КРЫ́СТЭНСЕН ((Christensen) Енс Крысціян) (21.11.1856, Побёль, Данія — 19.12.1930),

дацкі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1890—1924 дэп., у 1912—13 старшыня фолькетынга (парламента). У 1891—97 лідэр парламенцкай фракцыі партыі Венстрэ, у 1897—1908 старшыня гэтай партыі. З 1901 міністр культаў і асветы, у 1905—08 прэм’ер-міністр і ваен. міністр, у 1909 ваен. міністр. Урад К. надаў выбарчае права жанчынам, зменшыў мытныя стаўкі на імпартаваныя прадметы шырокага ўжытку, садзейнічаў узмацненню ўзбр. сіл. У 1916—18 міністр без партфеля, у 1920—22 міністр культаў. Пасля 1924 адышоў ад паліт. дзейнасці.

т. 8, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НГБІ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі мезаліту (9—8-е тыс. да н.э.), пашыраная на тэр. ад Паўн. Еўропы да бас. р. Прыпяць. Назва ад стаянкі Лінгбі на в-ве Зеландыя (Данія). Насельніцтва займалася паляваннем на паўн. і высакароднага аленяў, лася, дзіка і інш. Характэрныя прылады — рагавыя сякеры і грубыя несіметрычныя крамянёвыя наканечнікі дзідаў і стрэл з шырокай насадкай; вырабляліся кароткія нажы, скоблі, разцы з масіўных пласцін, падобныя да макралітычных. На Беларусі выяўлены стаянкі Л.к. каля в. Адрыжын, Опаль Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 9, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРГАРЫ́ТА ДА́ЦКАЯ (Margarethe af Danmark; сак. 1353, Зёберг, Данія — 28.10.1412),

каралева Даніі і Нарвегіі (з 1387), Швецыі (з 1389). Дачка дацкага караля Вальдэмара IV Атэрдага і жонка нарв. караля Хокана VI. Замест малалетняга сына Олуфа (дацкі кароль з 1376, нарв. — з 1380) правіла Даніяй і Нарвегіяй. Пасля смерці сына (1387) — каралева Даніі і Нарвегіі, пасля перамогі ў дацка-швед. вайне 1389 — таксама і Швецыі. Ініцыіравала Кальмарскую унію (1397), пры заключэнні якой каралём Даніі, Швецыі і Нарвегіі (суправіцелем і спадкаемцам М.Д.) быў выбраны яе стрыечны пляменнік герцаг Эрык Памеранскі.

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ ЖАНО́ЧЫ ДЗЕНЬ 8 САКАВІКА́,

дзень міжнар. салідарнасці жанчын у барацьбе за эканам., сац. і паліт. роўныя правы з мужчынамі. Рашэнне аб штогадовым святкаванні М.ж.д. прынята ў 1910 на 2-й Міжнар. канферэнцыі жанчын-сацыялістак у Капенгагене (Данія) па прапанове К.Цэткін. Упершыню праводзіўся ў 1911 у Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі і Даніі. У Расіі ўпершыню праведзены ў 1913, у Беларусі — у 1914. У СССР з 1965 паводле рашэння Вярх. Савета СССР непрацоўны дзень; захаваў такі статус пад інш. назвамі і ў многіх краінах СНД, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь.

т. 10, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬДЭ ((Vilde) Эдуард) (4.3.1865, Сімуна Ракверэскага р-на, Эстонія — 26.12.1933, эстонскі пісьменнік. У 1875—82 вучыўся ў Таліне. З 1883 журналіст у эст. і ням. газетах. У 1906—17 у эміграцыі (Германія, Швейцарыя, ЗША, Данія). Раннія творы — бытавыя, пераважна гумарыстычныя, апавяданні-фельетоны. Аўтар гіст. трылогіі «Вайна ў Махтра» (1902),

«Калі сяляне з Анія наведалі Талін» (1903), «Прарок Мальтсвет» (1905—08) пра сял. рух 1850—60-х г. у Эстоніі. Псіхал. раман «Малочнік з Мяэкюлы» (1916), апавяданні і нарысы (зб. «Усмешкі», 1913), драма «Няўлоўны цуд» (1912), камедыя «Дамавік» (1913) і інш. вызначаюцца драматызмам канфліктаў, напружанасцю дзеяння, эмацыянальнасцю мовы.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЕ́ЎСТВА,

