ПРАЛАКТЫ́Н, пралакцін
[ад лац. pro для + lac (lactis) малако],
лактагенны гармон,
гармон пазваночных жывёл і чалавека, які выпрацоўваецца клеткамі пярэдняй ч. адэнагіпофіза. Паводле хім. прыроды — бялок, мае 198 амінакіслотных астаткаў, структурна блізкі да гармону росту і плацэнтарнага лактагеннага гармону. У млекакормячых жывёл стымулюе развіццё малочных залоз, лактацыю, рост унутр. органаў, праяўленне мацярынскага інстынкту; у пацукоў і мышэй уплывае на функцыянаванне жоўтага цела яечнікаў (адсюль больш ранняя назва П. — лютэатропны гармон). У птушак рэгулюе сакрэцыю малачка клеткамі валляка, стымулюе абмен тлушчу, рост пер’я, унутр. органаў, выседжванне яец, выкормліванне патомства. У ніжэйшых пазваночных П. кантралюе осмарэгуляцыю, водна-салявы абмен, пігментацыю скуры, міграцыю ў перыяд размнажэння. Сакрэцыя П. рэгулюецца гіпаталамічнымі рылізінг-гармонамі, эстрагенамі і інш.
С.С.Ермакова.
т. 12, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГЕСТЭРО́Н,
жаночы стэроідны палавы гармон пазваночных жывёл і чалавека. Выпрацоўваецца жоўтым целам яечніка, плацэнтай, карой наднырачнікаў. Рыхтуе матку да імплантацыі плоднага яйца, забяспечвае развіццё і захаванне цяжарнасці ў млекакормячых, стымулюе развіццё канцавых сакраторных аддзелаў малочных залоз. Сінтэз і сакрэцыю П. рэгулююць лютэінізавальны гармон і харыянічны ганадатрапін. П. і яго прыродныя і сінт. вытворныя (гестагены) выкарыстоўваюць у медыцыне. Выяўлены таксама ў беспазваночных (напр., малюскаў) і ў кветкавых раслінах.
т. 12, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСУЛІ́Н,
бялковы гармон, які выдзяляецца клеткамі астраўкоў Лангерганса падстраўнікавай залозы. Малекулярная маса каля 6000. Адкрыты канадскімі фізіёлагамі Ф.Бантынгам і Ч.Г.Бестам (1921—22). Універсальны анабалічны гармон, які ўплывае на падтрыманне пастаянства ўнутр. асяроддзя жывёльнага арганізма: памяншае колькасць цукру ў крыві, садзейнічае пераходу глюкозы ў глікаген, паляпшае засваенне тканкамі вугляводаў, актывізуе сінтэз бялку з амінакіслот, ператварэнне вугляводаў у тлушч. Прэпараты І. выкарыстоўваюцца ў медыцыне пры цукр. дыябеце, шызафрэніі, інтаксікацыі. Атрымліваюць з падстраўнікавых залоз жывёл.
т. 7, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гармана́льны
(ад гармон)
які з’яўляецца гармонам, змяшчае ў сабе гармон.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
адрэнакортыкатро́пны
[ад адрэна(лін) + кортыкатрапін];
а. гармон — гармон пярэдняй часткі гіпофіза, што стымулюе дзейнасць кары наднырачных залоз.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГІДРАКАРТЫЗО́Н, кортыкастэроід,
гармон кары наднырачнікаў. У мед. практыцы выкарыстоўваюць як адзін з гарманальных прэпаратаў, процізапаленчы і проціалергічны сродак, павышае ўстойлівасць арганізма да інфекцый. Назначаюць пры рэўматызме, бранхіяльнай астме, лейкеміі, эндакрынных і інш. хваробах.
т. 5, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТЫЗО́Н,
стэроідны гармон пазваночных, які выпрацоўваецца карой наднырачнікаў. Адносіцца да групы глюкакартыкоідаў, рэгулюе вугляводны абмен, выклікае павелічэнне глюканеагенезу (змяншае распад вугляводаў і стымулюе распад бялкоў). Мае процізапаленчыя, антытаксічныя і антыалергічныя ўласцівасці. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.
т. 8, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗОКСІКОРТЫКАСТЭРО́Н, картэксон,
стэроідны гармон кары наднырачнікаў; прамежкавы прадукт біясінтэзу кортыкастэрону і альдастэрону. Рэгулюе водна-салявы абмен у арганізме. Утвараецца пераважна з прагестэрону. Прэпарат Д. (Д.-ацэтат) уводзяць у мышцы пры адысонавай хваробе, зніжэнні функцыі наднырачнікаў, гіпатаніі.
т. 6, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІТАЦЫ́Н,
гармон пазваночных жывёл і чалавека, які ўтвараецца ў гіпаталамусе (паравентрыкулярным ядры), пераносіцца ў заднюю долю гіпофіза, потым выдзяляецца ў кроў. Пептыд складаецца з 9 амінакіслотных астаткаў. Стымулюе скарачэнні гладкіх мышцаў, асабліва мышцаў маткі і малочных залозаў. Выдзяляецца ў перыяд лактацыі пры раздражненні саскоў, пры расцяжэнні маткі ў познія тэрміны цяжарнасці. Выкарыстоўваецца ў акушэрстве.
т. 1, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСЦЫ́ЗАВАЯ КІСЛАТА́,
гармон раслін. Па хім. будове ізапрэноід. Рэгулюе працэсы завядання і ападання лісця (паскарае ўтварэнне аддзяляльнага слоя), тармозіць рост адрэзкаў сцяблоў і калеоптыляў. Біясінтэз абсцызавай кіслаты і гармонаў росту — гіберэлінаў — адбываецца ў раслінах з мевалонавай к-ты. Мяркуюць, што сістэма біясінтэзу абсцызавай кіслаты або гіберэлінаў рэгулюецца лішкам аднаго з гэтых прадуктаў. Прэпарат абсцызавая кіслата выкарыстоўваецца для вывучэння тармажэння працэсаў росту.
т. 1, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)