ГА́ЗЫ ПРЫРО́ДНЫЯ ГАРУ́ЧЫЯ,

прыродныя сумесі вуглевадародаў метанавага рада (метан, этан, прапан і інш.), якія запаўняюць поры і пустоты горных парод, рассеяны ў глебе, раствораны ў нафце і пластавых водах. Падзяляюць на ўласна прыродныя газы, што залягаюць у пластах, якія не ўтрымліваюць нафты (маюць 93—98% метану); газы нафтавыя спадарожныя, газы газакандэнсатных радовішчаў, цвёрдыя газавыя гідраты (газагідратныя паклады).

Па колькасці цяжкіх вуглевадародаў (ад прапану і вышэй) прыродныя газы адносяць да т.зв. сухіх ці бедных газаў (менш за 50 г/м³), астатнія газы прыродныя гаручыя — да газаў сярэдняй тлустасці (50—150 г/м³) і тлустых (больш за 150 г/м³). Газы прыродныя гаручыя маюць таксама азот, вуглякіслы газ, серавадарод, некаторыя рэдкія газы (напр., гелій, аргон) і вадзяную пару. Выкарыстоўваюць як паліва (цеплата згарання 34,3 МДж/м³) і сыравіну ў вытв-сці аміяку, ацэтылену, вадароду, метанолу і інш. хім. рэчываў.

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМЗА́Й, Рэмзі (Ramsay) Уільям (2.10.1852, г. Глазга, Вялікабрытанія — 23.7.1916), англійскі хімік і фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1888). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1913). Вучыўся ва ун-тах Глазга (1866—70), Гайдэльберга і Цюбінгена (д-р філасофіі; 1872). З 1872 ва ун-це Глазга, з 1880 праф. Брыстольскага, у 1887—1913 — Лонданскага ун-таў. Навук. працы па фізічнай, арган. і неарган. хіміі, гісторыі хіміі і фізікі. Адкрыў аргон (1894, разам з Дж. У.Рэлеем), неон, крыптон і ксенон (1898, разам з М.​Траверсам). Вылучыў гелій з газаў клевіту (разнавіднасць уранавай смаляной руды; 1895). Вызначыў месца інертных газаў у перыяд. сістэме хім. элементаў (1900, адначасова з Дз.І.Мендзялеевым). Эксперыментальна назіраў самаадвольны радыеактыўны распад радыю і радону з утварэннем гелію (1903, разам з Ф.Содзі). Нобелеўская прэмія 1904.

Літ.:

Соловьев Ю.И., Петров Л.П. Вильям Рамзай, 1852—1916. М., 1971.

У.Рамзай.

т. 13, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЕ́РТНЫЯ ГА́ЗЫ, высакародныя газы,

хімічныя элементы VIII групы перыяд. сістэмы: гелій He, неон Ne, аргон Ar, крыптон Kr, ксенон Xe, радон Rn. У прыродзе ўтвараюцца ў выніку ядз. працэсаў. Знаходзяцца ў нязначнай колькасці ў паветры (найб. аргону — 0,934%, найменш радону — 6 10​−20% па аб’ёме), у прыродных газах і некат. мінералах.

Аднаатамныя газы без колеру і паху. Атамы маюць устойлівую вонкавую электронную абалонку (у He з 2, у астатніх з 8 электронаў), чым абумоўлена іх нізкая рэакцыйная здольнасць. І.г. (акрамя гелію) утвараюць з вадой і арган. растваральнікамі няўстойлівыя клатраты. Здольнасць да ўтварэння хім. злучэнняў павялічваецца ад аргону да ксенону, для якога вядомы ўсе асн. класы хім. злучэнняў. Атрымліваюць (акрамя He) з паветра як пабочны прадукт пры вытв-сці азоту і кіслароду. Выкарыстоўваюць у якасці інертнага асяроддзя ў металургіі, атамнай і ракетнай тэхніцы, у вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў і інш., як напаўняльнікі ў электроніцы. электратэхніцы і інш.

т. 7, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗО́РНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

матэрыяльнае асяроддзе, якое запаўняе прастору паміж зоркамі, што належаць адной галактыцы. Паблізу межаў галактык М.а. пераходзіць у міжгалактычнае асяроддзе, а паблізу зорак — у міжпланетнае асяроддзе.