дзяржава з манархічнай формай кіравання на чале з каралём, якому належыць вышэйшая ўлада, што перадаецца звычайна ў спадчыну. У эпоху феадалізму існавалі саслоўная і абсалютная манархіі. У ВКЛ каралеўскай каронай каранаваўся толькі Міндоўг. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) тытул «вялікі князь літоўскі» стаў таксама тытулам польск. караля, якога шляхта выбірала па сейме пажыццёва. Тытул польск. караля (цара) адноўлены ў 1815 для рас. імператара пры ўтварэнні паводле пастановы Венскага кангрэса 1814—15 аўтаномнага Каралеўства Польскага. Сучасныя К. (Вялікабрытанія, Нідэрланды, Бельгія, Іспанія, Данія, Швецыя, Нарвегія) — парламентарныя, з абмежаванай (часта значна абмежаванай) уладай караля.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 8, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬМА́РСКАЯ ВАЙНА́ 1611—13,

вайна паміж Даніяй і Швецыяй за панаванне на Балтыйскім м., у паўд. ч. Скандынаўскага п-ва і паўн. узбярэжжы Нарвегіі (належала Даніі). Вялася пераважна на швед. землях. Швецыя страціла крэпасць Кальмар (жн. 1611, адсюль назва вайны) і адзіны на той час швед. порт Эльфсбарг у прал. Катэгат (май 1612). Паводле Кнерэдскага мірнага дагавора (20.1.1613) захоўваліся ўмовы Штэцінскага міру, заключанага ў 1570 (завяршыў дацка-швед. вайну 1563—70); шведы адмовіліся ад прэтэнзій на Фінмаркен, абавязаліся выплаціць кантрыбуцыю ў 1 млн. талераў, да канчатковай выплаты Данія атрымала правы на Эльфсбарг з прылеглай тэр.; не была адноўлена дацка-швед. (Кальмарская) унія.

В.​В.​Варановіч.

т. 7, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗАШКО́ЛЬНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

асветніцкая дзейнасць грамадскіх арг-цый і прыватных асоб, накіраваная на задавальненне адукац. патрэб насельніцтва. Найб. ранняя форма П.а. — нядзельныя школы. У некаторых краінах (Бельгія, Германія, Данія, Францыя і інш.) П.а. атрымала пашырэнне ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., у Рас. імперыі — у канцы 19 ст. Установы П.а. (народныя універсітэты, нядзельныя і вячэрнія школы, агульнаадук. і прафес. курсы для дарослых, нар. дамы і б-кі і інш.) да 1917 ствараліся на грамадскія і прыватныя сродкі і не ўваходзілі ў дзярж. сістэму нар. адукацыі. Пасля стварэння Галоўпалітасветы (1920) П.а. атрымала назву палітыка-асветнай, потым культ.-асветнай работы (гл. таксама Культурна-асветныя ўстановы).

т. 11, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСК ((Rask) Расмус Крысціян) (22.11.1787, каля г. Одэнсе, Данія — 14.11.1832),

дацкі мовазнавец; адзін са стваральнікаў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства; заснавальнік навук. мовазнаўства ў Скандынавіі. З 1825 праф. Капенгагенскага ун-та. Упершыню ў мовазнаўстве выкарыстаў параўн.-гіст. метад пры вырашэнні пытання аб паходжанні ісландскай мовы і даказаў роднасць герм. моў з балта-слав., грэч. і лац. («Даследаванні ў галіне старажытнапаўночнай мовы, або паходжанне ісландскай мовы», нап. 1814). У 1818 адкрыў рэгулярную адпаведнасць паміж індаеўрап. і герм. шумнымі зычнымі, якая пазней была сістэматызавана Я.​Грымам (т.зв. закон Грыма). Вывучаў таксама параўн.-гіст. граматыку балта-слав., фіна-угорскіх і індаіранскіх моў.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Г’ЕЛЕРУ́П ((Gjellerup) Карл Адольф) (2.6.1857, Рохальтэ, Данія — 13.10.1919),

дацкі пісьменнік. Пісаў на дацкай і ням. мовах. Скончыў Капенгагенскі ун-т (1878). У першых раманах «Ідэаліст» (1878) і «Вучань германцаў» (1882) створаны вобраз маладога інтэлектуала, які перажываў, як і аўтар, крызіс веры. Аўтар драмы ў вершах «Брунхільда» (1884), драм. паэмы «Тамір» (1887), трагедыі ў прозе і вершах «Хабард і Сігне» (1888), напісанай па матывах дацкага нар. падання, а таксама сучасных драм «Герман Вандэль» (1891), «Вутэрн» (1893) і інш. З 1892 пасяліўся ў Дрэздэне і пісаў на ням. мове (раманы «Пастар Морс», 1894, «Млын», 1896). У 1890-я г. захапіўся будызмам, пад уплывам якога напісаў раманы «Пілігрым Каманіта» (1906) і «Вечныя вандроўнікі» (1910). Нобелеўская прэмія 1917.

т. 5, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)