выканкома, з 1963 лідэр Лейбарысцкай партыі. Прэм’ер-міністр у 1964—70 і 1974—76. Эканам. праграма Вільсана — жорсткія абмежавальныя меры для выхаду з фін. крызісу, дэвальвацыя фунта і інш. Пры Вільсане Вялікабрытанія ўступіла ў ЕЭС, узмацніла сувязі з НАТО. Пасля трэцяй перамогі на выбарах 1976 нечакана пайшоў у адстаўку. Працы па эканам. пытаннях.

Г.Вільсан.

т. 4, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЬЮ́АР ((Dewar) Джэймс) (20.9.1842, г. Кінкардзін-он-Форт, Вялікабрытанія — 27.3.1923),

англійскі фізік і хімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1877). Скончыў Эдынбургскі ун-т (1861). З 1875 праф. Кембрыджскага ун-та, з 1897 прэзідэнт Хім. т-ва Англіі. Асн. працы па вывучэнні цеплавых з’яў. Распрацаваў метады вымярэння цеплаёмістасці пры нізкіх т-рах, упершыню атрымаў вадкі вадарод (1898), даследаваў змены электраправоднасці металаў у залежнасці ад т-ры. Вынайшаў пасудзіну, у якой целы могуць доўгі час захоўваць сваю т-ру (гл. Дзьюара пасудзіны). Разам з П.​Кюры даказаў, што пры радыеактыўным распадзе радону ўтвараецца гелій (1904).

т. 6, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)