М.а. складаецца з газу (асн. кампанента), пылу, эл.-магн. выпрамянення, касмічных прамянёў і інш. відаў матэрыі. Сярэдняя шчыльнасць М.а. — 10​−24—10​−26 г/см³. Найб. канцэнтрацыя масы М.а. — у спіральных рукавах Галактыкі. Асн. кампаненты міжзорнага газу — вадарод (каля 90%) і гелій (каля 10%), выяўлены таксама кальцый, натрый, вада, аміяк, фармальдэгіды; т-ра газу 10—100 К. Пыл складае каля 0,15% масы Галактыкі і з’яўляецца прычынай міжзорнага паглынання. Паміж зоркамі і М.а. у Галактыцы бесперапынна адбываецца абмен рэчывам. Зоркі выкідваюць рэчыва на розных стадыях эвалюцыі, асабліва пры катастрофах (гл. Новыя зоркі, Звышновыя зоркі), а ў шчыльных газапылавых комплексах утвараюцца маладыя зоркі.

Літ.:

Каплан С.А., Пикельнер С.Б. Физика межзвездной среды. М., 1979.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́ЎНАЯ ЗО́НА ядзернага рэактара,

прастора ядзернага рэактара, дзе ў выніку ланцуговай ядзернай рэакцыі выдзяляецца энергія (пераважна ў выглядзе цяпла). Актыўная зона мае: рэчыва, якое дзеліцца (часцей за ўсё ў выглядзе блокаў ці стрыжняў); запавольнік, калі рэакцыя ідзе на павольных нейтронах; цепланосьбіт для адводу цяпла; прылады і прыстасаванні сістэм кіравання, кантролю і аховы рэактара. Як запавольнік выкарыстоўваюцца вада, цяжкая вада, графіт, берылій і інш., як цепланосьбіт — вада, вадзяная пара, цяжкая вада, арган. вадкасці, гелій, вуглякіслы газ, вадкія металы (пераважна натрый). Для памяншэння ўцечкі нейтронаў актыўная зона акружаецца адбівальнікам нейтронаў (з тых жа рэчываў, што і запавольнік). Форма актыўнай зоны цыліндрычная.

Літ.:

Петросьянц А.М. Ядерная энергетика. 2 изд. М., 1981;

Красин А.К., Красина Р.Ф. Мирное использование ядерной энергетики (физ. основы). Мн., 1982.

Р.​М.​Шахлевіч.

Актыўная зона ядзернага рэактара: 1 — стрыжань з паглынальнымі элементамі рэгулявання; 2 — стрыжань з паглынальнымі элементамі аварыйнай аховы; 3 — цеплавыдзяляльны элемент; 4 — запавольнік нейтронаў; 5 — цепланосьбіт; 6 — адбівальнік нейтронаў; 7 — цыркуляцыйны контур цепланосьбіта.

т. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАНІЗА́ЦЫІ ПАТЭНЦЫЯ́Л, патэнцыял іанізацыі,

фізічная велічыня, роўная мінім. паскаральнай рознасці патэнцыялаў, якую неабходна прыкласці, каб надаць электрону кінетычную энергію, дастатковую для іанізацыі часціцы (малекулы, атама, іона). Вызначае энергію іанізацыі E — мінім. энергію, неабходную для выдалення электрона з часціцы на бясконцасць, E = eV, дзе V — І.п., е — элементарны эл. зарад. І.п. вымяраюць у вольтах, колькасна ён роўны энергіі іанізацыі ў электрон-вольтах. Разам з роднасцю да электрона вызначае электраадмоўнасць атамаў і малекул.

Адрозніваюць першы, другі і г.д. І.п., якія адпавядаюць выдаленню з часціцы першага, другога і г.д. электронаў. Першыя І.п. вядомы для атамаў усіх хім. элементаў (мінім. І.п. маюць шчолачныя металы: цэзій 2,893 В, літый 5,39 В; макс. — інертныя газы: гелій 24,58 В, радон 10,745 В) і некалькіх тысяч малекул (для якіх І.п. ад 5 да 20 В). Значэнні І.п. выкарыстоўваюць пры разліках тэрмахім. працэсаў у іанізаваных газах і плазме (газаразрадныя прылады, працэсы ў верхніх слаях атмасферы і інш.).

А.​П.​Чарнякова.

т. 7, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРА,

сумесь газаў, што ўтвараюць атмасферу Зямлі.

