замані́ць, ‑маню, ‑маніш, ‑маніць; зак., каго-што.

1. Прыцягваючы чым‑н. увагу, заставіць прыйсці, апынуцца дзе‑н.; завабіць. Заманіць ваўка ў пастку. □ Каб як-небудзь заманіць карову ў двор, мая маці вынесла з хаты ражку лушпаек. Сачанка.

2. Прывабіць, захапіць, зачараваць. Заманілі Даніка і гэтыя высокія бярозы, і прыгожыя дарожкі вакол школы. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЖЫВА́Я АГАРО́ДЖА,

радавая пасадка з кустоў або дрэў са шчыльнымі густымі кронамі аднолькавай вышыні. У зялёным буд-ве Ж.а. выкарыстоўваюць для аховы дарог, зямельных участкаў. агароджвання жылой забудовы, афармлення прысад, бульвараў, сквераў, у паркавых і лесапаркавых кампазіцыях і інш. Яна павінна быць густой, аблісцелай па ўсёй вышыні, мець геаметрычна правільную форму. У дэкар. мэтах Ж.а. рэгулярна падстрыгаюць.

Высокімі (вышэй за 2,5 м) Ж.а., ці зялёнымі сценамі, выдзяляюць кампазіцыйныя цэнтры лесапаркаў, адмяжоўваюць паркі ад вуліцы або плошчы, Сярэднія (выш. 1—2.5 м) робяць у скверах і на бульварах. Нізкімі (ніжэй за 1 м), або бардзюрамі, афармляюць партэры, кветнікі, газоны. паркавыя дарожкі. На Беларусі для стварэння Ж.а. прыдатныя туя, елка звычайная, ліпа, граб, спірэі, барбарыс, біручына, глогі, самшыт і інш.

Жывая агароджа ў Гомельскім парку імя Луначарскага.

т. 6, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

скра́двацца, ‑аецца; незак.

1. Рабіцца невыразным, неадчувальным, непрыкметным. Смуглявы скуласты твар, крыху раскосыя вочы выклікалі прыкрасць, і Кіра старалася стаць да люстра так, каб гэта скрадвалася. Карпаў. // Рабіцца больш ціхім (пра гукі, шум і пад.). Гадлеўскі загадаў абабіць дыспетчарскія кабіны лямцам, пакласці на падлозе мяккія «дарожкі», каб скрадваліся гукі. Шынклер.

2. Зал. да скрадваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГОЛЬФ (англ. golf),

спартыўная гульня з мячом і клюшкай. Полем для гольфа служыць участак натуральнай умерана перасечанай мясцовасці (поле, парк, узлесак) пл. ад 50 тыс. да 200 тыс. м², на якім размечана 9—18 дарожак-трас (даўж. 150—470 м, шыр. 30—40 м). У канцы кожнай з іх зроблены пляцоўкі пл. каля 20 м² з ямкай-лункай пасярэдзіне (глыб. 11 см, дыяметр 10 см). Мяч з літой літай* гумы (вес вага 42,5 г), клюшкі (у наборы) даўж. ад 85 да 110 см з галоўкамі рознай формы. Мэта гульні — ударамі клюшкай па мячу пракаціць яго праз усе дарожкі і патрапіць ім у кожную лунку. Перамагае той ігрок ці каманда, якія зробяць гэта найменшай колькасцю ўдараў.

Зарадзіўся гольф у сярэднія вякі ў Даніі. Найб. развіты ў Вялікабрытаніі, Канадзе, Аўстраліі, ЗША, краінах Скандынавіі. Уваходзіў у праграму Алімпійскіх гульняў (1900, 1904).

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАДРО́М (ад аэра... + грэч. dromos месца для бегу, бег),

тэрыторыя з паветранай прасторай, комплексам збудаванняў і абсталявання, якія прызначаны для ўзлёту, пасадкі, размяшчэння і абслугоўвання самалётаў, верталётаў і планёраў. Асн. элементы аэрадрома: лётная зона, лётнае поле, лётная паласа, канцавыя і бакавыя палосы бяспекі, паветр. падыходы, рулёжныя дарожкі, навігацыйнае абсталяванне (радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі і інш.), святлосігнальныя сістэмы і інш.

Бываюць аэрадромы грамадзянскія, ваенныя і сумеснага базіравання, трасавыя — для эксплуатацыі самалётаў і верталётаў, якія перавозяць па авіялініях пасажыраў, грузы, пошту (да іх належаць усе аэрадромы аэрапортаў) і спец. прызначэння (напр., с.-г., лясной і санітарнай авіяцыі), заводскія, вучэбныя, клубна-спартыўныя. Адрозніваюць аэрадромы з адной або некалькімі ўзлётна-пасадачнымі палосамі (УПП) са штучным пакрыццём і аэрадромы з грунтавымі УПП. У залежнасці ад памераў УПП і трываласці штучных пакрыццяў грамадзянскія аэрадромы падзяляюцца на класы. Ваен. аэрадромы паводле прызначэння бываюць вайсковыя (флоцкія), вучэбныя і спецыяльныя (для выпрабавання лятальных апаратаў і інш. мэтаў); паводле характару выкарыстання — асноўныя, запасныя, несапраўдныя (для падману праціўніка) і аэрадромы манеўру. Паводле геагр. (прыродных) умоў адрозніваюць аэрадромы палярныя, пустынныя (тундравыя), горныя, водныя (гідрааэрадромы), лядовыя; па ступені абсталявання — пастаянныя і палявыя (часовыя). У залежнасці ад даўжыні і шырыні УПП і трываласці пакрыцця, абсталявання сродкамі тэхн. забеспячэння палётаў ваен. аэрадромы падзяляюцца на пазакласныя, 1, 2, 3, 4-га класаў і пасадачныя пляцоўкі. Пры вял. грамадзянскіх аэрадромах узводзяцца аэрапарты.

