ГАРНАСТА́І,

шляхецкі род у ВКЛ уласнага герба [«Вага» змененая; у 1544 або 1554 атрымалі герб «Кітаўрас» («Гіпацэнтаўр»)]. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Раман Івашкавіч (?—1487 ?), першы вядомы з роду Гарнастаяў, намеснік пуціўльскі ў 1476—82, оўруцкі ў 1486. Гарнастай (Астафій; каля 1460—1503), сын Рамана, ключнік кіеўскі ў 1486, намеснік оўруцкі ў 1487—93, загінуў у бітве з татарамі. Іван (?—1558), сын Гарнастая, пісар ВКЛ з 1512, маршалак дворскі ў 1529—42 і надворны з 1542, пасол у Маскве ў 1522, дзяржаўца дарсунішскі ў 1525, падскарбі земскі і староста слонімскі з 1531, дзяржаўца мсцібогаўскі ў 1534, зэльвенскі ў 1535. У 1538—42 выконваў абавязкі ваяводы трокскага, у 1539—51 таксама дзяржаўца біршцянскі, з 1556 — крэўскі. З 1551 ваявода новагародскі. Меў маёнткі ў Брэсцкім, Ваўкавыскім, Мінскім, Аршанскім пав. Анікей (? — да 1565), сын Гарнастая, дваранін гаспадарскі ў 1529, дзяржаўца дубіскі і канеўскі, ключнік віленскі ў 1533, пісар гаспадарскі ў 1536—44, староста чаркаскі і канеўскі да 1547, дзяржаўца любашанскі ў 1546—55, староста гомельскі з 1547 і рэчыцкі з 1555, маршалак дворскі з 1547. Валодаў маёнткамі ў Аршанскім пав. Гермаген (? — 1553), сын Івана, пісар ВКЛ у 1551. Валодаў Сакаловам у Слонімскім пав. Гаўрыла (Габрыэль; 1515?—1588), сын Івана, намеснік камянецкі, ваявода і староста мінскі ў 1566, ваявода брэсцкі ў 1576. Валодаў маёнткамі ў Брэсцкім, Вількамірскім пав., часткай Астрошыц, Талачына, Басеі. Іван (1520?—1566), сын Івана, намеснік дарсунішскі з 1551, уладальнік маёнткаў у Ваўкавыскім, Брэсцкім пав., часткі Друцка і інш. Астафій (1530? — пасля 1586), сын Івана, валодаў маёнткамі ў Трокскім пав. і інш. Геранім (1540? — 1600), сын Гаўрылы. Меў сына Самуэля (?—1618?), падкаморага кіеўскага, на сыне якога Міхаіле (?—1637) скончылася мужчынская лінія роду.

В.Л.Насевіч.

т. 5, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРСА́ЛЬ, Версай (Versailles),

горад у Францыі, паўд.-зах. прыгарад Парыжа. Адм. ц. дэпартамента Івелін. 91 тыс. ж. (1990). Харч. і маш.-буд. прам-сць. Версаль — былая каралеўская рэзідэнцыя. Палацава-паркавы ансамбль. Турызм. Месца заключэння шэрагу міжнар. пагадненняў, у т. л. Версальскага мірнага дагавора 1919.

Палацава-паркавы ансамбль Версаля ўзнік з паляўнічага замка Людовіка XIII (1624, перабудаваны ў 1631—34, арх. Ф.Леруа), які ў выніку некалькіх перабудоў (1661—68, арх. Л.Лево; 1670—74, арх. Ф. д’Арбэ; 1678—89, арх. Ж.Ардуэн-Мансар) ператварыўся ў вял палац (даўж. фасада 576,2 м) з багата аздобленымі параднымі і жылымі інтэр’ерамі і паркам. У аснове планіроўкі 3 дарогі, якія веерам ідуць ад палаца да Парыжа, каралеўскіх палацаў Сен-Клу і Со. Гал. алея з басейнамі Латоны і Апалона і з Вял. каналам (даўж. 1520 м) утварае вось сіметрыі рэгулярнага парку (1660-я г., арх. А.Ленотр) з багатымі павільёнамі, фантанамі, дэкар. скульптурай (Ф.Жырардон, А.Куазевокс і інш.). Фасад палаца, звернуты да Парыжа, утвараюць Мармуровы двор (1662, арх. Лево), Двор прынцаў (правае крыло, пазней наз. «Крыло Габрыэля», 1734—74; каралеўская капэла, 1689—1710, арх. Ардуэн-Мансар; левае крыло — «Крыло Дзюфура», 1814—29) і Двор міністраў (1671—81, арх. Ардуэн-Мансар). Фасад палаца з боку парку складаюць карпусы: цэнтральны (з 1668. арх. Лево, завершаны арх. Ардуэн-Мансарам), паўд. (1682) і паўн. (1685, абодва арх. Ардуэн-Мансар); Оперны т-р (1748—70, арх. Ж.А.Габрыэль, скульптар А.Пажу). Інтэр’еры аформлены ў 17—18 ст. (арх. Ардуэн-Мансар, Лево, жывапіс Ш.Лебрэна і інш.). На Пн ад Вял. канала палацы Вял. Трыянон (1670—72, арх. д’Арбэ па планах арх. Лево, 1687, арх. Ардуэн-Мансар) і Малы Трыянон (1762—64, арх. Габрыэль), да якога прылягае пейзажны парк (1774, арх. А.Рышар) з Бельведэрам (1777), храмам Кахання (1778), Малым т-рам (1780, усе арх. Р.Мік) і «вёскай» Марыі Антуанеты (1783—86, арх. Мік, маст. Ю.Рабер). У 1830 ансамблі ператвораны ў Нац. музей Версаля і Трыянонаў. Версаль уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Алпатов М.В. Архитектура ансамбля Версаля. М., 1940;

Benoist L. Histoire de Versaille. Paris, 1973.

т. 4, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)