Састаў П. (у працэнтах па аб’ёме); азот — 78,09, кісларод — 20,95, аргон — 0,932, дыаксід вугляроду — 0,032, гелій, крыптон, неон, вадарод, азон і інш. газы. Вытв. дзейнасць чалавека істотна ўплывае на састаў П.: павялічваецца колькасць дыаксіду вугляроду (гл. Парніковы эфект), монааксіду вугляроду, аксідаў азоту, аміяку, серавугляроду, дыаксіду серы, фенолу, вуглевадародаў і інш., якія пагаршаюць стан здароўя людзей і небяспечныя для жывёл.

На Беларусі асн. крыніцы забруджвання П. — выкіды аўтатранспарту (каля 80%), аб’екты энергетыкі і прамысл. прадпрыемствы. Дзейнічае закон «Аб ахове атмасфернага паветра» (1997). Ажыццяўляецца дзярж. кантроль за прамысл. выкідамі і маніторынг атм. П. па радыеактыўнасці і амаль 30 шкодным рэчывам. Пры вызначэнні якасці П. карыстаюцца гранічна-дапушчальнымі канцэнтрацыямі і міжнар. стандартамі Сусв. арг-цыі аховы здароўя. Для буйных гарадоў разлічваецца індэкс забруджвання атмасферы, які ўлічвае класы бяспекі хім. рэчываў, стандарты якасці і сярэднія ўзроўні забруджвання. Найб. забруджаныя гарады Магілёў, Бабруйск, Гомель, Мазыр і Наваполацк. Гл. таксама Ахова атмасферы, Ачыстка паветра.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 11, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЗКАСЦЬ, унутранае трэнне,

уласцівасць газаў, вадкасцей і цвёрдых цел супраціўляцца іх цячэнню (для цвёрдых цел — развіццю астаткавых дэфармацый) пад уздзеяннем вонкавых сіл. Характарызуе сілавое ўзаемадзеянне (інтэнсіўнасць перадачы імпульсу) паміж слаямі вадкасці (газу) пры любых цячэннях. Звязана са структурай рэчыва і адлюстроўвае фіз.-хім. змены ў рэчывах пры тэхнал. працэсах. Гелій мае асаблівыя вязкасныя ўласцівасці — звышцякучасць.

Вязкасць газаў абумоўлена цеплавым рухам малекул (вынік пастаяннага абмену малекуламі паміж слаямі і таму для надзвычай разрэджаных газаў паняцце вязкасці страчвае сэнс), вадкасцей — міжмалекулярным узаемадзеяннем. Пры ламінарным цячэнні вязкіх вадкасцей і газаў (закон І.​Ньютана; 1687) датычная сіла трэння, што выклікае зрух слаёў вадкасцей (газаў) адносна адзін аднаго, прапарцыянальная градыенту скорасці ў напрамку, перпендыкулярным слою, што разглядаецца, і плошчы слоя, пры якім адбываецца зрух; каэфіцыент прапарцыянальнасці наз. дынамічнай вязкасцю η (характарызуе інтэнсіўнасць ператварэння работы знешніх сіл у цеплыню). Кінематычная вязкасць ν=n/ρ, дзе ρ — шчыльнасць вадкасці (газу). У цвёрдых целах вязкасць характарызуе ўласцівасць неабарачальна паглынаць мех. энергію пры пластычных дэфармацыях; вызначаецца адносінамі работы дэфармацыі да папярочнага сячэння (або аб’ёму) узору. Гл. таксама Рэалогія.

Да арт. Вязкасць: F — датычная сіла, прыкладзеная да рухомай пласціны B, што рухаецца з пастаяннай скорасцю V0; V(Z) — залежнасць скорасці слоя вадкасці (газу) ад яго адлегласці Z ад нерухомай пласціны A.

т. 4, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ ЭЛЕКТРО́НІКА,

раздзел фізікі, які вывучае працэсы генерацыі і ўзмацнення эл.-магн. хваль на аснове вымушанага выпрамянення квантавых сістэм (атамаў, малекул). Узнікла на мяжы спектраскапіі і радыёфізікі. Частка К.э., звязаная з аптычным дыяпазонам эл.-магн. хваль, наз. лазерная фізіка. На базе К.э. ўзніклі нелінейная оптыка і лазерная спектраскапія, новы імпульс атрымала галаграфія.