Да арт. Аэрадром. Схематычны план грамадзянскага аэрадрома: 1 — канцавыя палосы бяспекі; 2 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 3 — грунтавая ўзлётна-пасадачная паласа; 4 — бакавыя палосы бяспекі; 5 — рулёжная дарожка; 6 — пляцоўка для запуску рухавікоў; 7 — перон; 8 — месца стаянкі самалётаў; 9 — пляцоўка для ліквідацыі дэвіяцыі.
Да арт. Аэрадром. Схематычны план пастаяннага ваеннага аэрадрома з адной лётнай паласой: 1 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 2 — грунтавыя ўзлётна-пасадачныя палосы; 3, 4 — канцавыя і бакавыя палосы бяспекі; 5 — палосы паветраных падыходаў; 6, 7, 8 — магістральная, злучальная, дапаможная рулёжныя дарожкі; 9, 10 — групавое, індывідуальныя месцы стаянкі; 11, 12 — спецыяльныя пляцоўкі; 13 — службова-тэхнічныя будынкі; 14 — казармы; 15 — пад’язныя і ўнутрыаэрадромныя дарогі; 16 — чыгунка.

т. 2, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

віра́ж

(фр. virage = паварот; змена колеру)

1) паварот на вялікай хуткасці самалёта, карабля з нахілам набок або паварот па крывой аўтамабіля, матацыкла, веласіпеда;

2) паварот спартыўнай дарожкі з ухілам унутр;

3) хімічны раствор для надання пэўнага колеру фатаграфічным здымкам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

схо́ды, ‑аў і схо́дкі, ‑дак; адз. няма.

Лесвіца; ступенькі лесвіцы. Выходзячы пасля работы з рэдакцыі, Чорны вешаў загнуты кіёк на балясіну сходаў. Лужанін. На сходах галоўнага ўвахода [Ніну] дагнаў Швыдрык. Лобан. Кожны ранак .. [Валя] разам са сваімі сяброўкамі па працы прыходзіць сюды, узбіраецца па засмечаных друзам сходках і бярэцца за кельму. Пестрак. З садовай дарожкі ў раку схадзілі к самай вадзе сходкі з парэнчамі. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зер

1. Тонкая нітка ледзь бачнай у далечыні сцежкі, дарожкі паміж дзялянкамі ў лесе (Слаўг.).

2. Ледзь бачная пуцінка, дарожны след увечары (Мсцісл. Юрч., Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

АЭРАПО́РТ,

прадпрыемства, якое забяспечвае рэгулярныя перавозкі грузаў, пошты, пасажыраў сродкамі паветранага транспарту. Бывае міжнар., дзяржаўнага (нацыянальнага) і мясц. значэння. Уключае комплекс інж. збудаванняў і тэхн. сродкаў: аэрадром, аэравакзал, ангары, сістэмы кіравання паветр. рухам, радыёнавігацыі і пасадкі лятальных апаратаў (прыводныя радыёстанцыі, радыёлакацыйныя станцыі), метэаралагічнага забеспячэння і інш. Увесь комплекс часам займае тэрыторыю ў некалькі тысяч гектараў (напр., аэрапорт Унукава і Шарамецьева ў Маскве, Арлі ў Парыжы, Кенэдзі ў Нью-Йорку).

Пры буд-ве аэрапорта ўлічваюць зручнасць трансп. сувязяў паміж горадам і аэравакзалам, бяспеку адначасовых палётаў з суседніх аэрадромаў, дазволены ўзровень шумоў на заселеных тэрыторыях і інш. На Беларусі дзейнічаюць міжнар. аэрапорты Мінск-1 і Мінск-2, у Брэсце, Гомелі, Гродне; нацыянальныя і мясцовыя — у абласных цэнтрах, а таксама ў Полацку, Пінску, Мазыры, Салігорску і інш.

Схема генеральнага плана аэрапорта Кенэдзі (Нью-Йорк, ЗША); 1 — узлётна-пасадачныя палосы; 2 — рулёжныя дарожкі; 3 — пероны; 4 — міжнародны аэравакзал; 5 — грузавыя аэравакзалы; 6 — ангары; 7 — прывакзальная плошча; 8 — аўтамагістраль; 9 — аэравакзалы асобных авіякампаній.

т. 2, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

віху́ра, ‑ы, ж.

1. Разм. Бура, завея, завіруха. Не ціхне бура, стогне лес... На ўсе лады віхура свішча!.. Чарот. Дарожкі і сцежкі занесла віхура, Не знаць, дзе балота, дзе лог, дзе папар. Купала. / у перан. ужыв. Гэй, вольная песня, імкніся, ляці ты На крыллях маланак, віхураў агністых. Танк.

2. Паэт. Імклівы віхравы рух. Скрыпач закончыў «Крыжачка». І ў лагерным прылеску Шуміць віхура гапака, Гучыць «Малдаванэску». Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)