Сфарміравалася і развівалася як самаст. галіна навукі і тэхнікі ў 1950-я г. Асн. аб’екты вывучэння: актыўныя асяроддзі, аб’ёмныя рэзанатары, квантавыя генератары і квантавыя ўзмацняльнікі, пераўтваральнікі частаты і метады кіравання характарыстыкамі такіх сістэм. Да К.э. адносяць таксама пытанні нелінейнага ўзаемадзеяння магутнага лазернага выпрамянення з рэчывам і выкарыстання такога ўзаемадзеяння для пераўтварэння частаты лазернага выпрамянення. Працэс вымушанага выпрамянення эл.-магн. хваль адкрыў А.Эйнштэйн (1917); на магчымасць выкарыстання гэтай з’явы для ўзмацнення святла паказаў В.А.Фабрыкант (1939). Першая прылада К.э. — малекулярны генератар на аміяку — створана ў 1954 адначасова ў СССР (М.​Г.​Басаў, А.​М.​Прохараў) і ў ЗША (Ч.​Таўнс і інш.). У 1960 у ЗША створаны першы лазер на рубіне і гелій-неонавы газавы лазер. У 1959 М.Г.Басаў тэарэтычна абгрунтаваў магчымасць стварэння паўправадніковага лазера і першыя такія лазеры створаны ў 1962—63.

На Беларусі сістэматычныя даследаванні па К.э. праводзяцца з 1961 у Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ і інш.

Б.​І.​Сцяпанаў, П.​А.​Апанасевіч.

т. 8, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ электратэхнічныя,

матэрыялы з высокім эл. супраціўленнем, прызначаныя для электраізаляцыі токаправодных частак эл. машын, апаратаў і ўстановак. Належаць да дыэлектрыкаў. Характарызуюцца дыэлектрычнай пранікальнасцю, электраправоднасцю, дыэлектрычнымі тратамі, эл. трываласцю, нагрэва- і марозаўстойлівасцю, мех. трываласцю і інш. Бываюць: газападобныя, вадкія і цвёрдыя; арганічныя, неарганічныя і крэмнійарганічныя і інш.

Газападобныя І.м. (паветра, вадарод, аргон, азот, гелій, элегаз, фрэон і інш.) выкарыстоўваюцца ў трансфарматарах, эл. машынах, газанапоўненых кабелях, электравакуумных прыладах. Вадкія І.м. ўжываюцца для ахаладжэння, узмацнення цвёрдай ізаляцыі эл. апаратаў і кабеляў, для гашэння дугі ў выключальніках. Падзяляюцца на мінеральныя (ізаляцыйныя маслы), раслінныя (рыцына, ільняныя, тунгавыя алеі; ідуць на ўтварэнне электраізаляцыйных плёнак) і сінтэтычныя (савол, саўтол, крэмній- і фторарганічныя злучэнні). Саволам і саўтолам замяняюць трансфарматарнае масла ў пажаранебяспечных устаноўках, крэмній- і фторарганічныя злучэнні ідуць на лакі. З цвёрдых І.м. найб. пашыраны арганічныя: лакі і смолы (прыродныя — шэлак, каніфоль, бітумы; штучныя — гліфталевыя, эпаксідныя, полівінілавыя, полістырол, поліэтылен і інш); матэрыялы на аснове цэлюлозы (папера, кардон, фібра), каўчуку (натуральны і сінт. каўчук, гума, эбаніт, эскапон) і пластмасы (карбаліт, бакеліт, тэксталіт, гетынакс і інш.). Цвёрдыя неарганічныя І.м. (прыродныя — кварц, слюда, азбест; штучныя — кераміка, фарфор, шкло, шкловалакно, шклотканіна і матэрыялы на аснове слюды — міканіт, мікалекс, мікафолій) вызначаюцца высокай цеплаўстойлівасцю і эл. трываласцю, ідуць на выраб ізалятараў электрычных і інш. Крэмнійарганічныя І.м. — смолы, лакі, гумы, кампаўнды, шклотканіна, пластмасы на крэмнійарганічнай аснове. Сінтэзам палімераў атрымліваюць новыя І.м. з высокімі дыэлектрычнымі і мех. ўласцівасцямі (сіталы, шклофарфор і інш.).

А.​М.​Дарафейчык.

т. 7, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)